![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Галоўная » Проза » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...
Лёнік ішоў з бацькам па вуліцы і ціхенька, сам сабе, радаваўся. Бадай, недарэчна так вось проста ўсміхацца, але шчасце, гонар і нейкае новае, упершыню зведанае пачуццё перапаўнялі яго.
Суседзі глядзелі на іх не зводзячы вачэй. А Лёнік ганарліва мінаў адны веснічкі, другія. Ён ужо вялікі — татку аж па плячо! Ён усё і ўсіх разумее. Толькі не гэтых, што, як па камандзе, пасталі ля весніц і кланяліся ім:
— Дабрыдзень, дабрыдзень, са шчаслівым вяртаннейкам!
— Нарэшце маці дачакалася!
— І сынок, гляньце, як вырас! Як вырас!
— А вы, Уладзімір Змітравіч, малайцом, малайцом...
— Добры дзень, — чулася ў адказ.
«Татка, вядома ж, малайчына, а вы? — думаў рана пасталелы Лёнік. — Дзе былі вы, калі цкавалі татку? Калі білі татку? Калі забіралі татку? Дзе былі вы, калі арыштоўвалі дзеда, які паставіў на гэтай вуліцы першы дом, паклікаў з Далёкага Усходу сваіх аднапалчан, вашых дзядоў? Чаму яны грудзьмі стаялі адзін за аднаго, змагаючыся з японскімі самураямі, а вы — спалохаліся нейкага чорнага «варанка»? Чаму не перакулілі яго, не спалілі, не прагналі прэч начных шакалаў, што прыехалі па татку? Чаму, як пацукі, зашыліся ў норы і, калоцячыся, стаіўшы дыханне, чакалi, пакуль не здох галоўны шакал? Што бачылі вы ў сваім пацучыным жыцці? А татка бачыў пекла! Ён яго ўжо бачыў, а ў вас яшчэ ўсё наперадзе...»
— Дабрыдзень, дабрыдзень, са шчаслівым вяртаннейкам!
Лёнік з таткам праходзілі паўз чарговыя весніцы...
Інквізіцыя
Я ніколі не дарую ім пакутніцкай смерці вялікага Джардана Бруна, як і гібелі той зніклай у прадонні часу чарнавокай красуні-вядзьмаркі, якой яны распаласавалі жалезам чуйныя маладыя грудзі, распаленымі абцугамі знявечылі пяшчотныя рукі і стройныя ногі, бізуном распісяжылі гнуткую спіну, каб урэшце спаліць на кастры.
Я ніколі не дарую ім расстрэлу майго дзядзькі, любімага вучня Янкі Купалы, паэта Валерыя Маракова. Рана ці позна, у гэтым ці тым жыцці — адшукаю катаў.
Чакайце, гніды! Дрыжыце! І не ўздумайце здохнуць да майго прыходу!
З вогнішчаў пачалі — на іх і скончыце!
Слабасць
Я — слабы. Створаны з савецкага генетычнага матэрыялу, запалоханы школаю, камунякамi, мянтамi, невядомасцю, лёсам, я — слабы, зусім слабы.
Я — адзiн.
Але я — чалавек.
І таму я рызыкую, пiшу, вяртаю з цемры гiстарычнай несправядлiвасцi выкрасленыя нелюдзямі iмёны.
Чаму чорна-шэры кардынал Пятро Глебка стаiць на ўвесь рост на прэстыжных Маскоўскiх могiлках, а празаiк з задаткамі генiя Лукаш Калюга расстраляны на ўзлёце і пахаваны ў адной з ямаў-могiльнiкаў людажэркі Сiбiры? Сотні, тысячы безыменных магіл! А між тым на праспекце Ф. Скарыны, амаль насупраць колішняй кавярнi «Вясна» (так называлася і першае апавяданне Лукаша Калюгi — лёс!), на месцы якой у трыццатыя гады знаходзiўся Дом пiсьменнiкаў, у бура-шэрым будынку (дзе знiшчалi гэтых пiсьменнiкаў — зноў лёс!) служаць людзi, якiм варта паварушыць пальцам — і мы даведаемся, дзе ляжаць класiк беларускай лiтаратуры Максiм Гарэцкi, географ Мiкалай Азбукiн, акадэмiкi Язэп Лёсiк і Вацлаў Ластоўскi, рэдактар «Нашай нiвы» Аляксандр Уласаў, пачынальнiк беларускай лiтаратурнай крытыкi Адам Бабарэка, краязнавец Мiкалай Каспяровiч, паэты Уладзiмiр Хадыка, Сяргей Фамiн, Сяргей Дарожны, Мікола Гваздоў, Сяргей Ракiта, Янка Тумiловiч, Сяргей Астрэйка, драматург Васіль Шашалевiч, яго брат сатырык Андрэй Шашалевіч (А. Мрый), празаiкі Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, мовазнаўца Язэп Воўк-Левановiч, адзiн з арганiзатараў і кiраўнiкоў Слуцкага паўстання Павел Жаўрыд, журналiсты Радыён Шукевiч-Траццякоў і Сяргей Знаёмы, правазнаўца Рыгор Парэчын, доктар і лiтаратар Павел Каравайчык, сотнi iншых бязвінна забітых. Дзе ў Мiнску закапалі дваццаць два лiтаратары, расстраляныя ў «амерыканцы» ўначы з 28 на 29 кастрычнiка 1937 года? Дваццаць два за адну ноч! Дзе?
І быў жа шанец даведацца. Яшчэ ўчора. На пачатку 1990-х. Прапусцiлi. Наплявалi на гiсторыю! Увесь час плюём на гiсторыю! Не хочам яе ведаць. Не хочам умацоўваць падмурак, на якiм стаiм. Стаiм, не рыпаемся, не варушымся, маўчым. Стаiм у балоце і маўчым. Маўчым і сыходзім у дол. Багна засмоктвае. Паволі, непрыкметна. Усё глыбей паглынае нас. Дзесяць мiльёнаў. Як тады тых дваццаці двух літаратараў...
