Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том I. Прадмова 

Том I. Прадмова

 

Прадмова да кнігі «Вынішчэнне», якая стала штуршком і падмуркам для выдання гэтага даведніка

 29 кастрычніка 1937 г., у дзень Ленінскага камсамола і, напэўна, у гонар 20-годдзя кастрычніцкага перавароту, у сталіцы Беларусі Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы былі расстраляны 22 (!) беларускія і яўрэйскія літаратары. Ахвярамі сталінскага генацыду сталі: Якаў Бранштэйн (39 гадоў), Віктар Вайноў (Войнаў) (33), Анатоль Вольны (34), Платон Галавач (34), Алесь Дудар (32), Хацкель Дунец (40), Міхась Зарэцкі (35), Васіль Каваль (30), Язэп Каранеўскі (56), Майсей Кульбак (41), Аляксей Кучынскі (45), Саламон Левін (25), Юрка Лявонны (29), Валеры Маракоў (28), Зяма Півавараў (27), Васіль Сташэўскі (42), Ізі Харык (41), Пятро Хатулёў (25), Міхась Чарот (40), Макар Шалай (31), Павел Шастакоў (38), Арон Юдэльсон (30).

Разам з літаратарамі расстралялі  выкладчыка Мінскага Белпедтэхнікума Ігната Афанасьева, былога наркама асветы Аляксандра Варончанку, настаўніка Івана Жывуцкага, дырэктара ўпраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР Іосіфа Кудзельку, студэнта гістфака Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта Саламона Лямперта, загадчыка секцыі геаграфіі Інстытута эканомікі АН БССР Стэфана Маргелава, вучонага-аграхіміка Рыгора Пратасеню, загадчыка вучэбнай часткі Мінскага вышэйшага педінстытута Міхаіла Рыдзеўскага, фізіка Яўгена Успенскага, другога былога наркама асветы Аляксандра Чарнушэвіча, іншых навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі. Усяго — 52 чалавекі.

У наступную ноч крывавы спіс дапоўнілі прозвішчы журналіста Прохара Іспраўнікава, празаіка Янкі Нёманскага, паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго — 26 чалавек.

Але і праз 50 гадоў нашчадкі расстраляных не будуць ведаць праўды пра лёс сваіх сваякоў, бо пасля смерці галоўнага забойцы ўсіх часоў і народаў атрымаюць даведкі аб «рэабілітацыі»: «Ваш бацька (маці і г.д.) памёр ад інфаркту (інсульту, туберкулёзу і г.д.) у турэмнай бальніцы (лагеры, на фронце, па дарозе дахаты)». І праз 50 гадоў многія з тых, хто не атрымаў «пісулек-рэабілітацыяў», працягвалі жыць надзеяй на вяртанне сваіх блізкіх, — чакалі.

«Крымінальныя» справы рэпрэсаваных, але нерэабілітаваных пісьменнікаў і дагэтуль застаюцца сакрэтнымі нават для даследчыкаў.

Аднаму з самых маладых сярод расстраляных тымі днямі літаратараў Юлію Таўбіну было 26 гадоў. Як выявілася, паэту ўдалося адправіць нашчадкам ліст з «таго свету». Незадоўга да арышту Юлі Таўбін паслаў у Ленінградскае аддзяленне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта). Пераклад верша англійскага паэта «Законы Бога и людей» якраз і прагучаў своеасаблівым пасланнем з таго свету:

 

…Себе другой избрал я путь –

Они хотят меня вернуть.

Но я, хуля законы их,

Им не навязывал своих.

Мол, как угодно, господа, —

Раз вы туда, так я сюда.

Так нет же! Им стерпеть нельзя,

Что у него своя стезя.

Они грозят – иди назад,

Не то – тюрьма, петля и ад.

Как не робеть мне! Суд их скор.

Могу ль вступить в неравный спор?

Не я построил этот мир.

Я в нем блуждаю, чужд и сир.

Хоть глупые, но господа –

Они. Их сила, их права.

А нам на Марс не улететь

С тобой, душа моя… Так впредь

Смирись и следовать сумей

Законам Бога и людей…

 

У тым юбілейным для бальшавікоў 1937-м, калі іх гвардзейцы-энкавэдысты пачалі татальнае вынішчэнне нацдэмаў (інтэлектуальнай беларускай эліты), толькі за тры асеннія месяцы пачварамі таталітарнага рэжыму было расстраляна больш за пяцьдзесят беларускіх пісьменнікаў. За дзесяцігоддзе ж — з 1930-га па 1939-ы г. — рэпрэсавана не менш за 350 беларускіх літаратараў. Амаль палову з іх — расстралялі.

«Рэпрэсаваны»… Знайшлі ж бальшавікі слова! Не канкрэтнае — «расстраляны» або загублены на катарзе, ці замардаваны ў ссылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае — «рэпрэсаваны» (з лацінскай repressor — падаўленне).

Карная машына не кранула: Э.Агняцвет, А.Астрэйку, В.Барысенку, П.Броўку, Л.Бэндэ, З.Бядулю, В.Вітку, Ю.Віцьбіча, В.Вольскага, П.Глебку, К.Губарэвіча, І.Гурскага, З.Жыткевіча, П.Кавалёва, М.Клімковіча, К.Крапіву, А.Куляшова, А.Кучара, М.Ларчанку, Я.Ліманоўскага, М.Лынькова, Я.Маўра, М.Модэля, Р.Мурашку, Я.Рамановіча, Я.Садоўскага, М.Цэлеша, Я.Шарахоўскага, А.Якімовіча і некалькі дзесяткаў менш вядомых аўтараў.

У спісы ахвяр уключаны і пісьменнікі-пачаткоўцы, якія з-за «ранняга» арышту не паспелі акунуцца ў актыўнае літаратурнае жыццё: М.Гваздоў, С.Мурзо, С.Русаковіч і інш. Называюцца і аўтары, што загінулі ў выніку тэрарыстычных актаў (Ф.Акінчыц, Ф.Аляхновіч, М.Гурын-Маразоўскі, У.Казлоўскі, В.Іваноўскі) або вымушанага самагубства (М.Галадзед, У.Ігнатоўскі, А.Чарвякоў).

Названы і прадстаўнікі дыяспары, якія турмы, канцлагеры і высылкі таксама спазналі не па чутках: А.Адамовіч, В.Адважны, Н.Арсеннева, У.Дудзіцкі (Гуцька), В.Жук-Грышкевіч, Х.Ільяшэвіч, М.Кавыль, А.Калубовіч, Я.Кіпель, У.Клішэвіч, Р.Крушына, Л.Крывічанін, Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, В.Рагуля, Я.Станкевіч, П.Сыч, М.Сяднёў, У.Сядура, С.Хмара і іншыя.

Пры падрыхтоўцы спісаў мне вельмі дапамаглі старэйшыя нашы пісьменнікі С.Грахоўскі, П.Пруднікаў, вядомыя даследчыкі У.Адамушка, А.Мальдзіс, У.Міхнюк, Л.Савік, Я.Саламевіч, В.Скалабан, Я.Янушкевіч, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Літаратурнага музея Янкі Купалы, іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

У працэсе збору біябібліяграфічных і іншых звестак з жыцця і творчасці рэпрэсаваных літаратараў былі знойдзены фотаздымкі аўтараў, якія раней не былі змешчаны ў энцыклапедыях або даведніках: Г.Брэскай, У.Прыбыткоўскага, У.Сядуры, А.Траецкага, П.Хатулёва, М.Шалая.. Гэтая праца працягваецца.

Пры апрацоўцы спісаў у камп’ютэрнай праграме Microsoft Excel па датах нараджэння, смерці і арыштаў высветлілася наступнае:

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады ХХ ст., бальшавікі рэпрэсавалі не менш за 440—460 (80%), а калі ўлічваць аўтараў, змушаных пакінуць Бацькаўшчыну і, па сутнасці, перапыніць свой удзел у творчым жыцці на Радзіме, рэпрэсіям падвергліся не менш як 500 літаратараў(90%).

