Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Санька: 6. Настаўніца ангельскай

Настаўнiца ангельскай мовы Ася Iосiфаўна прыязджала ў школу на таксi. Заўсёды! На таксі вярталася і дадому. Грошы, якiя яна траціла за праезд на работу і з работы, i яе зарплата былi прыблiзна сувымерныя, але гэта настаўнiцу ангельскай не надта турбавала. Яе муж, кандыдат навук i заслужаны вынаходнiк СССР, працаваў калi не ў тры, дык у дзве змены дакладна, i Ася Iосiфаўна магла дазволiць сабе гэткую раскошу.

Перадвыпускны 9 «Б» яна прыняла прыблiзна з такiм запасам ведаў: лепшыя маглi палiчыць па-ангельску да дваццацi i з акцэнтам на мяжы яснасцi сказаць, якая гадзiна i якую частку сушы займае Soviet Union, дзяржава рабочых i сялян, апора мiру i дэмакратыi ва ўсiм свеце (чаму менавiта гэтую тэму з пятага па восьмы клас убiвалi вучням у галаву тузiн англiчанак, што змянiлiся за гэтыя гады, яны зразумелi якраз у дзевятым); горшыя — два другагодкi, Дрыжд i Сцяпурка — не ведалi па-ангельску нi слова. Зрэшты, адно слова яны ўсё-такi ведалi, нават два — fuck you!

З гэтых бойкiх слоў i павiнна было пачацца класнае жыццё Асi Iосiфаўны. Павiнна было — ды не пачалося. Калi гэтая прыгожая, з шыкоўнаю фрызурай i элегантнай постаццю жанчына ў крэмавым з серабрыстаю аблямоўкаю касцюме зайшла ў клас, Саньку адразу ж падумалася: шкада харашухi! Месяцы два, можа, i пратрымаецца — маладая ж, энергiчная, поўная сiл.

Ася Iосiфаўна пратрымалася да выпускнога вечара, на што аніяк не спадзявалiся два зухi-другагоднiкi. Англiчанка ўзяла 9 «Б» хард-рокам. Такога ўдару пад дых нiхто не чакаў. Зайшла ў клас на першы свой урок з невялiчкiм чамаданчыкам, чым вельмi ўсiх зацiкавiла. Гэтым сваім чамаданчыкам яна і зблытала карты другагоднiкам, якiя рыхтавалi ёй сваю сустрэчу. Дрыжду — прыдурку, iстоце без элементарных паняццяў аб прыстойнасцi, сумленнасцi i гонары, якi мог так «заазонiць» клас, што хоць уцякай, і боўдзілу з брудна-шэраю фiзiяй i жоўтымi ад курэння зубамi i рукамi Сцяпурку — вялiкаму аматару патрэнiраваць кулакi на малодшых i слабейшых і па-заечы баязліваму перад дужэйшымi, што маглi пастаяць за сябе.

Сказаўшы звычайнае Morning, Ася Iосiфаўна паставiла на стол чамаданчык, адчынiла.

«Ды гэта ж прайгравальнiк!»

Прапусцiўшы мiма вушэй здзiўленне класа, яна выняла з каляровага пакета з рэкламай элiтнай джынсавай фiрмы «One» альбом «Led Zeppelin» са знакамiтай «Immigrant song» («Песняй эмiгранта») i паставiла дыск на прайгравальнiк. Пасля невялiкай паўзы ў клас, нiбы гром з маланкаю, уварваўся Плант i — застагнаў, загаласiў аб няшчаснай, бадзяжнай долi iншаземца, быццам схапiў клас за горла — усiх i адразу:

On we sweep with threshing oar,
Our only goal will be the western shore...1

Добра, што вучнi 9 «Б» перакладу тады не ведалi. Ды не толькi яны. Бо нішто сабе мэта, ды яшчэ і запаветная!

Следам у «Friends» (у «Сябрах») не дала апамятацца Пэйджарава гiтара. Прарвалася, улезла ў душу i давай яе вярэдзiць, iрваць на кавалкі:

Bright light almost blinding, black night still there shining,
I can’t stop, keep on climbing, looking for…2

Непараўнальная i непераймальная «Since I’ve been loving you» («Таму, што кахаю»), якая стала класiкаю блюза, увяла ўсiх у транс. Клас скамянеў, нiбы прысуджаны да пакарання смерцю.

How I love you, darling…
Since I’ve been loving you, I’m about to lose my worried
    mind…
Said I’ve been crying, my tears they fell like rain,
Don’t you hear, don’t you hear them falling,
Don’t you hear, don’t you hear them falling3 .

