Друкаваць | Закрыць

Непамяркоўныя
Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...


Адрас у iнтернэце: http://www.marakou.by/by/prose/nepamjark/index_262.html

Санька: 7. Закон Ома

— Не знаеш закона Ома — сядзi дома! Памятаеш прымаўку?

Выкладчык, якi прымаў у Санькі экзамен, вiдаць, належаў да аматараў пацяшацца з чужых пакутаў — такiх, з добраю душою суб’ектаў, якiя з маленства бедных мурлык з балконаў скiдалi. Ён ажно аблiзаўся, уяўляючы, як хуценька будзе праглынуты-з’едзены яшчэ адзiн абiтурыент. I глядзеў на яго, як удаў на трусiка.

Але не заўсёды кату масленiца, гаворыць народная прымаўка. Санька знарок не адказаў пiсьмова на другое пытанне бiлета. Прынадку паставiў, дамашнюю хiтрынку ў ход пусцiў. Бо гэта ж — закон Ома, папраўдзе — Закон Жыцця. Сiла прама прапарцыянальная напружанню i адваротна прапарцыянальная супрацiўленню. Так яно i ёсць…

— Памятаю! — не даў Санька свайму мучыцелю лішне нацешыцца. — Толькi ўдакладнiце, калi ласка: маецца на ўвазе для ўсяго ланцуга цi для яго часткi?

Глядзеў на выкладчыка як мага весялей. Ты мне — я табе, — так сказаць, усмешка за ўсмешку. Той на момант застыў, нiбы яго здымалi на картачку, але праз секунду ажыў, заварушыўся. Вопытны быў iнквiзiтар, са стажам.

— Што, весела? Жартаўнiк? На пытанне пытаннем адказваеш? Зараз i я пажартую. Прабяжымся, даражэнькi, па ўсiм курсе фiзiкi. З шостага па дзесяты клас. Як табе, дасцiпнiчак, такая сустрэчная прапанова?

— Цiкавая, але не сказаць каб нечаканая, — выкруцiўся Санька. — Ад Паскаля да Эйнштэйна, кажаце? Ад узаемна спалучаных сасудаў i механiкi Ньютана да радыё Папова — i не толькi — i тэорыi адноснасцi? Большая хуткасць — меншая маса, а пры хуткасцi святла маса ўжо фактычна i не маса, а так… Праўда, тэорыя гэтая не зусiм каб Эйнштэйнава, здаецца, Гук у сваiх лiстах…

— Ах, дык ты яшчэ i ўсявед, аказваецца! — усмiхнуўся мой садыст. — Фiзiк-лiрык-кавэзэншчык! Добра, пераканаў, не буду трацiць час, пастаўлю табе «чатыры», так i быць, лiчы, пашэнцiла, ды i трэба iсцi, рыхтавацца да прыёму наступнага экзамену. Iдзi i ты, адпачывай. Што? Не згодзен? Хочаш пазмагацца, выпрабаваць лёс? Рызыкнуць?

— Рызыка вымушаная: тупiковая сiтуацыя, — уздыхнуў Санька. — Калi атрымаю «добра», то ў вынiку набяру: «чатыры» — за сачыненне плюс дзве «пяцёркi» — вусны i пiсьмовы экзамены па матэматыцы, ды плюс ваша «чацвёрка» па фiзiцы — усяго васемнаццаць, а гэта, амаль упэўнены, непраходны бал. Будзем змагацца…

— Значыць, вырашыў рызыкнуць? — здзiўлена павёў вачыма выкладчык. — Пан цi прапаў? Глядзi, не прамахнiся, пакуль маеш шанец i без бою ўзяць вышыню. I добры, скажу табе, шанец — васемнаццаць балаў. Сярэдняя ацэнка — «чатыры з паловай», калi акруглiць — будзе «пяць». Толькi трэба трохi пачакаць.

— А вось чакаць я не магу i не ўмею, — амаль перабiў дабрадзея Санька. — Ненавiджу чакаць! Баюся звар’яцець. Цяпер або нiколi, усё або нiчога, прабачце за высокiя словы. А не здам — значыць, не наканавана, не лёс. Але ж буду спадзявацца на лепшае...

I Санька прыняў бой: адказваў, адказваў, адказваў. У нейкі момант яму нават захацелася пахвалiць свайго візаві. Санька толькi-толькi пачне адказваць, як той, схопліваючы ўсё з паўслова, задае наступнае пытанне, потым яшчэ i яшчэ… І ўрэшце не вытрываў, здаўся. Пахвалiў Саньку. Сярдзiты следчы ператварыўся ў добрага і спагадлівага адваката, калi так можна сказаць пра аматара скiдаць мурлыкаў з балконаў.

— Дарма ты кiнуўся гуляць у рызыкоўныя гульнi. Васемнаццаць балаў уга як хапiла б. Яшчэ перад экзаменам я атрымаў з прыёмнай камiсii iнфармацыю: сярэдняга «чатыры з паловай» сёлета цалкам хапае — во! — зрабiў выкладчык характэрны жэст рукою ля горла. — Бачыш, не толькi ты, але i я не спаў у шапку.

«Вось i рызыкаваў, каб не залежаць ад таго, спiш ты цi не спiш, — усмiхнуўся Санька. — Каб не залежаць», — паўтарыў, як заклiнанне, сам сабе.

 


© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.