Маючы на ўвазе, што асноўнай сілай інтэлігенцыі таго часу пераважна былі дзеячы літаратуры — паэты, празаікі, драматургі, крытыкі, журналісты, перакладчыкі, публіцысты, рэдактары, выдаўцы, вучоныя гуманітарных напрамкаў — філосафы, гісторыкі, літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, географы, краязнаўцы і іншыя, якія таксама актыўна выступалі ў перыядычным друку, атрымліваем ВЫНІК: у 30-я гады была знішчана духоўная моц, мозг нацыі, што мы і адчуваем апошнія шэсць дзесяцігоддзяў. Зрэшты, можа стацца і так, што галоўныя вынікі гэтага этнагенацыду, магчыма, яшчэ наперадзе.

Шэраг беларускіх літаратараў арыштоўвалі як царскія, так і бальшавіцкія ўлады (значыць, бальшавікі пачыналі не на голым месцы, а быццам перанялі эстафету ад царскага рэжыму):

драматург і тэатральны дзеяч Францішак Аляхновіч (1913, 1927), празаік і журналіст Іван Баранкевіч (1905—1907, 1931, 1941), пісьменнік Іван Батрак (Казлоўскі) (1915, 1930-я), дзяржаўны дзеяч, публіцыст Радзівон Бонч-Асмалоўскі (1908, 1930, 1938), пісьменнік і перакладчык Дарафей Бохан (1907, 1939), гісторык Барыс Брэслаў (1901 і яшчэ 4 разы да 1917, 1937), гісторык Барбара Будкевіч (1906, 1909, 1937), публіцыст Аляксандр Бурбіс (1906, 1917, 1918), палітычны дзеяч і публіцыст Хаім Гельфанд (да 1917 — неаднаразова, 1921), паэт, сатырык, мемуарыст Анатоль Дзяркач (1908, 1936), гісторык Яўсей Канчар (1906, 1938), бібліёграф, гісторык, журналіст Абрам Кіржніц (да 1917 — неаднаразова, 1917, 1938), палітычны дзеяч і публіцыст Юльян Ленскі (1914, 1937), пісьменнік, мовазнавец, акадэмік АН Беларусі Язэп Лёсік (1905, 1911, 1922, 1930, 1938), палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, гісторык, выдавец Антон Луцкевіч (1904, 1919, 1920, 1927, 1939), палітычны дзеяч, публіцыст Міхаіл Маёраў (да 1917 — неаднаразова, 1938), палітычны дзеяч і публіцыст Язэп Мамонька (да 1917 двойчы, 1917, 1918, 1920, 1921, 1928), гісторык і публіцыст Стасіс Матулайціс (1898, 1937), дзеяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст Станіслаў Мертэнс (1913, 1925, 1937), дзяржаўны дзеяч і публіцыст Васіль Рагуля (1906, 1928, 1939), грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог Сымон Рак-Міхайлоўскі (1905, 1927, 1933), літаратуразнавец, краязнавец і гісторык Уладзімір Стукаліч (1889, 1918), выдавец, публіцыст, грамадскі дзеяч, рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў (1910, 1921, 1939).

ПЕРШЫМІ бальшавікі арыштавалі (18 снежня 1917 г.) культурнага і палітычнага дзеяча, публіцыста Аляксандра Бурбіса, грамадскага дзеяча, паэта Аляксандра Вазілу, паэта і літаратуразнаўца Ігната Дварчаніна. Неўзабаве былі забраны грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог Кастусь Езавітаў, палітычныя дзеячы Язэп Мамонька і Васіль Захарка.

ПЕРШЫМ, каго новыя ўлады расстралялі, быў літаратуразнавец, гісторык, краязнавец Уладзімір Стукаліч (18 кастрычніка 1918 г. ў Віцебску).

ПЕРШЫ МАСАВЫ расстрэл беларускіх літаратараў адбыўся ў маі 1934 г. Тады ў ноч з 17 на 18-га энкавэдысты расстралялі грамадскага і палітычнага дзеяча, празаіка, паэта і журналіста Андрэя Капуцкага, педагога і публіцыста Міхаіла Кахановіча, загадчыка аддзела газеты «Звязда» Аляксандра Нікалаева-Астравецкага, аспіранта БДУ, паэта Алеся Салагуба, навуковага супрацоўніка Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, публіцыста Лявона Бабровіча. Усяго 17 мая 1934 г. было расстраляна 25 чалавек.

АПОШНІМІ літаратарамі, знішчанымі ў «амерыканцы», сталі адзін з першых, каго бальшавікі арыштавалі  — Кастусь Езавітаў, юрыст, гісторык Мікалай Шкялёнак, удзельнiк антысавецкага руху, публіцыст Янка Філістовіч і, верагодна, літаратуразнавец, лінгвіст, педагог, рэдактар, аўтар «Практычнага расійска-беларускага слоўніка» (з М.Гарэцкім) і «Беларуска-расійскага слоўніка» (разам з С.Некрашэвічам)  Мікола Байкоў.

ПЕРШЫМ у ссылцы загінуў паэт Уладзімір Жылка (1.3.1933). АПОШНІМ — празаік Барыс Мікуліч (17.6.1954).

ПЕРШАЯ хваля арыштаў беларускіх літаратараў пачалася ў канцы чэрвеня 1930 г. На працягу двух месяцаў былі арыштаваны больш за 50 лепшых сыноў Беларусі: А.Адамовіч, М.Азбукін, А.Бабарэка, П.Бузук, М.Грамыка, У.Дубоўка, А.Дудар (у ссылцы), Я.Дыла, Ф.Ждановіч, У.Жылка, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, У.Пічэта, Я.Пушча, А.Сак, В.Шашалевіч, Б.Эпімах-Шыпіла, Аляксандр і Іван Цвікевічы, браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Чэслаў і Леапольд Родзевічы.

Пра арышты, праведзеныя польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі ў 1927 — 1929 гг., калі былі арыштаваны Ф.Акінчыц, А.Альшэўскі, Я.Бабровіч, П.Валошын, М.Гурын-Маразоўскі, М.Дварэцкі, Х.Ільяшэвіч, Ф.Каравацкі, С.Клінцэвіч, М.Краўцоў, А.Луцкевіч, А.Любецкая, Я.Мамонька, М.Машара, П.Мятла, С.Новік-Пяюн, У.Паўлюкоўскі, П.Пестрак, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, Б.Тарашкевіч, В.Таўлай, С.Хмара і іншыя, трэба гаварыць асобна.

ДРУГАЯ буйная хваля арыштаў пачалася 23 лютага 1933 г. Толькі за адну ноч энкавэдысты арыштавалі: С.Астрэйку, З.Віталіна (Сергіевіча), Ф.Гінтаўта, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, Л.Калюгу, С.Ліхадзіеўскага, М.Лужаніна, С.Русаковіча.

ТРЭЦЯЯ і самая працяглая хваля арыштаў пачалася (па гэтак званай «разнарядке») увосень 1936 г. і доўжылася да пачатку—сярэдзіны 1938 г. За паўтара года было рэпрэсавана больш за 200 літаратараў (шмат хто паўторна): А.Адамовіч, М.Азбукін, М.Аляхновіч, З.Астапенка, А.Бабарэка, М.Багун, С.Баранавых, П.Бузук, Я.Бяганская, А.Вольны, І.Воўк-Левановіч, П.Галавач, У.Галубок, Ц.Гартны, браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Дзяркач, Ф.Ждановіч, І.Замоцін, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, У.Клішэвіч, Т.Кляшторны, Ф.Куляшоў, В.Ластоўскі, Т.Лебяда, Я.Лёсік, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Б.Мікуліч, Я.Нёманскі, А.Пальчэўскі, М.Піятуховіч, П.Пруднікаў, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Сак, Я.Скрыган, Л.Случанін, А.Смоліч, В.Сташэўскі, М.Сяднёў, А.Сянкевіч, Б.Тарашкевіч, Ю.Таўбін, У.Хадыка, І.Харык, В.Хомчанка, М.Чарот, К.Чорны, С.Шушкевіч і інш.

