Друкаваць | Закрыць

Непамяркоўныя
Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...


Адрас у iнтернэце: http://www.marakou.by/by/prose/nepamjark/index_249.html

Бацька і сын

Ён узяў сына на рукі і спыніў таксі. Яму, канешне ж, не да шыку, ды такой бяды! За гады, праведзеныя ў лагеры, атрымаў сякую-такую кампенсацыю — павінна хапіць, каб пражыць на волі, не турбуючыся пра грошы… адзін дзень. Сёння гэты дзень надышоў — дзень нараджэння сына. Так і сказаў таксісту:

— У нас з мальцам свята. Будзем гуляць. І ты з намі. Дапазна. Згода?

— Гуляць дык гуляць, — пагадзіўся той. — Якія пытанні.

Бацька вярнуўся напярэдадні. Аднаму Богу вядома, чаго яму каштавала трапіць дадому акурат пад гэты дзень. І цяпер, ушчэнт змучаны, побач з сынам ён пакрысе ачуньваў.

Яны раскашавалі на заднім сядзенні. У нейкі момант бацька нахіліўся, ціха сказаў:

— Валік, маленькі мой выратоўца, які ж я шчаслівы, што бачу цябе.

Сын не разумеў, якім чынам ён зрабіўся бацькавым ратаўніком, але адчуваў сябе на сёмым небе: татка вярнуўся! Ён не ведаў і не мог ведаць, што падчас папярэдняга следства ва ўнутранай турме НКВД два вылюдкі катавалі бацьку. Перад імі была пастаўлена задача: «Адбіць нацдэму мазгі, каб уласную маці не пазнаў!» І яны пастараліся. Шматлікія кровазліцці затапілі памяць, і, калі б не вядомы ленінградскі хірург, які быў арыштаваны па справе ўрачоў і сядзеў разам з бацькам, наўрад ці пазнаў бы ён каго-небудзь, наўрад ці наогул вярнуўся з лагера. Хірург аказаўся і някепскім псіхолагам: апякуючыся бацькам, ён нястомна паўтараў: «Памятайце — дома вас чакаюць». Гэтая мабілізацыйная тэрапія дапамагла.

— Татка, на скрыжаванні давай павернем направа, там, на рагу, ёсць цір, — крануў сын бацьку за плячо.

— Спыніся пакуль, браток, — сказаў бацька, і таксіст прытармазіў ля невялікага, кшталту гаража, будынка. — І пачакай.

Сыну не цярпелася пастраляць з «амаль сапраўднай вінтоўкі». Ён першым выскачыў з машыны і кінуўся ў расчыненыя насцеж дзверы.

— Рады вас бачыць, маладыя людзі, — вітаў іх пажылы чалавек з мыліцай замест левай нагі. — Мяне завуць Анатоль Сцяпанавіч. А вы можаце й не гаварыць пра сябе нічога. І так бачу: бацька з сынам прагуляцца выправіліся. Якія вінтоўкі выбераце? «Пад абрэз» ці «па цэнтры»? Раю «пад абрэз». Яны лепш прыстраляныя.

— Што ж, — усміхнуўся бацька, — нясіце прыстраляныя. І сыну, калі можна, падстаўку падбярыце па росце.

— Усё зробім, не турбуйцеся. Трымайце вашу зброю. А пістонаў колькі насыпаць?

— Татка, можа, паболей возьмем? Хочацца і вятрак запусціць, і танк падбіць, і карабель, і ў самалёт пацэліць. У самалёт цяжэй за ўсё. Аднойчы спрабаваў — нічога не выйшла. Бачыш, якая маленькая пад ім кропачка? Збіць самалёт — мая мара.

— Гэта не мара, сынок, гэта хутчэй задача. Мара — гэта нешта іншае. Напрыклад, я мару, каб ты вырас сумленным чалавекам. Смелым, шчырым, добрым. Каб памятаў, дзе нарадзіўся. А пістончыкаў мы купім колькі захочаш. І не спяшайся, добранька цэлься. Але дай Бог, каб такія практыкаванні табе ніколі не спатрэбіліся, — дадаў цішэй.

