Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » БАГДАНОВІЧ (БОГДАНОВИЧ) Вячаслаў Васілевіч 

БАГДАНОВІЧ (БОГДАНОВИЧ) Вячаслаў Васілевіч

[псеўданімы: Васілевіч, Віцяблянін; 1878, мяст. Дзісна Віленскай губ., цяпер горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл. (паводле інш. звестак — Лепельскі пав. Віцебскай губ.) — 1939 (?), Вілейка], царкоўны дзеяч, літаратар, дзеяч бел. нацыянальнага руху. Беларус. Сын святара Васілія Багдановіча і брат педагогаў Анатолія і Генадзія Багдановічаў. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1903). З  6.11.1903 выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. З 18.5.1907 інспектар Мінскай, з восені 1907 Літоўскай (Віленскай) духоўных семінарыяў. У 1915 эвакуіраваўся з семінарыяй у Разань. У 1919 вярнуўся ў Вільню, прызначаны рэктарам семінарыі. Удзельнічаў у Памесным Саборы Расійскай (Рускай) праваслаўнай царквы (1917—18) пра які напісаў некалькі спецыяльных артыкулаў і надрукаваў дзённік удзельніка Сабора. Быў адказным рэдактарам «Литовских Епархиальных Ведомостей» з 1919 да 20.10.1922, калі пастановай Віленскай духоўнай кансісторыі выданне было зачынена. У верас. 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы. Захоўваючы вернасць Патрыярху, адмовіўся прыняць аўтакефалію Польскай царквы, за што пастановай архіепіскапа Варшаўскага Георгія звольнены з пасады рэктара семінарыі і рэдактара «Литовских Епархиальных Ведомостей». У кастр. 1922 арыштаваны польскімі ўладамі з архіепіскапам Літоўскім і Віленскім Елеўферыем (Богаяўленскім) і вывезены ў Кракаў. Мітрапалітам Дзіянісіем адлучаны ад Польскай аўтакефальнай царквы. У канцы 1922 абраны ў сенат II Рэчы Паспалітай. Актыўны змагар за правы беларусаў у Польшчы. У 1930 абраны сенатарам на другі тэрмін. Са святаром Лукой Голадам арганізаваў у Вільні адзіны ва ўсёй Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся патрыярху Ціхану і служыў у ім псаломшчыкам (1924—36). Пасля дзесяцігадовага існавання Патрыяршая абшчына ў Вільні адміністрацыйнымі ўладамі была разгромлена, а яе храм апячатаны (1936). Выступаючы ў сенаце (1929) паведаміў пра сапраўднае становішча Праваслаўнай царквы, пра гвалт, канфіскацыю маёмасці, нацыянальныя прыцясненні. З 1930 выкладаў у  Віленскай рускай гімназіі імя А.Пушкіна і ў  жаночым епархіяльным вучылішчы. Вядомы і як кампазітар, аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А.Пшчолкі. Паводле звестак А.Клімовіча, у 1920-я г. Б. прыпісвалася аўтарства раманса «Зорка Венера» на словы М.Багдановіча. У 1920—30-я г. член Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) у Вільні. Да 28.11.1933 старшыня Царкоўнай праваслаўнай камісіі пры БНК. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага праваслаўнага аб’яднання ў Вільні, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. У 1939 арыштаваны польскай дэфензівай як праціўнік аўтакефаліі. Заключаны ў Віленскую турму, адкуль этапаваны ў Бяроза-Картузскі канцлагер. З наступам Чырвонай арміі ахова лагера ўцякла, і зняволеныя вызваліліся. У верас. 1939 арыштаваны органамі НКВД. Па заяве пракуратуры СССР сярод асуджаных не значыцца. Па прыватных сведчаннях, расстраляны ў Вілейскай турме НКВД неўзабаве пасля арышту.

14.4.1949 на Беласточчыне польскай службай бяспекі арыштаваны і дэпартаваны ў СССР доктар медыцыны Багдановіч Глеб (н. 1913 у Вільні; скончыў Віленскую беларускую гімназію, медыцынскі ф-т Віленскага ун-та), сын Вячаслава Багдановіча. Зняволенне адбываў у Варкуцінскім канцлагеры МДБ Комі АССР (некаторы час разам са святаром, былым вучнем свайго бацькі Яўстафіем Баслыком). Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, жыў у Рудзенску, працаваў доктарам. Памёр у Вільні.

Тв.: Церковно-славянский язык как религиозно-культурная ценность. Гродно, 1938; Царква і Дзяржава // Праваслаўная Беларусь. 1927, № 1; Патрыярх Ціхан // Праваслаўная Беларусь. 1928, № 9.

Лiт.: Лабынцев Ю.А. Литературное наследие В.В.Богдановича — белорусского сенатора ІІ Речи Посполитой // Славяноведение (Москва). 1997, № 3, с. 39—49; Праваслаўе (Мінск). 1997, №  5; Цыпин В., прот. История Русской Церкви, 1917—1997. Т. 9. М., 1997. С. 31, 229, 241; Чэмер А. [Анішчык А.]. Партрэты. Вільнюс, 2001; Koz³owska-G³ogowska H. Bia³іoruski senator // Czasopis. 2001, №№ 10—12; ЭГБ, т. 1; БЭ, т. 2; Garbiñski J., Turonek J. Bia³oruski ruch chrześcijański XX wieku.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".