Друкаваць | Закрыць

Непамяркоўныя
Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...


Адрас у iнтернэце: http://www.marakou.by/by/prose/nepamjark/index_260.html

Санька: 5. Пра выкрунтасы першага кахання

У няпоўных пятнаццаць трапіў Санька на турбазу «Юнацтва», пабудаваную на схіле сталага сацыялізму недалёка ад знакамітай пясчанай касы на возеры Нарач. Там і закахаўся ў самую прыгожую ў лагеры дзяўчынку з дзівосным імем — Наташа. Закахаўся не па-дзіцячаму, а па-сапраўднаму! І самае галоўнае — яна адказала ўзаемнасцю.

Яны былі на сёмым небе ад шчасця, баяліся разлучыцца нават на хвіліну. Варта было апынуцца ўдваіх у зацішку, як гублялі галовы: ліплі адно да аднаго, абдымаліся, цалаваліся! Бегалі на спатканні ўначы, хоць і ведалі, чым гэта магло скончыцца. Але — дзіва! — праяўлялі незвычайныя цвярозасць і асцярожнасць, аберагаючы свае сустрэчы ад пільнага вока дзяжурных выхавацеляў. Нават суседзі па палатах напачатку не ведалі, што апоўначы Санька і Наташа блукаюць уздоўж берага, плаваюць, пракладваюць курс ад каўша Вялікай Мядзведзіцы да Палярнай зоркі і — летуценяць, летуценяць, летуценяць. Божа, пра што толькі яны не марылі! А найперш — каб хутчэй скончыць школу, стаць дарослымі, самастойнымі, згуляць вяселле і нарадзіць шмат-шмат дзяцей! Чым болей — тым лепш! Весялей! Хіба ж не так?

Як жа нясцерпна было чакаць, пакуль усе ў дамку паснуць! Роўнае ціхае дыханне суседзяў было сігналам да пад’ёму. Наташыны сяброўкі — дзяўчынкі ёсць дзяўчынкі! — засыналі хутка і дружна, і да намоўленага месца — старога паўразбуранага пірса ля касы — Наташа заўсёды прыходзіла раней за Саньку.

У першую ж начную сустрэчу там, ля пірса, Наташа нечакана скінула з сябе ўсё, нават купальнік, нейкі час глядзела праз Саньку, быццам не заўважаючы яго прысутнасці, а пасля з разгону кінулася ў ваду! Самы час было аслупянець. Урэшце, наўрад ці разумеючы што-небудзь, Санька таксама пазбавіўся майкі і плавак і — да яе.

З таго часу яны толькі так і рабілі: скідалі адзенне і акуналіся ў бяздонную начную прахалоду Нарачы. Якая цудоўная была Наташа ў месяцавым святле! Кроплі зіхацелі срэбрам на яе бронзавай ад загару, невыказна пяшчотнай і цёплай скуры, але скочвацца не спяшаліся…

Санька і Наташа плавалі, давалі нырца, ганяліся адно за адным, абдымаліся і йшлі на дно, разнімалі абдымкі і ўсплывалі.

Выходзілі з вады таксама паводле іх, з першага разу, завядзёнкі: Наташа крыху адставала, абхоплівала Саньку ззаду за плечы і так, паравозікам, паволі, нага за нагу, яны брылі да берага. Выйшаўшы, валіліся на халодную ад расы траву. Наташа гарнулася да Санькі, сагравала, нібыта дзіця, сваім целам, шаптала: «Мой мілы хлопчык!». Салодка туманілася свядомасць ад гэтых п’янкіх слоў.

Акунаючыся ў адзін з такіх туманоў, яны й адважыліся на самае-самае. Упершыню…

Санька не надта разумеў, як і чаму тое адбылося. Ён быццам аддаўся ў жаданы палон нечае волі. У тым дзівосным спектаклі рэжысёрам, безумоўна, была Наташа, а Санька — самаахвярным і палкім акцёрам. Яна падказвала, вучыла і ставіла перад Санькам задачы і звышзадачы, а ён, скароны ўладай яе чараў, галавакружна, самазабыўна лунаў у невядомых дасюль вышынях, уздымаючыся і падаючы да смяротна-салодкага замірання сэрца.

Яны былі проста шчаслівыя! Іх было ў лагеры толькі двое. Для Санькі і Наташы не існавала нікога і нічога. І яны забыліся, ды і наўрад ці ведалі, што там, дзе двое, заўсёды прысутнічае трэці — лёс.

Аднойчы, зайшоўшы далей, чым звычайна, Санька і Наташа выпадкова трапілі ў пастку, якая была расстаўлена зусім не для іх: рыбнагляд з міліцыяй наладзілі аблаву на браканьераў. Там быў і ўчастковы. Ён праявіў уладу — затрымаў «піянераў»: займаліся, маўляў, не тым, чым дазволена. Санька быў раздушаны яго грубасцю і пошлымі разважаннямі пра раннія палавыя сувязі. Урэшце Санька з Наташай апынуліся ў аддзяленні міліцыі, дзе і павінны былі чакаць раніцы. Але ў Наташы ў бруднай бетоннай камеры з жалезнымі кратамі дзвярэй зрабілася істэрыка, і ад «малалетак» вырашылі пазбавіцца: праз гадзіну іх даставілі да вагончыка начальніка лагера. Той, паміргаўшы соннымі вачыма, адклаў разбор да раніцы і адправіў начных гуляк спаць. Праўда, перастрахаваўся: загадаў выставіць варту з важатых каля іх дамкоў.