Дабiлі ўсiх маркотная «Tangerine» («Мандарын»):

I was her love, she was my queen,
And now a thousand years between…4

i завадная, вясёлая «Bron-Y-Aur Stomp» (i як яе перакласцi?):

Well if the sun shines so bright, or on way it’s darkest
    night
The road we choose is always right, so fine…5

Усе былi ашаломлены. Па-першае, «жыўцом», з пласцінкі, гук быў непараўнальны з тым пашоргваннем i парыпваннем, якое ўдавалася вылавiць з прыёмнiка, гатовага захлынуцца пад гул і выццё глушылак. Плант нiбы жывы паўставаў перад вачыма. Стаяў i гiпнатызаваў, загадваў, рабiў з намі ўсё што хацеў. Сказаў бы ён: замрыце! — i ўсе замёрлi б, сказаў бы: памрыце! — i ўсе памёрлi б. Па-другое, так адкрыта — ды яшчэ ў школе! — слухаць забароненых лiдэраў хард-рока «Led Zeppelin»! Здавалася, зараз уварвецца мiлiцыя, кадэбiсты, салдаты — хто яшчэ? — i ўсiх арыштуюць. Усiх!

Калi скончылася пласцінка, клас з палёгкаю ўздыхнуў: можна было перавесцi дух пасля такой нечаканай атакi. Ажылi, павесялелi i два «факальшчыкі»: хутка ўрок скончыцца, а яны новую настаўнiцу нават на тры лiтары не паслалi. Так можна i аўтарытэт страцiць.

Але iм не шэнцiла i далей. Англiчанка моўчкi раздала вучням аркушы з тэкстам шчымлiвай «Since I’ve been loving you», растлумачыўшы, што гэта і ёсць iхняе хатняе заданне — вывучыць словы песнi, — зачыніла сваю музычную шкатулку i пад крохкую цiшыню выйшла з класа.

Дрыжд i Сцяпурка ачухалiся толькі тады, калi за настаўнiцай плаўна зачынiлiся дзверы. Скрывiўшы вусны, каб выдаць свой каментар на такі выбрык англiчанкi, яны ўжо гатовы былі адкрыць раты, ды тут у клас увайшоў дырэктар.

— Дзевяты «Б», прашу ўвагi. У якасцi эксперыменту я дазволiў новай настаўнiцы даць вам паслухаць, як ангельская мова гучыць у вуснах саміх ангельцаў. Але толькi што мне далажылi, што ў класе адбыўся ледзь не цэлы канцэрт чужой нам заходняй музыкi. Гэта праўда?

Усе маўчалi.

— Ды пайшла яна… — па-змяiнаму, неяк у падлогу прашыпеў Дрыжд, але дырэктар пачуў яго. Пачуў i супакоiўся. Ён лiчыў, што ў школьнiкаў не можа быць сяброўскiх адносiн з педагогамi. Гэта значыць, настаўнiкi павiнны трымацца на пэўнай дыстанцыi ад вучняў, нават наганяць на iх страх. Фразу, кiнутую двоечнiкам, ён зразумеў па-свойму: не спадабалася класу новая настаўнiца — ну і хай. Настаўнiк павiнен вучыць, а не падабацца.

Да наступнага ўрока ангельскай мовы клас падрыхтаваўся як мае быць. Ды i зададзены на дом хіт «Led Zeppelin» усе цяпер успрымалi па-iншаму. Мелодыя — добра, але калi ведаеш, пра што спяваецца… «Since I’ve been loving you, I’m about to lose my worried mind…» Каханне даводзiць мяне да вар’яцтва… Гэта табе не жартачкі!

Толькi двое не вывучылi тэкст — Дрыжд i Сцяпурка. Але для іх гэта было не ў навіну. Незвычайным было iншае: другагоднiкi не прыйшлi на ўрок. Пасаромелiся цi што? Дасюль iм падабалася, не зважаючы на «двойкi» i «адзiнкi», хадзiць у школу. У ёй яны адчувалi сябе каралямi, сяды-тады зрываючы сваю злосць на малодшых. А тут няйначай пабаялiся паказацца недарэкамi i дурнямi, спалохалiся задання маладое настаўнiцы. Бо нават дваровыя, старэйшыя за iх хулiганы паважалi i сеё-тое ведалi з «Led Zeppelin».

I гэта сталася штуршком да перамен. Калi на наступным пасля ангельскай мовы ўроку Сцяпурка стукнуў кулаком у спiну выдатнiка Валерку Крычалава, які сядзеў перад iм, той не адказаў ударам на ўдар, але кінуў нязвыклае для сябе слоўца:

— Адвалi!

Яно нiбы апякло ўсiм вушы i прымусiла павярнуцца да таго, хто яго сказаў. Бамбiза Сцяпурка спачатку разгубiўся, ды апамятаўшыся, кiнуўся да нiжэйшага за яго на галаву Валерку бiцца — абараняць свой падмочаны аўтарытэт. Але — дарэмна! Справа i злева ад Валеркi i ззаду за Сцяпуркам як па камандзе сталi iншыя хлопцы. Яшчэ двое не далi выбрацца з-за парты Дрыжду. Адзiн супроць чатырох — Сцяпурка ў такіх варунках здрэйфіў. Мала таго, неяк адразу звяў i пасля паўзы прамямлiў не сваiм голасам:

— Пусцiце… паку-курыць…

Пусцiце? Пакукурыць? Глядзi ты, новае слова прыдумаў! Iдзi! Атручвай органы. Дыхай ядам, грам якога каня забiвае.