Гiсторыя паўтараецца.
Козыраўская царква
Некалі ля чыгуначнага прыпынку «Мінск-Паўднёвы» (цяпер раён вуліцы Вялікаморскай) стаяла Козыраўская царква. Ад пачатку 1933 года ў ёй дзейнічаў цэнтр падпольнага антыбальшавіцкага і антыкалгаснага супраціўлення, арганізаванага шэрагам рэлігійных дзеячаў і тутэйшых жыхароў: епіскапам Мінска Мікалаем Семянякам (першы раз асуджаны за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да двух гадоў пазбаўлення волі ў 1925 годзе), протаіерэямі Уладзімірам Бірулем і Аляксандрам Яхневічам, настаяцелямі Козыраўскай царквы Янкам Зенюком (цесць беларускага паэта Янкі Бобрыка), Агабам Камягам (бацька дзевяцярых дзяцей), Мікалаем Цымінскім, ігуменам Ніканам (Мікалаем Вараб’ёвым), старастам царквы Дзмітрыем Мараковым (бацька беларускага паэта Валерыя Маракова), былымі манашкамі Спаса-Праабражэнскага манастыра (знаходзіўся на вуліцы Праабражэнскай, цяпер Інтэрнацыянальная; закрыты ў 1920-я гады), пасля актыўнымі прыхаджанкамі Козыраўскай царквы Аленай Галкінай, Ефрасінняй Гутар, Ксеняй Лецка, Еўдакіяй Лукашэвіч, Ганнай Палянскай, Наталляй Сон (Зон), прыхаджанкамі Марыяй Ерахавец, Марыяй Палойкай, Ганнай Мініч, прыхаджанамі Міхаілам Вішкоўскім (Віткоўскім), Міхаілам Дзігілевічам (Дзегелевічам), Паўлам і Пятром Копацямі, Пятром і Рыгорам Макарчукамі, Іванам Пратасевічам, Усеваладам Тыдманам, Фёдарам Працішчэвічам, Ігнатам Скромным, Еўдакімам Судаковым, Андрэем Тумарам, Іванам Філіповічам, Аляксандрам і Кірылам Чыстымі.
Настаяцеляў Козыраўскай царквы Мікалая Цімінскага (Цымінскага), Аляксандра Яхневіча, ігумена Нікана «вылічылі» і арыштавалі амаль адразу — у ноч з 4 на 5 красавіка 1933 года. Былых манашак — троху пазней, 27 красавіка. Усіх выслалі ў Сібір.
Прынятыя меры палічылі дастатковымі, і да мая 1935 года (калі ў арганізацыю пралез правакатар) іншыя святары і прыхаджане заставаліся на волі.
10 жніўня 1935 года на пасяджэнні спецыяльнай судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР было зачытана:
В Минске [антисоветскими элементами] под покровом церкви и исполнения религиозных обрядов происходило обрабатывание в антисоветском духе населения города и ближайших районов… тормозилось колхозное строительство и другие хозяйственно-политические кампании, имели место массовые выезды крестьян… и только после ареста этой контрреволюционной группы… в деревнях начался массовый прилив в колхозы…
Члены арганізацыі атрымалі ад пяці да дзесяці гадоў пазбаўлення волі (потым «сціплыя» тэрміны павялічылі або замянілі расстрэлам).
Пасля працэсу Козыраўскую царкву бальшавікі разбурылі, але ў 1943 годзе, нягледзячы на цяжкі ваенны час, мясцовыя жыхары адбудавалі яе зноў (пад кіраўніцтвам протаіерэя Іосіфа Голуба, асуджанага за гэта ў снежні 1945-га да 5 гадоў катаржных работ і этапаванага ў Паўночна-Уральскі канцлагер МДБ Свярдлоўскай вобласці).
Пасля прыходу Чырвонай арміі сталінскія апрычнікі, як і калісьці, зраўнялі царкву з зямлёй.
У адліжныя 1960-я і перабудовачныя 1990-я гады ўдзельнікаў судовага працэсу «дваццаці пяці» рэабілітавалі, але адбудоўваць царкву не было каму: амаль ніхто з рэпрэсаваных з канцлагераў не вярнуўся.
Няма ў Козыраве царквы і дасюль і, бадай, ніколі не будзе: вынішчылі тых, каму яна была патрэбна.
Рукапісы гараць
Гады тры назад, калі шукаў матэрыялы для зборніка твораў Валерыя Маракова і кнігі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, у раздзеле «Хроніка» часопіса «Полымя» (1928. № 10) прачытаў наступныя радкі: «В. Маракоў піша новую паэму “Рабінавая ноч”». Праз паўгода «Полымя» (1929. № 3) удакладніла: «Новая паэма будзе друкавацца ў нашым часопісе». Пацвердзіў гэта і «Маладняк» (1929. № 3): «У “Полымі” рыхтуецца да друку паэма “Рабінавая ноч”, там жа друкуецца “Мая паэма”» (паводле слоў аднаго крытыка, які набудзе пазней шырокую вядомасць, — «глыбока-песімістычная» і накіраваная «супраць пралетарыяту»). Урэшце, паэма «Рабінавая ноч» па прычыне «нацдэмаўскага ўхілу» надрукавана не была.
У шасцітомным выданні «Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік» ёсць звесткі (Т. 4. С. 209), што 25 лістапада 1928 года «Чырвоная змена» надрукавала ўступ да паэмы. Пасля доўгіх пошукаў высветлілася: у Беларусі гэты нумар газеты не захаваўся.
Праз колькі месяцаў мне патэлефанавалі з Нацыянальнай бібліятэкі. Загадчыца Беларускага аддзела Людміла Рабок паведаміла, што яе калега з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалай Нікалаеў прыслаў з Санкт-Пецярбурга ўступ да «Рабінавай ночы». На жаль, толькі ўступ. Сама паэма не знойдзена дагэтуль.
