Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » БІРУЛЯ (БИРУЛЯ) Уладзімір Вікенцевіч 

БІРУЛЯ (БИРУЛЯ) Уладзімір Вікенцевіч

[1873, в. Гарадзечна Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 8.8.1954, Панявежыс, Літва], протаіерэй. Беларус. З духоўнага саслоўя. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1894). Рукапаложаны ў іерэя (1896). З 1900 настаяцель Мікалаеўскай царквы в. Станькаў Мінскага пав., цяпер в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. З 1907 служыў у Свята-Троіцкім храме мяст. Ішкалдзь Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. 22.6.1914 пераведзены ў Мінскую Казанскую прывакзальную царкву. Узнагароджаны камілаўкай (1914). Удзельнічаў у бел. культурным і рэлігійным руху, у дзейнасці Беларускай народнай грамады ў Маскве. У сак. 1920 на ўрачыстасцях у гонар 2-й гадавіны абвяшчэння БНР выступіў з пропаведдзю на бел. мове. У 1920—27 падтрымліваў ідэю стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. З 1926 настаяцель Мікалаеўскай царквы (спалена бальшавікамі, верагодна, у другой палове 1930-х г.; зноў адбудавана ў  1943; зруйнавана ў 1960) у пас. Козырава (інш. назва — пас. Фрунзе), цяпер у межах Мінска (р-н вул. Вялікаморскай). Паводле сфабрыкаванай у НКВД справы, адзін з арганізатараў (з архіепіскапам Мінскім Феафанам (Семянякам) з настаяцелем Козыраўскай царквы І.Зенюком, дыяканам А.Камягам, старшынёй царкоўнага савета Дз.Мараковым рэлігійнай антысавецкай арганізацыі ў пас. Козырава (1933—35). У канцы сак. 1935 у  арганізацыю пранік правакатар, і ў пачатку крас. ўсе яе члены былі арыштаваны. 10.8.1935 Б. і інш. ўдзельнікі арганізацыі, у тым ліку актыўныя прыхаджане Міхаіл Вішкоўскі (Віткоўскі), Міхаіл Дзігілевіч (Дагялевіч), Марыя Ерахавец, Мікалай Камарнік, Павел Копаць, Пётр Копаць, Пётр Макарчук, Грыгорый Макарчук, Ганна Мініч, Марыя Палойка, Іван Пратасевіч, Фёдар Працішчэвіч, Усевалад Тыдман, Ігнат Скромны, Еўдакім Судакоў, Андрэй Тумар, Іван Філіповіч, Аляксандр Чысты, Кірыла Чысты былі прызнаны судом вінаватымі ў тым, што «пачынаючы з 1933 г., пасля прыезду ў Мінск М.Семянякі на пасаду епіскапа, у Козыраўскай царкве пачалі групавацца рэлігійныя, кулацкія і інш. антысавецкія элементы, якія паставілі сабе за мэту пад прыкрыццём царквы і выканання рэлігійных абрадаў, настройваць у антысавецкім духу насельніцтва горада ібліжэйшых раёнаў… Толькі пасля арышту гэтай контррэвалюцыйнай групы святароў прыпынілася распаўсюджванне правакацыйных чутак і пачаўся масавы прыліў людзей укалгасы». На працэсе 25 удзельнікаў арганізацыі прысудзілі да розных тэрмінаў зняволення. Б. прыгавораны калегіяй АДПУ да 3 гадоў ППК. Этапаваны з архіепіскапам Феафанам у Далёкаўсходні канцлагер НКВД (Хабараўск). Вызвалены 17.9.1936. Паводле некаторых звестак у 1942—43 служыў у Ільінскім саборы ў Сольцах (цяпер Наўгародская вобл., Расія), благачынны Солецкай акругі. Асвячаў храмы ў акрузе. Эвакуіраваны немцамі ў Літву. У другой палове 1940 — першай палове 1950-х г. протаіерэй Віленскай епархіі. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 4.4.1990. Групавая справа Б. і інш. № 31424-с захоўваецца ў  архіве КДБ Беларусі.

Кр.: Памятная книжка Минской епархии; Памятная книжка Минской губернии; Личный состав епархиального управления; Garbiñski J., Turonek J. Bia³oruski ruch chrześcijański XX wieku; www.petergen.com.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".