Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » БЕНЯШЭВІЧ (БЕНЕШЕВИЧ) Уладзімір Мікалаевіч 

БЕНЯШЭВІЧ (БЕНЕШЕВИЧ) Уладзімір Мікалаевіч

[9(21).8.1874, мяст. Друя Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 27.1.1938, НКВД], гісторык (візантолаг, гісторык царкоўнага права, палеограф), публіцыст. Беларус. З сям’і чыноўніка. Скончыў 1-ю Віленскую гімназію (1893), юрыдычны ф-т Санкт-Пецярбургскага ун-та (1897). У 1897—1900 слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гейдэльбергскім ун-тах. З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 прафесар царкоўнага і грамадзянскага права Санкт-Пецярбургскага ун-та, прафесар кафедры гісторыі царкоўнага права Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1906—09), доктар царкоўнага права (1914). Выкладаў на Вышэйшых жаночых (Бястужаўскіх) курсах, у Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Рэдактар перыёдыкаў «Памятники древнерусского канонического права» (ч. 1, 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Обзор трудов по славяноведению, 1908—1913» (1909—18). Апошняе выданне можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. Быў у навуковых камандзіроўках на Афоне (Грэцыя), Сінаі (Егіпет), у Турцыі, Палесціне. Член Памеснага сабора (1917—18). У дакастрычніцкі час за «захоўванне нелегальнай літаратуры» неаднаразова падвяргаўся вобыскам, а за «вальнадумства ў лекцыях па гісторыі царкоўнага права» пасаджаны ў турму «Кресты», але неўзабаве вызвалены па хадайніцтве Санкт-Пецярбургскага ун-та. У гады савецкай улады прафесар Ленінградскага ун-та, галоўны бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі. У 1922 — член праўлення Таварыства праваслаўных прыходаў Петраграда. З 1925 — член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР, вучоны сакратар Руска-візантыйскай слоўнікавай камісіі. Выбраны членам Баварскай (19.2.1927), Прускай (30.6.1929), Страсбургскай акадэмій навук, ганаровы член Афінскага таварыства візантолагазнаўства. Арыштаваны ў маі 1922 па справе «аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей». Апраўданы на судзе. Зноў арыштаваны 22.11.1928. У яго абарону выступілі дзеячы сусветнай навукі, нобелеўскія лаўрэаты Ф.Нансен, А.Эйнштэйн, акадэмік У.Вярнадскі. Нягледзячы на гэта, 8.8.1931 асуджаны да 5 гадоў ППК. Этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер НКВД Комі АССР. Вызвалены ў лют. 1933. Вярнуўся ў Ленінград, займаўся навуковай працай на кафедры гісторыі Ленінградскага дзяржаўнага ун-та, працаваў галоўным бібліятэкарам Ленінградскай дзяржаўнай публічнай бібліятэкі. У 1937 у Мюнхене была выдадзена яго кніга «Синагога в 50 титулов и другие юридические сборники Иоанна Схоластика». Гэта cтала падставай для новага арышту. 17.1.1938 тройкай НКВД прыгавораны да ВМП. Расстраляны.

5.9.1937 у Ленінградзе арыштаваны Беняшэвіч Георгій (н. ў снеж. 1911), сын Уладзіміра Беняшэвіча. У  снеж. 1937 асуджаны да ВМП і расстраляны.

7.9.1937 у Ленінградзе арыштаваны навуковы супрацоўнік Радыевага інстытута Беняшэвіч Дзмітрый Уладзіміравіч (н. ў снеж. 1911), брат-блізнюк Георгія Беняшэвіча. 6.10.1937 асуджаны да ВМП і расстраляны.

16.9.1937 у Ленінградзе арыштаваны Беняшэвіч Дзмітрый Мікалаевіч (н. ў 1870-я г.; у 1920-я г. тэхнічны дырэктар Днепрапятроўскага НДІ чорнай металургіі), брат Уладзіміра Мікалаевіча Беняшэвіча. У снеж. 1937 асуджаны да ВМП і расстраляны.

Тв.: Древнеславянская кормчая XIV титулов без толкований. Т. 1. СПб., 1906—07; Описание греческих рукописей монастыря св. Екатерины на Синае. Т. 1, 3. СПб., 1911—17; Очерки по истории Византии. Вып. 1—4. СПб., 1912—15; Синагога в  50 титулов и другие юридические сборники Иоанна Схоластика. СПб., 1914; Сборник памятников по истории церковного права, преимущественно русской церкви до эпохи Петра Великого. Вып. 1—2. Пг., 1914—15.

Кр.: Гранстрем Е.Э. В.Н.Бенешевич (к 100-летию со дня рождения) // Византийский временник. 1973. Т. 35; Трагические судьбы: репрессированные ученые в Академии Наук СССР. М, 1995; Синодик Санкт-Петербургской епархии; ЭГБ, т. 2; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі; Рэпрэсаваныя...

 

 


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".