Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » БАСЛЫК Яўстафій 

БАСЛЫК Яўстафій

[30.3.1902, в. Чыжэвічы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 8.5.1970, Мінск], протаіерэй. Беларус. Сын царкоўнага старасты Кандрата Баслыка, брат Яўгенія Баслыка* . Скончыў 2-класнае Вілейскае (гарадское) пачатковае вучылішча (1917), 2 курсы Данскога сярэдняга сельскагаспадарчага вучылішча ў мяст. Персіянаўка каля Новачаркаска (цяпер Растоўская вобл., Расія), Віленскую духоўную семінарыю (1927). Архіепіскапам Віленскім і Лідскім Феадосіем (Феадосьевым)** рукапаложаны ў дыякана (28.2.1926), іерэя (14.1.1927). З восені 1927 памочнік настаяцеля Свята-Марыінскага храма ў Вільні, Ільінскай царквы в.  Нарач Вілейскага пав. Віленскай губ. Паўла Сасноўскага, потым памочнік настаяцеля Благавешчанскай царквы в. Забрэжжа Ашмянскага пав. Віленскай губ. (цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл.) Уладзіміра Каранцэвіча. З 14.4.1928 настаяцель Благавешчанскай царквы. З 1943 Валожынскі благачынны. З 15.3.1947 служыў у  Мінскай Александра-Неўскай царкве на Вайсковых могілках. Арыштаваны 21.2.1951 у Мінску па адрасе: вул. Берасцянская, д. 29, кв. 2. Асуджаны ў  адзін дзень са святарамі Паўлам Кірыкам, Платонам Сліжам і  інш. 5.9.1951 асобай нарадай МДБ за «антысавецкую агітацыю» дa 10 гадоў ППК. 9.2.1952 этапаваны ў Маскву, потым у Валагодскую турму МДБ, а ў пачатку крас. 1952 у Рачны канцлагер МДБ Комі АССР (Варкута). Некаторы час пакаранне адбываў з Глебам Багдановічам. З 1955 на пасяленні. Канчаткова вызвалены 10.5.1956. З 22.6.1956 протаіерэй Лазараўскай царквы г. Волагда, Расія. З 22.6.1957 настаяцель Пракоп’еўскага сабора ў  г. Вялікі Усцюг, Расія. Узнагароджаны залатым крыжам з упрыгожаннямі (1957). Са студз. 1959 служыў у Раства-Багародзіцкай кафедральнай царкве ў Волагдзе, благачынны 1-й акругі Валагодскай епархіі. У крас. 1959 падчас усяночнага ў выніку правакацыі ў перапоўненым храме пачалася паніка і загінулі людзі. 13.6.1959 прыгавораны Валагодскім абл. судом за «не прадбачанне» да 3 гадоў пазбаўлення волі, але 11.7.1959 Вярхоўным судом РСФСР апраўданы. Да жн. 1962 настаяцель кафедральнага сабора ў Смаленску, потым жыў у Мінску ў  дачкі Ірыны. З 1963 кіраваў малым хорам Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Пакінуў грунтоўныя ўспаміны пра свой час. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках. Рэабілітаваны 28.11.1978 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа Б. і інш. № 20622-с з фотаздымкам захоўваецца ў  архіве КДБ Беларусі.

16.7.1944 у в. Выгалавічы (цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) арыштаваны студэнт Віленскай настаўніцкай семінарыі Баслык Фёдар Кандратавіч (н.  ў  1921 у в. Выгалавічы), верагодна, сваяк Яўстафія Баслыка. 9.12.1944 асуджаны як «член нацыяналістычнай Беларускай арганізацыі» і «агент нямецкай разведкі» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў пас. Вожавель НКВД Комі АССР (п/с 843). Вызвалены 30.4.1954. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 15.4.1958 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Групавая справа Ф.Баслыка і інш. № 13588-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Літ.: Баслык Е. Записки священника Евстафия. Мн., 2005.

Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии; За Христа пострадавшие.


* У 1940-я г. настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., потым у мяст. Глыбокае, цяпер райцэнтр Віцебскай вобл.
** Свецкае імя: Мікалай Іванавіч. Н. ў 1864. Хіратанісаны ў?1903. У 1908 епіскап Смаленскі, у 1923 архіепіскап Адэскі і?Херсонскі. Пераследаваўся савецкімі ўладамі. У 1923 уцёк у Польшчу (з Кіева). Варшаўскім сінодам і мітрапалітам Дзіянісіем прызначаны кіруючым архіерэем у епархію Віленскую і Лідскую. Памёр у 1942.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".