Першага жніўня 1937 года на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» сярод тысяч рукапісаў беларускіх пісьменнікаў разам з невядомымі, спыненымі цэнзурай або напісанымі «ў стол» і арыштаванымі творамі М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, П. Галавача, У. Галубка, Ц. Гартнага, М. Гваздова, С. Дарожнага, А. Дудара, М. Зарэцкага, С. Знаёмага, В. Каваля, Т. Кляшторнага, Д. Курдзіна, Ю. Лявоннага, Я. Нёманскага, З. Піваварава, С. Ракіты, А. Розны, В. Сташэўскага, Б. Тарашкевіча, У. Хадыкі, І. Харыка, М. Чарота, В. Шашалевіча і многіх іншых гарэў і адзіны экзэмпляр паэмы Валерыя Маракова «Рабінавая ноч».
Выслоўю рукапісы не гараць я цяпер не веру.
Адзіны ў гісторыі
Яго — і не аднойчы! — як прапагандыста ўсяго беларускага яшчэ да вайны арыштоўвала польская дэфензіва, у 1944-м расстрэльвала фашысцкае СД (быў паранены, але прыкінуўся мёртвым, што і выратавала), прысуджалі да дзесяці гадоў зняволення бальшавікі ў пераможным для іх 1945-м (адбыў на Калыме — трынаццаць), а ён, вярнуўшыся на Радзіму амаль пенсіянерам, здолеў захаваць у душы дабрыню, сентыментальнасць і нават нейкую дзіцячую наіўнасць: выразаў з перыёдыкі свае творы або рэцэнзіі на іх, проста ўпаміны пра сябе і збіраў-наклейваў іх у сшытку — калекцыянаваў.
Не сумаваў ён і калі яго, паэта з даваенным стажам, на чые вершы былі напісаны папулярныя песні, доўга не прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Сябрам Саюза ён стаў толькі за некалькі гадоў да смерці.
Ён ледзь не дацягнуў да дзевяноста (які генетычны запас трываласці быў у арганізме гэтага чалавека!), але так і не ўведаў, што менавіта ён, Сяргей Новік-Пяюн, з’яўляецца адзіным у гісторыі Беларусі літаратарам, якога арыштоўвалі тры рэжымы, што гэтак ненавідзелі адзін аднаго.
Няма сюжэтаў...
Многія пісьменнікі скардзяцца: пры Бязродным-Усенародным у краіне пануе такі застой, склалася такая тупіковая сітуацыя, такая безвыходнасць, што зусім няма пра што пісаць — няма сюжэтаў! Не ўвекавечваць жа, урэшце, яго, Бязроднага!
Зазірніце ў біябібліяграфічны шасцітомнік «Беларускія пісьменнікі», спадарове! Якія трагічныя, неардынарныя лёсы ў нашых жа братоў па пяры Вінцука Адважнага, Францішка Аляхновіча, Змітрака Астапенкі, Міхася Багуна, Міколы Байкова, Янкі Бобрыка, Ядвігі Бяганскай, Анатоля Бярозкі, Змітра Віталіна, Уладзіслава Галубка, Алеся Гародні, Міколы Гваздова, Станіслава Грынкевіча, Ігната Дварчаніна, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Дудзіцкага, Кастуся Езавітава, Янкі Журбы, Рыгора Крушыны, Янкі Ліманоўскага, Язэпа Мамонькі, Сяргея Новіка-Пеюна, Міхайлы Піятуховіча, Язэпа Пушчы, Алеся Салагуба, Алеся Салаўя, Сяргея Фаміна, Міколы Цэлеша, братоў Васіля і Андрэя Шашалевічаў і безлічы іншых.
Ды й Бязроднаму, калі на тое пайшло, не шкодзіла б аддаць належнае...
Не дажылі
Не дажылі да нашага часу таленты, што з’явіліся ў эпоху адноснага рэнесансу (вызначэнне Уладзіміра Сядуры), гэтак званага перыяду беларусізацыі (1920–1929). У 1930—1940-я гады былі расстраляны, загінулі ў турмах і канцлагерах, памерлі ад катаванняў: Сяргей Астрэйка, Міхась Багун, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Вільгельм Гараўскі, Мікола Гваздоў, Сяргей Дарожны, Ігнат Дварчанін, Анатоль Дзяркач, Алесь Дудар, Генрых Жарскі, Уладзімір Жылка, Міхась Зарэцкі, Сяргей Знаёмы, Васіль Каваль, Лукаш Калюга, Андрэй Капуцкі, Тодар Кляшторны, Сымон Куніцкі, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Ларыса Марозава, Зяма Півавараў, Сяргей Ракіта, Леапольд Родзевіч, Сяргей Русаковіч, Алесь Салагуб, Юлі Таўбін, Аляксей Траецкі, Сяргей Фамін, Янка Чабор, Кузьма Чорны, Макар Шалай, Андрэй Шашалевіч (А. Мрый), Васіль Шашалевіч…
Гаворачы пра «наш час», я маю на ўвазе канец 1980-х — пачатак 1990-х — пяцігодку, калі быў шанец вырвацца на свабоду.
Не дажылі да нашага часу і сотні іншых самародкаў зямлі беларускай. Кожны з іх быў па-свойму непаўторнай індывідуальнасцю, валодаў дарам, які выкрышталізаваўся за стагоддзі. Рэпрэсіі, што прыйшлі на змену беларусізацыі, не далі ім мажлівасці раскрыцца, заззяць ва ўсёй велічы свайго таленту. У дзяржаве-турме яны былі небяспечныя, і іх забілі. Інтэлектуальны генафонд нацыі, напрацаваны за вякі, у 1930—1940-я гады быў практычна вынішчаны...
Як адраджалася наша літаратура? Якія новыя таленты з’явіліся ў ёй за апошнія пяцьдзесят гадоў?
У прозе — Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Мележ, Янка Брыль, Іван Шамякін…
У паэзіі — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў, Аляксей Пысін, Міхась Стральцоў, Яўгенія Янішчыц…
У крытыцы — Алесь Адамовіч, Рыгор Бярозкін, Варлен Бечык…
Залатая дваццатка набярэцца, але… Колькі яшчэ пакаленняў будзе адраджацца нацыя, пакуль верне тыя сотні?