ЧАЦВЁРТАЯ хваля пачалася ўвосень 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР і ўваходу ў Вільню Чырвонай Арміі. Арыштавалі Ф.Абрантовіча, В.Багдановіча, Д.Бохана, Я.Быліну, В.Жук-Грышкевіча, М.Краўцова, Ф.Кушаля, А.Луцкевіча, А.Неканда-Трэпку, Я.Міско, Я.Найдзюка, С.Новіка-Пеюна, Я.Пазняка, В.Рагулю, У.Самойлу, Я.Станкевіча, П.Сыча, А.Уласава, Ф.Умястоўскага, С.Хмару, М.Чатырку… Лёс злітаваўся толькі над М.Машарам, М.Танкам, В.Таўлаем і яшчэ некалькімі «заходнікамі».

ПЯТАЯ хваля арыштаў пачалася ў канцы 1944 г. і працягвалася амаль да смерці І.Сталіна. Арыштоўвалі вернутых з Захаду падманам або сілай «уцекачоў» К.Езавітава, Т.Лебяду, Л.Случаніна, М.Шкялёнка і паўторна «недабітых» у 1930-я гг. нацдэмаў А.Александровіча, М.Ганчарыка, С.Грахоўскага, У.Дубоўку, Б.Мікуліча, А.Пальчэўскага, С.Сахарава, Я.Скрыгана, М.Улашчыка, М.Хведаровіча, С.Шушкевіча і інш.

Наймаладзейшымі сярод больш чым 500 арыштаваных беларускіх літаратараў былі: паэт Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка), празаік Васіль Хомчанка, літаратар Аўген Калубовіч (усе рэпрэсаваны ў 18 гадоў). Найстарэйшым, у 71 год, арыштавалі мовазнаўца Браніслава Эпімах-Шыпілу (1930).

Наймаладзейшымі сярод расстраляных, верагодней за ўсё, былі аўтар паэмы «Бенгалія» (пакуль не знойдзена), выпускнік славутага Мінскага Белпедтэхнікума Сяргей Астрэйка (расстраляны ў 24 гады), паэт Уладзімір Кавальскі (пісаў на польскай мове) і выпускнікі яшчэ аднаго «гнязда нацдэмаў», мінскага вышэйшага Белпедінстытута, крытыкі Саламон Левін і Пятро Хатулёў (расстраляны ў 25 гадоў). Найстарэйшым, у 69 гадоў, расстралялі (відаць, у Маскве) пісьменніка Гілеля Калмансона (магчыма, разам з сынам, літаратурным крытыкам і паэтам Г.Лялевічам).

Па колькасці арыштаў (улічаны арышты, якія былі праведзены расійска-царскімі, савецкімі, польскімі, літоўскімі і нямецкімі ўладамі) «чэмпіёнамі» з’яўляюцца: Язэп Мамонька (7 разоў), Анатоль Бонч-Асмалоўскі, Міхаіл Гольман, Барыс Брэслаў (усе па 6 разоў), Вінцэнт Гадлеўскі, Клаўдзій Душэўскі, Кастусь Езавітаў, Андрэй Капуцкі, Язэп Лёсік, Аляксандр Лупіновіч,  Антон Луцкевіч, Сяргей Новік-Пяюн (па 5), Варвара Бонч-Асмалоўская, Максім Бурсевіч, Аляксандр Вазіла, Палута Бадунова,  Уладзіслаў Галубок,  Максім Гарэцкі, Гаўрыла Гарэцкі,  Хаім Гельфанд, Восіп Гласко, Аляксандр Данялюк, Ігнат Дварчанін, Абрам Кіржніц, Сямён Клінцэвіч, Міхась Кукабака, Мікалай Марцінчык, Паўліна Мядзёлка, Антон Неманцэвіч,  Мікола Улашчык (па 4 разы).

Тройчы арыштоўваліся: М.Абрамовіч, М.Азбукін, Ф.Аляхновіч, С.Анісаў, М.Анішчык, А.Бабарэка, Я.Бабровіч, В.Багдановіч, І.Баранкевіч, У.Беняшэвіч, Р.Бонч-Асмалоўскі, Б.Будкевіч, П.Бузук, А.Бурбіс, А.Вайнштэйн, А.Гародня, У.Гінтаўт-Дзевалтоўскі, С.Грынкевіч, А.Дабулявічус, У.Дубоўка, А.Дудар, Я.Дыла, Н.Емяльянаў, П.Жаўрыд, П.Ільючонак, У.Каліноўскі, П.Каравайчык, Б.Кіт, І.Краскоўскі, Ф.Купцэвіч, В.Ластоўскі, П.Лепяшынскі, Ю.Лістапад, А.Лябецкая, М.Маёраў, М.Машара, Мелхіседэк, С.Мертэнс, Я.Міско, П.Мятла, У.Паўлюкоўскі, К.Петрусевіч, М.Пецюкевіч, Ф.Пірышка, У.Пракулевіч, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, Л.Родзевіч, Д.Розеншэйн, Р.Сабаленка, А.Салагуб, А.Сузін, Б.Тарашкевіч, В.Таўлай, А.Уласаў, А.Цвікевіч.

Вельмі нечаканыя вынікі высвятляюцца, калі супаставіць колькасць рэпрэсаваных літаратараў Беларусі з колькасцю рэпрэсаваных літаратараў іншых рэспублік былога СССР. Рускі журналіст і даследчык Эдуард Белтаў (цяпер жыве ў Ізраілі) ужо больш за чвэрць стагоддзя збірае матэрыялы пра незаконна рэпрэсаваных у 1930 — 1950-я гг. дзеячаў культуры, вучоных, ваенных і асобна (паводле прафесійных прыхільнасцяў) пісьменнікаў. Па звестках Э.Белтава, на Украіне было рэпрэсавана каля 500 літаратараў (загінула больш за 150). У Расіі — каля 600. У гутарцы з журналістам штотыднёвіка «Книжное обозрение» (1988. № 25. 17 июля. С. 7.; пазнейшых публікацый расійскага даследчыка няма нават у «персаналіях» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) Э.Белтаў расказаў, што «вопреки моим предположениям, репрессированных русских литераторов оказалось меньшинство. Из тысячи погибших (маецца на ўвазе ўвесь СССР; паводле дадзеных Э.Белтава, у час культу асобы было рэпрэсавана каля 2000. – Л.М.) примерно семьсот — писатели союзных и автономных республик. По национальным литературам был нанесен такой сокрушительный удар, что некоторые из них от него еще не оправились и вряд ли оправятся в ближайшее время».

Дык вось: з 2000 рэпрэсаваных у СССР літаратараў каля 500 (чвэрць) прыходзіцца на Беларусь, колькасць насельніцтва якой складала ў час рэпрэсіяў у СССР менш за 5 працэнтаў.

У 1958 г. Інстытутам вывучэння СССР (ЗША) была выдадзена манаграфія Уладзіміра Сядуры «Доля беларускай культуры пад Саветамі» (у 1959 г. выйшла на нямецкай мове). Аўтар разбівае паслякастрычніцкі час гісторыі Беларусі на пяць перыядаў, «якія вызначаліся галоўнымі зменамі ў галіне нацыянальнай палітыкі савецкае ўлады»:

1. Перыяд адноснага рэнесансу (1920 — 1929).

2. Трагічны перыяд змагання партыі з беларускім нацыянал-дэмакратызмам і нацыянальнымі ўхіламі (1930—1940).

3. Перыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941 — 1945).

4. Перыяд жданаўскай рэакцыі і сталінскай кананізацыі (1946 — 1952).

5. Перыяд замены сталінскай кананізацыі г. зв. «калектыўным кіраўніцтвам» партыі (1953—1958)».

Здаецца, толькі з характарыстыкай другога перыяду гісторыі Беларусі можна паспрачацца. Відаць, больш правільна было б казаць не пра «змаганне партыі з беларускім нацыянал-дэмакратызмам», а пра ЗНІШЧЭННЕ партыяй беларускай эліты, мозгу нацыі, яе інтэлектуальнага генафонду. На гэты перыяд прыпадае 4 з 5 хваляў арыштаў.