Валік пачуў, але не ўспрыняў апошніх бацькавых слоў. Успрыняў іншае: «добранька цэлься». Тут ён пастараецца, татку за яго не будзе сорамна. Цэліўся не спяшаючыся, стаіўшы дыханне. І ў яго, наўздзіў, амаль усё атрымалася.

— Ну вы, хлопцы, даяце! — ахаў Анатоль Сцяпанавіч. — Усё пазбівалі. Нават і не памятаю, калі ў маім ціры такое надаралася апошні раз. План па продажы пістонаў выканалі. Можа, чым чорт не жартуе, па другім крузе пройдзецеся?

— Не, — пакруціў галавой бацька. — Па крузе — не трэба. Круг — гэта кола, ланцуг, безвыходнасць. Таму толькі наперад! Дзякуй вам за ўсё, але — паедзем далей. Так, Валік?

— Правільна, татка! — кіўнуў сын і з гонарам падумаў: «А самалёт я ўсё-такі збіў».

— Заходзьце яшчэ! Добрым людзям заўсёды рады, — развітаўся Анатоль Сцяпанавіч, праводзячы іх да машыны.

— Куды цяпер, панове снайперы? — спытаўся таксіст, адчыняючы дзверцы.

— А давай, татка, у парк паедзем, — прапанаваў Валік. — Хлопцы расказвалі — там новыя атракцыёны паставілі.

— Жаданне імянінніка — закон! — усміхнуўся бацька. — Давай, дружа.

— Няма праблем. Даляцім за дзесяць хвілін, — запэўніў таксіст.

Але бацька астудзіў ягоны імпэт:

— Гнаць не трэба. Я ў гонках пражыў усё жыццё. Хопіць! Едзь паціху.

— Як загадаеце, — паціснуў плячыма таксіст і падкрэслена мякка крануўся з месца.

Святочная атмасфера парку захапіла сына. Ён перабягаў ад аднаго атракцыёна да другога і пытаў:

— Татка, а тут пакатаемся? А на вунь той білеты возьмем? А туды паспеем? А там не зачыніцца?

Бацька радасна ківаў галавою:

— Паспеем! Не зачыніцца!

На «чортавым коле» Валік затрымаўся надоўга.

— Спадабалася на горад з вышыні глядзець? — пацікавіўся бацька, калі па просьбе сына яны ўзнесліся пад неба трэці раз.

— Вельмі! — запэўніў сын. Але нечакана прызнаўся: — Я, татка, вышыні баюся, але з табой мне ані не страшна! От і выхоўваю сябе.

— Ты ў мяне малайчына! — абняў бацька сына. — Цяпер мы разам, а разам мы — сіла, і табе няма чаго баяцца.

Доўга каталіся на розных кружылках, машынках, паравозіках ды лодачках, а пасля сын зноў пацягнуў бацьку да «чортавага кола».

— Татка, давай яшчэ раз. Хачу пераканацца, што цяпер дакладна не спужаюся.

— Давай! — падзівіўся бацька сынавай упартасці, але ўспомніўшы, што гэткім жа быў і сам, з усмешкай падумаў: «Можа, таму і выжыў».

Уволю накружыўшыся — у Валіка ўжо ногі падкошваліся, — вырашылі перадыхнуць і падсілкавацца.

У рэстаран зайшлі ўтрох — запрасілі і кіроўцу. Пастукалі ў дзверы — замкнёна: да шасці вечара там быў перапынак, але таксіст дамовіўся са швейцарам, і іх пусцілі, з ходу падалі абед.

Бацька еў асцярожна, як бы з недаверам: адвык ад нармальнай ежы. Там, у сібірскіх лагерах, яна й не снілася, і паступова памяць слабела: забываўся смак белага хлеба, пах смажанага мяса, водар спелага яблыка.

Таксіст жа ўмінаў, быццам перад гэтым пасціў цэлы тыдзень. Не адставаў ад яго і Валік.

— Татка, я пасля марожанага не падымуся. Давай возьмем яго з сабой!

— З сабой прыхопім мандарыны, а марожанае можаш не есці. Шмат салодкага — толькі пашкодзіць.

