Друкаваць | Закрыць

Непамяркоўныя
Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...


Адрас у iнтернэце: http://www.marakou.by/by/prose/nepamjark/index_240.html

Ганна Цімафееўна

— Таварышы камсамольцы! — падняў руку, заклікаючы да асаблівай увагі, сакратар Жлобінскага гаркама камсамолу — таварыш з гучным, але зусім не камсамольскім прозвішчам Сенатараў. — Задумайцеся, якое высокае слова я зараз сказаў: камсамольцы! А гэта ж — малодшыя браты камуністаў! Надзейная змена і апора партыі! Будучыня нашай краіны! І таму… — зрабіў паўзу сакратар і строга агледзеў клас. — І таму я заклікаю вас не адмоўчвацца, не сядзець з абыякавым выглядам, не ўхіляцца ад адказу на складанае, падкрэслю, пытанне. Вы абавязаны шчыра і адкрыта выказаць сваю думку. Даць ацэнку прыхвасням паўзучай контррэвалюцыі! І тым, хто разам з імі! Імем роднай Камуністычнай партыі я патрабую…

Аня сядзела за першай партаю ў сукенцы ў дробны сіні гарошак (модная тады матэрыя) і не бачыла выступоўца, не бачыла нічога навокал. Здрадлівыя слёзы, як ні стрымлівала іх, пацяклі з вачэй і засцілі белы свет. Вузкія плечукі ўздрыгвалі.

«За што?! — абуралася яна. — Што я каму благое зрабіла?»

Толькі летась Аня скончыла Менскі педагагічны тэхнікум, ці, як называў іх альма-матэр яе аднакурснік, паэт і рэдактар студэнцкага рукапіснага часопіса «Крыніца» Валодзя Гуцька, што падпісваў свае вершы псеўданімам Дудзіцкі (нарадзіўся ў вёсцы Дудзічы), — «царскасельскі ліцэй»: амаль усе навучэнцы паходзілі з вёскі, а большасць выкладчыкаў яшчэ за царом Мікалаем вучыла моладзь. Па размеркаванні Аню паслалі сюды, у Жлобін. У школе-дзевяцігодцы вучыліся ў асноўным дзеці чыгуначнікаў. Настаўніцкі калектыў сустрэў маладую каляжанку вельмі прыязна. Ганне даручылі класнае кіраўніцтва выпускным 9 «А». На камсамольскім сходзе абралі сакратаром школьнай ячэйкі. Узрадавалі ў дадатак нечаканай, але вельмі прыемнай інфармацыяй: для настаўнікаў іх школы раз у год (вядома ж, у час адпачынку) праезд па чыгунцы ў любы пункт Савецкага Саюза — бясплатны. Значыць, збудзецца даўняя, яшчэ з маленства, Аніна мара — пабываць на поўдні, паплаваць у Чорным моры. Там, дзе чакала свайго прынца Асоль.

А зусім нядаўна адбылася падзея, пасля якой у Ані і зусім быццам крылы выраслі: яна выйшла замуж. За сваё першае каханне — аднакласніка Лёню Маракова, і, дарэчы, сябра Валодзі Гуцькі-Дудзіцкага.

Лёня, як і абяцаў, не забыў яе. Пасля сканчэння універсітэта, як толькі атрымаў дыплом, прыехаў да яе ў Жлобін. І не проста прыехаў, а з прапановаю рукі і сэрца. Прапанова была выказана крыху напышліва, але элегантна, шляхетна — як самым што ні ёсць «царскасельцам». Яна не стрымалася — рассмяялася, гледзячы на яго, збянтэжанага і нечакана анямелага, а пасля — расплакалася. Ад шчасця. Ад бязмернай радасці, што перапоўніла ўсю яе істоту. Плакала, а душа спявала: «Божа, і навошта ж мне гэтак многа адной? Няхай усім-усім будзе таксама хораша і лёгка!»

Тут жа, у Жлобіне, зладзілі сціплае — вядома ж, камсамольскае — вяселле. Сціплае, але гарэзлівае і прыгожае. З песнямі, скокамі, гульнямі і жартаўліва-сімвалічнымі падарункамі.

