![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Галоўная » Проза » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...
Санька стаяў і пакутліва думаў. Думкі круціліся ў галаве, набягалі адна на адну, але лягчэй ад гэтага не рабілася. Ясна было адно: «Жорык — лёгкаатлет, увесь год пасля ўрокаў на “Дынама” прападаў, яму перад вакацыямі нават запраўскія шыпоўкі і касцюм спартыўны выдалі, хваліўся імі на перапынку. Як жа скокнуць далей за Жорыка? Ён і адштурхоўваецца за два-тры сантыметры ад дошчачкі. Вопыт — ён і ёсць вопыт. Таму і дакладнае пападанне. Як жа махануць далей за Жорыка? Ці здольны я на такое? Наўрад. Але ж і здацца без бою — недаравальна. Думаць трэба, думаць... А калі не проста разбегчыся і адштурхнуцца, а ў скачку яшчэ і сальта крутнуць? Гэта павінна падоўжыць палёт, — разважаў Санька, — і ў выніку — павялічыць даўжыню скачка...»
Ён шмат што зведаў у сваім, як яму здавалася, доўгім дванаццацігадовым жыцці. І па гарачым вуголлі босым хадзіў — правяраў сілу волі. І пад вадою паўтары хвіліны ў ваннай пратрымаўся. І з трэцяга паверха скакаў, як дэсантнік у фільме. І на руках праз школьны спортзал ад сцяны да сцяны прайшоў — на заклад з настаўнікам фізкультуры. І без тых самых рук на веліку цэлы кіламетр пракаціў — вучыўся ўжо іншую раўнавагу трымаць. І яшчэ шмат што рабіў, выпрабоўваючы сябе. Але на сальта замахвацца не рашаўся: а раптам не так прызямліцца і зломіць сабе шыю?
Цяпер таксама баяўся. Але цяпер непадалёку ад скачковай ямы стаяла Лена. Самая прыгожая ў лагеры дзяўчынка.
На чатыры пяцьдзесят восем — далей за ўсіх — скокнуў Жорык.
— У-ух! — прагучала рэхам услед за яго скачком.
Лена таксама ахнула і запляскала ў ладкі.
«Толькі — сальта!» — прашаптаў Санька, праганяючы прэч усялякія іншыя думкі. І калі падышла яго чарга, бадзёра выйшаў на старт, моцна, бы ў злосці, тупнуў нагой па зямлі і, колькі ставала сілы, паімчаў па дарожцы для разбегу.
І вось яна — яма!
Гоп! — адштурхнуўся і паляцеў. У паветры даў нырца галавою ўніз, пад сябе. Не паспеў сцяміць, ці ўдала ажыццявіў задумку, як урэзаўся плячом у пясок. Нешта хруснула ў целе, але болю не адчуў: па інерцыі перакуліўся цераз сябе і... сеў. От і сальта! І зусім не страшна. А на колькі хоць скокнуў? Павярнуўся паглядзець, але нясцерпны боль — аж у вачах пацямнела — улажыў яго на зямлю. І вакол чамусьці стала ціха-ціха — ні гуку.
Санька ляжаў і глядзеў у неба. Яно было сіняе-сіняе, як Ленчыны вочы. Нечакана на небе ўзнікла рыжая Жорыкава галава. Парушаючы цішыню, яна завохала і заахала:
— За пяць метраў заляцеў! Але так — няможна! Гэта ж не акрабатыка!
Поруч узнікла галава Міхаіла Юльянавіча, лагернага фізрука, былога прызёра алімпіяды па барацьбе, сябра легендарнага Мядзведзя.
— Я ведаў, што гэты шустрык выкіне які-небудзь сюрпрыз! Такія заўсёды што-небудзь выкідваюць!
Дзесьці далёка, на самым краі неба, мільганулі Ленчыны вочы, поўныя захаплення і... трывогі. «Які смяльчак!» — зачаравана бліснулі і зніклі.
Санька паспрабаваў устаць, але Міхаіл Юльянавіч яго прытрымаў:
— Не, не, акрабат. І трэба ж такое прыдумаць! Дай пагляджу, што там у цябе... Ціха, ціха, я асцярожна. Тут баліць?
— Ой, — застагнаў Санька.
— Ясна, даскакаўся: ключыцу зламаў. Пацярпі, пацярпі, — Міхаіл Юльянавіч падклаў руку Саньку пад плечы, другую — пад калені. — А цяпер — устаём... Трымайся, чэмпіён, ты ж далей за ўсіх скокнуў.
Дужыя рукі падхапілі Саньку і панеслі ў медпункт. Перад хлопцам зноў адкрылася неба. Але цяпер яно пагойдвалася. То наплывалі, то адплывалі сосны. Зноў паказалася Лена. Санька хацеў усміхнуцца, але не змог. Боль пранізваў цела — здавалася, у зламаную ключыцу загналі цвік. Убачыўшы, што хлопцу зусім дрэнна, Міхаіл Юльянавіч прыспешыў крок...
А Саньку сніўся сон.
Ёе стаяў і пакутліва думаў...
— Падымайся, соня, у лагер спознішся, — разбудзіла чэмпіёна мама. — Аўтобус у дзевяць ад’язджае.
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1
Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2
Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964
Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960
Планъ губернскаго города Минска 1873 года
Планъ губернскаго города Минска 1888 года
Планъ губернскаго города Минска 1911 года
Паэзiя Валерыя Маракова
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.