Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том II  » РЖЭЎСКI Бранiслаў 

РЖЭЎСКI Бранiслаў

[25.3.1905, в. Добрыцкае Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. — 10.2.1980, Гродна], лiтаратуразнавец i педагог. У 1927 скончыў педагагiчны тэхнiкум у Барысаве i да 1930 працаваў настаўнiкам у вёсках Гомельшчыны. З 1930 да 1940 вучыўся ў Магiлёўскiм педiнстытуце, працаваў у розных адукацыйных установах Магiлёва. З сак. 1940 да чэрв. 1941 быў дырэктарам польскай сярэдняй школы iмя Адама Мiцкевiча ў Баранавiчах. Браў актыўны ўдзел у антыгiтлераўскiм супрацiве — на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. стварыў падпольную дыверсiйную групу «Барыса», якой кiраваў. Быў рэдактарам газ. «Перамога» — органа Новамышскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскiм руху ўзнагароджаны. З кастр. 1944 да 1955 працаваў выкладчыкам i загадваў кафедрай мовы i лiтаратуры ў Баранавiцкiм настаўнiцкiм iнстытуце. Уваходзiў у склад Камiсii па збору матэрыялаў аб злачынствах нямецкiх акупантаў на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. У 1952 абаранiў дысертацыю пра творчасць Максiма Танка. У 1955 пераехаў у Гродна i да 1957 выкладаў бел. лiтаратуру ў Гродзенскiм педагагiчным iнстытуце. У сярэдзіне 1950-х г. пачаў праводзiць кампанiю публiчных зваротаў да ўладаў — пісаў лiсты ў бел. газеты i ўстановы, звяртаўся да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваўся пра нацыянальную палiтыку ў Беларусi, пра абмежаваннi ў выкарыстанні бел. мовы ў сферы адукацыi, культуры i публiчнага жыцця. Арганiзаваў напiсанне студэнтамi iнстытута заяў пра становiшча нацыянальнай школы. Арыштаваны 16.2.1957 на лекцыi ў iнстытуце, у яго доме праведзены вобыск. 21.2.1957 праведзены паўторны вобыск, у вынiку якога з асабiстай бiблiятэкi канфiскаваны кнiгi, баявыя ўзнагароды і рукапiсы вершаў, у якiх Р. называў Сталiна забойцам, Неронам i Чынгiсханам, заклiкаў беларусаў да вызвалення. Асуджаны 25.3.1957 Гродзенскiм абл. судом па артыкуле 72 КК БССР да 7 гадоў пазбаўлення волi. Знаходзячыся ў зняволеннi, працягваў кампанiю петыцый. Накiраваў 10.10.1957 члену Прэзідыума ЦК КПСС К.Фурцавай лiст пра становiшча бел. мовы ў БССР. Свой тэрмiн адбываў у Дуброўлагу (Мардовiя). У 1961 Пленум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў справу i датэрмiнова (на 3 гады) вызвалiў Р. Пасля вяртання ў Гродна апынуўся ў цяжкай атмасферы iзаляцыi — пiсаў лiтаратуразнаўчыя артыкулы i рэцэнзii, але публiкаваць iх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам бел. мовы i лiтаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганiзаваны нагляд КДБ. 29.3.1990 рэабiлiтаваны.

Літ.: Громава Н. На самавольныя дзеяннi ўказаць // Крынiца. 1989, № 2; Пяткевiч А. Педагог, вучоны, вязень ГУЛАГа: Да 90-годдзя Б. А. Ржэўскага // Гродзенская праўда. 1995. 28 сак.; Ржэўскi М., Дзярновiч А. Браніслаў Ржэўскі // Дэмакратычная апазыцыя.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".