Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Трэцяя спроба

— Яшчэ раз паўтараю, — павысiў голас нампалiт, — хто прыбяжыць першы, атрымае прыз — дзесяць дзён водпуску. Днi праезду дадому i назад у лік не ідуць. Вы, думаю, за гэтыя паўгода пераканалiся: я вас нi разу не падмануў. I ты, Рашыд, калi будзеш першы, трапiш у сваю сонечную Туркменiю. I ты, Вiктар (з такiм iмем грэх не выйграць!), калi пастараешся, абдымеш бацькоў у родным Краснаярску. I ў Алега ёсць мажлiвасць абрадаваць маму i ўвесь Акадэмгарадок пад Новасiбiрскам. I ў Леанiда з’явiцца шанец апынуцца ў сваім далёкiм бульбашным Мiнску.

Леанiд — гэта я, калi не карэнны, дык закаранелы беларус, што трапіў служыць у алтайскiя стэпы выпадкова. У тую нешчаслівую суботу трэнер выдаваў замуж дачку і ў святочных клопатах забыўся, як было дамоўлена, забраць мяне з аблваенкамата. Нейкі час я выкручваўся: маўляў, спартсмен, барэц, чакаю прадстаўніка СКА ЧБВА1 i гэтак далей. Але на другi дзень правяральшчык з трыма вялікімі зоркамi на пагонах, натрапіўшы на непарадак, абурыўся:

— Што за блатны адлежваецца? Выключэнне? Чэмпiён? У Сiбiр яго, няхай там пачэмпiёнiць!

I паслаў мяне высокі начальнiк (няхай Бог аддзячыць таму палкоўніку сiбiрскiм здароўем, каб ён яшчэ сто гадоў жыў і дзвесце поўзаў) у тыя мясцiны, дзе самалёты як НЛА сустракаюць.

— Дык вось, удакладняю: прыз толькi адзiн, — працягваў нампалiт. — Другое i трэцяе месцы не разыгрываюцца. Нагадаю яшчэ, што выйгрыш пераможцы — унiкальны. Для нашай роты, як вы ведаеце, паняцця водпуску не iснуе. У такую ўжо часць вы трапiлi, невыязную, сакрэтную, — пашанцавала, адным словам. Цяпер пра маршрут. Хто хоча, можа бегчы пa дарозе — гэта недзе каля чатырнаццацi кiламетраў. Аматарам больш кароткiх дыстанцый раю рызыкнуць i рвануць цераз пoле — ці не напалову бліжэй будзе. Але гэта вам выбіраць.

На маё здзiўленне, спаборнiчаць за паездку дадому падахвоціліся ўсе. Нават бурат з рускім iмем Вася, наркаман з жоўтымi мiргатлiвымi вачыма, і ягоны сябрук Пеця Заборкін (пра такіх кажуць: пiць, курыць, хадзiць i гаварыць пачаў адначасова) прыладкавалiся недзе ззаду.

Я вырашыў бегчы па дарозе. Снегу амаль няма, у боты не наб’ецца. Кiрзачы, праўда, цяжкаватыя, затое замест анучаў, якія вечна збіваюцца пад пяты, ногi грэлi прысланыя з дому цёплыя шарсцяныя шкарпэткi. Што да вагi ботаў, дык яна ў абодвух выпадках велічыня нязменная. Поле ж, у дадатак, хавае яшчэ і загадку: а што там, пад снегам?

Адным словам, дарога!

Падумаў пра канкурэнтаў. Найбольш небяспечным быў Алег з новасiбiрскага Акадэмгарадка — чэмпiён вобласцi па бегу на чатырыста i васемсот метраў. Ён таксама aпынуўся тут выпадкова (а можа, гэта была тая самая выпадковасць, у якой праяўляецца заканамернасць?). Далей iшоў футбалiст Вiктар Пераверзеў, а за iм — прадстаўнiк «таварыства сяброў Японii», шустрачок з цяжкiм для вымаўлення iмем, якое я вечна забываў (дарэчы, не ўспомнiў i цяпер), блатнаваты, заўсёды заклапочаны сваiм здароўем баксёр з Уладзiвастока. Астатнiя сто салдацiкаў, здаецца, застануцца статыстамi. Але — не будзем гадаць, пабачым.

— Раз-два, раз-два, — адлiчваў я крокi, выраўноўваючы дыханне. — Ма-ма? Так-так-так! До-ма? Так-так-так!

Беглася лёгка. Адразу ўдалося вырвацца наперад. Iмчаў, а ў галаве стукала: раптам сiлы на такi тэмп да канца дыстанцыi не хопiць? Астатнiя не так шпарка пачалi, а сярод іх жа — чэмпiён Новасiбiрска.

«Што будзе, тое й будзе! — адчайна адмахнуўся ад трывожных думак, не запавольваючы бегу. — Ма-ма! Так-так-так! До-ма? Так-так-так!»

Футбалiст Вiктар, трапны бамбардзiр, высланы трэнерам у стэп на перавыхаванне за ўпартасць характару, першы, відаць, вырашыў, што пoле яму больш роднае, чым заледзянелы асфальт. Трэба абавязкова перамагчы, каб апынуцца дома. Ён адзiн ва ўсім Алтаі б’е і з левай, і з правай, як з гарматы, а трэнераў, накляпаных у інстытутах фізкультуры, на кожным кіламетры па двое. Толькi б вырвацца, дапяць хоць да нейкай занядбанай каманды — там пакажа свае «мюлераўскiя» ногi.

Ногi не вельмi грузлi ў снезе, i Вiктар спадзяваўся, што так будзе i далей. Вось толькi чабан Рашыд сеў на хвост. Хоць, можа, яно i лепей: з чабаном у стэпе пэўна ўжо не заблудзiш.

