Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » ЗЕЛЯЗНЯК (ЗЕЛЕЗНЯК) Ігар Дзмітрыевіч 

ЗЕЛЯЗНЯК (ЗЕЛЕЗНЯК) Ігар Дзмітрыевіч

[10.5.1913, Новая Ушыца, цяпер Хмяльніцкая вобл., Украіна — 24.4.1988, Кобрын], протаіерэй. Украінец. З сям’і свяшчэннаслужыцеля. Скончыў Пінскую гімназію, багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1935). Служыў псаломшчыкам у Раства-Багародзіцкай царкве в. Суботы, цяпер Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл., потым у Пакроўскім храме в. Камень Шляхецкі, з 1939 — у Пакроўскай царкве в. Акцябр, цяпер Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл. 22.2.1936 архіепіскапам Пінскім Аляксандрам (Іназемцавым) рукапаложаны ў іерэя, прызначаны ў Міхайлаўскую царкву в. Астрамечава, цяпер Брэсцкі р-н. З 1937 служыў у Мікалаеўскім храме в. Вялікія Сяхновічы, цяпер Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл. Быў жанаты, меў чацвёра дзяцей (ад 1 да 15 гадоў). Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 другі святар Брэсцкага Сімяонаўскага кафедральнага сабора. Арыштаваны 27.8.1945 у Брэсце па адрасе: вул. Маскоўская, д. 7. Пад следствам знаходзіўся ва ўнутранай турме УМДБ Брэсцкай вобл. Асуджаны ваенным трыбуналам войск МУС Брэсцкай вобл. 13.7.1946 за «ўдзел у антысавецкай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі» (арт. 63—1, 76 КК БССР) да 10 гадоў ППК і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Вызвалены і рэабілітаваны пастановай ваеннага пракурора войск МУС СССР 21.2.1947. З 1947 другі святар Магілёўскага сабора Трох-Свяціцеляў. З 1948 настаяцель Петра-Паўлаўскага храма ў Кобрыне. З 1950 служыў у Мазырскім Міхайлаўскім саборы. З 1951  — у Лагойскім Мікалаеўскім храме. З 1952 настаяцель Свята-Сафійскай царквы ў Бабруйску. З 1955 — у Пакроўскім храме ў Дзяржынску Мінскай вобл. З 1965 святар Пакроўскага сабора ў Баранавічах Брэсцкай вобл. З 1966 — у храме ў гонар Стрэчання Гасподняга ў Драгічыне Брэсцкай вобл. З 23.4.1969 настаяцель Георгіеўскай царквы в. Забалацце Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. З 25.6.1980 за штатам. Асабовая справа З. № 2175-с захоўваецца ў архіве УКДБ Брэсцкай вобл.

Кр.: НАРБ, ІКБР; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 270.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".