 З таго часу i перастаў клас баяцца другагоднiкаў. А хутка i зусiм пазбавiўся ад iх.

А пачалося ўсё з Асi Iосiфаўны i рокераў з «Led Zeppelin». Нездарма, вiдаць, сталi яны класiкамi пры жыццi.

Але гэта яшчэ не канец гiсторыi.

У красавiку 1975 года Ася Iосiфаўна збіралася ад’язджаць на зямлю запаветную. Але, нямала патрацiўшы грошай за здадзеныя авiябiлеты, яна ўсё ж засталася са сваiм класам да канца чэрвеня — канца экзаменаў. Пасля апошняга выпускнiкi накiравалiся да Асi Iосiфаўны дадому: яна сышла трохi раней, пераканаўшыся, што ў класе ўсё о’кей.

Напярэдаднi вучнi склалiся, купілі добрага вiна, цукерак, пернiкаў, пакунак папяровак — любiмых яблыкаў Асi Iосiфаўны. Заўсёды вясёлая, кампанейская, яна ў той вечар была ў нейкай прастрацыi, а пры развiтаннi расплакалася — слёзы так i цяклi па яе мiлым твары. Потым Санька зразумеў, што гэта былi слёзы шчасця, слёзы радасцi за сваiх выхаванцаў. Яны тады не на жарт размахнулiся: гаварылi мiж сабою i з Асяй Iосiфаўнай толькi на ангельскай.

Калi на развiтанне загучала пранiзлiвая «Since I’ve been loving you», Санька, ужо трохi захмялеўшы ад малдаўскага «Вiшнёвага», асмелiўся запрасiць любiмую настаўнiцу на танец. П’янкi пах яе духоў, блiзкасць прыгожага i добрага твару, адчуванне праз вопратку яе пышных грудзей ледзь не ўскружылі яму галаву. На шчасце, скончылася мелодыя, i ён не паспеў пацалаваць настаўніцу, на што ўжо быў рашыўся.

Муж Асi Iосiфаўны, усмешлiвы рухавы дабрак з класiчнаю, як у большай часткi вынаходнiкаў, капою чорных валасоў, на развiтанне паляпаў Саньку па плячы i сказаў:

— Смелы ты хлопец, нават занадта, далёка пойдзеш. — I дадаў, бы ўдакладнiў: — Калi асцярожны будзеш.

Наконт «далёка» вынаходнiк аказаўся празарліўцам. А наконт усяго астатняга…

Праз шмат гадоў пасля таго вызубраная пад прыглядам Асi Iосiфаўны ангельская мова выратавала Саньку жыццё ў далёкiх Арабскiх Эмiратах. Бездапаможна распластаны на гарачым, як патэльня, асфальце, якi пад пякучым сонцам страцiў нават свой колер, Санька ўжо адчуў кашчавую руку, што спрабавала загрэбці яго, але паспеў прашаптаць старому няголенаму арабу, які схiлiўся над iм:

— Help me… Heart… Tablets from in a breast pocket…6

Праз тры тыднi, толькi-толькi вырваўшыся з бальнiцы, а разам i з учэпістых рук Яе Вялiкасцi смерцi, Санька зайшоў у цэнтральную мячэць Дубаяў i аддаў належнае здароўю рабы Божай Асi Iосiфаўны Шчаглячык, сваёй настаўнiцы, першага кахання i завочнай выратавальнiцы. У арабскай мячэцi ён жадаў шчасця i доўгiх гадоў жыцця яўрэйскай прыгажуні.

Санька не ведаў, што тая, з кашчаваю рукою, якая ўжо спрабавала дакрануцца да яго, зноў паглядзела ў ягоны бок.

 

 

1Пад стукат вёслаў мы імкнём да запаветнай мэты — берага Захаду (англ.).

2        То слепiць яркае святло, то цемра моцна рэжа вочы,

          Ды я спынiцца не магу, я ўсё ўзбiраюся й шукаю… (англ.)

3        Ты не ведаеш, як я кахаю цябе, дарагая… Каханне даводзiць мяне да вар’яцтва...

        Я плачу, i слёзы мае капаюць, нiбы кроплi дажджу.

        Няўжо ты не чуеш гэты дождж?

        Няўжо ты не чуеш гэты плач? (англ.)

4      Я быў яе каралём, яна — маёй каралевай,

        Але цяпер памiж намi — тысячагоддзi… (англ.)

5      Яркае сонца цi апраметная цемра чакаюць нас у дарозе…

        Але выбраны шлях — правiльны… (англ.)

6Дапамажыце… Сэрца… Таблеткi ў нагруднай кiшэнi… (англ.)



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".