Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Мы чакалі

Асцярожна, як бы баючыся з кім-небудзь сутыкнуцца, Дзед прачыняў абшарпаныя, змучаныя доўгім жыццём і, пэўна, праз тое незадаволена рыпучыя дзверы раённага шахматнага клуба. Спачатку зазіраў, блізарука мружыў вочы, углядаўся — ці ёсць хто ў холе? Калі хто-небудзь быў — вітаўся і прасіў прабачэння за турботы. Пасля рабіў асцярожны крок назад, і толькі тады ў дзвярах паказвалася маленькая паненка-прыгажунька — казачная Красачка-Ясачка — ягоная ўнучка Дзіначка. Дзед быў невысокі, але не згорблены, нават падцягнуты, у акуратным, хоць і караткаватым, нібы ватоўка, палітончыку — такія даўно выйшлі з моды. У лютаўскі пранізлівы холад на ім былі лёгкія дэмісезонныя чаравікі, якія ён ціха і старанна аббіваў тут жа, ля дзвярэй. З усмешкаю казаў:

— Вы толькі гляньце, як намяло! Быццам даўней.

Побач з Дзедам патупвала, усміхалася і глядзела на яго з непрыхаванай любоўю Дзіначка. Стары дапамагаў унучцы зняць купленую «навырост» куртачку, папраўляў у яе на шыі хусцінку (што прыхоўвала замыты да шэрасці каўнерык сукенкі) і пераабуваў сваю паненку — мяняў боцікі на самаробныя, звязаныя з тоўстых шарсцяных нітак тэпцікі. Не разгінаючыся, лёгенька ляпаў даланёю па плечуках, нібыта казаў: усё добра, маленькая, я — тут. Пасля сціскаў худыя, перавітыя венамі пальцы правай рукі ў кулак — не моцна, а сімвалічна: «Но пасаран!». У адказ Дзіна ўзнімала свой кулачок, дакраналася ім да Дзедавага, па-змоўніцку, амаль нячутна, шаптала: «Мы — разам, і мы — пераможам!».

Пасля гэтага заўсёднага абраду малая кіравалася — міма партрэтаў чэмпіёнаў свету — на другі паверх у вялікую светлую залу. Там уздоўж сцен стаялі досыць старыя сталы з шахматнымі гадзіннікамі і мноствам розных па форме і часе стварэння крэслаў. (Адно з крэслаў нейкім цудам захавалася з царскай пары.)

Ужо з паўгода ў клубе была завядзёнка, што Дзіна (яна прыходзіла з Дзедам зазвычай за колькі хвілін да пачату заняткаў) сядала за бліжэйшы ад уваходу стол, на тое самае дарэвалюцыйнае, з высокаю разьбянаю спінкаю дубовае крэсла і чакала суперніка. Яе месца ніхто ніколі не займаў, а партнёраў галоўны трэнер (які ўзяў над дзяўчынкай персанальнае шэфства) падсаджваў да яе кожны раз новых і паводле толькі яму зразумелай чаргі.

Калі галоўны адпускаў будучую чэмпіёнку, як ён яе ганараваў, дадому, вочы ў дзяўчынкі, незалежна ад таго, выйгравала яна ці прайгравала, загараліся і, сарваўшыся з крэсла, ледзь паспяваючы сказаць: «Дзякую!» і «Да пабачэння!», малая імчала ўніз — да дзядулі. Імчала, быццам не бачыла яго не гадзіну-другую, а шмат дзён.

Нехта сказаў: «Пакуль у нас ёсць той, каго мы любім, мы жывём».

Мы любілі Дзеда і ягоную Красачку-Ясачку.

 

Вясною, напярэдадні восьмага сакавіка, мне нарэшце заплацілі за кніжку апавяданняў, што выйшла год назад. Грошы былі не вельмі вялікія, ды ўсё ж яны дазвалялі, акрамя ўсяго іншага, зрабіць тое, што апошнім часам не давала мне спакою: купіць малой (а яна, як зразумеў, гадавалася без бацькоў) нагледжаную ў «шопе» для багатых, так званым буціку, шыкоўную італьянскую «школьную форму». Ад камплекта было не адвесці вачэй: элегантная цёмна-сіняя велюравая максі-спаднічка, такога ж колеру, але з серабрыстай аблямоўкаю экстравагантны жакет і бялюткі, з самай мяккай бавоўны, дзіва-блэйзер. Ганарару павінна было хапіць і на запалярныя, як рэкламавалі іх на ўпакоўцы два вясёлыя белыя мядзведзі, боты: не мог глядзець, як Дзед марозіць ногі.

Кожнага разу, калі я заходзіў праверыць, ці не апярэдзіў мяне нехта з тых разумнікаў, каму не трэба лічыць грошы, гаспадар магазіна, які звычайна сам назіраў за парадкам у зале, не без іроніі ўсміхаўся, але стараўся рабіць гэта неўзаметку: прыкрываў, як бы ад кашлю, рот або адводзіў вочы ўбок. І як жа ён здзівіўся, калі аднойчы я падышоў да касы і папрасіў зняць з вешалкі сіні камплект і запакаваць боты. Іранічны погляд гаспадара перамяніўся на запытальны, а тонкія вусны расплыліся ў ветлівай усмешцы.

