Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Арэлі

Мужныя бальшавiкi бегалi па плошчы, раскідвалi ўлёткі. Заклiкалi да звяржэння, знішчэння, рабунку. Дынамiк тэлевiзара хрыпеў і захліпаўся. Залп «Аўроры» разнёс кiнескоп.

Я кiнуўся да тэлевізара, вырваў шнур. Давялi, даканалi, дасталі, гады, што рвуцца з гразi ў князi. Хапiла па горла! У пячонцы сядзяць са сваёй агiтацыяй! Атрымайце ж і вы! Агiтацыя дык агiтацыя!

План, як раскiдаць, рассеяць, распаўсюдзiць (папярэдне ўмудрыўся надрукаваць, і гэта, магчыма, цягне на асобны аповед) у цэнтры мiльённага горада стос улётак з заклiкамi да барацьбы з камунiстычнай дыктатурай, да звяржэння злачыннага рэжыму i пры гэтым не быць злоўленым, я распрацаваў летам 1972 года, калi дачытваў апошнiя старонкi дзевяцiтомнага збору твораў Iвана Бунiна. І да сёння не зусім разумею (бо «Акаянных дзён» там не было), якiм чынам навёў мяне класiк на думкi аб пратэсце i злачыннасці далейшага маўчання. Можа, таму ён i класiк?

Дату для выканання акцыi — гадавіну Кастрычніка — выбраў не выпадковую. Хацелася падражнiць звера акурат у дзень яго нараджэння. На даху ГУМа змайстраваў прыладу, да якое быў неабыякавы з маленства, — арэлi. Звычайныя: дошка на двух жалезных, паралельна змацаваных трохкутніках («пазычыў» iх у блізкім дзiцячым садку, няхай даруе мне малеча, усё ж на святую справу ўзяў). Цяжкiя арэлi давялося разабраць (балазе, яны былi звiнчаныя, а не звараныя) i падняць не за адным разам. На адзін канец дошкі — блiжэйшы да краю даху — паклаў стос лiстовак. Прыцiснуў іх (а што як вецер падхопіць?) чвэрткаю цаглiны, прывязанай да трохкутніка асновы: каб знячэўку па галаве каму не пацэлiла i не давялося адказваць адразу па некалькiх артыкулах крымiнальнага кодэкса — нават з гэтым азнаёмiўся на ўсялякi выпадак. Не забыўся i пра пальчаткi: на кнiгу вядомага француза пра дактыласкапiю i бельтыльянаж напароўся яшчэ за год да таго, апынуўшыся ў адной з бальнiц Гомеля. Калi бліжэйшы да краю даху канец дошкi пойдзе ўнiз, мой груз павiсне на вяровачцы, а лiстоўкi пасыплюцца долу. З другога боку — процiвага: вядро з вадою. Падрыхтаваў яго загадзя: збоку, крыху вышэй донца, прабiў цвiком дзiрачку i заткнуў зрэзанай пад конус белай гумкай (Made in Hungary, мiж iншым! — падарунак багатай маскоўскай цёткі). Заставалася дачакацца, калi на праспекце будзе найбольш народу, — гадзіны пiк.

Хвiлiны чакання паўзлі страшэнна марудна, але любая пакута калi-небудзь канчаецца. Зірнуўшы чарговы раз унiз, вырашыў, што большага наплыву людзей на скрыжаванні бадай не будзе, i асцярожна выняў гумку-затычку.

Тонкiм струменьчыкам палiлася вада. Хутка вядро пачне падымацца. Закалацiлася сэрца: час ратавацца! Кiнуўся ўнiз. «З месца гiстарычных падзей пажадана знiкаць як мага хутчэй», — успамінаў недзе прачытанае або пачутае, лiчачы адначасова i прыступкi, i довады на карысць таго, што трэба спешна даваць дзёру.

Першы. Калi зловяць, дык нiхто пра героя-адзiночку нават не пачуе. Не даведаецца пра цябе яе вялікасць Гісторыя. Застанешся ты ў ёй цёмнаю плямаю — замест таго, каб стаць ахвярай дэспатызму, барацьбiтом за святую справу. (Зноў iхняя лексiка — во як затлумілі мазгi!) Гэта — не кiно, гэта — жыццё.

Другi. Будуць бiць — не самi, вядома, знойдуць ахвотнікаў, поскудзь якую зэкаўскую брудную. Чаго добрага, зробяць iнвалiдам. I да самае смерцi застанешся прыкутым да ложка. А табе тое трэба?

Трэцi. Забудзь на далейшую вучобу. Якая вучоба ў калонii для непаўналетнiх злачынцаў пад для большасці незразумелай назваю — СпецПТВ?