Пад вечар у хату нечакана ўваліўся ўвесь Анін клас. Смяяліся, спявалі хорам: «Наш паровоз, вперед лети, в коммуне остановка! Иного нет у нас пути — в руках у нас винтовка!». Смяяліся, не задумваючыся над сэнсам слоў, якія спявалі. А спявалі і танцавалі да ранку. Здавалася, жыццё цудоўнае і будучыня бязвоблачная. І на табе — удар у спіну. Бяда, што звалілася невядома адкуль. Вось ён, атрымліваецца, які прыпынак! Вось куды бясплатны паравоз ляціць!

«За што?!» — паўтарала, апусціўшы галаву і намагаючыся стрымаць слёзы.

— Прашу, таварышы камсамольцы!

Сенатараў зрабіў паўзу, чакаў, хто захоча выступіць. Не дачакаўшыся, прадоўжыў, і ў голасе загучалі ўжо пагрозлівыя ноткі:

— Калі клас такі несвядомы і не выяўляе жадання выказацца, дык пытанне, на якое мы абавязаны сёння ж даць адказ, я стаўлю наогул без абмеркавання. Такім чынам: хто за тое, каб выключыць з камсамолу цяпер ужо былога класнага кіраўніка 9 «А» і сакратара ячэйкі, і пакуль яшчэ — удакладняю, пакуль! — настаўніцу геаграфіі Ганну Цімафееўну Рабкову, прашу падняць рукі!

Выпускнікі па-ранейшаму моўчкі таропілі вочы ў парты.

— Што такое? — Сенатараў павысіў голас, зрываючыся на крык. — Як гэта разумець? Хіба я кепска растлумачыў? Для тых, да каго не дайшло, — нагадваю. Ваша настаўніца Ганна Цімафееўна Рабкова стала жонкаю Леаніда Змітравіча Маракова. Можа быць, не падумаўшы, пагарачыўшыся? Не, больш чым усвядомлена! Яна ўсё ведала і цудоўна разумела, з кім звязвае свой лёс. Хто такі Леанід Маракоў? Недачулі? Паўтараю! Ягоны бацька летась быў асуджаны як адзін з кіраўнікоў антысавецкай рэлігійнай арганізацыі. А старэйшы брат Валеры — зацяты нацыяналіст, які прабраўся нават у Саюз пісьменнікаў, — арыштаваны месяц таму.

І зноў ніякай рэакцыі. Рукі выпускнікоў быццам прыліплі да партаў.

«Не здаюцца, — падумала Аня. — Шкадуюць мяне. А сябе пад удар падстаўляюць».

Цярпенне ў Сенатарава лопнула.

— Змова! Усю школу заразай запаланіла! — ужо лямантаваў ён. — Давядзецца на бліжэйшым бюро гаркама паставіць пытанне пра камсамольскую арганізацыю школы ў цэлым! Разабрацца, што тут у вас адбываецца.

«Не, так няможна! — спалохалася не за сябе — за вучняў Аня. — Калі не прагаласуюць — возьмуцца і за іх. Могуць і атэстаты не выдаць. Як не выдалі Косцю Вашыне і Сяргею Астрэйку». Косцю (сябра разгромленага літаб’яднання «Узвышша», які меў у друку ўжо даволі вядомае імя Лукаш Калюга) падставіў плюгавенькі, але галасісты і «нядрэмны» Айзік Кучар: на агульным сходзе навучэнцаў назваў яго ўзвышэнскім лазутчыкам і пачынаючым нацдэмам. На Астрэйку ж данёс іншы, ананімны сексот. Сяргей быў вялікі аматар пажартаваць. Абрэвіятуру СВБ на значку Саюза ваяўнічых бязбожнікаў ён расчытаў як Саюз вызвалення Беларусі. Дорага каштаваў Сяргею гэты жарцік: выключылі з тэхнікума разам з Косцем. Не выдалі ім дыпломаў, хоць абодва ў газетах і часопісах друкаваліся. Між іншым, неўзабаве друкаваць іх перасталі. «А за Гулівера ж, як называлі хлопцы Косцю (рост болей за два метры!), сам Кузьма Чорны заступаўся. На агульнай фатаграфіі выпускнікоў Сяргей і Косця ёсць, а дыпломаў у іх — няма! Няма дыпломаў! А няма дакумента — няма чалавека. Так і з маімі выпускнікамі можа здарыцца. Што ж рабіць? Што?»

