Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга II  » ЦАРАНКОЎ Антон Іванавіч 

ЦАРАНКОЎ Антон Іванавіч

[5.2.1887, в. Вусце Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 24.11.1971, Мінск], спявак (бас-актавіст), протадыякан. З бел. сялянскай сям’і. У 1897 паступіў у Народнае вучылішча ў Магілёве (дзякуючы клопатам архіепіскапа магілёўскага Мітрафана (Краснапольскага), які ў 1919 забіты бальшавікамі ў Архангельску; у 2002 Святым Сінодам Беларускага Экзархата далучаны да ліку Сабора Беларускіх Святых). Тады ж Ц. пачаў спяваць у хоры Магілёўскай Брацкай царквы. Пасля сканчэння вучобы (1900) працаваў бібліятэкарам. Падчас знаходжання імператара Мікалая II у Магілёве атрымаў ад яго Чырвоную стужку — узнагароду Свяшчэннага Сінода. Па запрашэнні ўладыкі Мітрафана пераехаў у Мінск, служыў протадыяканам у Мінскім праваслаўным кафедральным саборы, спяваў у яго хоры пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора С.Кнігі. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 Ц. быў пазбаўлены грамадзянскіх правоў, а яго сын выключаны з гімназіі. Падчас прыезду ў Мінск Дз.Меражкоўскага і яго жонкі З.Гіпіус з мэтай нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу прытуліў іх у сваёй кватэры. У другой палове 1920-х г. працаваў бухгалтарам. Першы раз арыштаваны 27.3.1927. Асуджаны 17.6.1927 (разам са святарамі Мінскай епархіі М.Лукашэвічам, дыяканам А.Крыкуновым і інш.) асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Салавецкі канцлагер АДПУ Архангельскай вобл. На этапе і ў канцлагеры некаторы час знаходзіўся з епіскапам Мікульскім, ксяндзом С.Віткоўскім, галоўным святаром нямецкай кірхі ў Мінску В.Кранцам, рабінам галоўнай сінагогі ў Мінску З.Зільберглейтам, мулам татарскай мячэці У.Мазалевічам, акадэмікам С.Некрашэвічам. Пасля заканчэння тэрміну (23.3.1930) у сувязі з забаронай НКВД выязджаць за межы Архангельскай вобл. жыў у Кемі. Неўзабаве да Ц. прыехала жонка. Памалу яны пачалі абжывацца, абзаводзіцца знаёмымі. У той час у Архангельскай вобл. на пасяленні знаходзілася шмат украінцаў. Яны стварылі свой невялікі прыход. Святаром у ім стаў Ц. Але неўзабаве царкву закрылі, а яго з жонкай без суда і следства адправілі ў канцлагер. Вызвалены ў сак. 1933 па амністыі для будаўнікоў Беламорска-Балтыйскага канала. Вытрымаўшы экзамен прыёмнай камісіі Вялікага тэатра, у складзе якой былі В.Давыдава, І.Казлоўскі, С.Лемешаў, Л.Собінаў, А.Сцяпанаў, браты Піраговы і інш., залічаны ў яго штат. Удзельнічаў у трыумфальных гастролях тэатра па Эстоніі і Украіне, але пасля выкліку ў АДПУ вырашыў развітацца з Вялікім тэатрам і пераехаў у Кіеў (1934). Працаваў салістам хора Кіеўскага радыё. Атрымаўшы запрашэнне ад Мінскага тэатра оперы і балета, пераехаў у Мінск (1935). У час 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, працаваў у Камісарыяце па харчаванні (пад кіраўніцтвам пазней вядомага польскага камуніста, будучага прэзідэнта Польшчы і, як потым высветліцца, буйнога рэзідэнта савецкай разведкі Б.Берута). Дапамог стаць на харчовае забеспячэнне акадэміку М.Нікольскаму, прафесарам Маславу, В.Тэміну, кампазітару А.Туранкову, артыстам Мінскага опернага тэатра Саладуху, Лабко і інш. Падтрымліваў сувязі з партызанскім рухам. Зноў арыштаваны 20.7.1944 падчас адной з рэпетыцый у памяшканні тэатра Я.Купалы. Асуджаны 19.4.1945 ваенным трыбуналам войск НКВД Мінскай вобл. за «дапамогу нямецкім акупантам і антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа. Некаторы час ў зняволенні знаходзіўся разам з кампазітарам А.Туранковым. Вызвалены 14.7.1954. Прыехаў у Брэст да сына, які працаваў загадчыкам кафедры ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. Са жн. 1954 артыст Дзяржаўнай харавой капэлы БССР. Пасля смерці жонкі выйшаў на пенсію, але ад удзелу ў канцэртах, на якія яго перыядычна запрашалі дырэктар і хормайстар капэлы, не адмаўляўся амаль да самай смерці. Па першай справе (№ 28843-с; захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 28.12.1989 пракуратурай Мінскай вобл., па другой (№ 11904-с) — 29.6.1963 Вярхоўным судом БССР.

Літ.: Синодик за веру и церковь Христову; Царанкоў Я. Загублены талент. Мн., 1998.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".