Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Госці

Яны ўвайшлі без стуку. Ды і навошта стукацца: калі бабуля варыла што, дзверы не зачыняла. У хаце не было сенцаў ці вітальні, і з двара госці адразу траплялі ў кухню.

Не падаў голасу з будкі і белы ў рыжыя плямкі Тузік, маларослы прадстаўнік адважнай дварняцкай пароды. Адчуў: на гэтых гасцей лепей не гаўкаць і смеласць сваю не паказваць. Яны — у ботах. А наколькі балюча ўпіваецца ў цела бот, Тузік памятаў добра. Не так даўно паспытаў. Забег чым-небудзь падсілкавацца на недалёкую — адразу за іх Козыраўскім пасёлкам — чыгуначную станцыю «Мінск-Паўднёвы» і трапіў на вочы міліцыянеру — лютаму ненавісніку сабачага роду. Тут жа атрымаў левай штуршковай. Адляцеў метры на тры. З таго часу накульгвае, а калі бачыць боты, пачынае дыхаць часта-часта, як у летнюю спёку.

Госці не пастукаліся, але без шуму не абышлося: загрукатаў, зляцеўшы з прыступак, драўляны, на колах-падшыпніках Санькаў «танк». Так бабуля называла ўнукаў самакат, які ён сам і змайстраваў. Санька ганарыўся, што ягоныя «колы» самыя хуткія на вуліцы, і часам выкочваў самакат з гаража-хлеўчыка для прагонкі нават зімою.

Першым увайшоў пажылы, са сплюшчаным, нібыта з-пад прэса, тварам і густымі чорнымі брывамі, моцнага целаскладу мужчына, відочна старэйшы і ўзростам, і па званні. Гэта ён адфутболіў «танк» з дарогі, кінуўшы:

— Чортавы бульбашы! Заставяць уваход розным барахлом, ногі папераломваеш!

Яшчэ з парога ён галодным бегатлівым позіркам павёў у бок керагаза: што там гатуюць недабітыя буржуі?

Другі — малады, цыбаты, з гладкімі, адно ў светлым пушку, шчокамі — ступіў на парог нерашуча: гэта было яго першае баявое хрышчэнне. Вось так уломвацца ў чужое жытло яму дагэтуль не даводзілася — таму і быў троху збянтэжаны, скаваны. Ён, быццам прысаромлены за нешта благое школьнік, утаропіўся ў падлогу. Пры гэтым новы, відаць, толькі што атрыманы казённы цёмна-зялёны гальштук збіўся набок, а вялікія, як у свінні, вушы (была б яго воля, ён, вядома, не стрыгся б так коратка) адтапырыліся, нібыта хацелі пачуць нешта няўлоўнае. У ім змагаліся два пачуцці. Першае — цягнула назад: пайсці, збегчы, не корпацца ў чужых рэчах, у чужым жыцці. Другое — штурхала ў спіну: не бойся, дзейнічай. Гэта ж сям’я ворага народа! А здавалася — і сыноў у расход пусцілі, і гаспадара на катаргу ўпяклі, а што гэта дало? Старая карга жыве сабе, гадуе ўнука і яшчэ невядома чаму вучыць. Добра, хоць народ не спіць, сочыць, піша. Днямі невядомы таварыш далажыў: шыкуюць з нечае ласкі недабітыя нацыяналісты.

Старэйшы прыжмурыўся ў цёмнай безваконнай кухні:

— Ты, гаспадыня, не зіркай спадылба. Мы ж не бандзюкі з вялікай дарогі. Сама ўсё ведаеш, не ўпершыню правяраем. Таму варушыся, паказвай, што прыхавала, пакуль савецкая ўлада на нейкі час пра тваю сямейку забылася.

Худая, з вялікімі шэра-блакітнымі вачыма, якія выдавалі былую прыгажосць, з пабітымі сівізною, сабранымі ззаду празрыстым шырокім грэбенем у куксу валасамі, старая, гледзячы не на гасцей, а як бы ў нікуды, ціха прамовіла:

— Дзверы адчыненыя, праходзьце, шукайце, калі што забылі...

— Ты прапаганду не разводзь! Глядзі, дагаворышся! — перабіў яе, працягваючы тыкаць, старэйшы. — І ў хату вядзі, не стой стодам!

Гаспадыня саступіла ўбок, і госці (малодшы крыху павагаўся, выцер аб галіфэ раптам спатнелыя далоні, быў, пэўна, сапраўды збянтэжаны такім непаважлівым абыходжаннем са старой жанчынай) прайшлі вузкім калідорам у пакой, што служыў адначасова і спальняй, і гасцёўняй.