Нечакана Аня ўспомніла свайго настаўніка матэматыкі Аляксандра Пятровіча Круталевіча. Вясёлы, няўрымслівы быў чалавек! Вучыў іх, будучых настаўнікаў, не толькі іксам і ігрэкам, але і таму-сяму іншаму. Не здавацца, пераадольваць цяжкасці, шукаць выйсце з любых, нават самых тупіковых сітуацый. «Выйсце ёсць заўсёды!» — казаў Аляксандр Пятровіч.

Таксама нечакана, само сабою, прыйшло рашэнне: «Трэба выйсці, не бянтэжыць вучняў. Пры мне яны нізавошта не прагаласуюць. Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, амаль мае равеснікі. Бедныя, як вам цяжка! Так, я павінна выйсці! Зараз жа выйсці!»

Аня ўстала і рушыла да дзвярэй.

Сакратар гаркама праводзіў яе з адкрытым ротам і ўзнятымі ўгору брывамі.

Спахапіўся, заверашчаў:

— Вось бачыце! — зларадна ўхмыльнуўся і паказаў пальцам на зачыненыя Аняй дзверы. — На злодзеі шапка гарыць! Цяпер да вас дайшло, каго шкадавалі, каго не рашаліся выключыць? Так-так, яна не вартая таго, каб з-за яе ставіць пад пагрозу сваю будучыню. Спадзяюся, вы ўцямілі гэта? Тады вернемся да пастаўленага пытання…

Але яшчэ амаль дзве гадзіны спатрэбіліся Сенатараву, каб запалохаць вучняў і прымусіць прагаласаваць за выключэнне іх настаўніцы з камсамолу. Ён ужо не мог адступіць, не дабіўшыся свайго. Страх падганяў сакратара, прымушаў шукаць усё новыя доказы і аргументы, каб зламаць вучняў. Ён ажно спацеў ад раптоўнай думкі: што будзе, калі не ўдасца пераканаць? Вынікі могуць быць жахлівыя. Можа і ён загрымець следам за дзеверам жаўтаротай настаўніцы!

Гэты жах і падганяў яго, змушаў не здавацца. Ён змагаўся ўжо не за перамогу рэвалюцыйнай справядлівасці, а за самога сябе, за сваю ўласную будучыню. Біўся аддана і заўзята. Успомніў і пра фашысцкую пагрозу, і пра імперыялістычнае акружэнне, і пра абвастрэнне класавай барацьбы, і пра тое, што кадры рашаюць усё і, такім чынам, яны павінны быць крыштальна чыстымі.

У рэшце рэшт галодныя, стомленыя і зняможаныя напышлівымі і грознымі словамі вучні здаліся — прагаласавалі за выключэнне.

— Вось і малайцы! — з палёгкаю ўздыхнуў сакратар гаркама. — Даўно б так! Сапраўднымі камсамольцамі сябе паказалі!

«Ды ўжо ж, паказалі! — спустошана думаў Віталік, улюбёнец Ганны Цімафееўны і першы вучань у класе, які сядзеў за другой партаю. Гэта ён задумаў і наладзіў “культпаход” на вяселле класнай. — Камсамольцамі, але — не людзьмі!»

Аня выскачыла са школы і паімчалася дахаты. Зусім не як настаўніца, а як незаслужана, бязвінна пакрыўджаная школьніца: бегла не азіраючыся, нібы за ёю гналіся. Суцешыць яе ў маленькай кватэры-падменцы не было каму. Лёня паехаў у Менск — злягла маці: не прайшлі бясследна арышт мужа і старэйшага сына. Зачыніўшы за сабою дзверы, Аня дала волю слязам — плакала няўцешна, нібыта і сапраўды была маленькай, усімі пакінутай школьніцай.

Пазней, бліжэй да ночы, яна ўсё ж прымусіла сябе супакоіцца і ўзялася за план заўтрашняга ўрока. «Работа — лепшы лекар», — успомніла параду добрага і мудрага Антона Юр’евіча Лёсіка, які чытаў у тэхнікуме курс літаратуры. З удзячнасцю падумала: настаўнік назаўсёды застаецца са сваімі вучнямі. Калі ён сапраўдны настаўнік — як Антон Юр’евіч. Добра было б стаць такой настаўніцай і ёй. Значыць, трэба працаваць. Працаваць, вучыць дзяцей нягледзячы ні на што!

