Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга II  » РАКОВІЧ Аляксандр Гаўрылавіч 

РАКОВІЧ Аляксандр Гаўрылавіч

[28.11.1926, в. Лясок Навагрудскага ваяв., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 22.2.2000, Мінск, пахаваны ў в. Лясок], вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі, публіцыст, грамадскі дзеяч. Доктар тэхнічных навук (1986), прафесар (1987). У 1939 вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі, дырэктарам якой у той час быў Б.Кіт. Скончыў у Навагрудку 6-месячныя настаўніцкія курсы (1942) і беларускую настаўніцкую семінарыю (1944). З 23.7.1944 у Савецкай арміі. З 1945 служыў артылерыстам (камандзірам гарматы) у Паўночна-Каўказскай ВА. Арыштаваны 30.6.1948 у Новачаркаску Растоўскай вобл. Р. прыгадалі ранейшую вучобу ў Навагрудку і абвінавацілі ў імкненні да адрыву Беларусі ад СССР. Прыгавораны да 25 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Паколькі ўласнай маёмасці не меў, то была канфіскавана жывёла з бацькоўскай гаспадаркі. У ГУЛАГу працаваў на залатамыйных рудніках у Якуціі (Алдан, 1948—53), Забайкаллі (Балей Чыцінскай вобл., 1953—54), лесараспрацоўках у Кузбасе (Барзас Кемераўскай вобл., 1954—56). 28.4.1956 рашэннем камісіі прэзідыума ВС СССР вызвалены са зняццем судзімасці. Паколькі пасведчанне пра сканчэнне настаўніцкай семінарыі ў 1944 не залічылі за сярэднюю адукацыю, паступіў у Карэліцкую вячэрнюю школу рабочай моладзі, якую скончыў у 1957 з сярэбраным медалём. У 1957—63 працаваў на Мінскім падшыпнікавым заводзе, адначасова завочна вучыўся ў Беларускім лесатэхнічным інстытуце, потым перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут, пасля сканчэння якога (1963) запрошаны на работу ў Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР. З 1965 працаваў у новаадкрытым Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі АН БССР. За комплекс навуковых работ па тэорыі аўтаматызаванага праектавання ў машынабудаванні ў 1978 стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Аўтар многіх манаграфій, брашур, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, артыкулаў. Займаўся грамадскай дзейнасцю, быў нам. старшыні акадэмічнай рады Таварыства бел. мовы імя Ф. Скарыны. Актыўна выступаў у друку; частка яго лістоў да родных з ГУЛАГа надрукавана ў газ. «ЛіМ» (2000) і «Гродзенская праўда» (2001). Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1970.

Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Тв.: Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985; САПР станочных приспособлений. М., 1986; Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991; Сустрэча праз дзесяцігоддзе // Маладосць. 2000. № 11; Свабода там, дзе сумленне [Прадмова да кнігі] // Чэмер А. Партрэты. Вільнюс, 2001; Слоўнік тыпу INSITU беларускай мовы: Слоўнік, граматычны даведнік і збор тэкстаў для вывучаючых беларускую мову. Мн., 2002.

Лiт.: Савік Л. Космас беларуса. 2 выд. Мн., 1998. С. 261—267; Савік М.П. Узыходжанне Алеся Раковіча // Голас Радзімы. 1997. 14, 21 жн.; Яго ж. Варта жыць дзеля Радзімы: жыццё і лісты Алеся Раковіча // ЛіМ. 2000. 22 вер.; Яго ж. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мн., 2000. С. 507—509; Яго ж. З верай у перамогу дабра // Звязда. 2001. 20 лют.; Яго ж. Да кібернетыкі праз ГУЛАГ // Гродзенская праўда. 2001. 7 крас.; БЭ, т. 13.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".