Наступны прыпынак падказаў таксіст, якому перадаўся іхні настрой:

— Жонка днямі ў «Дзіцячы свет» заходзіла. Казала, туды імпартныя цацкі прывезлі: «Прыгожыя — слоў няма. Але дарагія…»

— Нічога, прарвёмся, — пагладзіў бацька сына па галаве, убачыўшы, як заблішчэлі ў таго вочы. — Адзін раз жывём. Едзем!

Пад заморскія цацкі ў краме адвялі асобную секцыю.

— Ух ты! — здзіўляўся сын, азіраючы паліцы. — Бачыш, татка, колькі ўсяго?

— Не траць марна часу, выбірай што падабаецца, — падахвоціў бацька.

А Валік не можа выбраць: разгубіўся. Да аднаго памкнецца, да другога. Прыйшлося бацьку прыйсці яму на дапамогу.

— Ты ж ужо не малы, нешта адпаведнае і нагледжвай.

Выходзіў Валік з «Дзіцячага свету», і ягоны твар ззяў ад шчасця. Пра такія цацкі і марыць не мог і зараз нават на хвіліну не хацеў з імі разлучацца — а ну як абарвецца гэты чароўны сон? — і нёс усе набыткі сам.

— Надарвешся ж, давай хоць што-небудзь вазьму, — ішоў бацька за сынам.

— Не хвалюйся, татка, — адказваў ганарліва Валік. — Я дужы.

Вадзіцель сустрэў іх вясёлым «О-го-го!».

— Складвай свае набыткі, — адчыніў перад Валікам дзверцы. — Эх, мне б такога татку!

— Такі ёсць толькі ў мяне, — пахваліўся Валік.

Бацька забраў у яго вялізную, з карычневага велюру малпу, ярка-чырвоную — ніколі такіх не даводзілася бачыць на дарогах — «Татру» з прычэпам, камплект кітайскіх ракетак для бадмінтона і настольнага тэніса. Заняў імі правую палову задняга сядзення. Сам сеў спераду. Спахапіўся, спытаў у таксіста:

— А ў цябе дзеці ёсць?

— Двое. Пагодкі. Гэткія ж архараўцы, як і твой.

— Валік, — павярнуўся бацька да сына, — няўжо пакінем архараўцаў без падарункаў? Кажы шчыра: чаго не шкада?

Шкада было ўсяго, але яшчэ больш хацелася быць падобным да таткі.

— Можа, ракеткі гэтыя? Хай гуляюць.

Таксіст пачаў быў адмаўляцца, але бацька і слухаць не стаў:

— Калі мы з Валікам рашылі, назад ходу няма. Пытанне закрыта. А цяпер паварочвай — паедзем на вуліцу Маякоўскага. Адразу за рынкам — ведаеш? — лазня. Там і прытармозіш. — Павярнуўшыся да сына, патлумачыў: — Святое для нас з табой месца. Яшчэ да вайны мой бацька — твой дзед — вадзіў у гэтую лазню мяне з братамі.

Лазня для мужчын — перш-наперш парылка. І яны, абодва мужыкі — вялікі і малы, неўзабаве апынуліся ў ёй. Нягледзячы на падарванае ў лагеры здароўе, парыўся бацька зацята, нібы апошні раз, чым заводзіў іншых наведнікаў: яны ледзь не ў чаргу выстраіліся па венікі.

— А сынок увесь у татку, — падахвочваў лазеншчык бацьку, пазвоньваючы бляшанкаю з мокрымі медзякамі. — Вочы вялікія, сінія, нос арліны…

Яму было няўцям, чаму пасля ягоных слоў гэты «азартны папаша» раптам перастаў усміхацца, спахмурнеў. А той думаў: «Не ўсё ты, братка, ведаеш. Не дай Бог хлопцу паўтарыць маё жыццё: лагеры, этапы…»

Пасля лазні бацька папрасіў таксіста завезці іх на Вайсковыя могілкі. Сыну патлумачыў:

— Паедзем наведаем дзеда.

На гэтых могілках Валік яшчэ не быў. Бацька ўзяў сына за руку і павёў яго між кустоў і помнікаў у дальні закутак. Там, стоячы над грудком з жалезным крыжам у галавах, ён, быццам забыўшыся на розніцу ва ўзросце, распавядаў сыну пра дзеда, які, аказваецца, быў дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэса.

Валік здзіўлена паглядзеў на бацьку:

— Якога такога кангрэса?