Страх
Прыехаў у сяло Мрочкі, што пад Уздой, на радзіму паэта Віктара Казлоўскага. У трыццатыя энкавэдысты яго не расстралялі (у адрозненне ад большасці ягоных калегаў па пяры), але да вар’яцтва давялі. У вайну, баючыся ўласнага ценю, ён не зацікавіў ні немцаў, ні партызанаў і, харчуючыся падножным кормам, дачакаўся ў сваёй зямлянцы вяртання тых, хто некалі і забраў у яго розум і памяць. «Вызваліцелі» адразу і з новымі сіламі ўзяліся за сваю святую справу па адшукванні недабітых імі да вайны нацдэмаў, але Казлоўскага не кранулі. У гэтым плане бальшавікі былі вялікія гуманісты: вар’ятаў не расстрэльвалі. Навошта? Сам памрэ, і кулі марнаваць не давядзецца. Аднак паэт не памёр і яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў правёў у зямлянцы, толькі зрэдку вылазячы на белы свет у пошуках хлеба. Падчас адной з такіх вылазак забытага Богам Віктара Казлоўскага і прыкмеціў нехта, хто пазней паведаміў пра «знаходку» ў Саюз пісьменнікаў. Суполка працаўнікоў пяра ў бядзе былога калегу не пакінула, і праз нейкі час ён перабраўся ў больш-менш прыстойны дамок. Прызначылі яму і пенсію: не паміраць жа ў новым жытле з голаду.
Віктару Казлоўскаму — пашчасціла: у адрозненне ад яго сяброў-паэтаў Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Сяргея Дарожнага, Уладзіміра Хадыкі яго не расстралялі ў сутарэннях НКВД, не згнаілі ў ГУЛАГу, а — пахавалі на Радзіме. На Радзіме, захопленай расейцамі. Па-расейску і чытаем на помніку:
Писатель Козловский Виктор Иванович.
Р. 6 сентября 1905 г. Умер 24 февраля 1975 г.
Память брата и племянников.
Як расказвалі ў пачатку 1990-х гадоў двое сяброў паэта, якія тады яшчэ былі жывыя, шматлікія спробы знайсці кантакт з Віктарам, вярнуць яго да літаратурнай дзейнасці сустракалі з боку апошняга катэгарычную адмову. Страх жыў нават у яго замглёнай свядомасці.
Дзе?
Дацяміў, чаму Хармс ненавідзеў старых жанчын. Дацяміў, але да пачуццяў ягоных не далучыўся. Ён іх проста ненавідзеў, я ж шукаў адказ на пытанне: чаму неадукаваныя бабулі гэтак бясконца доўга жывуць?
Прыехаў на малую радзіму даведзенага ў трыццатыя энкавэдыстамі да страты розуму Віктара Казлоўскага. І хто адзіны памятаў яго як паэта? Суседка, дзевяностагадовая непісьменная старая: «Ох, і любіў да вайны Віцька ў клубе выступаць! — ашаламіла, але на гэтым не супакоілася і амаль з маладым імпэтам выдала:
Юных дзён нявыпітае шчасце
Ўзніме бунт стрывожанай душы.
Беларусь не будзе больш бадзяцца, —
Залатым убраннем прашуршыць.
Як цяпер памятаю яго чорную густую чупрыну, непакорлівую і пад шапкай, і пад подыхам ветрыку».
Так-с… Вось табе і непісьменная…
Наведаў у Скварцах, што пад Дзяржынскам, дом (правільней, тое, што ад яго засталося) Лукаша Калюгі, па словах Максіма Гарэцкага — празаіка ад Бога. І хто расказаў, як Лукаш бегаў тут па лясах-лугах? Запісваў даўнейшыя песні, словы і звароты народнай мовы? Боскае стварэнне са зморшчаным тварам-гармонікам і целам васьмігадовага дзіцяці, ахінутым заношанай да дзірак і зблякласці ці то сукенкай, ці то халатам.
Запісаў на дыктафон успаміны маці непапраўнага, загінуўшага падчас вайны нацдэма (яго на трываласць інквізітары выпрабоўвалі тымі ж метадамі, што і некалі ерэтыка Джардана Бруна). Яна з бунінскім майстэрствам і дакладнасцю апісвала знешнасць Вацлава Іваноўскага і Кастуся Езавітава. З нецярпеннем прыімчаў дамоў, перанёс усё са стужкі ў камп’ютэр. Ледзь дачакаўшыся раніцы, панёсся падпісваць тое, што атрымалася. І займеў не подпіс, а — крываваты крыжык у ніжнім правым ражку апошняй старонкі.
Перачытаў напісанае і падумаў: няправільна, здаецца, стаўлю пытанне. Трэба высвятляць не чаму, а дзе. Дзе знайсці тую непісьменную бабулю, якая б расказала, як правёў дзяцінства расстраляны ў дваццаць восем гадоў ва ўнутранай турме НКВД мой дзядзька, беларускі паэт Валерый Маракоў?
Хата Лукаша Калюгі
Калі артыкул, які пісаўся да 90-годдзя з дня нараджэння Лукаша Калюгі, быў гатовы і засталося «аздобіць» яго фотаздымкамі, камп’ютэр паказаў, што захоўвае ў памяці толькі тыя некалькі здымкаў, якія былі змешчаны ў кнізе «Творы» (Мн., 1992) і паралельна, тады ж, — у перыядычным друку. У выніку пошукаў высветлілася, што і ў музеях-архівах рэспублікі няма ніводнага партрэта пісьменніка. Выхад у такім выпадку, як падказваў вопыт, быў адзін — ехаць на радзіму Лукаша Калюгі. Так было, напрыклад, з Віктарам Казлоўскім: у вёсцы Мрочкі (за 15 км ад Узды ў бок Капыля), дзе ён нарадзіўся, я знайшоў невядомы партрэт паэта.
