Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том II  » МАРАКОЎ Уладзімір Дзмітрыевіч 

МАРАКОЎ Уладзімір Дзмітрыевіч

[паводле пашпарта 19.7.1924, паводле іншых звестак 19.7.1926, Мінск — 30.10.1971, Мінск], удзельнік антыкамуністычнага руху. Малодшы сын Дз.Маракова і брат В. і Л. Мараковых. У маленстве стаў сведкам вобыску супрацоўнікамі НКВД у бацькоўскай хаце, які праводзіўся ў сувязі з арыштам старэйшага брата В.Маракова. Падчас вобыску выцягнуў са стосу адкладзенай для вынасу літаратуры творы Дж.Байрана, што засталіся адзіным напамінам пра некалі вялікую сямейную бібліятэку. У канцы 1930 скончыў на выдатна сямігодку і паступіў у Мінскі аўтамеханічны (або — механічны; па іншых звестках — політэхнічны) тэхнікум. Не давучыўся ў сувязі з пачаткам 2-й сусветнай вайны. У канцы 1942 пад уплывам брата Л.Маракова ўступіў у БНС. Распрацоўваў антысавецкія плакаты і буклеты. З ліст. 1943 нам. Ф.Каплунова, кіраўніка мінскай гарадской маладзёжнай арганізацыі «Саюз беларускай моладзі». Адначасова працягваў вучобу, удзельнічаў у падрыхтоўцы антысавецкіх выданняў. 25.3.1944, у гадавіну БНР, атрымаў ад кіраўніка СБМ М.Ганько падзяку і павышэнне ў званні. 29 чэрв. выехаў разам з Р.Зыбайлам (па сведчанні Ф.Гінтаўта і Г.Рабковай, жонкі Л.Маракова, дзякуючы Р.Астроўскаму, якому аднойчы выратаваў жыццё; як, між іншым, і А.Калубовічу) у Катавіцэ (Польшча), потым у Берлін. Пасля сканчэння спецыяльных курсаў працаваў у «Службе інфармацыі». Ажаніўся. Але 24.8.1945, не вытрымаўшы тугі па Радзіме, вярнуўся дадому. Адчуваючы небяспеку, выехаў у Днепрадзяржынск (Украіна). Пры чарговым вобыску ў бацькоўскай хаце былі знойдзены лісты М. да маці, па якіх, верагодна, і вызначылі яго месцазнаходжанне. Арыштаваны 30.10.1946. Этапаваны ў Мінск. Пасля 6 месяцаў катаванняў 28.3.1947 асуджаны на 25 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў у адным з нарыльскіх канцлагераў. Паводле некаторых звестак, удзельнічаў у паўстанні вязняў ГУЛАГа (1953). Пасля яго быў зноў катаваны, але выжыў. Вызваліўся ў 1956. Як сведчыў бацька на допыце ў КДБ (1960), дадому з лагера М. вярнуўся хворым (парушэнне псіхікі).

Літ.: Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".