Прысуд прачыталі на ранішняй лінейцы:

— За парушэнне рэжыму — знаходжанне па-за тэрыторыяй у начны час — адлічыць Наталлю К. з лагера і адправіць дадому бліжэйшым аўтобусам.

«Адну?! — здзівіўся Санька. — А мяне? Мы ж былі разам! Я ж — мужчына! Гэта мяне ў першую чаргу павінны пакараць!»

Ірвануўся са строю:

— Таварыш начальнік лагера! Дазвольце…

— Паслухай, Рамэа, — з нечаканай сілаю тузанула Саньку за руку старшая піянерважатая. — У цябе сумленне ёсць? Забыўся, што твая маці прадстаўлена да ордэна? Хочаш зняславіць перадавіка вытворчасці?

Маму ён няславіць не хацеў.

— Станавіся ў строй! — загадала злосна. — Пытанне вычарпана. — І дадала з’едліва: — Вось дык герой знайшоўся!

Наташу адправілі ў той самы дзень перад ціхай гадзінай пад пільным наглядам фізрука-культурыста. Яна сядзела ў кабіне старой палутаркі (на гэтай ламачыне, як называў яе кухар, у лагер прывозілі прадукты) і ціха плакала. Санька глядзеў на яе праз мутнае шкло і ледзь стрымліваўся, каб самому не расплакацца. Горкі камяк падкаціў да горла, калі машына кранулася з месца. «Усё — падумаў, глытаючы ўзняты ёю пыл. — Жыццю майму — канец».

Да сканчэння змены заставалася яшчэ амаль два тыдні. Яны падаліся Саньку годам. У апошнія дні, як абуралася старшая піянерважатая, ён зусім адбіўся ад рук: знарочыста хадзіў за тэрыторыю лагера, заплываў за буйкі, не спаў у ціхую гадзіну. Начамі, схаваўшы пад падушку чорна-серабрысты «ВЭФ», слухаў па радыё «Бі-Бі-Сі» Севу Наўгародцава. Карацей, нарываўся на скандал. Але Саньку быццам не заўважалі. Відаць, з-за мамы.

У дзень ад’езду ён першы ўварваўся ў адзін з аўтобусаў, што прыехалі забраць гэтую змену.

— Ранавата месца браніруеш! — падняў на Саньку вочы пажылы вадзіцель. — Выезд пасля абеду. Ваш начальнік абяцаў нас юшкаю накарміць.

«Якая там юшка! — Санька не знаходзіў месца ад абурэння. — Няўжо не бачыце, што не магу я больш трываць?! Наташа, мілая мая дзяўчынка, як ты там? Я так даўно не бачыў цябе! О, як я хачу цябе абняць!»

Здавалася, прайшла вечнасць, перш чым аўтобусы нарэшце рушылі.

Усе тры гадзіны дарогі Санька бачыў за акном Наташу: валасы, якія даставалі амаль да таліі, пяшчотныя падушачкі шчок, вялікія, заўсёды здзіўленыя блакітныя вочы, мяккія падатлівыя вусны.

«Наташа!» — кліча Санька.

Не чуе! Усміхаецца, бяжыць да вады. Нешта кажа, паказвае, тлумачыць.

Рэхам далятае чыйсьці смех. Чый?

Хлопцы і дзяўчаты раскатурхалі: прачніся, соня, прыехалі!

Высадзілі іх там, адкуль забіралі, — каля заводскага Дома культуры. Хоць прыбылі раней, не па графіку — кіроўцы неяк заўсёды выгадаюць час! — сустракала аўтобусы процьма людзей. Шум, смех, радасная гамана: малайчына, паправіўся, загарэў, падрос!

Мама Санькі не прыйшла. Яна загадзя паведаміла пра тое ў лісце: «У мяне ўвесь тыдзень — другая змена. Сам разумееш: лета, шмат хто ў адпачынку, замяніць няма каму. Кладу ў канверт талончык на транспарт і рубель на вінаград. Ключы — у цёткі Евы». Гаворка ішла пра суседку.

Другім разам адсутнасць мамы засмуціла б Саньку: яны жылі душа ў душу, не мелі адно ад аднаго сакрэтаў і амаль не разлучаліся. Але цяпер ён быў нават рады, што мамы няма. Гэта яму якраз дарэчы: адразу ж, не марнуючы часу, паедзе да Наташы. Дзякуй Богу, адрас раздабыў. Невядома чаму, з якіх такіх памкненняў, але старшая піянерважатая злітавалася і перапісала з атраднага журнала Наташыны арыенціры: «Вуліца Сонечная, дом 12, кватэра 7».