Фотаздымкі з кнігі «Творы» сведчылі, што ў вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна захаваўся дом пісьменніка. Ёсць у кнізе і фотаздымак магілы ягонай маці. Але на месцы мяне, хаця і не адразу, чакаў сюрпрыз. «Старое кладбішча», як тут называюць даволі вялікую даваенную частку вясковых могілкаў, зарасло густым кустоўем і малінай. Пралазіўшы па гэтых «джунглях» дацямна, я так і не здолеў адшукаць магілу маці пісьменніка. Але — вада камень точыць. У наступны прыезд я быў больш упарты і, калі абшукваў чарговы «квадрат» могілак, нечакана наткнуўся на невялікую палянку, выцерабленую ў гушчары. Сэрца закалацілася, калі ўбачыў надпіс на помніку, што стаяў пасярод галы:
Ольга Вашина
Жила 26 лътъ.
Умерл. сентября 25 дня 1911 г.
Упокой Господи Душу ей
Ніжэй была прымацавана невялікая пліта з партрэтам маладога чалавека і подпісам:
Лукаш Калюга
(пісьменнік)
Вашына Канстанцін Пятровіч
27.Х.1909 — 2.Х.1937
Прымі, родная, сына свайго,
бо магілы ён не мае
Дата смерці пісьменніка пазначана недакладна. Ды што даты! І праз пяцьдзесят гадоў нашчадкі расстраляных не ведалі іх сапраўднага лёсу, бо пасля смерці галоўнага забойцы ўсіх часоў і народаў атрымалі адно пісулькі-«рэабілітацыі»: «Ваш бацька (маці і да т. п.) памёр ад інфаркту (інсульту, сухотаў і г. д.) у турэмнай бальніцы (лагеры, на фронце, па дарозе дамоў)». І праз пяцьдзесят гадоў многія з тых, хто не атрымаў «рэабілітацыі», працягвалі жыць надзеяй на вяртанне бацькоў, чакалі… «Крымінальныя» справы рэпрэсаваных, але нерэабілітаваных пісьменнікаў і дагэтуль застаюцца сакрэтнымі нават для даследчыкаў.
Побач з гэтай магілай былі яшчэ дзве. Як потым паведаміў мне Уладзімір Уладзіміравіч Івашын (інвалід вайны; разам з сынам Мікалаем яны і аднавілі гэтыя магілы), тут пахаваны бацька і айчым Лукаша Калюгі (бацька Уладзіміра Уладзіміравіча).
Сфатаграфаваўшы помнік і магілы, я вярнуўся ў вёску: мне паказалі дом Вашынаў і цяпер карцела даведацца, ці жыве хто ў гэтай, як выглядала, забытай Богам хаціне. Быў поўдзень, але, калі ўвайшоў (дзверы былі не зачыненыя, а на стук ніхто не адгукнуўся), апынуўся ў поўнай цемры. Апрача таго на мяне (кажучы словамі Міхася Кавыля, якія вырваліся ў яго, калі першы раз ступіў у адну з камер «амерыканкі») «дыхнула такім смуродам, што ледзь утрымаўся на нагах». Трошкі прызвычаіўшыся да змроку, колькі разоў пстрыкнуў фотаапаратам, хоць амаль нічога не разгледзеў, ды яшчэ й фотаўспышка сляпіла вочы. Адчуваючы сябе няпрошаным госцем, не стаў затрымлівацца ў чужой хаце.
І вельмі ж быў уражаны, калі ўбачыў, што атрымалася на гэтых фотаздымках: убогасць чалавечага жытла шакіравала.
Можна было без сумневу меркаваць аб тым, каго прытуліла хата аднаго з самых таленавітых сыноў Беларусі. Хату, што ўжо гадоў сорак назад павінна была б стаць музеем пісьменніка (якога Максім Гарэцкі ставіў у шэраг першых празаікаў Беларусі), сёння абжылі бамжы. Вось гэтак, па-бамжоўску, ушаноўваем мы лепшых сыноў Бацькаўшчыны. Пісьменніка расстралялі, а цудам ацалелую хату (якая ў любую хвіліну можа згарэць), дзе ён нарадзіўся і пражыў да дзевятнаццаці гадоў, ператварылі ў бамжатнік.
І суцешвалі адно адшуканыя на старым пагосце магілы: значыць, ёсць людзі, якія не хочуць быць і не будуць бязроднымі Іванамі.
Калі б яны ведалі
Паэта Хведара Ільяшэвіча яны знайшлі і забілі ў Германіі.
Драматурга Францішка Аляхновіча — у Вільні.
Літаратара, мовазнаўца, аўтара першага «Практычнага расійска-беларускага слоўніка» (разам з Максімам Гарэцкім) і «Расійска-беларускага слоўніка» (разам са Сцяпанам Некрашэвічам) Мікалая Байкова і ўдзельніка Першага і Другога Усебеларускіх кангрэсаў, публіцыста і грамадскага дзеяча, генерала Кастуся Езавітава бальшавіцкія шпегі (не без дапамогі лазутчыкаў і здраднікаў) выкралі і прывезлі ў вагоне-клетцы ў непатапляльную «амерыканку». Год дапытвалі, перш чым загнаць у магілу. Яны забівалі К. Езавітава, а ў гэты час у Ватэнштэце друкавалася яго кніга «Беларуская нацыянальная вопратка. Беларускія прыпеўкі».
Калі б Х. Ільяшэвіч, Ф. Аляхновіч, М. Байкоў і К. Езавітаў ведалі, што іх чакае, магчыма, і не было б цяпер «амерыканкі»: у іх жа быў шанец арганізаваць яе знішчэнне.
Калі б яны ведалі…
Адказ на пытанне
Цяпер зразумела, што для сталінскіх апрычнікаў адказ на пытанне: арыштоўваць чалавека ці не? — залежаў ад папярэдняй умовы: ці належыць падазроны да людзей разумных? Калі ён разумны, значыць, можа мысліць — аналізаваць, рабіць высновы, і, значыць, здольны прадбачыць сітуацыю, разважаць: «Ці правільна зрабіў “бацька народаў” учора, як гэта адгукнецца сёння, што мы атрымаем з гэтага заўтра?». Значыць, ён у стане ацаніць нечыя дзеянні лагічна, знайсці ісціну, раскрыць вочы іншым. А калі так, дык гэты чалавек небяспечны і павінен быць выведзены з гульні.
