Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга I  » АКІНШЭВІЧ Леў Аляксандравіч 

АКІНШЭВІЧ Леў Аляксандравіч

[псеўд.: Воронич Л.; 25.1(6.2.).1898, Санкт-Пецярбург — 7.11.1980, ЗША], бел. і ўкраінскі гісторык, мемуарыст, правазнавец. У 1916 скончыў калегію Паўла Галагана ў Кіеве, куды пераехалі бацькі. У 1916—17 вучыўся на юрыдычным ф-це Кіеўскага ун-та. Далучыўся да бел. нацыянальнага руху, быў сябрам Кантрольнай камісіі бел. арганізацыі ў Кіеве. У 1917 мабілізаваны ў армію, накіраваны ў Кіеўскую вайсковую школу. Служыў прапаршчыкам у Сімферопалі і на Румынскім фронце. У 1918 вярнуўся ў Кіеў, працягваў вучыцца ва ун-це, удзельнічаў у культурна-грамадскай рабоце бел. дыяспары на Украіне, прыняў грамадзянства БНР. З 1921 навуковы супрацоўнік Украінскай АН, спецыялізаваўся ў галіне бел., украінскага і польскага права, даследаваў гісторыю казацтва на Беларусі. Працаваў пад кіраўніцтвам акадэміка М.Васіленкі, пазней А.Грушэўскага, брата М.Грушэўскага. З 1923 сакратар Камісіі па вывучэнні гісторыі зах.-рускага і ўкраінскага права. Падтрымліваў сувязі з навуковымі цэнтрамі і творчымі асяродкамі Беларусі. Супрацоўнічаў з Інбелкультам (пазней — БелАН), публікаваўся ў час. «Полымя» (з 1925), выступаў у бел. друку з рэцэнзіямі і аглядамі ўкраінскіх выданняў, апублікаваў шэраг артыкулаў пра казацтва на Беларусі. У час. «Украіна», «Червоний шлях» друкаваў рэцэнзіі на працы бел. вучоных. Свае даследаванні з гісторыі права на Беларусі і Украіне надрукаваў у «Працах Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права», сакратаром якой з’яўляўся. У 1928 абараніў дысертацыю «Генеральная рада на Гетманшчыне», пазней выдадзеную манаграфіяй. Быў асабіста знаёмы з бел. вучонымі У.Пічэтам, Яз.Лёсікам, С.Некрашэвічам, В.Ластоўскім, Д.Даўгялам, В.Друшчыцам, Т.Забелам, пісьменнікамі Я.Коласам, Я.Купалам, Ц.Гартным. У 1932 за адмову стаць сакрэтным супрацоўнікам НКВД звольнены з работы. Вясною 1933 (з пачаткам «чыстак») пераехаў у Нежын, дзе ўладкаваўся прафесарам Нежынскага педагагічнага ін-та. На пачатку 1934 абвінавачаны ў бел. і ўкраінскім нацыяналізме і пасля кампаніі шальмавання пазбаўлены работы. Пазней уладкаваўся юрыстам на Балхашскім прамкамбінаце ў Казахстане. Праз тры гады пераехаў з сям’ёю ў Смаленск. Там А. заспела 2-я сусветная вайна. Мабілізаваны на фронт, трапіў у палон. Выбавіўшыся з палону, выкладаў у Кіеўскім ун-це, пераехаў у Львоў. Пазней ва Украінскім вольным ун-це ў Празе, затым у Мюнхене чытаў гісторыю ўкраінскага права, напісаў некалькі падручнікаў. З 1949 у ЗША. Перабіваўся выпадковымі заробкамі, быў чорнарабочым. З 1951 да 1954 выкладаў у Калумбійскім ун-це, працаваў у Даследчым цэнтры па вывучэнні СССР (Research Project on the USSR) у Вашынгтоне, пасля ў бібліятэцы Кангрэса ЗША (1954—69). Займаўся праблемамі нацыянальных меншасцяў, даследаваў савецкую юрыдычную сістэму, гісторыю Беларусі і Украіны XVI—XVII ст. Супрацоўнічаў з Бел. інстытутам навукі і мастацтва, Украінскім навуковым таварыствам імя Т.Шаўчэнкі. Публікаваўся ў бел. і ўкраінскіх эмігранцкіх навуковых і перыядычных выданнях. Сябра Украінскай Вольнай Акадэміі навук, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША. Аўтар успамінаў (на ўкраінскай мове) «Пракляты стэп».

Тв.: Казацтва на Беларусі: (Гіст.-юрыдычны нарыс) // Полымя. 1927, № 1; Беларускае казацтва ў украінскай гістарыяграфіі // Тамсама. 1929. № 6; Казацка-сялянскія войны на Беларусі ў XVII ст. у характарыстыцы акад. М. Грушэўскага // Савецкая краіна. 1931. № 5; Парлямэнт беларускай зямлі // Запісы БІНіМ (Нью-Йорк). 1952. № 1 (перадрук: З Гісторыяй на «Вы». Вып. 3. Мн., 1994); Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу // Тамсама. 1953. № 2 (перадрук: З Гісторыяй на «Вы». Вып. 3); Балонкі з успамінаў // Тамсама. 1989. № 19 (перадрук: На суд гісторыі. Мн., 1994).

Літ.: Мыцык Ю. Сын дзвюх бацькаўшчын // Полымя. 2003, № 3; Лебедзева В. Леў Акіншэвіч пра гісторыю Беларусі // Спадчына. 1996, № 6; ЭГБ, т. 1.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".