Зазірнуўшы яшчэ раз у пакамечаны лісток, хоць і ведаў адрас на памяць, Санька выскачыў з аўтобуса. Важкі чамаданчык (мама, збіраючы Саньку ў лагер, уціснула туды амаль увесь ягоны гардэроб) балюча біў па калене, але гэта нават падганяла — наперад, хутчэй!

Вось і Сонечная! Нумар дванаццаты на тым баку! Ёсць! Пад’езд, вядома, першы. Пераскокваў цераз тры прыступкі. Другі паверх. Кватэра сем! Прыехалі.

Светла-карычневая абіўка дзвярэй была падзелена залатымі плешкамі цвічкоў на роўныя ромбы. Прыгожа! Прыгожа і дорага. Гэта крыху астудзіла Саньку, прымусіла адвесці руку ад кнопкі званка. У тыя гады мала хто дазваляў сабе такую раскошу — абіваць дзверы. «А Наташка, відаць, з багатай сям’і! Хто бацькі? Не казала чамусьці. Можа, не варта турбаваць? Хто я такі, калі падумаць?»

Сумеўся, падняўся на паўпаверха. Прысеў на батарэю пад лесвічным акном. «Раптам яе мама адчыніць? Спытае, што мне трэба?» Ага, не падумаў пра гэта. А такое ж можа быць, што адчыніць маці. Ці бацька…

Але не сядзелася. «Ну і што, ну і няхай адчыніць мама. Чаго баяцца? Я ж не злодзей. Спытаюць, дык і адкажу: разам з вашай Наташай быў у лагеры, яна забылася хусцінку, а я прывёз, вось, калі ласка… Ды й не такія ўжо, відаць, яе бацькі вялікія начальнікі, калі дачку з лагера выключылі».

Пераканаў сябе. Спусціўся, пазваніў. За дзвярыма пачуліся крокі. Санька не вытрываў, крыху адступіў, напяўся…

Пстрыкнуў замок. Дзверы адчыніліся.

Наташа! І яшчэ прыгажэйшая, чым была! У доўгім яркім халаце — проста ўсходняя князёўна!

— Ты? Адкуль? — ступіла да Санькі. Пра нешта хацела спытаць яшчэ, але, нібыта апамятаўшыся, паспешліва прычыніла за сабою дзверы. Нарэшце пацікавілася: — Збег з лагера?

Хацелася пахваліцца: так, маўляў, збег — каб цябе хутчэй пабачыць! Але хлусіць не ўмеў. Сказаў як было:

— Збегчы не пасмеў: мог бы нашкодзіць маме. Проста змена скончылася. Я адразу з аўтобуса, во — з чамаданам, нават дадому не заходзіў. Вельмі сумаваў па табе. Думаў, памру, — не стрымаўся, ступіў да яе, замёр, чамусьці не адважваючыся абняць. Засаромеўся нечага?

— Усё з вамі ясненька, — злёгку адхілілася Наташа. — Мама для цябе заўсёды была самая-самая…

Унізе ў пад’езд нехта ўвайшоў. Дыхнула свежым паветрам. Скразняк расхінуў няшчыльна прычыненыя дзверы з выбітай жоўтымі цвічкамі лічбай «7».

— Кроха, што так доўга? Бяжы хутчэй да татачкі! Ён цябе яшчэ чаму-небудзь навучыць… — у праёме паказаўся высокі станісты хлопец у будатрадаўскай форме.

Да Санькі не адразу дайшло, хто гэта і які-такі татачка. Стаяў, глядзеў і лыпаў вачыма.

«Не сумавала… — адчуў, як пахаладзела ўсярэдзіне. — Здрадзіла…»

Хлопец убачыў Саньку. Хмыкнуў. Перавёў запытальны позірк на Наташу:

— Што гэта за дзіцячы садок?

— Эдзік, — тонкія Наташыны бровы незадаволена ўзляцелі ўгару, — не трэба! Гэта Санька. Мы з ім у адным лагеры адпачывалі…

— Ды ўжо ж бачу, што не ў рэстаране. Напэўна, у нармальныя месцы хлопца яшчэ не пускаюць?

— Эдзік, ну хопіць табе! Санька хоць і невысокага росту, але вельмі добры і сумленны хлопчык.

«Хлопчык! — адбілася рэхам у галаве. — Добры і сумленны хлопчык!»

— А ты — несумленная! — гэтыя словы сарваліся з вуснаў самі. На той момант гэта былі самыя крыўдныя і самыя гнеўныя словы, якія маглі прыйсці Саньку ў галаву.

Выпаліў ён іх, павярнуўся і на злом галавы кінуўся ўніз. Целам расчыніў цяжкія дзверы пад’езда. Выкуліўся з ненавіснага дома нумар 12 па вуліцы Сонечнай. Імчаўся, не азіраючыся, не звяртаючы ўвагі, што чамадан моцна б’е па калене. Нічога не бачыў — бег, бег, бег. Уцякаў ад Наташы і ад усяго. Ад першага пацалунка, ад першых бяссонных начэй, ад першых пакутаў сэрца.

Тады Санька не ведаў, што ад першага кахання нікому і ніколі не ўцячы!

 


© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.