І бацька прадоўжыў:

— Тады ўпусцілі, можа, адзіны для нашай краіны шанец стаць вольнай, — казаў Валіку, хоць той па-ранейшаму кепска разумеў, пра што ідзе гаворка.

Распавёў бацька і пра тое, што іх дзед уваходзіў у кіраўніцтва падпольнай царкоўнай антыбальшавіцкай арганізацыі, якая дзейнічала ў Мінску ў сярэдзіне трыццатых гадоў.

— Антыбальшавіцкай — гэта супраць бальшавікоў, татка, камуністаў? Хіба былі такія арганізацыі?

— Арганізацыі ў поўным сэнсе слова не было, — нібыта для самога сябе нешта ўдакладніўшы, тлумачыў бацька, — але сёе-тое рабіць людзі спрабавалі. За гэта пасля і адпакутавалі. Быў такі працэс — «Дваццаці пяці». На ім судзілі і твайго дзеда. Увогуле ён быў незвычайны чалавек. Вярнуўшыся з лагера, вымушаны як не штодня адзначацца ў міліцыі, усё адно па-ранейшаму слухаў забароненае радыё «Свабода».

— А я памятаю, як дзед настройваў прыёмнік, — ажывіўся Валік. — Гук быў ціхі-ціхі, і я амаль нічога не разбіраў. Ён і ў шахматы, і ў шашкі навучыў мяне гуляць. І маляваць. А яшчэ ён любіў чытаць вершы Лермантава. Памятаў іх са школы. Уяўляеш, татка, — са школы! Я забываю вершы праз тыдзень, а дзядуля памятаў усё жыццё! Як сёння чую ягоны голас:

Белеет парус одинокой
В тумане моря голубом!..
Что ищет он в стране далекой?
Что кинул он в краю родном?

— Так, дзед быў дабрэннай закваскі, дарэвалюцыйнай, — падтрымаў бацька Валіка. — А наконт памяці ты не хвалюйся. Памяць разаўецца. Гэта я табе пэўна кажу. Галоўнае — больш чытай, думай, аналізуй. І спортам займайся. У цябе павінна быць дужае, вынослівае цела. Слабыя целам часта і духам слабыя. Хоць бываюць і выключэнні… — Пасля невялікай паўзы дадаў: — Паехалі, нешта цяжка мне тут дыхаецца.

Бацьку і сапраўды было блага. Зноў нахлынулі адчай, нежаданне жыць. Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, ля машыны ён раптам прапанаваў:

— Паехалі ў дом-музей Янкі Купалы.

Але ў музей чамусь не пайшоў, хадзіў па парку, пра нешта думаў. Валік трымаўся побач. Калі падышлі да моста цераз Свіслач, бацька спыніўся.

— На тым баку вуліцы, вунь там, насупраць, шмат гадоў назад стаяў інтэрнат педагагічнага тэхнікума, — павярнуўся да сына. — Незвычайная, скажу табе, была навучальная ўстанова. Выкладчыкі ні ў чым не саступалі прафесарам з універсітэта. Уласна, яны і былі універсітэцкімі прафесарамі. Тут вучыліся і мае браты — твае дзядзькі. Вучыліся і многія беларускія пісьменнікі. Большасць з іх пасля былі расстраляныя. Выжылі адзінкі. У школе ты будзеш вывучаць іх творчасць. З дзесяці супрацоўнікаў газеты, у якой брат тады лічыўся рабкорам, дзевяцярых арыштавалі і неўзабаве, асудзіўшы, забілі. Але аднаго не зачапілі, нават наадварот, яму даручылі адказнае заданне — набраць новы штат рэдакцыі і ўзначаліць яго. Падобнае адбывалася амаль ва ўсіх выданнях: пакідалі жывымі, нібы на развод, аднаго-двух. Цяпер яны заслужаныя людзі, лаўрэаты. Але хопіць пра благое, — падсумаваў бацька, падыходзячы да машыны. — Ёсць прапанова. Адсюль ужо недалёка да возера, — паказаў рукой. — Як ты глядзіш на тое, каб паплаваць?

— Татка, ты ж ведаеш, купацца я заўсёды гатовы!