— Кхе-кхе, — падаў ён голас з-за спіны прадаўшчыцы — страката апранутай, не ў меру напудранай, чымсьці падобнай на сумны манекен у куце.

Прадаўшчыца перастала ўкладваць пакупкі ў яркія аранжавыя пакеты з надпісам «Версачэ» (тавары з гэтым брэнднеймам буцік і прадаваў), павярнулася.

— Іра, — паказаў бос на паліцу, — не забудзь шаноўнаму пакупніку да раскошнай тройкі дадаць і гэты цудоўны бант.

— Дык ён жа не ўваходзіць у камплект… — паспрабавала запярэчыць-удакладніць прадаўшчыца.

— Зірніце, дарагі таварыш, якое цудоўнае спалучэнне! — спыніў, нібыта не чуў яе, гаспадар, ужо звяртаючыся да мяне.

«Вось табе й маеш! — здзівіўся я. — Нават new russian на прэзент раскашэліўся, калі ўбачыў, што я выграб з гаманца ўсё чыста, да апошняй капейкі. І слова “таварыш” не забыў. Відаць, саколік яшчэ той, брэжнеўскай закваскі».

Рэчы былі куплены, заставалася набрацца адвагі іх уручыць. Дзіна і Дзед — людзі не багатыя, але гонару не пазбаўленыя. Наўрад ці прымуць падарункі ад чужога, па сутнасці, чалавека. Давялося пафантазіраваць, прыдумаць прычыну. «Бадай, скажу так, — урэшце вырашыў я. — Рэчы прыслалі сваякі з Амерыкі. Адзенне там капейкі каштуе, так што буржуі не надта сябе абакралі. А вось з памерамі, шкада, сваячкі наблыталі — розныя ў нашых краінах адзінкі вымярэння: у іх там нейкія дзюймы, у нас — родныя сантыметры. Вось і не падышлі абноўкі ні мне, ні пляменніцы. Я вас вельмі прашу, прыміце ад чыстага сэрца! Адмовіцеся — паставіце ў няёмкае становішча. Звязвацца з камісіёнкаю не хацелася б. Я ж, здаецца, сякі-такі вахцёр-пісьменнік, а не мяшэчнік. Можна было б, вядома, аддаць усё гэта і першаму стрэчнаму-папярэчнаму, але чаму я не магу зрабіць прыемнае тым, каму хацеў бы?»

У апошні перадсвяточны дзень, у апошнюю перадсвяточную трэніроўку, завучыўшы гэты тэкст, я вырашыў здзейсніць задуманае.

Усе ўжо сядзелі за сталамі, і вось-вось мусілі пачацца сеансы. Мусілі, але — не пачыналіся. Ніхто не зрабіў і першага ходу: не было малой! Так ужо павялося, што баталіі заўсёды дабраслаўляліся словамі галоўнага трэнера: «Чэмпіёнка гатова? Што ж, тады — у бой!». Але гэтыя стартавыя словы ўсё не гучалі, і супернікі чакалі. Чакаў і трэнер. Той жа, каму сёння трэба было гуляць з Дзінаю, — таўстун Паша па мянушцы Паштэт (ён увесь час нешта жаваў) не рашаўся і за стол сесці, ад хвалявання ён нават жаваць перастаў. Выйшаў і я са свайго пісьменніцкага кабінета — вахцёрскага куточка: карцела ўручыць эксклюзівы ад славутага італьянскага модніка. Усе сціхлі, нібыта згаварыліся, — чакалі: Дзед і Красачка-Ясачка прыйдуць, інакш і быць не можа.

— Хвілінку! — спахапіўся я першы. — Як жа адразу не здагадаўся! Відаць, дзверы заклініла! Ужо дні два, як замок без дай прычыны заядае. Збегаю праверу.

Пераскокваючы цераз прыступку, кінуўся да дзвярэй. Пацягнуў алюмініевую ручку-шар да сябе. Дзверы расчыніліся, але малой з Дзедам за імі не было. Снег, неба, месяц, зоркі былі на месцы, а Дзеда з Дзінай не было. Здалося, што няма і мяне, няма і гэтых рыпучых дзвярэй, няма нашага сто гадоў нерамантаванага клуба, няма нашай планеты, няма нічога! Толькі месяц ды зоркі.

Але ўсё было.

 

У тое імгненне, калі я гукнуў «Хвілінку!», у бацькі Красачкі-Ясачкі (дзядуля ў старамодным палітончыку, аказваецца, быў яе бацькам!) заціхла сэрца. Надарванае за восем гадоў лагера (за ўвоз у краіну і распаўсюджванне антысавецкіх выданняў ён атрымаў па поўнай праграме — сталінскую «дзесятку», але прыйшлі «новыя часы» і яго амнісціравалі), яно не вытрывала аўтобуснай душагубкі, выпаленага недасканалым абагрэвам бескіслароднага паветра. Малая ціхенька пакратала татку за вуха, за шчаку: будзіла. Яна была не па гадах дарослая і хутка ўсё зразумела. Успомніла: «Ты ў мяне самая смелая!» Успомніла і не спалохалася, не закрычала. Прыхінулася да татавага пляча і ўзяла яго за руку. Безгалоса заплакала. Ужо ніколі гэта родная ў сініх венах рука не пагладзіць яе: «Усё добра, мая маленькая, я — тут».

Гэтак яны і ехалі 7 сакавіка 1994 года.

А мы іх чакалі.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".