Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ (ЖЕЛЕЗНЯКОВИЧ) Віталій Арсеневіч 

ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ (ЖЕЛЕЗНЯКОВИЧ) Віталій Арсеневіч

[1.10.1900, в. Тульгавічы Рэчыцкага пав. Мінскай губ., цяпер Хойніцкі р-н Гомельскай вобл. — 4.10.1972], протаіерэй, сын Арсенія Жалезняковіча. Скончыў 4 класы Таўрычаскай духоўнай семінарыі (1918), на працягу 1918—19 навучальнага года вучыўся на гістарычна-філалагічным ф-це Таўрычаскага ун-та (Сімферопаль, цяпер Украіна). Скончыў Віленскую (Літоўскую) духоўную семінарыю (1922), вучыўся на багаслоўскім ф-це Варшаўскага ун-та (1930—31). 6.8.1922 епіскапам Палескім і Пінскім Аляксандрам (Іназемцавым) рукапаложаны ў іерэя. З 22.4.1922 настаяцель Увазнясенскага храма в. Ярэмічы Нясвіжскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. Займаўся літаратурнай дзейнасцю, друкаваўся ў праваслаўных перыядычных выданнях, што выходзілі ў 1920 — 30-я г. ў Польшчы. Актыўна змагаўся супраць паланізацыі насельніцтва, за што падвяргаўся рэпрэсіям з боку польскіх уладаў. 6.12.1938 па патрабаванні польскіх уладаў выведзены за штат. З 22.3.1939 настаяцель Раства-Багародзіцкай царквы в. Гудзевічы Ваўкавыскага пав., цяпер Мастоўскі р-н Гродзенскай вобл. 25.12.1946 епіскапам Гродзенскім і Лідскім Варсанофіем (Грыневічам) прызначаны настаяцелем Мікалаеўскай царквы ў Ваўкавыску Гродзенскай вобл. З 1.2.1947 благачынны цэркваў тагачасных Ваўкавыскага і Поразаўскага раёнаў. Арыштаваны 26.4.1951. Асуджаны 26.9.1951 за «контррэвалюцыйную агітацыю» і «захоўванне літаратуры антысавецкага зместу» да 10 (паводле інш. звестак 25) гадоў ППК з канфіскацыяй маёмасці. Пасля вызвалення жыў у Ваўкавыску з жонкай Ксеніяй Аляксандраўнай і хворым сынам. Большая частка літаратурнай спадчыны святара знішчана падчас следства. Рэабілітаваны 8.10.1992 Гродзенскім абл. судом. Яго асабовая справа № п-15354 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобл.

21.11.1945 у в. Гудзевічы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. арыштаваны настаўнік мясцовай школы Жалезняковіч Дзмітрый Віталевіч (н. ў 1923 у в. Вострава Ваўкавыскага пав.), верагодна, сын Віталія Жалезняковіча. 10.4.1946 асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў ППК. Вызвалены 20.4.1956. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Гродзенскім абл. судом 17.4.1992. Яго асабовая справа № 13628 захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобл.

Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2; Черепица В.Н. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Ч. 1. Гродно, 2000. С. 260; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 244.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".