Каб не было такіх «крытыкаў», іх вышуквалі і знішчалі.
Хоць, вядома, тут сталіністам было пра што падумаць. Цяжка ж, амаль немагчыма зразумець, навошта яны забівалі сваіх жа рабоў. 150 мільёнаў пакорліва аддавалі сваю працу, сваё жыццё. Нават па прыблізных падліках, у кожнага за трыццаць пяць — сорак гадоў бясплатнай працы ўкрадзена не меней за 50 тысяч долараў. (Дарэчы, дасюль невядома, куды ўсё падзелася.) Далей: калі 150 мільёнаў (чалавек) памножыць на 50 тысяч (долараў) ды яшчэ памножыць на два (пакаленні), атрымаецца амаль фантастычны лік — 15 з дванаццаццю нулямі (15 трыльёнаў!).
Але дылема тут — толькі на першы погляд. Папраўдзе, у іх не было іншага выйсця. Тым і геніяльны аказаўся маньяк, што разумеў: трацячы частку «прыбытку», але знішчаючы дакучлівых разумнікаў, ты можаш доўжыць і доўжыць сваё быццё ў становішчы Бога. Гэта яму і ўдавалася да самай смерці.
Хто наступны?
З успамінаў Міхася Кавыля «Казённы дом і далёкая дарога» (падзеі, якія ў іх апісваюцца, адбываліся ў канцы красавіка 1933 года):
...із камеры дыхнула такім смуродам, што ледзь утрымаўся на нагах. Як п’яны апусьціўся тут жа каля дзьвярэй на нары, паміж нечых худых, як у рахітыка, ног. Паглядзеў на вялікую камеру. На нарах, на цэмэнтовай падлозе адзін каля аднаго ляжалі, хто на баку, хто на сьпіне, нейкія стварэньні із Дантавага «аду».
...Неўзабаве пасля гэтай страшнай ночы мяне, каб не ганяць «чорны воран» па Менску, перакінулі із вастрогу ў «страшны дом» на Савецкай вуліцы, бліжэй да следчых. У камеры ляжалі голыя на цэмэньце Зьмітрок Паваротны1 і Чарняўскі, імя не памятаю...
…Два гэпэвушнікі палезьлі [пад нары] да Макарэнкаў і сталі цягнуць іх за ногі... Тыя небаракі-сьмяротнікі паднялі такі крык і лямант, што ўсю камеру кінула ў дрыжыкі... Не памаглі ні крык, ні хапаньне рукамі за цэмэнт, за нары. Павалаклі...2
З успамінаў Міколы Хведаровіча, адноўленых Янкам Брылём (падзеі, якія ў іх апісваюцца, адбываліся ў пачатку жніўня 1938 года):
Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным.
А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!3
Урывак з дзённіка К. Чорнага (запіс ад 3 кастрычніка 1944 года):
У яжоўскай турме [у камеры-адзіночцы] увосень 1938 мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла…4
У падвалах ГПУ-НКВД чамусьці заўсёды было нясцерпна горача і моташна смуродна, але рэдка ціха і «сумна». Асабліва ноччу. То закрычыць ад болю падследны, які яшчэ не страціў свядомасць ад катаванняў, то пранясецца па турме роспачны лямант звар’яцелага за хвіліну да смерці бедалагі, прыгаворанага да расстрэлу, якога выцягваюць, вырываюць з камеры, а ён чапляецца з апошніх сіл за нары і жыццё. То рэха пісталетнага стрэлу адразу сотню пакутнікаў прымусіць задаць сабе адно і тое ж пытанне: «Хто наступны?»
У падвалах ГПУ-НКВД чамусьці заўсёды было нясцерпна горача і моташна смуродна, але рэдка ціха і «сумна».
Хто наступны?
Павышэнне
У тым вагоне-цялятніку ў жніўні 1933-га ехалі разам маладыя «нацыяналісты», асуджаныя «дзеля пачатку» на два-тры гады: паэты Змітрок Астапенка, Сяргей Астрэйка, Уладзімір Дудзіцкі, Міхась Кавыль, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Максім Лужанін, Юлі Таўбін, празаікі Змітро Віталін, Лукаш Калюга, Мікола Нікановіч, перакладчык Сяргей Русаковіч, літаратурны крытык Уладзімір Сядура, выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума Сяргей Гайка, Франц Гінтаўт і іншыя — пералічыць усіх не магу5 , не ведаю гэтага — няхай даруе мне Бог! — не па сваёй віне.
Для кагосьці высылка скончылася канцлагерам і — пасля — расстрэлам (С. Астрэйка, Л. Калюга, С. Русаковіч, Ю. Таўбін), хтосьці загінуў на чужыне ў гады вайны (М. Нікановіч), хтосьці на той вайне знік без вестак, каб у 1949-м зноў (як калісьці ў канцлагеры) уваскрэснуць і зноў знікнуць (З. Астапенка), хтосьці выратаваўся, памяняўшы прозвішча (З. Віталін-Сергіевіч) ці «дыслакацыю» ў межах Саюза (С. Гайка, Ф. Гінтаўт, С. Ліхадзіеўскі), а то і вырваўшыся з яго (У. Дудзіцкі, М. Кавыль, У. Сядура).
Толькі адзін чалавек з «пасажыраў» таго вагона-цялятніка не ратаваўся і не вырываўся. Інкогніта вярнуўшыся праз некалькі месяцаў у Мінск, атрымаў павышэнне па службе і ад’ехаў на новую пасаду ў Маскву.
Так і служыў «дарагой сталіцы» то тут, то там амаль да 92 гадоў.
Гніда
Жыла-была гніда. Папраўдзе — стаяла. На плошчы. Звычайная. Не ціхая і не гучная. Разумная? Не надта. Больш — асцярожная, хітрая, па-сучаснаму — прашытая. З душою шакала.