— Няблага жывём, — пракаментаваў старэйшы, азірнуўшы пакой. — А які абраз! І колькі ж такі цуд каштуе? Не маўчы, гаспадыня, да цябе звяртаюся. Пазалочаная, відаць, рэч, на сотні, а то і на ўсю тысячу пацягне? — упіўшыся позіркам у пазалоту валасоў Маці Божае, разважаў уголас старэйшы.

— Для мяне ёй цаны няма, — перапыніла яго падлікі гаспадыня. — Ад бацькі засталася.

— Ты нам мазгі не пудры! — загарачыўся аматар антыкварыяту, але, убачыўшы, што старая рашуча падышла да абраза, нібы рыхтуючыся яго абараняць, падаўся назад. — Э-э… З Маці Божай можна і пасля разабрацца. Вунь у куце, — падказаў малодшаму, — транты звалены. Можа, пад імі што цікавае ляжыць. Паварушы змяіны клубок, прывыкай.

«Безыменныя, — падумала гаспадыня. — Як і тады, калі мужа, а пасля сына бралі: баяцца назваць адзін аднаго па імені».

Малодшы падышоў да трантаў. Ступіў на дошкі, пад якімі гаспадар яшчэ ў дваццатыя зладзіў тайнік. Тады ў ім схавалі невялікі, але сапраўды каштоўны абраз — падарунак своечасова збеглай ад бальшавікоў радні (павялічаная копія яго вісела цяпер на сцяне). Пазней у тайніку знайшоў сховішча самаробны шматхвалевы радыёпрыёмнік, які настройваўся звычайна на нестандартныя дзевятнаццаць метраў радыё «Вызваленне», даваенныя і нават дарэвалюцыйныя кнігі, некалькі цудам не канфіскаваных («забыліся» на момант вобыску ў суседзяў) часопісаў «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», «Наш край», сямейныя і іншыя фотаздымкі. Некаторыя з іх не прызначаліся для чужых вачэй. Так, на адным гаспадар быў сфатаграфаваны ў кампаніі пяці ўдзельнікаў I Усебеларускага кангрэса — Аляксандра Вазілы, Міхася Гольмана, Ігната Дварчаніна, Язэпа Мамонькі, Кастуся Езавітава. Сфатаграфаваліся каля будынка тэатра, у якім праходзіў кангрэс. Першых чатырох арыштавалі праз дзень, пятага схапілі пазней. На другім фотаздымку старэйшы сын гаспадара і Янка Купала сядзяць за шахматнай дошкаю-столікам, а за імі назіраюць сябры-балельшчыкі, у недалёкай будучыні — «ворагі народа»: паэты Міхась Чарот, Алесь Дудар, Уладзімір Хадыка, Васіль Каваль.

Малодшы нейкі час марудзіў, не рашаўся чапаць чужое адзенне — старыя палітоны, паддзёўкі, якія ратавалі бабулю з унукам, калі на двары лютаваў мароз ці круціла завея. Але вагаўся нядоўга: перасіліў сябе, праглынуў камяк, што быў падступіў да горла, — працягнуў руку да вопраткі. Аднак браў асцярожна, нібыта баяўся: а раптам там і сапраўды затаілася якая змяюка ці пацук? Незнарок злавіў пагляд старэйшага, зразумеў: трэба дзейнічаць смялей, актыўней, больш рашуча — і параскідаў адзенне па падлозе. Прыгледзеўся да дошак, на якіх толькі што ляжалі транты. Не заўважыўшы нічога падазронага, зрабіў крок назад, і тайнік зноў аказаўся ў яго пад нагамі.

«Добра стаіць, — цягнуў шыю з-пад бабулінага локця Сашка. — Няхай бы гэтак і стаяў…»

Але «вучань» быў хлопец малады, энергічны, да таго ж ён усё для сябе ўжо вырашыў, зрабіў свой выбар — ступіў да акна, да Сашкавага ложка, даваеннага, яшчэ нэпаўскіх часоў.

Спінкі ложка былі ўпрыгожаны бліскучымі нікеляванымі шарыкамі памерам з невялікі яблык. У левай — ля акна — стойцы Санька зрабіў свой спрат. Там ён хаваў нацельны крыжык, тузін польскіх і нямецкіх манет, восем царскіх папяровых рублёў, кукарду ад палявой афіцэрскай фуражкі пачатку стагоддзя, дзіцячы бранзалецік, адмыслова зроблены з кавалачкаў дрэва і белага металу невядомым турэмным ювелірам, дзедавым сябрам і аднадумцам (на ўнутраным баку бранзалета была гравіроўка: «Жыве Беларусь!»). Але самым небяспечным са схаванага ў тайнічку Санька лічыў згорнуты ў трубачку аркушык паперы з клятваю, пад якой яны з сябрамі падпісаліся.