Ёсць i iншыя прычыны, па якiх непажадана трапляць у лапы нашчадкаў жалезнага Фелiкса, але ўсё ўзяць пад увагу або прадугледзець немажлiва. Карацей, апынуўшыся ўнiзе, на рагу вулiцы Ленiна i ягонага ж імя праспекта (ну няма ў нас сваіх, вартых павагі герояў!), я няспешна, як просты савецкi чалавек, сцiплы вучань 8 «Б» класа звычайнай мінскай сярэдняй школы, паспяшаўся злiцца з узбуджаным натоўпам, гэта значыць — з масай. Разам з iншымi спрабаваў лавiць улёткі, што падалi з неба. І нават адну ўхапiў. Тэкст ведаў на памяць, але прачытаў яшчэ раз з задавальненнем (не ўголас, вядома, а сам сабе, як тое рабілі ўсе, каго ашчаслівіў):

«Дарагiя суайчыннiкi! За пяцьдзесят пяць гадоў знаходжання ва ўладзе бальшавiцкi рэжым выявіў сваю поўную няздатнасць. Узровень жыцця людзей у краiне несупастаўляльны з узроўнем жыцця шараговага заходняга чалавека. Людзi пазбаўлены элементарных свабод, краiна ахінута жалезнай заслонаю. I пастаўлена яна не для абароны ад знешнiх ворагаў. Заслона патрэбна дыктатарскаму рэжыму для поўнай iзаляцыi грамадства, каб народ не ведаў рэальнай, праўдзiвай iнфармацыi i працягваў жыць i працаваць за бохан хлеба i кавалак каўбасы. Мы павiнны разарваць путы, якiя робяць чалавека вязнем, рабом...»

Прачытаў, i пад лыжачкаю засмактала. От ужо нахапаўся слоўцаў з розных буржуйскіх «галасоў». Дагуляюся, ой дагуляюся! Змывацца! Неадкладна! За такiя тэксты, калі зловяць, i сапраўды мала не будзе.

Шпаркім крокам перайшоў вулiцу, падбег да прыпынку. Хутчэй бы «двойка» пад’ехала. Хутчэй… Стоп! На тралейбус, што iдзе проста да дома, сядаць не трэба. Канспiрацыя — адзiн са складнiкаў поспеху падпольшчыка, ягоны шанец уцячы ад шпікаў, спушчаных уладаю. А таго, хто такое ўчыніў, злавiць i належным чынам пакараць абавязкова пастараюцца. Усю кадэбэшную арду кiнуць на пошукi. I мянтоў у дапамогу падымуць, i дружыннiкаў падключаць, i дворнiкаў апытаюць, i яшчэ чорт ведае каго прыцягнуць да палявання на паслугача iмперыялiзму.

Значыць, так: пару прыпынкаў прайду пешкі, пасля сяду на трыццаць сёмы аўтобус, што зварочвае за квартал ад нашага дома, а потым — зноў на сваiх дваiх. Заадно i ад хваста (а раптам ужо селі?) пазбаўлюся.

Сам здзiвiўся, як хутка дабраўся да двара. Схаваўся за альтанкаю: думаў, што рабiць далей. Дадому — няможна. Там могуць быць госцi. Тыя самыя, нязваныя. Зашчымела сэрца. Колькі там часу? Без пятнаццаці шэсць. Хутка мама з работы вернецца. Дачакаюся, а там пабачым…

«Нарэшце! — устрапянуўся, згледзеўшы, як мама напрасткі ішла праз двор. — Зайшла ў пад’езд, зараз пакліча», — пракаментаваў, злавіўшы сябе на тым, што гэтак жа, пэўна, ацаніў бы сітуацыю і наружнік контрразведкі. Вось яно, вясёлае жыццё нелегала!

Праз хвiлiну з балкона пачулася:

— Дзiма, ты дзе? Iдзi дадому!

Адразу з-за альтанкi не выйшаў: раптам у мамы за спiнаю якая свалата схавалася. Пачакаў — нiкога.

— Я тут, мама, — паказаўся са сваёй схованкi.

— Ты зноў нiчога не еў! Дзеля чаго я ўвесь ранак ля плiты стаю? Зараз жа за стол!

Мая добрая клапатлівая мама! Адно і турбуецца, каб сын не быў галодны. I абавязкова ўсiм суседзям паведамiць, што я вярнуўся.

— Iду, iду, падымаюся, — прамармытаў таропка.

Заходзіў у кватэру і ўсё яшчэ хваляваўся, гадаў: высачылi цi не? Агледзеўся: сапраўды нiкога, адна мама. Здаецца, усё цiха. Што ж, можна i перакусiць.

Павячэраўшы, узяўся за ўрокi. Вучыў, нібыта намагаўся за вечар вызубрыць усю гадавую праграму. Што, калі і праўда ў мяне не будзе гэтага года?

З трывожнымі думкамi лёг спаць. Стомленасць узяла верх над хваляваннем, i неўзабаве я апынуўся, як пісалі ў старых кнігах, у абдымках Марфея.

