Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Главная » Справочники  » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I  » Том I  » АКАЛОВІЧ (ОКОЛОВИЧ) Мікалай Фаміч 

АКАЛОВІЧ (ОКОЛОВИЧ) Мікалай Фаміч

[4.5.1863, в. Ужляціна Віцебскага пав., цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл. — 1934 (?)], іерэй, брат Іаана Акаловіча. З сям’і псаломшчыка. У ліку лепшых скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1877), Маскоўскую духоўную акадэмію (са ступенню магістра багаслоўя). 6.10.1887 прызначаны столаначальнік Полацкай духоўнай кансісторыі. 4.12.1877 пастановай епіскапа Полацкага і Віцебскага Маркела (Попеля) пераведзены на пасаду антыраскольніцкага місіянера Полацкай епархіі. Жыў у Рэжыцы Віцебскай губ., цяпер Рэзекне, Латвія. 17.1.1888 ажаніўся з Аляксандрай Дзецікевіч, дачкой адміністратара Холмскай епархіі (Люблінскай губ., цяпер Chelm, Польшча) протаіерэя Міхаіла Кірылавіча Дзецікевіча і ўнучкай епіскапа Маркела. Рукапаложаны ў іерэя (2.2.1888). 4.3.1889 прызначаны законанастаўнікам Полацкага кадэцкага корпуса. Адначасова старшыня Полацкага царкоўнага брацтва, Полацкага вучылішчнага савета. 19.6.1907 прызначаны рэктарам Варонежскай духоўнай семінарыі, галоўным рэдактарам «Воронежских епархиальных ведомостей». Узнагароджаны санам протаіерэя. Са снеж. 1912 выкладаў Закон Божы ў рэальным вучылішчы ў Дзвінску, цяпер Даўгаўпілс, Латвія. З 1919 узначаліў адкрытую пры Віцебскім Мікалаеўскім кафедральным саборы пастырскую школу. З 1922 настаяцель Мікалаеўскага сабора. У тым жа годзе арыштаваны. Вызвалены праз два тыдні. Служыў у Пакроўскай царкве в. Новікі Полацкага пав., цяпер Полацкі р-н. З кастр. 1924 настаяцель Ільінскага храма ў Віцебску. Быў жанаты, меў два сына і дзве дачкі. Зноў арыштаваны 24.4.1931 у Віцебску па адрасе: вул. Верхняя Набярэжная, д. 51. Асуджаны з шэрагам святароў і вернікаў 14.7.1932 асобай нарадай АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў ссылкі і пазбаўлення правоў. Паводле сведчання сына Пятра А. загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 12.9.1989 пракуратурай Віцебскай вобл. Асабовая справа А. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.

4.8.1937 у Віцебску арыштаваны вартаўнік дзіцячага дома Акаловіч Пётр (н. 1891 у Полацку), сын Мікалая Акаловіча. 7.9.1937 асуджаны тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе контррэвалюцыйнай групоўкі» да ВМП і 26.9.1937 расстраляны ў турме НКВД у Віцебску. Рэабілітаваны 15.5.1989 пракуратурай Віцебскай вобл.

Кр.: Памятная книжка Витебской губернии; НАРБ, ІКБР; Гарыдавец. У., свяшч. Мікалай Міратворац // Рэй (культуралагічны дадатак да «Настаўніцкай газеты»). 3.6.2006.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".