З такой душой яна й перажыла дзесяць эпох.
Дзяцінства гнідкі (1909–1914) праляцела як сон, які яна так ні разу й не ўспомніла: кепска ў яе ад прыроды было з памяццю, не дасталося ёй Божых генаў. Хоць часіны былі вясёлыя, сталыпінскія, распуцінскія — словам, цікавыя. Зрэшты, пазней бяспамяцтва для гнідкі стане толькі плюсам, дадатковым фактарам, падтрымкай-платформай, якая прадвызначыць далейшае яе існаванне.
Падлеткавыя гады ў гнідкі (1915–1920) атрымаліся сумбурныя. Хтосьці кагосьці скідваў, гвалтаваў, забіваў, вешаў, закопваў жывым у зямлю. Той, хто больш за ўсіх гвалтаваў, вешаў і закопваў, — перамог. Да пераможца маленькая гнідка і залезла за пазуху. Пахла там не вельмі, але затое было цёпла. Вось да цёплага жыцця потым і імкнулася ўсе наступныя гады гнідка.
Юнацтва гнідкі (1921–1929) амаль супала і ў чымсьці злілося з вядомым «Юнацтвам Максіма» і атрымалася бойкім, напружаным і, галоўнае, удалым. Сама гнідка яшчэ была чысценькай і старанненькай. Навучылася чытаць, пісаць, стала грамацейкай. Але зорак з неба не хапала: не лезлі зоркі ў маленькую галоўку. І гнідка страціла цікавасць да вучобы. Усё больш намагалася ўхіліцца ад яе, улізнуць, скаратаць час. Вось тады і ахрысцілі яе Каратайкай. І стала яна зайздросціць некаратайкам, вялікагаловым і іншым разумнікам. Зайздросціла, але вачэй з іх не спускала. Цягалася, бы хвост, за імі паўсюль, падслухоўвала іх размовы, запамінала высокія словы, якія яны гаварылі. І пакрысе навучылася выступаць сама, гаварыць прамовы, якія ні да чога не абавязвалі — так ёй здавалася. Заклікаць да брацтва, любові да Радзімы, міру і згоды ва ўсім свеце. Распавядаць пра шчаслівую будучыню чалавецтва, перамогу справядлівасці, эпоху ўсеагульнага шчасця, палёты да зор. Але сэнсу, неабходнасці ўсяго гэтага, як ні высільвалася, не разумела — не верыла яна ў зоркі, не яе гэта была вера. І таму пачынала нервавацца, злавацца, назапашваць злосць. Чакаць лепшага часу. Свайго часу, вузкалобага, без усялякіх вер і мудрагельстваў.
Гнідка рабілася гнідай.
І яна дачакалася. Надышла яе эпоха. Пачалася яна з усеагульнага галоваабразання (1930–1940). Зразалі не ўсе галовы, а толькі вялікія — розных разумнікаў. Эпоху гэтую гніда праскочыла лёгка. Пацярпець давялося зусім мала — безразмерныя (для падслухоўвання) вушы да галавы прыклеіць. На ўсялякі выпадак, дзеля перастрахоўкі, каб галава яшчэ меншай выдавала. І хоць безразмерныя вушы служылі перш за ўсё для падслухоўвання, гніда не чула стогнаў і праклёнаў тых, што ішлі на плаху:
— Ірад, ірад, ірад…
Наступныя некалькі гадоў (1941–1944) для гніды былі самыя цяжкія. Прыйшлі антыгніды. Адна з галоўных гнід, ратуючы маленькую і праз гэта — свой род, схавала яе ў сваім чэраве. Антыгніды прыдушылі вялікую гніду, але ў ейнае нутро не палезлі.
Аднак гнідаў было процьма, а антыгнідаў — кучка, і гніды перамаглі (1945–1954).
Маленькая гніда вылезла з вялікай і заскакала па пяску, асфальце, паслізнулася, плюхнулася ў лужу, выцялася, раззлавалася, загаўкала і… ператварылася ў сабаку. Атрымала мянушку: Лужа. Запісалі яе, пазначылі: Лужа Каратайкіна.
Выпісалі ланцуг, дадатковую сківіцу і прызначылі на пасаду галоўнага сабакі ля Парнаскай брамы. І стала гніда ўжо не проста гнідай, а гнідзішчай. І прагаўкала яна так гадкоў дзесяць, пакуль не ўшчыпнулі яе за месца пікантнае:
— Ціха! З гаўканнем — пачакай! Цяпер мяўкаць будзеш. Не скуголь: гэта не назаўсёды.
— Ёсць! — адрапартавала гніда-сабака, драпнула лапай сябе па мордзе і ператварылася ў катђ:
— Мяў, мяў, мяў…
Жыццё ў гніды-катђ (1955–1965) напачатку было ціхае, спакойнае, патаемнае. Галоўнай яе задачай было мяўкаць. На любое пытанне адказваць: «Мяў». Нічога не рабіць. Мяўкаць — і спаць. Галоўнае, каб час не рухаўся, каб усё заставалася на месцы, як ёсць.
Але ў адзін вядомы дзень з’явіліся цені галавастых з мінулага. З’явіліся, каб задушыць гніду, што выжыла на іхніх касцях.
Гніда гэта ведала. Але ведала і іншае: галоўнае — строга выконваць усё, што было ёй загадана: не заўважаць, не ўспамінаць, не рэагаваць. Забыць мінулае. I тады яно само знікне, адыдзе ў нябыт. І гніда дачакалася: цені засталіся ў краіне ценяў, цуда вяртання да жыцця не здарылася.
Затое ажыла сама гніда (1966–1986): святое месца пустым не бывае. І як ажыла! Усю сваю гераічна-патрыятычную барацьбу за светлую будучыню шматтомна апісала і ў пазалоце выдрукавала. І на кожным рагу пра яе загаварылі, пачалі захапляцца, здзіўляцца: вось гнідка, шэрасць, бездар, а — якія бар’еры атакуе, якія зоркі з неба хапае!
