Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » БІТЭЛЬ (БИТЕЛЬ) Пётр Іванавіч 

БІТЭЛЬ (БИТЕЛЬ) Пётр Іванавіч

[псеўданім: Леанід з-пад Вішнева, Бітэль Пятро; 6(19).6.1912, мяст. Радунь Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 18.10.1991, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.], святар, паэт, перакладчык, мемуарыст, педагог, краязнавец. Скончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю імя Тамаша Зана (1931). Першыя публікацыі з’явіліся ў часопісе «Шлях моладзі» (1929). З 1933 у польскім войску. З 1934 загадчык пачатковай школы в. Даўгінава, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. Завочна скончыў гісторыка-філалагічнае аддзяленне Вышэйшых настаўніцкіх курсаў пры Віленскім ун-це. У 1937—39 апублікаваў шэраг артыкулаў па педагогіцы ў часопісе настаўніцкага прафсаюза Віленскай акругі «Sprawy nauczycielskie». У сувязі з пачаткам вайны Германіі супраць Польшчы (1939) мабілізаваны і  накіраваны на фронт. Вярнуўся на радзіму, дзе ўжо ўсталявалася Савецкая ўлада. Працаваў настаўнікам у мяст. Вішнева, дырэктарам СШ № 2 у Валожыне, інспектарам-метадыстам школ Валожынскага р-на. Друкаваўся ў раённых газ. «Іскра» (Валожын) і «Уперад» (Ліда). Падчас нямецкай акупацыі працаваў школьным інспектарам, перакладчыкам, уступіў у БНС. У 1943 пры пастэрска-багаслоўскіх курсах здаў экзамен, неабходны для прыняцця сану. У чэрв. 1944 з сям’ёй выехаў у Германію. Па дарозе цягнік трапіў у аварыю, але Б. ўдалося выжыць і знайсці прытулак у Польшчы. Пасля прыходу савецкіх войск мабілізаваны ў Чырвоную армію. Служыў да канца 1945. Потым настаўнічаў у школе в. Забрэжжа Валожынскага р-на Мінскай вобл. У 1947 беспадстаўна звольнены з работы. 29.8.1947 рукапаложаны ў іерэя. З 31.12.1948 служыў у Раства-Багародзіцкай царкве в. Міжэвічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., потым у Пакроўскай царкве ў Докшыцах, цяпер райцэнтр Віцебскай вобл. Арыштаваны 24.11.1950. У 1951 асуджаны да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з канцлагераў Кемераўскай вобл., потым у Омск, Джэзказган. У зняволенні пераклаў паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Дзяды», пішучы на паперы ад мяшкоў з-пад цэменту (рукапісы захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры). У 1956 вызвалены са зняццем судзімасці. З 26.9.1956 настаяцель Крыжаўздзвіжанскай царквы в. Галавачы Гродзенскага р-на. З 4.10.1957 служыў у Мікалаеўскай царкве ў Петрыкаве Гомельскай вобл. У 1963 вымушаны адмовіцца ад сана. Да 1974 зноў выкладаў бел. мову і літаратуру і нямецкую мову ў СШ мяст. Вішнева. Завочна скончыў філалагічны ф-т Мінскага педінстытута (1970). Цалкам рэабілітаваны ў 1978. Аўтар эпічна-гістарычных паэм і краязнаўчых нарысаў. Перакладаў з польскай, рускай, украінскай, нямецкай, ангельскай, італьянскай моў. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1986.

Тв.: Замкі і людзі: Гістарычная паэма. Мн., 1968; Паэмы. Мн., 1984; Дзве вайны: Вершаваныя аповесці. Мн., 1990; Праз церні і завалы: (Успаміны) // Куфэрак Віленшчыны. 2001. № 3 (5).

Кр.: Huszcza J. Kartki z podróży // Huszcza J. Opowieści w czarnych ramkach. Łódź, 1979; Саламевіч. Слоўнік псеўданімаў. С. 169; БП, т. 1; Янушкевіч Я. Пчала без вулля // ЛіМ. 1997. 20 чэрв.; ЭГБ, т. 2; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".