Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга II  » ХАНЖАНКОЎ Сяргей Мікалаевіч 

ХАНЖАНКОЎ Сяргей Мікалаевіч

[н. 13.3.1942, пас. Усць-Уціны Магаданскай вобл., Расія], арганізатар і кіраўнік маладзёжнай антысавецкай арганізацыі, якая дзейнічала ў Мінску ў 1962—63, сын рэпрэсаванага ў 1935 студэнта Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту. Выхоўваўся ў антысавецкім духу, як успамінаў сам Х., «з маленства разумеў, хто галоўны віноўнік усіх нашых няшчасцяў». У 1955 сям’і Х. было дазволена пакінуць Калыму і неўзабаве яны пераехалі ў Мінск, дзе бацька Х. знайшоў работу па сваёй спецыяльнасці інжынера-аўтадарожніка. З 1959 Х. студэнт гідратэхнічнага ф-та Беларускага політэхнічнага інстытута. Паводле дадзеных следства ўстаноўлена, што «з 1958 Х., сістэматычна слухаючы (па прыёмніку «Мінск–55») антысавецкія перадачы замежных радыёстанцый, трапіў пад уплыў буржуазнай ідэалогіі і вясной 1962 з удзелам В.Храпавіцкага і Г.Сярогіна стварыў антысавецкую арганізацыю, якая мела праекты праграмы і статута. Група здабыла шрыфт для друкавання лістовак і ўзрыўчатку, каб падарваць у Мінску радыёглушыцель». 27.5.1963 Х. і яго сябры былі арыштаваны. Неўзабаве ён зразумеў, што ў КДБ ведаюць пра іх арганізацыю ўсё. За імі сачылі з першых крокаў. Асведаміцелем і правакатарам аказаўся К-ч, яго школьны сябра. 7.10.1963 Х. быў асуджаны за «спробу зрабіць дыверсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў ППК. Этапаваны (праз Смаленск, Вязьму, Ражск, Пуцьму) у Дубраўны канцлагер МУС Мардоўскай АССР. У розныя часы пакаранне адбываў з вядомымі дысідэнтамі Галансковым, Гінзбургам, Даніэлем, Кузняцовым, Марчанкам, Сіняўскім. Вызвалены 27.5.1973. 23.8.1973 у інтэрв’ю агенцтву Associated Press і газ. Le Monde А.Салжаніцын сказаў: «Вспоминается судьба Сергея Ханженкова, отсидевшего <...> за попытку — или даже намерение — взорвать глушитель в Минске. А ведь исходя из общечеловеческих забот нельзя понять этого преступника иначе как борца за всеобщий мир». Пасля вызвалення вярнуўся ў Мінск. Працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002 на пенсіі. Удзельнік I-га з’езда паліт. зняволеных у жн. 1990 (Санкт-Пецярбург). Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся.

Кр.: Запісы, зробленыя аўтарам даведніка падчас гутаркі з С.Ханжанковым у ягонай кватэры 24.10.2004; ДА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 95626, 95627.

Літ.: «Набат Северо-Запада» (Петразаводск, Расія). 1991, 27 дек.; 580, с. 642.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".