Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » ІОСІФ (СТРОК ) 

ІОСІФ (СТРОК )

[Іван Мацвеевіч; 31.1.1904, в. Шылавічы Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — ?], архімандрыт. Беларус. З сям’і святара, былога валаснога пісара. Скончыў падрыхтоўчы клас духоўнага вучылішча ў Жыровічах Слонімскага пав. (1915), 2-класнае Калужскае духоўнае вучылішча (1917), вышэйшае пачатковае вучылішча (1921), рускую гімназію (1924), Віленскую духоўную семінарыю (1927), 1 курс Ленінградскай духоўнай акадэміі (1954). 23.10.1927 архіепіскапам Гродзенскім Аляксіем (Грамадскім) рукапаложаны ў іерэя і прызначаны памочнікам протаіерэя Уладзіміра Любіча, настаяцеля Петра-Паўлаўскага храма ў Карэлічах, цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. З 1.1.1928 служыў у Пакроўскай царкве в. Мількаўшчына, цяпер Гродзенскі р-н. З 21.2.1928 выконваў абавязкі настаяцеля Петра-Паўлаўскага храма в. Волпа, цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл. З 20.6.1928 — у Анненскім прыходзе ў в. Міжэрычы, цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. З 1935 духоўны рэвізор Баранавіцкай благачыннай акругі. Ездзіў па Польшчы, збіраў грошы на адбудову Мікалаеўскага храма в. Палонка (цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Аднаўленне завершана ў 1937. У 1944, падчас баёў за Барысаў, прытуліў у саборы 75 дзяцей-сіратаў і ўратаваў ім жыццё. З 20.10.1941 настаяцель Барысаўскага сабора. Аднаўляў закрытыя пры савецкай уладзе храмы, быў благачынным цэркваў Барысаўскай акругі. У 1943 епіскапам Смаленскім Сцяфанам (Сеўбам) узнагароджаны санам протаіерэя. У жн. 1944 зацверджаны архіепіскапам Васіліем (Ратміравым) настаяцелем і благачынным у Барысаве. Арыштаваны 27.12.1944 у Барысаве па адрасе: вул. Камсамольская, д. 150. Асуджаны 21.11.1945 паводле пастановы калегіі НКВД за «здраду радзіме і антысавецкую агітацыю» дa 5 гадоў ППК нягледзячы на тое, што як благачынны дапамог вызваліцца з палону шэрагу савецкіх ваеннапалонных. Этапаваны ў Ягрынскі канцлагер МДБ Архангельскай вобл. Вызвалены 27.12.1949. Вярнуўся ў Беларусь. З сак. 1950 настаяцель Мікалаеўскай царквы в. Благавічы, цяпер Чавускі р-н Магілёўскай вобл. Са снеж. 1951 служыў у Манастаршчынскім храме Смаленскай епархіі. З ліп. 1952 настаяцель Спаса-Праабражэнскага, са снеж. 1952 Петра-Паўлаўскага храмаў у Рослаўлі Смаленскай вобл., благачынны цэркваў 1-й Рослаўскай акругі Смаленскай епархіі. У 1953 епіскапам Смаленскім і Дарагабужскім Сергіем (Смірновым) узнагароджаны паліцай. Паступіў у Ленінградскую духоўную акадэмію. Пасля адмовы супрацоўнічаць з дзяржбяспекай забаронены ў служэнні (снеж. 1954). 24.2.1956 мітрапалітам Мінскім і Беларускім Піцірымам (Свірыдавым) прызначаны псаломшчыкам Успенскай царквы мяст. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. У чэрв. 1956 пераведзены ў Свята-Благавешчанскі храм в. Ляды Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., дзе кіраваў царкоўным хорам. У 1959 пасля адмовы ў пераглядзе справы пра абнаўленне свяшчэннага сана (нягледзячы на станоўчую характарыстыку благачыннага Барысаўскай акругі Паўла Кірыка і прыхаджан Барысаўскага сабора) выехаў у Польшчу. У 1962 у Яблачынскім манастыры св. Ануфрыя пастрыжаны ў манашаскі сан з імем Іосіф. У 1964 у Аўстрыі іерархамі Рускай праваслаўнай зарубежнай царквы ўзноўлены ў святарскім сане. Узведзены ў сан ігумена Яблачынскага манастыра (Польшча). У канцы 1960-х г. выехаў у  ЗША. Служыў у прыходах, якія адносіліся да юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата. 1969 узведзены ў сан архімандрыта. Быў настаяцелем царквы св. Юрыя ў Чыкага. З 1980-х г. — у Ціханаўскім манастыры ў ЗША. Рэабілітаваны 21.8.1956 тpыбуналам БВА. Асабовая справа І. № 6859-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага упраўлення, ф. 1, в. 2, с. 574; Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Ёрк, 1956; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших вМинской епархии; Ёрш С. Наш зямляк — рэлігійны дзеяч // Газета Слонімская. 1999. 22—28 крас.; Garbiñski J., Turonek J. Bia³oruski ruch chrześcijański XX wieku; Головко Л.А., Трофимов А.А. Житие Преподобномученика Иоасафа и священномученика Ярослава. М., 2002.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".