Сёння мы ўжо можам прадоўжыць перыядызацыю У.Сядуры:

6. Перыяд «хрушчоўскай адлігі» (1957—1965). Закрануў ён і Беларусь. Найбольш характэрным паказчыкам гэтага перыяду з’яўляецца выхад шэрагу твораў рэпрэсаваных пісьменнікаў, з’яўленне артыкулаў пра жыццёвы і творчы шлях пакутнікаў, успамінаў ацалелых.

7. Перыяд застою, або перыяд «ціхай», але сталай і нязменнай палітыкі антыбеларусізацыі (1966—1986). За дваццаць гадоў у выніку поўнай русіфікацыі ўсёй сістэмы адукацыі колькасць насельніцтва, якое размаўляла па-беларуску, значна зменшылася.

8. Перыяд другога адноснага рэнесансу, або перыяд дэмакратызацыі (галоснасці) (1987 — 1994). Упершыню пачалі выходзіць творы пісьменнікаў-эмігрантаў. Колькасць беларускіх школ пачала павялічвацца (упершыню за апошнія 60 гадоў).

9. Перыяд, які яшчэ працягваецца, чакае свайго вызначэння, даследчыкаў (ад 1994 і да нашых дзён).

Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» гарэла некалькі дзесяткаў тысяч (!) рукапісаў. Гарэлі творы, якія не праскочылі цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлі рукапісы М.Багуна, С.Баранавых, А.Вольнага, П.Галавача, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гваздова, С.Дарожнага, А.Дзеркача, А.Дудара, М.Зарэцкага, С.Знаёмага, В.Каваля, Т.Кляшторнага, Ю.Лявоннага, В.Маракова, Я.Нёманскага, З.Піваварава, С.Ракіты, А.Розны, В.Сташэўскага, Б.Тарашкевіча, У.Хадыкі, І.Харыка, М.Чарота, В.Шашалевіча і многіх іншых. Гарэла амаль уся спадчына пісьменнікаў «першага прызыву».

Няма чалавека — няма толькі адной праблемы. Няма рукапісаў — няма паэтаў, няма гісторыі, няма народа!

Нашу гісторыю разам з нашым народам ЯНЫ увесь час і выкарчоўваюць. Калі мячом, калі агнём.

А выслоўю «рукапісы не гараць» я цяпер не веру.

 

Частка I

Рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячаў культуры  ў ХІХ— пачатку ХХ стагоддзя

З 1795 г., пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, беларускія землі з насельніцтвам каля трох мільёнаў чалавек апынуліся пад уладай Расіі. У адносінах да беларускай арыстакратыі (адрозна ад сялянства) царскі ўрад спачатку быў асцярожны. Нават канфіскаваныя ў шляхціцаў, якія змагаліся ў войсках Напалеона, маёнткі былі неўзабаве вернутыя іх гаспадарам. Але ў 20–я гг. XIX ст. пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе значна ўзмацніўся грамадска–палітычны, нацыянальна–вызваленчы рух і на беларускіх землях. Гэта і стала прычынай таго, што царская палітыка да заходніх губерняў набыла больш жорсткі характар.

ПЕРШАЯ хваля пераследаванняў і арыштаў ахапіла край у 1823—1824 гг. у сувязі са справай філаматаў—філарэтаў. Цікава, што на пачатку ХІХ ст. дзейнасць тайных таварыстваў моладзі Беларусі і Літвы мела яшчэ мірны, асветніцкі характар. Так, калі 1 кастрычніка 1817 г. ў Віленскім універсітэце з ініцыятывы Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Анупрэя Петрашкевіча і іншых узнікла Таварыства філаматаў (сяброў навук), яго ўдзельнікі ставілі перад сабой мэты маральнага, творчага ўдасканалення, узаемадапамогі ў атрыманні ведаў. У 1818 г. яны запісалі ў статуце, што імкнуцца «па меры магчымасці садзейнічаць усеагульнай асвеце». Адзін раз на тыдзень філаматы збіраліся на пасяджэнні, дзе чыталі свае літаратурныя творы і рэфераты па выніках навуковых даследаванняў. У тым самым годзе філаматы стварылі два аддзелы: літаратуры і вольных навук, а таксама фізікі, матэматыкі і медыцыны. Першы ўзначаліў А.Міцкевіч, другі — А.Петрашкевіч. Філаматы распрацавалі праграму збору статыстычных і этнаграфічных звестак пра родны край. Па прапанове Францішка Малеўскага паўстаў Статыстычны камітэт і было падрыхтавана «Геаграфічнае апісанне, ці Інструкцыя ў збіранні звестак для вывучэння парафіі». Потым расійскі сенатар Мікалай Навасільцаў так ахарактарызаваў гэта: «…без одобрения цензуры напечатали секретно в ночное время в виленской базилианской типографии, подкупив там на сей конец наборщиков…» Названую інструкцыю філаматы распаўсюджвалі ў 1821 г.

Найбольш небяспечным для расійскіх уладаў было тое, што філаматы пачалі рэалізоўваць стратэгію пашырэння асветы на ўсе саслоўі, перайшлі да нацыянальна–патрыятычных дзеянняў. Яшчэ ў 1819 г. па ініцыятыве Адама Міцкевіча было створана першае адгалінаванне Таварыства — Саюз сяброў, у які за год уступіла 30 студэнтаў універсітэта. У 1820 г. Тамаш Зан арганізаваў Таварыства прамяністых (іншая назва — Таварыства сяброў карыснай забавы), якое ставіла мэтай прыцягнуць да дзейнасці шырэйшае кола моладзі. Распушчаная універсітэцкім кіраўніцтвам арганізацыя аднавілася як тайнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні).

Рэпрэсіі супраць сяброў згаданых вышэй таварыстваў распачаліся пасля таго, як 3 мая 1823 г. (гадавіна ліберальнай Канстытуцыі 1791 г.) у Віленскай гімназіі крэйдай на дошцы было напісана «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая!» Менавіта тады ў Вільню быў накіраваны сенатар Навасільцаў, якому ўдалося натрапіць на след філарэтаў. Не абышлося і без здрады — Ян Янкоўскі назваў імёны сяброў Таварыства. Такім чынам, у 1823 г. былі арыштаваны: Антон Адынец, Ян Вернікоўскі, Ігнат Дамейка, Тамаш Зан, Восіп Кавалеўскі, Ян Станіслаў Казакевіч, Фелікс Кулакоўскі, Мікалай Маліноўскі, Іосіф Масальскі, Адам Міцкевіч, Юльян Міцкевіч, Міхал Рукевіч, Адам Сузін, Аляксандр Ходзька, Дамінік Ходзька, Ян Чачот, Юзаф Яжоўскі. Францішка Малеўскага затрымалі ў Берліне і перадалі расійскім уладам. На пачатку 1824 г. у келлі былога базыльянскага кляштара трапілі Цыпрыян Дашкевіч, Анупрэй Петрашкевіч і інш.

Лёс філаматаў і філарэтаў вырашыла спецыяльная камісія, прызначаная царом Аляксандрам І. Дваццаць чалавек назаўсёды выслалі ў аддаленыя губерні Расіі. Самае жорсткае пакаранне вынеслі Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну, якіх адправілі на Урал. 80 філаматаў і філарэтаў адпусцілі пад нагляд паліцыі.

Пераслед закрануў і універсітэцкіх выкладчыкаў, якія так ці інакш падтрымлівалі тайныя таварыствы — знакамітага славіста і біблеіста Міхала Баброўскага выслалі ў Жыровіцкі базыльянскі кляштар, вядомага гісторыка права Ігната Даніловіча звольнілі з пасады і вымусілі пакінуць Вільню і беларуска–літоўскія землі. Рэха працэсу адгукнулася і ў 1826 г., калі за сувязь з Таварыствам філаматаў у Пецярбургу быў арыштаваны і пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць драматург Ян Ходзька.

Пасля такіх захадаў інтэлектуальны патэнцыял Беларусі значна паслабеў. Менавіта гэта і было галоўнай мэтай уладаў. Але высылкай філаматаў і філарэтаў рэпрэсіі ў 1820–х гг. не абмежаваліся.