«Мы, Піянеры Савецкага саюза (так, «Піянеры» з вялікай, а «саюз» з малой свядома напісаў Санька) — А., Ц., С. і Л., — ствараем тайнае таварыства, задачай якога з’яўляецца канструяванне міні-верталёта для падарожжаў па зямным шары і азнаямлення з жыццём іншых народаў… Клянёмся…»

А. — гэта Аляксандр — сам Санька, кіраўнік арганізацыі.

Ц. — Цімка, дружбак з дома насупраць, намеснік па гаспадарчай частцы. У іхнім хляве, што стаяў у глыбіні саду, было беражліва складзена мноства розных дошчачак і брускоў, два-тры фанерныя шчыты, алюмініевыя трубкі рознай даўжыні і дыяметра, жалезныя вугалкі, іншыя патрэбныя рэчы, — Цімкаў бацька быў вядомы ў наваколлі майстар.

С. — другі Санькаў сябрук Сяргей, які жыў у Мурманску, але ўсё лета праводзіў з камандаю на «чыгунцы»; ён быў сынам вядомага палярнага лётчыка і таму адказваў за праектаванне «аб’екта».

Л. — Людка, самая прыгожая на іх вуліцы дзяўчынка, першае Санькава каханне. А плюс да ўсяго актыўная змагарка за справядлівасць. Калі выпадкова яна стала сведкай расправы над Тузікам, дык пабажылася адпомсціць ужо згаданаму ненавісніку чатырохногіх. І адпомсціла. Міліцыянер хадзіў на работу міма яе дома. У пустую каробку з-пад абутку Людка паклала цагліну. Міліцыянер быў вялікім аматарам па-футбольнаму памахаць нагамі і заехаў ботам па каробцы, што ляжала на сцежцы. Ох і роў бугай у міліцэйскай форме! Да станцыі кульгаў, захлынаўся мацюкамі. «Гэта табе за Тузіка!» — прыгаворвала, грозячы яму ўслед кулачком, Людка.

«Жах!» — скалануўся Санька, прыгадаўшы тэкст клятвы, але як замесці след, скеміў імгненна.

— Тут сплю я, — падышоў да ложка. — А гэтую падушку мне бабуля падарыла нядаўна, на дзень нараджэння, — падказаў правяральшчыкам «патрэбны кірунак».

— А-га-а! — зацягнулі госці дуэтам, клюнуўшы на прынаду. — Падушка што трэба!

— Ну і як? — падміргнуў Саньку малодшы. — Не мулка спіцца на абноўцы? Нешта ж яна вельмі цвёрдая.

Ён падкінуў падушку, злавіў, пакруціў, сціснуў, абмацаў па ражках. Не выявіўшы нічога падазронага, кінуў на падлогу, узяўся за сяннік. Не знайшоўшы кампрамату і ў ім, паціснуў плячыма і павярнуўся да старэйшага:

— Нічога. Падушка як падушка, і ў сенніку — адна салома.

— Шукай-шукай! — загадаў той. — Не веру, каб у бярлозе белагвардзейскага афіцэра нічога каштоўнага не знайшлося! Адчуваю, хаваюць крамолу. Глядзі, як падазрона ў малога вочкі бегаюць.

Добры, сабачы нюх быў у старэйшага. Ён, напэўна, часта знаходзіў тое, што шукаў. У дадатак і вока пільнае меў: адразу ўгледзеў, калі Санька занепакоіўся. Але гэтым разам ён дарэмна палез у камоду з бялізнаю. І заўсміхаўся, абрадаваўся рана — маўляў, во дзе прыхавана золата! А між іншым, бальшавікі сумленна вычысцілі хату яшчэ ў дваццатым, нават заручальны пярсцёнак у гаспадыні з пальца здзерлі.