Новая, дадатковая, спушчаная зверху толькі на мінулым тыдні тэма была неабсяжнай, адказнай і вымагала процьмы часу: эканамічна-палітычнае становішча Злучаных Штатаў Амерыкі. «Ворагаў трэба ведаць!» — абгрунтавалі сваё нечаканае рашэнне таварышы. «Ворагаў трэба ведаць! Ворагаў трэба ведаць!» — звінела ў галаве. Але паступова Аня захапілася, ачулася ад непамернага гора і адчаю, што абрынуліся на яе. Забылася, заблукала ў джэк-лонданаўскай суровай Алясцы, у фантастычных нью-йоркскіх хмарачосах, у бяскрайнім каўбойскім Тэхасе. Ужо далёка за поўнач перачытала «Дары вешчуноў» О’Генры і зусім супакоілася: «Свет не канчаецца на Жлобінскім гаркаме камсамолу, — сказала ледзь не ўголас. — Ды і амерыканцы ніякія не ворагі нам і ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву».

Але раніцай, збіраючыся ў школу і ўспомніўшы, што яна ўжо былы класны кіраўнік, былы сакратар ячэйкі, а неўзабаве стане і былой настаўніцай з воўчым білетам, Аня зноў панікла. Як і ўчора ў класе, яе ахапілі адчай і страх. Няўжо яна не зможа працаваць? Няўжо ёй забароняць вучыць дзяцей? Як жа тады жыць? Што будзе з мужам? Лёню таксама звольняць з працы і арыштуюць, як арыштавалі бацьку і брата? Пытанні неадчэпна лезлі ў галаву. Аня не знаходзіла сабе месца. Дапамог Лёня. Падумаўшы пра яго, яна засаромелася сваёй слабасці, узяла сябе ў рукі, хуценька сабралася і выправілася на работу.

Да канца сваіх дзён Аня не забудзе той сонечны майскі ранак! Не забудзе, як ішла ў школу — з адчуваннем, быццам ідзе на свой першы ўрок. Не забудзе, як уваходзіла ў клас і як стаяла каля дошкі, быццам няшчасная, бездапаможная практыкантка. Не забудзе, як палалі ў яе шчокі, як крышылася і выслізгвала з пальцаў крэйда, прападаў голас, блыталіся думкі. О, як ёй хацелася скокнуць у адчыненае за два крокі ад яе акно.

Напісаны напярэдадні план урока ляжаў перад Аняй, але яна нібы забылася пра яго. Не стала нікога і выклікаць, каб замацаваць пройдзенае на мінулым уроку. Адразу распачала новую тэму. Расказвала грунтоўна, нават, здавалася, захоплена, а погляд быў скіраваны туды, у выратавальнае акно.

Вучні слухалі моўчкі, але наўрад ці чулі, што яна казала. Яны сядзелі, як напярэдадні на сходзе — апусціўшы галовы. Ім было сорамна. Страшэнна сорамна. Узняць вочы на Ганну Цімафееўну ніхто з іх не асмеліўся.

У тую пятніцу, 29 мая 1935 года, як і па ўсёй краіне, у Жлобінскай чыгуначнай школе заканчваўся навучальны год. Неўзабаве для выпускнікоў прагучыць апошні званок. Але гэта не радавала. Яму, 9 «А», не хапіла двух дзён, каб скончыць школу без агіднага, пакутлівага пачуцця ўласнай здрады.

Аня акінула вачыма клас. Ёй было шкада гэтых дзяўчат і юнакоў. Ёй хацелася думаць, што зробленае імі — не здрада, а слабасць. І сама ж яна — слабая істота: вабіла акно. Лёгка здацца, зламацца, сысці. Цяжэй — змагацца…

— Трэба змагацца! — не заўважыла, як прамовіла не сама сабе — голасна.

— І будзем змагацца! — падтрымаў яе Віталік.

Адзін з трыццаці шасці выпускнікоў 9 «А».

Адзін.


© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.