У наступную эпоху — эпоху ўсеагульнага часова дазволенага языкаварушэння і ротаразяўляння (1987–1993) — гнідзе пашанцавала нібыта менш. Хоць — як сказаць! Акурат у гэтую эпоху адбылося галоўнае яе ператварэнне — яна стала двухногім. І гэтае двухногае мела стасункі з людзьмі, рабіла разумны выгляд, хоць і адказвала на ўсе пытанні маўчаннем. У тым сэнсе, што наогул не адказвала. Сёй-той хацеў праверыць, ці ёсць у двухногага язык, але дабрацца да яго не змаглі: і блізка да яго не падпускалі — вопыт, аўтарытэт і гэтак далей.
І, нарэшце, зноў надышоў час гнідаў (1994 — ?). Час двухногага. Хоць яно ўжо было старое, ледзь жывое, ні на што не спадзявалася, але — час прыспеў. Уваскрэс, адкуль ні вазьміся, кат, пайшоў, як і раней, махаць мячом, і двухногае акрыяла, ажыло. Зноў паляцелі галовы. Вядома, толькі вялікія. Антыселекцыя прадоўжылася! Бессмяротная аксіёма: тупарылы раб даражэйшы за золата!
Як двухногае абрадавалася, засвяцілася, ашчаслівілася! Яно нават заўсміхалася — упершыню ў жыцці. Знікла немата. Прарэзаўся голас:
— Душы галавастых! Бач, распладзіліся! Пісьменнымі сталі, парады даюць: «На свет паглядзіце!» Зараз вы пагледзіцё! Апошні раз пагледзіцё! Далей глядзець не будзе чым, галовы ж мы вашы — цю-цю!
І двухногаму захацелася самому стаць катам.
— Што ж, бяры сякеру, — пайшлі яму насустрач, — сячы галавастых, рэж, крышы гадаў вялікалобых.
Памкнулася двухногае да сякеры, учапілася ў тапарышча — а-ну, а-ну… Пакрактала-пакрактала, але — падняць не змагло. І засмуцілася: «Старасць...»
— Эге, дык ты, гэта самае, спёкся? Сякеры не змог падняць? Брахаць таксама не можаш? І мяўкаць развучыўся? Такі нам не патрэбны! Пайшоў прэч! Апсік! Акыш!.. Хоць — не, чакай! Што ж гэта мы? Ты ж — гніда, прытым старая, правераная, значыць — нашанская. Таму гнаць цябе ў каршэнь — несправядліва неяк атрымліваецца. Добра, уладкуем. Будзеш стаяць на плошчы, паказваць, што гніды жылі, жывуць і будуць жыць. Вось табе п’едэстал, а вось і кацялок з бронзай. Проста ў яе й закатаем. У бронзе табе старасць — не старасць. Будзеш стаяць вечна. Галавастым на застрашванне.
І стаіць гніда ў бронзе на п’едэстале людзям на пострах, і, запалоханыя, не хочуць тыя людзі людзьмі звацца.
Трэба аддаць належнае
Трэба аддаць мэтру належнае: ён быў не толькі чэмпіёнам па выжыванні. За дзевяноста бяспройгрышных гадоў адолеў і другую цалкам неверагодную навуку — гаварыць праўду, якая з’яўлялася хлуснёю.
Нясмела так спытаўся ў мэтра: ці піў ён калі-небудзь з дзядзькам гарэліцу?
Пачуў наступнае: «Слаўныя часіны прамінулі, што і казаць!»
Як вам такі адказік? І як яго разумець? Значыць, усё-такі піў? Але прычым тут «слаўныя часіны»? Гэта ж былі трыццатыя расстрэльныя гады. Адказ хлуслівы і выкрутлівы. Не піў ніколі чэмпіён па выжыванні з дзядзькам гарэліцу. Папраўдзе — дзядзька з ім!
Не прасачыліся
Яны стаялі на мосце, узіраючыся ў прадонную цемру Свіслачы. Ведалі: там смерць. На душы было спакойна: нягледзячы ні на што, яны застануцца разам. Утраіх: ён, яна і дзіця, што зараджалася ў ёй. Гэта было адзінае выйсце, адзіная для іх магчымасць не разлучацца. Ёй загадалі рыхтавацца да ачышчэння — так яны гэта называлі, а на яго завялі справу аб спакушэнні непаўналетняй. Яе бацька, генерал-чэкіст, пакляўся: «Ніколі ў мой род не прасочацца жабракі-паэты».
Не прасачыліся.
Двое — не, трое! — скочылі з моста, абдымаючы цяжкія камяні.
Не дачакацца чэкісту працягу роду.
1 Беларускі журналіст. Арыштаваны органамі НКВД 2 красавіка 1933 года. Этапаваны ў адзін са сталінскіх канцлагераў. Далейшы лёс невядомы.
2 Кавыль М. Казённы дом і далёкая дарога // Запісы. 1992. № 20. С. 65–101.
3 Брыль Я. Сцежкі, дарогі, прастор. Мн., 2001. С. 213.
4 Чорны Кузьма. Выбраныя творы. Мн., 2000. С. 589.
5 Хутчэй за ўсё, у тым вагоне ехалі і паэт Клім Грыневіч (памёр у 29 гадоў ад туберкулёзу), бясследна зніклыя ў няволі журналісты Дзмітрый Паваротны і Аляксандр Карачун, стыль-рэдактар Радыёкамітэта Аляксандр Салаўёў, літаратурны перакладчык Пётр Рагачэўскі, супрацоўнік газеты «Калгаснік Любані» Аляксандр Семянян, студэнты літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута Аляксандр Кучынскі і Павел Чэрнік, павешаны фашыстамі ў жніўні 1941 года паэт Алесь Пруднікаў.
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1
Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2
Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964
Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960
Планъ губернскаго города Минска 1873 года
Планъ губернскаго города Минска 1888 года
Планъ губернскаго города Минска 1911 года
Паэзiя Валерыя Маракова
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.