Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » ДРАГУН Мікалай Фёдаравіч 

ДРАГУН Мікалай Фёдаравіч

[8.10.1888, в. Сырмеж Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 27.2.1976]. Беларус. З сялянскай сям’і. Скончыў Вілейскую настаўніцкую школу. Вытрымаў экзамен на званне дыякана пры Літоўскай духоўнай семінарыі (1911). Скончыў місіянерскія курсы пры Віленскім духоўным вучылішчы (1912). 1.8.1911 архіепіскапам Літоўскім і Віленскім Агафангелам (Праабражэнскім)* прызначаны псаломшчыкам місіянерскай царквы мяст. Рукойні Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва. 20.7.1918 архіепіскапам Мінскім і Тураўскім Георгіем (Ярашэўскім) пераведзены ў Георгіеўскі храм у мяст. Лапічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл. 30.1.1921 епіскапам Мінскім і Тураўскім Мелхіседэкам (Паеўскім) рукапаложаны ў дыякана. З 20.6.1924 служыў у Бабруйскім Мікалаеўскім саборы. 25.3.1925 епіскапам Бабруйскім вікарыем Мінскай епархіі Філарэтам (Раменскім) узведзены ў сан протадыякана. 11.7.1943 епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Філафеем (Нарко) пераведзены ў Казанскую чыгуначную царкву ў Мінску. Быў жанаты на Вользе Гаеўскай (н. ў  1888), гадаваў дачок Веру (1916), Таццяну (1922), Галіну (1924), сыноў Дзмітрыя (1913), Валерыяна (1926). Арыштаваны 22.7.1944 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 1. Асуджаны 4.7.1945 са святаром Мікалаем Ясінскім паводле пастановы калегіі НКВД за «супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і антысавецкую дзейнасць» дa 10 гадоў ППК. Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь. 4.1.1955 епіскапам Бабруйскім вікарыем Мінскай епархіі Мітрафанам (Гутоўскім)** прызначаны дыяканам у  Касма-Даміянаўскую (?) царкву ў мяст. Асіповічы Магілёўскай вобл. З 23.8.1956 за штатам. 11.11.1958 мітрапалітам Мінскім і Беларускім Піцірымам (Свірыдавым) прызначаны пазаштатным дыяканам Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Судзімасць знята 17.9.1955. Рэабілітаваны 27.1.1994 пракуратурай Беларусі. Групавая справа Д. і інш. № 35599-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: НАРБ, ІКБР; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2.


* Свецкае імя: Аляксандр Лаўрэнцевіч; н. 27.9.1854 у г. Кінешма Тульскай губ. (цяпер Іванаўская вобл., Расія) у сям’і святара. Скончыў Тульскую духоўную семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1881). З 13.8.1910 архіепіскап Літоўскі і Віленскі, архімандрыт Віленскага Свята-Духава манастыра. Памёр 16.10.1928.
** Свецкае імя: Міхаіл Пятровіч; н. ў 1897 у сям’і святара на Валыні, цяпер Украіна. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1919), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та. Магістр багаслоўя (1931). З 1945 рэктар багаслоўска-пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім Успенскім мужчынскім манастыры. З 1947 рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, нам. Жыровіцкага манастыра ў сане архімандрыта. 5.7.1953 хіратанісаны ў епіскапа Бабруйскага вікарыя Мінскай епархіі. З 1955 епіскап Арлоўскі і Бранскі, з 1956 Куйбышаўскі і Сызранскі. Памёр 12.9.1959 у Куйбышаве.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".