Асобны сюжэт — арышты беларускіх удзельнікаў дзекабрысцкага руху. Сябра Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў Фёдара Вадкоўскага затрымалі 21 снежня 1825 г. ў Курску. У час паўстання Чарнігаўскага пяхотнага палка Іван Гарбачэўскі спрабаваў узняць суседнія вайсковыя часці. Яго арыштавалі 20 студзеня 1826 г. і зняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Заснавальніка таварыства «Ваенных сяброў» і натхняльніка выступлення Літоўскага піянернага батальёна філамата Міхала Рукевіча арыштавалі (паўторна) 15 студзеня 1826 г.

У 1828 г. расійскія ўлады абвінавацілі яшчэ аднаго прафесара Віленскага універсітэта — Ігната Анацэвіча — у сувязях са студэнцкай арганізацыяй «Плямёны сарматаў», адхілілі яго ад выкладчыцкай дзейнасці і выслалі на Радзіму — у Малую Бераставіцу Гродзенскага павета.

У тым жа 1828 г. адбылася падзея, вельмі важная для гісторыі беларускай літаратуры. У сувязі з сялянскімі хваляваннямі ў Крашыне і за распаўсюджанне верша «Бунт хлопаў» быў прыцягнуты да следства Паўлюк Багрым. Ад літаратурнай спадчыны паэта захаваўся толькі адзін верш — «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», які стаў хрэстаматыйным. Мясцовы ксёндз і Багрымаў выхавальнік польскі паэт Войцех Магнушэўскі быў узяты спачатку пад ваенны нагляд, потым пад паліцэйскі. У такой неспрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ён і памёр.

Лад жыцця краю сапраўды перавярнуў разгром паўстання 1830—1831 гг., пасля якога ўзнялася ДРУГАЯ хваля рэпрэсій. Само паўстанне распачалося 30 лістапада 1830 г. ў Варшаве, калі распаўсюдзіліся чуткі, што цар Мікалай І, будучы адначасова польскім каралём, вырашыў накіраваць польскую армію на задушэнне рэвалюцыі ў Францыі. У студзені—лютым 1831 г. быў створаны яшчэ адзін падпольны кіраўнічы орган — Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Але на пачатку жніўня 1831 г. паўстанне ў Беларусі і Літве было задушана, хоць у заходняй Беларусі асобныя атрады працягвалі дзейнічаць. Паражэнне паўстання прынесла вялікія страты духоўнаму патэнцыялу Беларусі. Паводле ўказа цара пачаўся «разбор» шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. Быў закрыты Віленскі універсітэт (1832), ліквідавана Уніяцкая царква (1839), спынена дзеянне Статута ВКЛ (1840). Многія слынныя людзі краю былі арыштаваны (Міхал Балінскі, Пётр Высоцкі, Язэп Ходзька, Ян Ходзька, Адольф Янушкевіч). Анупрэя Петрашкевіча арыштавалі ўжо ў Маскве. Сярод рэпрэсаваных зноў бачым імёны філаматаў і філарэтаў. Некаторыя з іх ужо ніколі не вернуцца з высылкі (Іосіф Масальскі). Частка паўстанцаў эмігравала (Ігнат Дамейка, Ільдафонс Анцыпа і інш.), вымушаны былі эміграваць і прыхільнікі паўстання (Адам Міцкевіч). У выніку развіццё грамадскай думкі і адукацыі на беларускіх землях запаволілася.

Але махавік рэпрэсій не спыніўся і пасля 1831 г. Удзельнік тайнага студэнцкага згуртавання Маскоўскага універсітэта ўраджэнец Віцебска Тадэвуш Лада–Заблоцкі за вершы антыцарскага зместу ў 1833 г. быў выключаны з універсітэта, высланы на Радзіму і зняволены ў віцебскай турме. Увосень 1833 г. ўлады зноў арыштавалі ў ссылцы Адама Сузіна і абвінавацілі яго ў падрыхтоўцы захопу Арэнбурга з дапамогай салдат, сярод якіх было шмат высланых. З–за адсутнасці доказаў праз месяц ён быў вызвалены. Па слядах паўстання паліцыя ў 1833 г. арыштавала ксяндза Паўла Шышку. А Міхала Баброўскага, які ў 1826 г. вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці, у 1833 г. зноў адхілілі ад прафесарскай кафедры і выслалі ў мястэчка Шарашова, дзе ён заставаўся святаром да канца жыцця. У 1836 г. быў арыштаваны польскі паэт Каятан Лапатэцкі.

Але рэвалюцыйны запал тады не згас. Удзельнік паўстання 1830—1831 гг. Шыман Канарскі ў 1835 г. нелегальна вярнуўся з эміграцыі ў Расію і стварыў падпольную арганізацыю «Садружнасць польскага народа». Тады прыметнік «польскі» меў яшчэ больш шырокі сэнс, чым сёння, і азначаў таксама прыналежнасць да тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Фактычна Шыман Канарскі рыхтаваў новае паўстанне. У Беларусі ён знайшоў немалую колькасць прыхільнікаў, а яго арганізацыя пачала разрастацца, была нават створана філія «Жаночае таварыства». Але ў маі 1838 г. самога кіраўніка арыштавалі. Як вынік — на працягу 1838—1839 гг. па Беларусі пракацілася ТРЭЦЯЯ хваля арыштаў. У вязніцы трапілі: Тамаш Булгак, Эдвард Жалігоўскі, Ян Станіслаў Казакевіч, Франц Савіч, Адам Сузін, Людвік Трынкоўскі, Ева Фялінская, Ян Ястржэмбскі. У 1840 г. быў схоплены ўдзельнік звязанага з Ш.Канарскім «Дэмакратычнага таварыства» філосаф і медык Мацей Лавіцкі.

Інерцыйны механізм рэпрэсій не спыняўся, арышты працягваліся. У 1840 г. зноў быў зняволены Каятан Лапатэцкі, у 1842 г. за вальнадумства высланы ў цэнтральныя губерні Расіі мастак і мастацтвазнавец Адам Шэмеш. Нават гімназісты не маглі разлічваць на спагаду — у 1840–х гг. удзельніка патрыятычнай суполкі Віленскай гімназіі Баляслава Длускага саслалі ў салдаты на Каўказ. Арышты па справе Канарскага працягваліся і ў 1845 г., як гэта здарылася з Максіміліянам Ятаўтам. Арыштанту ўдалося ўцячы, але ў 1848 г. ён зноў трапіў у астрог. За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у 1846 г. быў зняволены ўраджэнец Случчыны мастак і літаратар Браніслаў Залескі (пазней – сябар Тараса Шаўчэнкі). Тлела таксама вуголле і ўзброеных выступаў — у 1846 г. арыштавалі за спробу ўзняць паўстанне Апаліна Гофмейсцера (т. зв. «справа Рэра»); у 1848 г. ён быў публічна ганьбаваны ў Вільні і сасланы ў арыштанцкія роты.

Працаваў механізм цэнзуры. Філосаф і пісьменнік Аляксандр Незабытоўскі з–пад Нясвіжа быў арыштаваны 12 ліпеня 1847 г. за спробу ўвезці ў Расію нелегальныя выданні; паўторна арыштаваны 5 лістапада таго самага года ўжо ў сувязі з пачаткам следства па змесце кніг, але не дачакаўся прысуду — памёр у турме. У 1849 г. арыштавалі публіцыста Паўла Круневіча. За сваю публіцыстычную дзейнасць пацярпеў Рамуальд Падбярэскі, якога ў 1850 г. саслалі ў Архангельскую губерню, дзе ён і памёр.

Аднак прыдушыць адкрытую апазіцыйнасць уладам удалося толькі крыху больш чым на дзесяцігоддзе.

Наступныя арышты фіксуюцца ўжо ў 1861 г. У той перыяд Расія падыходзіла да вялікіх пераўтварэнняў у гаспадарцы і палітыцы — адмены прыгону, судовай, адміністрацыйнай, вайсковай рэформаў.