«Ведаеш…» Ён зноў, як і ад слоў лазеншчыка, уздрыгнуў. Адкуль яму было пра гэта ведаць? Ужо калі неяк наладзілася з перапіскай, прыйшла вестка, што ў іхнім вялікім доме хлопец застаўся адзін: халодным снежаньскім ранкам туберкулёз звёў у магілу маці, неўзабаве пасля нервовага зрыву злягла бабуля. Шэфства над імі ўзялі суседзі — муж і жонка.

Сеў, крануў кіроўцу за локаць.

— Паехалі, дружа. Напаследак — да возера.

Возера спаткала іх прахалодай і свежасцю. Адразу неяк вальней стала дыхаць.

Бацька распрануўся, зайшоў у ваду, паплыў. Азірнуўся на бераг. Крыкнуў:

— Валік, не лезь — вада халодная. Лепш потым у басейн з’ездзім — там паплаваеш.

Апошні раз бацька плаваў шмат гадоў таму, аднак разумеў: у такой вадзе не толькі ў сына, але і ў яго ў любую хвіліну могуць пачацца сутаргі. Аднак не стрымаўся: ён зноў тут, у возеры свайго маленства! Калісьці разам з братамі плавалі ў ім навыперадкі. Ён быў самым малодшым і на фінішы, зразумела, заўсёды аказваўся апошнім. Але не здаваўся — упартасці яму было не пазычаць. І аднаго разу ледзь не дагнаў братоў, але… у апошні момант ногі адмовіліся служыць яму. Браты прыйшлі на падмогу.

І вось — у яго зноў адзеравянелі ногі. Здрадліва перасталі слухацца. Перавярнуўся на спіну, ды — патрапіў у вір. Жалезнай хваткай той абхапіў яго і цягнуў на дно. Ён з усіх сіл запрацаваў рукамі, нырнуў, вынырнуў, яшчэ раз нырнуў…

Валік адчуў бяду: «Навошта татка гэтак далёка заплыў? Яго ўжо й не відаць». Валік кепска плаваў, яшчэ толькі вучыўся, але, не раздумваючы, кінуўся ў ваду.

— Татка, татка! — крычаў. — Вярніся! Я баюся!

Сынаў голас патроіў бацькавы сілы.

«Выплыць! — загадаў сабе і зноў даў нырца. — Выплыць! — крычала ўсё ў ім. — Я павінен вырвацца з гэтае пасткі!»

Адчайна замахаў рукамі. І раптам адчуў — вір паслабляе свае абдымкі і ногі нібы вяртаюцца да жыцця. І ўсё ж не столькі ногі, колькі рукі, якія доўгія гады валілі лес, уратавалі яго. І ён паплыў да сына.

— Валя, назад, назад! — крычаў яму.

І сын паслухаўся, спыніўся. Але да берага не павярнуў: не мог, аслабеў.

Падхапіў яго бацька, калі ён ужо захлынаўся.

Валіка адкачалі, але ачуньваў ён марудна. Пяць дзён і начэй маленькія рукі сціскалі падушку — трымаліся за татку.

Бабуля сядзела на краёчку пасцелі.

— От малайчына! — узрадавалася, калі ён расплюшчыў вочы. — Як ты, унучак?

Валік не адказаў. Убачыў на супрацьлеглай сцяне бацькаву фотакартку ў драўлянай рамцы. Ражок рамкі чамусьці быў абвязаны чорнай стужкай.

Ён яшчэ не разумеў, што гэта азначае, і з неўразуменнем паглядзеў на бабулю. Але тая нічога не сказала.

Міне шмат гадоў, перш чым Валік уведае праўду: чалавек, якога ён называў таткам, быў яго дзядзькам — малодшым братам бацькі, расстралянага праз два месяцы пасля нараджэння сына.

І яшчэ адна таямніца раскрыецца Валіку: дадзеную ў лагеры землякам-вязням клятву — адпомсціць кaту — бацькаў брат стрымаў. Дарагой цаной абярнулася помста: каб не здавацца жывым, дзядзька наклаў на сябе рукі. Гэта адбылося на трэці дзень пасля ягонага вяртання з лагера.

Тры дні пабыў ён на волі. Тры дні. Адзін з іх быў аддадзены пляменніку. І Валік не забудзе той дзень ніколі.


© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.