— Першая паліца — не паказчык, — каментаваў свае пошукі ў камодзе, навучаючы заадно жыццю калегу-навічка. — Другая… Другая — такс-сама. А вось і знаходка! — выняў, радасны, некалькі дзядулевых лістоў, прысланых з Сібіры. — Я ведаў, што ў гэтым доме калі не золата, дык «палітыка» абавязкова знойдзецца! Ужо цяплей. Пісьмы — у папку. З імі пасля разбяромся. Пайшлі далей. Камода — пустая… Цяпер — сервант. Стары — мажліва, з сакрэтамі. Памажы, — паклікаў напарніка. — Адсунем… Заднюю сценку, здаецца, не чапалі. А што ў шуфлядах? Відэльцы, лыжкі… А ўверсе? Кубкі, падшклянкі. Срэбныя ёсць? Не маўчы, старая, да цябе звяртаюся! — павысіў голас. — Адкуль? Ты мне пытанняў не задавай. Глядзі, асмялела! Забылася, як… — хацеў асвяжыць яе памяць, але, паглядзеўшы на памочніка, перадумаў. — Я з табою пасля разбяруся! У іншым месцы… А тут што? Талеркі? І ўсё? — рэзка павярнуўся да напарніка. — Чорт бы іх пабраў! — Але не спыніўся, пачаў аглядаць пакой. — А ну прайдзіся, а я паслухаю. Можа, якая маснічына пра гэтую сямейку што-небудзь раскажа.

Наконт маснічын ён правільна скеміў. Але, калі ягоны вучань наступаў на «патрэбныя», тыя не рыпелі, бо хадзіў ён не па голых дошках, а па раскіданым па ўсёй хаце адзенні.

«На месца рэчы трэба класці», — параіў яму Санька ў думках.

Цыбаты абтупаў усю падлогу — дошкі маўчалі.

— Няма часу, яшчэ два дамы наперадзе, — сказаў раптам старэйшы, зірнуўшы на гадзіннік. — Шкада, сцены не прастукалі, хоць шпалеры, здаецца, не мянялі. Узняць бы яшчэ падлогу не пашкодзіла, ды час падціскае. Нічога, не апошні раз.

Госці вярнуліся ў вузкі калідор, прайшлі ў кухню. Керагаз не гарэў. Старэйшы, незадаволены вынікам вобыску, сыходзячы, вырашыў яшчэ раз ушчуць старую:

— Бачу, гаспадыня не запрашае гасцей да стала? Мы да яе па-добраму, па-чалавечы, а яна, значыць, вось як. Ясна! Гарбатую магіла выпрастае.

Бабуля маўчала. Санька хацеў быў адказаць за яе, як след адказаць, ды заадно спытаць пра дзедавы лісты, але яна прыціснула ягоную галаву да сябе.

Госці пайшлі да веснічак. Выгляд у іх быў заклапочаны, але не расчараваны: можа, у іншых дамах што-небудзь каштоўнае знойдзецца?

Бабуля прысела на ўслон ля парога, цяжка задыхала. Санька ведаў, што будзе далей. Яна пагладзіць яго, скажа: «Схадзі, унучак, у сад, пагуляй». А сама горка заплача, пачне стагнаць, біць маленькімі сухімі кулачкамі сябе па каленях, і пасля доўга-доўга будзе нешта шаптаць сама сабе, прыгаворваць.

Так і сталася.

Санька выйшаў у двор, падняў самакат. Адштурхнуўся, пакаціў па лёдавай дарожцы. Ля арэляў спешыўся, падышоў да любімай яблыні. Пагладзіў яе. Спытаў:

— Бачыла? Яны трэслі хату, палохалі, хацелі, каб я здаўся, усё расказаў. А здацца — значыць здрадзіць Людцы, сябрам. «Няма нічога горшага за здраду», — успомніў бабуліны словы. — Не дачакаюцца! — запэўніў яблыню.

Падбег Тузік, пацёрся, прасіў прылашчыць яго. Санька пагладзіў сябра: «Нічога, адаб’емся». Агледзеўся. Дзень быў цудоўны: снег, лёгкі марозік, халаднаватае, але яркае сонца. Злеплены заўчора, у адлігу, снегавік па-змоўніцку падміргнуў яму: не бойся, гэта ж наш сад, мы тут гаспадары.

Да Новага года заставалася багата часу — цэлы вечар. Яны яшчэ паспеюць упрыгожыць ёлку. Цацкі падрыхтавалі загадзя: увесь апошні тыдзень клеілі з паперы розных жывёлін, птушак, рыбак, гномікаў, выразалі сняжынкі. Усё расфарбавалі. Нават Дзеда Мароза бабуля пашыла.

— Усё будзе добра, — прашаптаў Санька ці то сабе, ці то яблыні, адчуваючы, як ад холаду яго бяруць дрыжыкі, як пачынае трымцець і калаціцца ягонае худое цела, як злы мароз сціскае ледзянымі пальцамі сэрца.

Тады Санька не разумеў, што гэта быў не холад, а — страх.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".