Такім чынам, у 1861 г. ўзнялася новая, ЧАЦВЁРТАЯ хваля рэпрэсій. У той год былі арыштаваны: Іван Гольц–Мілер — за друкаванне і распаўсюджванне нелегальнай літаратуры; публіцыст Баляслаў Дэнель; гісторык з Мінска Тадэвуш Корзан — за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях; схоплена і прымусова змешчана ў псіхіятрычную бальніцу Каміла Марцінкевіч; вядомы польскі і беларускі паэт, краязнавец Уладзіслаў Сыракомля — за выступленне на патрыятычнай маніфестацыі. Арышт стаў для яго фатальным — у час следства пісьменнік памёр.

Аднак арышты 1861 г. пацьмянелі на фоне крывавых падзей 1863—1864 гг.

Як і ў 1830 г., рашэнне пра пачатак паўстання прымалася ў Польшчы без узгаднення з беларуска–літоўскімі лідэрамі. Калі Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве абвясціў 22 студзеня 1863 г. днём узброенага выступу, то Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) у Вільні на чале з Кастусём Каліноўскім быў абураны такім рашэннем і яшчэ дзесяць дзён вагаўся. Але Рубікон быў пяройдзены, і 1 лютага 1863 г. ЛПК заклікаў жыхароў Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК ператварыўся ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У самы разгар паўстання яго лідэры не маглі паразумецца адзін з адным, ад кіраўніцтва агульнакраёвага органа быў адхілены К.Каліноўскі, Варшава намагалася ўсталяваць свой кантроль над падзеямі ў Беларусі і Літве, рэгулярна дасылаючы сваіх эмісараў, якія часта вялі інтрыгі. Самаахвярнасць і мужнасць удзельнікаў паўстанцкіх атрадаў не маглі выратаваць сітуацыю, хоць на іх рахунку былі і вайсковыя перамогі.

Да пачатку верасня 1863 г. ў Беларусі і Літве паўстанне было практычна задушана магутнай ваеннай і карнай машынай Расіі.

ПЯТАЯ хваля рэпрэсій у Беларусі і Літве ўражвае маштабамі — 128 чалавек было пакарана смерцю, 12483 адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г. д. Маёнткі шляхты, якая мела дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся і на вельмі ільготных умовах перадаваліся царскім генералам і чыноўнікам — ураджэнцам цэнтральных губерняў Расіі. Астатнія памешчыкі краю, нават расійскія паводле паходжання, былі абкладзены кантрыбуцыяй. За актыўны ўдзел студэнтаў у паўстанні ўлады зачынілі адзіную на той час у Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову — Горы–Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасць сярэдніх навучальных устаноў.

Вось імёны рэпрэсаваных тады беларускіх дзеячаў культуры і навукі: Альгерд Абуховіч (пісьменнік), Аскар Авейдэ (гісторык), Іасафат Агрызка (выдавец), Аляксандр Акінчыц, Ільдафонс Анцыпа, Аляксандр Аскерка (публіцысты), Адольф Белакоз (выдавец; арыштоўваўся двойчы), Юзаф Беркман (мастак), Ігнат Бжастоўскі (публіцыст), Тамаш Булгак (мемуарыст), Аляксандр Валіцкі (літаратар і выдавец), Ялегі Пранціш Вуль (Э. Карафа–Корбут) (паэт), Арцём Вярыга–Дарэўскі (паэт, драматург), Станіслаў Горскі (прыродазнавец), Апалін Гофмейсцер (мемуарыст), Тамаш Грыневіч (паэт, продак Уладзіміра Караткевіча), Апалонія Далеўская (мемуарыстка), Вінцук Дунін–Марцінкевіч (паэт, драматург, класік беларускай літаратуры), Бенядзікт Дыбоўскі (прыродазнавец, даследчык Байкала), Уладзіслаў Дыбоўскі (прыродазнавец, фалькларыст), Аляксандр Здановіч (гісторык), Ігнат Здановіч (публіцыст), Фелікс Зянковіч (мемуарыст), Кастусь Каліноўскі (адзін з лідэраў паўстання 1863–1864 гг., публіцыст, паэт), Юзаф Каліноўскі (рэлігійны дзеяч, мемуарыст, кананізаваны каталіцкім касцёлам), Адам Кіркор (выдавец, вучоны), Максіміліян Маркс (мемуарыст; арыштоўваўся двойчы), Зыгмунт Мінейка (нацыянальны герой Грэцыі), Тэадор Нарбут (гісторык, археолаг), Эдвард Паўловіч (мемуарыст, мастак), Адам Плуг (польскі і беларускі пісьменнік), Раман Рагінскі (мемуарыст), Людвіка Радзевіч (Ямант) (гісторык, мемуарыстка), Феліцыян Сурын (белетрыст), Фелікс Тапчэўскі (паэт), Мельхіёр Чыжык (вайсковец, паэт), Іван Чэрскі (географ, даследчык Сібіры). Яну Козел–Паклеўскаму ў той час  удалося ўцячы, але ў 1872 г. яго арыштавалі як удзельніка паўстання.

Паўстанне 1863—1864 гг. як бы падвяло вынік цэламу этапу гісторыі Беларусі, яно сталася апошнім, дзе лідэрамі выступалі шляхецкія дэмакраты, а падзеі прымалі форму арганізаваных узброеных выступленняў. 1870–я гады сталі перыядам панавання народніцкіх ідэй, звязаных з цікавасцю да народа і верай у тое, што праз сельскія арцель і абшчыну можна перайсці да сацыялізму.

У Беларусі народніцкім ідэям былі адданыя цэлыя сем’і інтэлігентаў, напрыклад, Бонч–Асмалоўскіх. У 1872—1874 гг. яны арганізавалі «хаджэнне ў народ», на што ўлады адказалі новымі арыштамі. Былі арыштаваны Варвара Бонч–Асмалоўская (двойчы), Кацярына Брэшка–Брашкоўская, Сяргей Кавалік. Івана Гласку арыштавалі пазней — у 1877 г. У 1878—79 гадах ахвярамі сталі Анатоль Бонч–Асмалоўскі (усяго яго арыштоўвалі шэсць разоў), Іван і Восіп Гласкі, Уладзіслаў Гінтаўт–Дзевалтоўскі, Ісак і Яўгенія Гурвіч, Эдуард Пякарскі (даследчык Якуціі).

Названыя хвалі арыштаў былі рэпрэсіўнымі кампаніямі, арганізаванымі ўладамі ў кароткія перыяды. Арышты ж народнікаў і звязаных з імі людзей адбываліся праз усе 1880–я і 1890–я гг. Многіх народнікаў арыштоўвалі некалькі разоў. У сярэдзіне тых жа 1880–х гадоў былі рэпрэсаваны народнікі–гоманаўцы Марчанка, Ратнер, выдаўцы падпольнага часопіса «Гоман».

У апошняй трэці XIX ст. палітра грамадскай думкі станавілася ўсё больш разнастайнай. Побач з постнароднікамі ў Беларусі і Расіі пачалі з’яўляцца першыя марксісты, развіваўся сацыял–дэмакратычны рух. Прычым сацыял–дэмакраты мелі ў Беларусі розную нацыянальную афарбоўку — агульнарасійскую, польскую, яўрэйскую, літоўскую.

Канец ХІХ — пачатак ХХ ст. адзначаны яшчэ адной прынцыповай з’явай — узнікненнем беларускага нацыянальнага руху. Нацыянальна–культурніцкая актыўнасць была, асабліва на першым часе, спалучана з сацыяльнымі ідэямі. І вось уявіце сабе гэты клубок, гэтае перапляценне нацыянальных і сацыяльных лозунгаў — а менавіта так выглядала грамадская думка Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Таму мы не вылучаем асобна прадстаўнікоў той ці іншай плыні, а прыводзім агульны спіс арыштаваных у перыяд да рэвалюцыі 1905 г. дзеячаў культуры з указаннем гадоў затрымання: Ангел Багдановіч (1883), Мікалай Забела (1883), Восіп Вайніловіч (1884), Марыя Багушэвіч (1885), Дзмітрый Лапо (1885), Міхаіл Манцэвіч (1885, 1894), Аляксандр Мартынаў (1886, 1900), Уладзімір Горын–Галкін (1887), Уладзімір Стукаліч (1889), Мар’ян Абрамовіч (1890, 1892), Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.; 1890), Станіслаў Трусевіч (1892, потым неаднаразова арыштоўваўся і ссылаўся, з 1906 г. ў эміграцыі), Адам Гурыновіч (1893), Сяргей Галюн (1894), Панцеляймон Лепяшынскі (1895, 1902, 1909), Казімір Петрусевіч (1898, 1905), Яфім Гальперын (1900), Зыгмунт Нагродскі (1901), Барыс Брэслаў (1901, усяго арыштоўваўся чатыры разы), Іван Бонч–Асмалоўскі (1902, 1907), Іван Луцкевіч (1903), Антон Луцкевіч (1904).

