Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » ДАЎГЯЛА (ДОВГЯЛЛО) Дзмітрый 

ДАЎГЯЛА (ДОВГЯЛЛО) Дзмітрый

[20.10 (1.11). 1868, пас. Казьяны Гарадоцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл. — 1942 ?, Казахстан], гісторык, спецыяліст у галіне бел. археаграфіі. Верагодна, сын протаіерэя Іаана Максімавіча Даўгялы* , брат святара Іаана Даўгялы. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1893); кандыдат багаслоўя. Выкладаў у духоўнай семінарыі і мужчынскай гімназіі ў Віцебску, быў сакратаром Савета Віцебскага епархіяльнага Свята-Уладзімірскага брацтва, членам Камітэта па загадванні Віцебскім епархіяльным царкоўна-археалагічным старажытным сховішчам. У  1903 (паводле інш. звестак у 1905) пераехаў у  Вільню, дзе працаваў у  аб’яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 рэдагаваў газ. «Белая Русь». У 1906—15 член Віленскай археаграфічнай камісіі, з 1913 яе старшыня. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910—14), апублікаваў у іх шэраг прац па гісторыі Беларусі. Пасля эвакуацыі з Вільні (1915) — супрацоўнік Магілёўскага архіва. Удзельнічаў ва Усебеларускім кангрэсе 1917. З 1921 загадчык Магілёўскага губернскага архіва. З 1925 вучоны сакратар Інбелкульта, дацэнт БДУ. З 1929 дырэктар бібліятэкі БелАН. У 1937 навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі БелАН. Найбольшую вядомасць Д. прынесла археаграфічная праца — падрыхтоўка і  выданне зборнікаў дакументаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27—32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32—37, Вільня, 1907—12), «Беларускі архіў» (т. 1—3, Мн., 1927—30), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1—2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936). Арыштаваны 10.12.1937. Асуджаны пастановай пазасудовых органаў 11.9.1939 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ў Паўночны Казахстан (па звестках гісторыка У.Пічэты жыў у с. Пахта-Арал). Памёр у ссылцы. Рэабілітаваны 9.6.1964.

Сын Д. Канстанцін Даўгяла выкладаў у Адэскім медыцынскім інстытуце.

Тв.: Радошковичи, заштатный город Виленской губернии. Вильна, 1907; З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927; Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

Кр.: Улащик. Очерки; ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена; Рэпрэсаваныя...


* Рукапаложаны ў 1867. Да 1902 настаяцель Лепельскага Спаса-Праабражэнскага сабора.

 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".