Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том I  » ДОЎБІК Аляксандр 

ДОЎБІК Аляксандр

[псеўданім: Садоўнiк; нар. 6.7.1921, хутар Сеннiца Слуцкага р-на Бабруйскай акругi, цяпер Слуцкi р-н Мінскай вобл.], праваабаронца, публіцыст. У 1940 скончыў курсы падрыхтоўкi настаўнiкаў пры Карагандзiнскiм педагагiчным iнстытуце. У вер. 1940 мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю, дзе знаходзiўся да снеж. 1945. З 1946 настаўнічаў у Мiрскім і Карэлiцкім раёнах Гродзенскай вобл. У 1950 завочна скончыў Баранавiцкi настаўнiцкi iнстытут. Для Д. былi вiдавочнымi разыходжаннi памiж прынцыпамi, якiя дэкларавала кiраўнiцтва СССР, і рэальнай практыкай у галiне правоў чалавека. Асаблiва, паводле яго меркавання, гэта выяўлялася ў падпiсаннi СССР у 1948 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека i адначасовым парушэннi гэтай Дэкларацыi. Д. меркаваў, што iснуюць мiжнародныя iнструменты ўплыву на ўнутраную палiтыку СССР. Гэта падштурхнула яго ў 1958 праз пасольствы ў Маскве накiраваць лiсты да кiраўнiкоў шэрагу ўплывовых краiн свету: прэзідэнту ЗША, прэм’ер-мiнiстру Вялiкабрытанii, прэм’ер-мiнiстру Iндыi. У лiстах Д. называў iмёны вядомых яму ахвяраў савецкага рэжыму. Гэтыя лiсты былi перахоплены КДБ. 15.10.1958 Д. быў арыштаваны i 22.11.1958 на закрытым судовым працэсе Гродзенскага абл. суда асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волi. Зняволенне адбываў у лагерах Мардовii. У 1990-я г. старшыня Карэлiцкай раённай суполкi Беларускай асацыяцыi ахвяр палiт. рэпрэсiй (БААПР). Выяўленыя iм iмёны ахвяраў рэпрэсiй увайшлi ў кнiгу «Памяць» Карэлiцкага р-на, а таксама змешчаны ў створаным у Вашынгтоне Мемарыяле-музеi ахвяраў камунiстычных рэжымаў. Цяпер жыве ў в. Уша Карэлiцкага р-на Гродзенскай вобл.

Літ.: Грыбоўскi Ю. Доўбік Аляксандр // Дэмакратычная апазыцыя.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".