Алег узначалiў i вёў групу пагонi за беларусам. Не хваляваўся: «Гэта не васьмiсотка, — казаў сам сабе, — але i нахабнік наперадзе — не чэмпiён у марафоне. Адседзiмся, а там, перад казармамi, ірванём! Спрынтэр я не апoшнi. У водпуск паеду не дадому, а ў Ялту, на адбор у зборную Саюза. Яшчэ паспею. Здохну, а ў тройку патраплю! Хопiць! Жарты скончылiся».

Безыменны баксёр бег па дарозе, але неўзабаве спалохаўся слізкага асфальту. Успомнiў, як аднойчы паслiзнуўся на рынгу i, падаючы, атрымаў важкi хук справа. Такi важкi, што пасля лiку «дзесяць!» яшчэ доўга лавiў зоркі на столi. З-за тых зорак цяпер i бяжыць.

I ён сiгануў у поле, на што да яго рашылiся толькi двое: футбалiст i прылiплы да яго, як цень, Рашыд.

«Азіят, вядома, ад холаду спячэцца, — прыкiнуў безыменны, — а футбалiст — ён жа не баксёр. Як там, на фiнiшы, будзе — нiхто не ведае».

Усе марылі пра перамогу, а нампалiта (ён ехаў на «Урале» за асноўнай групай) турбавала iншае: «Як выбіць у дывізіі абяцаныя пераможцу дзесяць дзён? Усё залежыць ад генерала-цесця, але той апошнім часам быў знерваваны і непрадказальны: затрымліваўся ягоны перавод у Заходнюю групу войскаў. Трэба нешта прыдумаць. Хоць, зрэшты, мароз нават у машыне дастае, i ўсё выдае на тое, што наўрад ці хто наогул дабяжыць да казармы. Вось і першыя здыхлякі галасуюць — у машыну просяцца. Можа, цесць не спатрэбiцца i прыдумваць нiчога не давядзецца?»

Я зразумеў, што самае цяжкае — кожны чарговы глыток пякельна ледзянога паветра. Зразумеў гэта i арганiзм, пайшоў мне насустрач. Горла, нібы залітае навакаiнам, анямела i не перашкаджала дыхаць. Група праследавання трымалася ўчэпiста, але дагнаць пакуль не спрабавала. «Можа, вытрываю такі тэмп да канца?» — спытаў-абнадзеiў сябе, робячы новы глыток.

«А беларус мацнейшы, чым здаваўся, — прыкiдваў Алег. — Сноўдаўся па казарме, маркоцiўся, усё пра нешта думаў, а тут прэ як паравоз. Нібыта падмянiлi хлопца. Праблема з iм будзе. Але — не бяды! Галоўнае — захаваць сiлы да фiнiшу. А пасля перамогi — у Крым!»

Баксёр бег услед за футбалiстам. Адчуўшы, што той здае, дагнаў яго i, абыходзячы, крыкнуў: «Я!». Футбалiст зразумеў: «японец», які пакуль што ягоны саюзнiк, дае яму мажлiвасць перадыхнуць ад лiдэрства, i кіўнуў галавою: «Давай!».

«Снег — не ледзяная дарога, тут меней шанцаў паслiзнуцца», — падбадзёрваў сябе баксёр. Ён не заўважаў, што з кожным кiламетрам ногi грузлi ў снезе ўсё глыбей.

Мне здавалася, лячу куляй, але, прыкiнуўшы, што пройдзена толькі траціна дыстанцыi, а часу мінула болей за паўгадзiны, зразумеў — паўзу чарапахай. Аднак усвядомiў i iншае: у такi галалёд ды пры мiнус сорак гэта гранiчная для мяне хуткасць.

Раптоўна пацямнела. Тройца, што бегла полем, знiкла. Як правалiлася. У апошнiя хвiлiны яны вiдавочна збавiлi тэмп. Ралля пачалася — цi прыняла іх, як тут кажуць, чужая зямелька? Не! Пакуль што — не. Але — прыме. (Так потым і здарылася: забрала за два гады кожнага пятага з нас!)

А я ўсё бег. Бег, каб выжыць. Дагнаць лёс…

Паказалася казарма. З боку поля нiхто не паяўляўся, мае праследавацелi безнадзейна адсталi.

Камандзiр роты стаяў ля ўваходу i ўсмiхаўся. «Глыкнуў», — здагадаўся я, падбягаючы. Цвярозы ён безупынна роў, вучыў нас розуму: легчы-ўстаць, легчы-ўстаць, легчы-ўстаць!

— Ну што, спа-рт-смен, — сказаў праз ікоту, — перамог? Думаеш, так усё проста? Не, салдат. Сюрпрыз! Перамога не залiчваецца. Глядзi! — капiтан вывеў з-за спiны руку i махнуў акуратна складзенымi анучамi. — Пад матрацам днявальны знайшоў! Малайчына днявальны. Зямляк твой, бульбаш, а — сумленны. Няйначай, у мамчыных шкарпэтках бег? Так? Не лепшае рашэнне прыняў, салдат, не лепшае. Парушэнне формы. I, значыць, парушэнне статута. А што належыць парушальнiку статута? Толькi адно — гаўптвахта.

Так скончылася мая трэцяя за першыя паўгода службы-няволi спроба вырвацца з алтайскiх стэпаў на Радзiму.

Вырвацца ўдасца з дзевятай. Праз два гады i трыццаць чатыры днi.

Вырвацца — удасца, а вось дагнаць лёс…

 

 

1Спартыўны клуб армii Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругi.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".