Прачнуўся сам. Упершыню. У школу заўсёды будзiла мама, але ў пяць ранiцы, як гэтым разам, яна, вядома, і сама яшчэ спала. «Не шумець», — загадаў сабе i, асцярожна ступаючы, прайшоў на кухню. Уключыў радыёпрыёмнiк. Знайшоў патрэбную хвалю. Ага, вось яно: «Вы слухаеце радыё “Свабода”. Перадаём апошнiя навiны». Нечакана сярод іншага прагучала: «Учора каля семнаццацi гадзiн у цэнтры сталіцы Беларусі горада Мінска невядомыя змагары з таталiтарным рэжымам раскiдалi ўлёткі з заклiкам да звяржэння існуючага ладу…»

«Ужо ведаюць, на ўвесь свет перадалi»,— мiжвольна ўсмiхнуўся з радасцю i гонарам. Акрыяў духам. Па целе прабегла цёплая і прыемная хваля. «Перамога! — крычаў ува мне радасны голас. — Ты зрабiў свой выбар, адкінуў прэч баязлiвасць, пазбавiўся ад путаў. Цяпер ты павiнен…»

— Так, цяпер я павiнен бегчы, уцякаць без аглядкi, iнакш…

«А куды? — перапыніў мяне той самы ўнутраны, але ўжо нярадасны голас. — Уцякаць няма куды. Навокал — сцяна, мяжа, памежнікі, аўтаматы…»

Рыпнулі дзверы. Мама! Напэўна, я дужа хваляваўся i гаварыў уголас.

— Зноў за сваё? — падышла да мяне. — Зараз жа выключы прыёмнiк. Трасца б таму дзеду! Падарыў любiмаму ўнуку на маю галаву гэтую праклятую цацку. Нi днём, нi ноччу спакою няма. Ідзі кладзіся! Не развіднела яшчэ.

Заснуць, вядома ж, не мог, не да сну было. Як там сказалi? «Невядомыя змагары з таталiтарным рэжымам»? У салодкiх марах пра сваё геройства пракідаўся ў ложку да ранку.

У клас зайшоў, як заходзiць навiчок. Усё выдавала чужым, незнаёмым, нібы бачыў упершыню. Няўжо за тыдзень вакацыяў так ад школы адвык? Цi гэта пасля ўчарашняга вочы на свет па-iншаму глядзелі?

Урок пачаўся з нечаканасцi. Не паспела настаўнiца аб’явіць новую тэму, як адчынiлiся дзверы. Дырэктар! За iм увайшоў высокi, стрыжаны амаль пад «нуль» мужчына ў цёмным доўгiм плашчы.

«Ходзіць па школе ў верхнiм адзеннi, — адзначыў я, — і дырэктар на такое недапушчальнае, як сам бы сказаў, парушэнне не рэагуе. За якія заслугі стрыжанаму такі прывiлей?»

— Тамара Канстанцiнаўна, у вас зараз што па плане? — спытаў дырэктар, акідваючы вачыма клас.

— На адвечнае пытанне «Што рабіць?» пашукаем адказ. А што здарылася? — занепакоілася настаўнiца.

Дырэктар павярнуўся i запытальна паглядзеў на чалавека ў плашчы. Той злёгку пакiваў галавою.

— Ды не, — супакоiў дырэктар, — нам няма куды спяшацца. Зойдзем пасля ўрока. Трэба абмеркаваць адно пытанне. Дакладней — атрымаць адказ. Не адпускайце пасля ўрока вучняў, калi ласка.

«Каму — трэба? — захваляваўся я. — Дырэктару цi таму, каторы з iм? І што за ён? — задрыжэлі ў мяне рукi. — Усё правiльна, гэта шпег. Учора яны ўзялi след, а сёння знайшлi, каго шукалi. Кадэбэшнiкi сваю справу ведаюць. За ноч вылiчылi. Што рабiць? Папрасiцца ў прыбіральню i ўцячы?» — «Зноў ты за сваё, — азваўся голас. — Сам жа казаў — няма куды». — «Значыць, застаецца адно: строіць з сябе дурня. Маўляў, нiчога не знаю, мая хата з краю, сядзеў дома, вучыў урокi, пасля чытаў “Айвенга” Вальтэра Скота, калi трэба — магу змест пераказаць. Пра Бунiна, мабыць, прамаўчу — ён жа амаль мой хаўруснiк. Нічога, адаб’юся, што-небудзь прыдумаю. Бязвыхадных сiтуацый не бывае, — падбадзёрваў сябе. — Як-небудзь вырвуся з пасткi. Саскочу з небяспечных арэляў».

Так, я апынуўся на арэлях. На шалях Фемiды. Над бяздоннем. Чыя возьме? Хто пераважыць? Што? Iхнi вопыт, прафесiяналiзм, вытрымка або мая маладосць, адчайнасць, вера ў перамогу справядлiвасцi?

Я чакаў i слухаў стук свайго сэрца. Яно пакуль што бiлася.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".