Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга I  » ЖЫТНІЦКІ Марк Саламонавіч 

ЖЫТНІЦКІ Марк Саламонавіч

[11.2.1903, Магілёў — 7.4.1993, Ізраіль], мастак. З сям’і рабочага, які ў 1915 загінуў на фронце. Падчас грамадзянскай вайны Ж. служыў у Чырвонай арміі. У 1925 паступіў на рабфак мастацтваў. Працягваў вучыцца ў Маскоўскім мастацкім інстытуце (ВХУТЕИН) на ф-це графікі. Пасля заканчэння (1932) прыехаў у Мінск. У 1933 прызначаны рэдактарам Белдзяржвыдавецтва. Займаўся мастацкім афармленнем кніг, у тым ліку І.Харыка і М.Кульбака. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 15.9.1936 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 17.12.1936 як «член контррэвалюцыйнай групоўкі» да 10 гадоў папраўча-працоўных работ з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер Комі АССР. Працаваў на лесапавале, нафтараспрацоўках, гіпсавых кар’ерах. Некаторы час быў лагерным мастаком. Стварыў ў лагеры работы, прысвечаных яўрэям — ахвярам фашызму. Карціна «Жыццё не скончана» захоўваецца ў музеі «Яд-Вашэм», «Кат» — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Вызвалены 13.9.1946. Усе яго родныя загінулі ў часы акупацыі, апроч дачкі Ларысы, якая трапіла ў сям’ю П.Глебкі. Зноў арыштаваны ў 1949 і сасланы на бестэрміновае пасяленне ў Ігарку. За мужам у ссылку паехала жонка Бася з малым сынам. Вызвалены і рэабілітаваны пасля смерці Сталіна. У 1956 з сям’ёй вярнуўся ў Мінск. Стварыў серыі графічных работ «Варшаўскае гета», «Мінскае гета», «Атрад Зорына», пра Хатынь, а таксама пра ахвяры сталінскага тэрору — Бабеля, Зускіна, Міхоэлса. З 1971 у Ізраілі, дзе яго творчасць высока ацэнена спецыялістамі і грамадскасцю. Напісаў літаратурныя ўспаміны. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 14.9.1956. Асабовая справа Ж. № 17387-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Літ.: Житницкая Бася. Жизнь, прожитая с надеждой. Рамат-Ган (Ізраіль), 1997; Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака Марка Жытніцкага (1903—1993) // Мы яшчэ тут! 2003, май.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".