ШОСТАЙ хваляй рэпрэсій можна лічыць арышты ў час рэвалюцыі 1905—1907 гг. — гэта сапраўды была запланаваная кампанія па ізаляцыі грамадска актыўных людзей. Вось іх імёны: Стафан Багушэўскі (1905), Іван Баранкевіч (1905—1907), Алесь Бурбіс (1906), Барбара Будкевіч (1906, 1909), Карусь Каганец (1905), Язэп Лёсік (1905, 1911), Лявон Лобік (1905), Васіль Рагуля (1906), Сымон Рак–Міхайлоўскі (1905), Янка Сваяк (1907). Асобна назавём літаратараў і журналістаў, рэпрэсіі супраць якіх пачаліся ў сувязі з цэнзурным пераследам: Дарафей Бохан (1907), Алесь Гарун (1907), Міхаіл Мысаўской (1905).

Сярод тых, каго арыштоўвалі ўжо пасля рэвалюцыі, прыкметна больш нацыянальных беларускіх дзеячаў: Анатоль Дзяркач (Зіміёнка) (1908), Віктар Зелязей (1908), Якуб Колас (1908), Радаслаў Астроўскі (1911), Язэп Мамонька (да 1917 двойчы). За публіцыстыку арыштоўваліся і прыцягваліся да судовай адказнасці Аляксандр Уласаў (1910), Францішак Аляхновіч (1913). Сярод арыштаваных былі таксама палітычныя дзеячы — эсэры і сацыял–дэмакраты: Радзівон Бонч–Асмалоўскі (1908), Саламон Мілер (1910), Іван Батрак (Казлоўскі) (1915), Аляксандр Данілевіч (1915). Да 1917 года неаднаразова арыштоўваліся Арон Вайнштэйн, Хаім Гельфанд, Абрам Кіржніц, Міхаіл Маёраў.

Тое, што шмат каго арыштоўвалі па некалькі разоў, было парадаксальным наступствам існавання ў Расійскай імперыі ўжо ў другой палове ХІХ ст. паўнавартаснай судовай сістэмы. Здаралася, што суд мог нават апраўдаць арыштаванага. Такой прывілеі беларускія і расійскія дзеячы ў савецкі час не мелі, любы арышт мог стаць для іх фатальным. Апрача таго, нельга параўнаць тыя ўмовы для інтэлектуальнай працы, якія існавалі ў месцах ссылкі царскай Расіі, куды можна было выпісваць перыёдыку, кнігі, дзе ссыльныя мелі магчымасць публікаваць свае творы, і ссылку ў СССР, больш падобную да лагернага ўтрымання. У царскай Расіі даволі актыўна практыкавалася эміграцыя, чым пакарысталіся многія дзеячы беларускай культуры. У СССР жа магчымасці для добраахвотнай эміграцыі практычна адсутнічалі.

Найбольш жорсткай царская адміністрацыя рабілася ў час паўстанняў, якія ахоплівалі Беларусь у першай палове і сярэдзіне ХІХ ст., — тады выкарыстоўваўся арсенал дзеянняў і паводзін ваеннага часу. Але пасля рэвалюцыі 1905—1907 гг. Расія была адносна ліберальнай краінай, а на кароткі перыяд пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. і да кастрычніцкага перавароту стала адной з самых дэмакратычных краін свету. Гэта мы можам прасачыць па дынаміцы рэпрэсій.

Паказальна, што свой рэпрэсіўны характар бальшавіцкая ўлада праявіла ўжо 18 снежня 1917 г., калі былі арыштаваны ўдзельнікі Першага Усебеларускага кангрэса Алесь Бурбіс, Аляксандр Вазіла, Ігнат Дварчанін і інш. Гэтыя арышты сталіся, што сёння відавочна, сімваламі новай эпохі.

Частка II

Генацыд

Беларускае адраджэнне 1918—1920–х гг. мінулага стагоддзя абяцала вяртанне да актыўнага палітычна–грамадскага і культурнага жыцця аднаго з найстарэйшых этнасаў Еўропы, які гістарычна жыў на мяжы заходняй і ўсходняй культур.

Многія беды і пакуты беларускага народа абумоўлены тым, што беларусам–адраджэнцам не ўдалося адстаяць абвешчаную 25 сакавіка 1918 года дзяржаўную незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, рэалізаваць мару пра Беларускі дом. Толькі нацыянальная дзяржаўнасць рэальна здольная абараніць этнас ад дэструктыўных уплываў, асіміляцыі, забяспечыць умовы для ўсебаковага развіцця народа як суб’екта гісторыі, цывілізацыі.

На працягу XX ст. Беларусь некалькі разоў была арэнай ваеннага супрацьстаяння еўрапейскіх дзяржаў. Ахвяры яе — нязмерныя.

За гады першай сусветнай і грамадзянскай войнаў з Беларусі вымушана выехалі ў Расію і іншыя краіны больш за два мільёны чалавек. У бежанстве знаходзіліся і дзесяткі сем’яў, з якіх пасля выйшлі пісьменнікі Н.Арсеннева, В.Вальтар, З.Віталін, Н.Вішнеўская, Ю.Гаўрук, С.Дарожны, А.Дудар, У.Жылка, Х.Ільяшэвіч, Р.Крушына, Ф.Купцэвіч, В.Маракоў, А.Мардвілка, П.Мядзёлка, А.Салагуб, Ю.Таўбін, М.Цэлеш, Н.Чарнушэвіч і іншыя. Трэць бежанцаў з чужыны на Радзіму не вярнулася.

За гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі з ліку карэннага насельніцтва загінула не менш за мільён чалавек. Такім чынам, на працягу сямі гадоў (1914—1920) Беларусь страціла каля ДВУХ З ПАЛОВАЙ МІЛЬЁНАЎ сваіх сыноў і дачок.

З той пары, калі ў Беларусі канчаткова згарнулі «праграму беларусізацыі» (1929—1930), і да пачатку другой сусветнай вайны, за нейкія дванаццаць гадоў сталінскага тэрору, было пасаджана ў турмы, саслана ў канцлагеры і расстраляна, па розных падліках, ад ШАСЦІСОТ ТЫСЯЧ да ДВУХ МІЛЬЁНАЎ беларусаў. У мірны час, калі так можна назваць перыяд перманентнага тэрору, Беларусь страчвала людзей, як у вайну.

Карныя органы савецкага таталітарнага рэжыму ОГПУ — НКВД знішчылі практычна ўсіх выдатных прадстаўнікоў беларускага народа, яго інтэлектуальную сілу, духоўную апору — вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, педагогаў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў: А.Бабарэку, А.Баліцкага, С. Баранавых, П.Бузука, А.Вазілу, А.Вольнага, П.Галавача, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, С.Дарожнага, І.Дварчаніна, А.Дзеркача, А.Дудара, П.Жаўрыда, Ф.Ждановіча, У.Жылку, Т.Забелу, І.Замоціна, М.Зарэцкага, В.Каваля, Л.Калюгу, М.Каспяровіча, Т.Кляшторнага, Ф.Купцэвіча, В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча, Ю.Лістапада, Я.Мамоньку, В.Маракова, С.Рак–Міхайлоўскага, Я.Нёманскага, М.Піятуховіча, Б.Тарашкевіча, Ю.Таўбіна, А.Уласава, С.Фаміна, У.Хадыку, М.Чарота, А.Чарвякова, А.Цвікевіча і многіх–многіх іншых.

За гады другой сусветнай вайны ад рук нацысцкіх акупантаў, «акаўцаў» і ў выніку дзейнасці чэкісцкіх дыверсантаў у Беларусі загінула больш за ДВА МІЛЬЁНЫ ШЭСЦЬСОТ ТЫСЯЧ жыхароў. Каля ЧАТЫРОХСОТ ТЫСЯЧ было вывезена на прымусовую працу ў Германію. Не менш за СТО ТЫСЯЧ беларусаў з’ехала на Захад ад рэпрэсій савецкіх карных органаў, улічваючы досвед 1939 — 1941 гг.

Ад ДВУХСОТ ПЯЦІДЗЕСЯЦІ да СЯМІСОТ ТЫСЯЧ пераважна заходніх беларусаў пакінула бацькаўшчыну пасля падпісання дакументаў аб межах паміж Польшчай і СССР у 1944. Каля СТА ТЫСЯЧ выехала ў Польшчу ў 1956—1959 гг.

Фашысцкія прыхадні знішчалі ў асноўным просты народ. «Акаўцы» і бальшавікі рабілі стаўку пераважна на знішчэнне ацалелых пасля тэрору 30–х гадоў рэштак інтэлігенцыі. Нейкая частка з іх цудам выжыла, не ператварылася ў лагерны пыл у ГУЛАГу, выратавалася ад рэпрэсій (Ант. Адамовіч, Н.Арсеннева, У.Дудзіцкі, Х.Ільяшэвіч, М.Кавыль, А.Калубовіч, Я.Кіпель, У.Клішэвіч, Р.Крушына, Л.Савёнак, Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, В.Рагуля, Я.Станкевіч, П.Сыч, М.Сяднёў, У.Сядура, С.Хмара).

Бальшавіцкія лазутчыкі–тэрарысты вырашылі знішчыць шэраг прадстаўнікоў заходнебеларускай інтэлігенцыі, недаступнай ім у даваенны час з–за дзяржаўнай мяжы з Польшчай. У 1943—1944 гг. пад Мінскам мела базу дыверсійна–тэрарыстычная група, спецзаданнем якой было фізічнае знішчэнне беларускіх кадраў, што працавалі ў грамадскай адміністрацыі Мінска, выступалі ў друку з выкрыццём савецкага тэрору 30–х гадоў. Імі былі забіты вядомы драматург Ф.Аляхновіч, рэдактар газеты «Беларускі голас» публіцыст Ф.Акінчыц, рэдактар «Беларускай газэты» (спачатку Менскай. — Л.М.) У.Казлоўскі, грамадскі дзеяч і выдавец В.Іваноўскі. Неаднаразова рабіліся спробы забіць Ант.Адамовіча, які ўзначальваў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет, і адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», займаўся апякунствам «Беларускай газэты», найбуйнейшай у Беларусі ў гады акупацыі. У планах засланых з–за лініі фронту энкавэдыстаў было зліквідаваць яшчэ цэлы шэраг вядомых беларускіх інтэлігентаў, у тым ліку паэтку Наталлю Арсенневу, што пазней стала найбуйнейшай постаццю ў літаратуры беларускай эміграцыі на Захадзе.

За перыяд з ліпеня 1944 г., з часу пераходу Беларусі з рук немцаў у рукі бальшавікоў, і да смерці Сталіна (1953) у рэспубліцы было арыштавана, пасаджана ў турмы, расстраляна і этапавана ў канцлагеры каля СТА ТЫСЯЧ чалавек.

Савецкая разведка і пасля вайны працягвала паляванне на беларускіх літаратараў, якія апынуліся на Захадзе. Так, былі вымануты з–за мяжы і сасланы ў лагеры Тодар Лебяда і Вольга Таполя. Паэт Уладзімір Дудзіцкі, які, засумаваўшы па Радзіме, стаў наведваць савецкія пасольствы, аднаго дня знік без вестак. Праз некалькі гадоў бясследна знік і пісьменнік–эмігрант Мікола Цэлеш.

Усяго за трыццаць пяць гадоў (з 1914 да 1950 — адно пакаленне) іншаземнымі захопнікамі было знішчана або выгнана з Радзімы больш за ВОСЕМ МІЛЬЁНАЎ прадстаўнікоў карэннага насельніцтва Беларусі. Па падліках некаторых вучоных, беларусаў цяпер магло быць каля САРАКА МІЛЬЁНАЎ!

Пасля вайны заправілы Савецкай імперыі наступальна працягвалі палітыку каланізацыі і асіміляцыі нацыянальных ускраін, пачатую ў т.зв. «год вялікага пералому» (1929). У Беларусь, паводле стратэгіі ЦК КПСС, як і ў іншыя рэспублікі, для фарміравання дзяржаўна–ўпраўленчых структур была накіравана вялікая колькасць «таварышаў» з цэнтра, прадстаўнікоў рускай наменклатуры.

З канца 1950–х гг., паводле дактрыны т. зв. зліцця нацый, стварэння супольнасці «адзіны савецкі народ», аб’яўленага пераходу да пабудовы камунізму, адбывалася масавае закрыццё беларускіх школ.

Супраціў гэтаму гвалтоўнаму працэсу, якому негалосна надавалася форма законнасці, выклікаў новыя пераследы і арышты сярод інтэлігенцыі. За пратэст супраць беспардоннай русіфікацыі былі арыштаваны і асуджаны на працяглыя тэрміны зняволення дацэнт Гродзенскага універсітэта Браніслаў Ржэўскі, выкладчык БДУ Лявон Белы, журналіст Фёдар Кардаш і іншыя. Як дысідэнты без ніякіх праўных падстаў былі пазбаўлены работы ў Акадэміі навук Беларусі кандыдаты навук мовазнавец Алесь Каўрус, мастацтвазнаўцы Сцяпан Міско і Зянон Пазьняк, гісторык Міхась Чарняўскі, літаратуразнаўцы Вячаслаў Зайцаў і Мікола Прашковіч, супрацоўнік рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» літаратар Валянцін Рабкевіч. На працягу 1970–х—1980–х гг. неаднойчы арыштоўваўся і накіроўваўся на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне або прыгаворваўся да пазбаўлення волі  праваабаронца і публіцыст Міхась Кукабака. 

У планах пашырэння савецкай ідэалогіі на Захад кіраўнікамі СССР Беларусі надавалася асаблівае значэнне, зважаючы на яе геаграфічнае і геапалітычнае становішча.

Беларусь у былым Саюзе цанілася найперш як стратэгічна актуальная тэрыторыя, транзітная зона, буйны пастаўшчык «цэнтру» якасных сельгаспрадуктаў ды надзейных салдат для т.зв. інтэрнацыянальных кантынгентаў, што вялі войны за мяжой.

Адсюль і палітыка, якая праводзілася ў дачыненні да яе. Крамлём нават быў абяцаны Беларусі, вядома ж, крывадушна, прывілей першай уступіць у камуністычны рай. А для гэтага, безумоўна, трэба было ўсё уніфікаваць згодна з таталітарнай ідэалогіяй.

І сёння для рэваншысцкіх таталітарных сілаў, што мараць пра рэстаўрацыю Савецкай імперыі, Беларусь — ласы кавалак. Без яе, як і без Украіны, няма вялікай Расіі, няма сапраўднай імперыі. Адсюль і рэанімацыя эксплуатаванай царызмам састарэлай славянскай ідэі, актывізацыя палітызаванага прарасійскага праваслаўя і камунафашызму.

Актуалізацыя адраджэння Беларусі сёння важная не толькі для здэнацыяналізаваных, спаралізаваных адкрытай рэваншысцка–імперскай прапагандай беларусаў, але і для іх суседзяў, якія на руінах таталітарызму будуюць нацыянальныя дзяржавы, паклаўшы ў аснову ідэі дэмакратыі і гуманізму.

1997—2002 гг.

P.S.

 Аўтар будзе шчыра ўдзячны сваякам рэпрэсаваных, даследчыкам, чытачам за дапамогу па ўдакладненні прыведзеных звестак.

 
 

© Леонид Моряков, 1997-2012.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".