Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Яблыня

Вось ён і дома! Добра, што ў іх была свая хата. І дзякуй Богу, пасля яго арышту не ўзялі маці і жонку старэйшага брата з сынам. Сям’я контррэвалюцыянера! Арыштаваўшы «злачынцу», энкавэдысты зазвычай высылалі і ўсю яго радню. Але гэтым разам сям’ю не кранулі. Яны часам праяўлялі літасць да дзяцей, якіх, бы на здзек, называлі цветами жизни.

— Хай растуць, можа, камсамольцамі стануць, — сказаў іх галоўны, неяк адольваючы цяжкасці няроднай для яго мовы.

 Так і засталася хата за імі. І яму было куды вярнуцца. І вось ён зноў дома.

Іх сад! Дыхаць паветрам роднага саду! Хіба не пра гэта ён марыў усе бясконца доўгія апошнія гады? Калісьці сад пасадзіў на пустцы-аблозе яго бацька. Казачны, як выявілася, сад. Ён жыў, рос разам з імі. Радаваўся і сумаваў, ратаваў ад спёкі і ўдзельнічаў у гульнях.

Бацька першы паставіў тут хату, ля якой пачалі сяліцца-будавацца яго сябры-маракі, аднапалчане па руска-японскай. Вуліцу так і назвалі — Марская. Потым яна выцягнулася, расступілася ўшыркі, стала Вялікаморскай.

Але спачатку быў сад!

Вялікі яблыневы сад. Была ў ім і любімая яблыня. Ранетаўка. Самая зялёная і стройная — апярэдзіла сябровак у гонцы да неба. За доўгія гады, покуль ён хадзіў пад руляй карабіна, яна разраслася, папрыгажэла, але — і пастарэла. Пастарэў і ён. Глыбокія зморшчыны рабілі яго твар суровым, сляды на скуры напаміналі пра лагернага хірурга, які «па-жывому» выразaў гнайнікі на яго целе. І шрамы, што засталіся пасля таго катавання, калі іх, трох кіраўнікоў паўстання ў Нарыльскім канцлагеры, аддалі ў рукі садыстаў. Тыя білі іх смяротным боем. Да ўласнай знямогі. Калі стомленым забойцам падалося, што зэкi не дыхаюць, сканалі, яны не павалаклі целы да лагернай ямы-могільніка — кінулі там, дзе забівалі, за баракам. Стаяла зіма, і за ноч усё засыпала снегам. Выкопваць спруцянелыя целы ніхто не збіраўся.

Ачуняўшы, не адразу зразумеў, дзе ён: на тым ці на гэтым свеце. На тым не магло быць холадна, там заўсёды лета, заўсёды цёпла. Значыць, ён яшчэ тут, жывы, і яго прыйдуць дабіваць. Ён не баяўся болю, але ад усведамлення, што перабітыя косці зноў будуць крышыць, страціў прытомнасць.

Калі прыйшоў да памяці, першае, што пачуў, быў стук уласнага сэрца. «Я чую, я дыхаю, я жывы», — але радавацца не спяшаўся: ён нічога не бачыў. «Снег! — здагадаўся. — Мяне засыпала снегам». Паспрабаваў сціснуць у кулак пальцы правай рукі — на левую, якую знявечылі яшчэ ў «амерыканцы», не спадзяваўся. Пальцы не слухаліся, але рука зварухнулася. Падцягнуў яе да грудзей і з усяе сілы (хутчэй, гэта была і не сіла нават, а нешта іншае, што прыходзіць, калі сілы ўжо няма) саўгануў уверх. Рука з нечаканай лёгкасцю адолела перашкоду. Вось чаму ён можа дыхаць! Снег толькі прыцерушыў яго. Цяпер апусціць руку, згарнуць рэшткі снегу з твару. «Святло! — ужо не стрымаў радасці. — Жывы!» Прыслухаўся — цішыня. Паспрабаваў прыўстаць, але — пачуліся галасы, і ён заціх.

— Товарищ лейтенант! Тут кто-то из этих… Ну-у, вчерашних… Кажись, шевелится.

— А что, Чезаев не всех добил?

— У него вроде штык сломался…

Ён успомніў: яму ж павінны былі зрабіць «контрольный укол» — праткнуць грудзі. Значыць, штык зламаўся раней, чым чарга дайшла да яго.

— Товарищ лейтенант, добить гада?

— Стой! Посмотрю, что за умелец такой по части выживания объявился. Не тот ли, кого вы последним кончали? Да-а, молодцы… Ладно, чего стоишь, как присох, неси лопату…

Ён падумаў: «Зараз даб’юць. Не пашанцавала — дзень! Двойчы так шанцаваць не можа: і каб выжыў, і каб ноч».

Яго падчапілі рыдлёўкай, адарвалі ад мёрзлай зямлі і пацягнулі да барака. Боль здушыў, і ён зноўку знябыўся.

«Глядзі, усё яшчэ жывы, — здзівіўся, апрытомнеўшы на нарах. Ён не ведаў, радавацца гэтаму ці не. За доўгія гады зняволення яму неаднойчы выпадала бачыць, як жывыя зайздросцілі мёртвым. — Але чаму не дабілі? Можа, — такое ўжо здаралася, — лагерны лекар у імя савецкай навукі папрасіў, каб яму аддалі жывы труп?»

— Ну, дружок, руку спасу, а пальцы — уж прости, поздно обратился, — загаворваў доктар нясцерпны боль. — Да что там пальцы! Скажи спасибо, что живой остался. Считай — все тело у судьбы отвоевал. — І, агледзеўшыся па баках, цішэй дадаў: — А как там, у Бога? Есть он, Бог, или нет? Я в последнее время что-то усомнился…

— А я не сумняваўся ў табе, мая любая яблыня. Ты — мой Бог. І я зноў з табою, — гаварыў чалавек, стоячы ў цені вялікага разгалістага дрэва. — Але ці памятаеш ты мяне? Ці памятаеш хлапчука, які заўсёды намагаўся ўзлезці на самую верхавіну? Нібы там яблыкі смачнейшыя. Бацька гаварыў, што ў цябе асаблівыя плады, іх смак — гэта смак Радзімы. Ён меў рацыю. Я памятаю яго словы і цяпер. Гэта яны зараджалі нас з маленства пачуццём свабоды, абуджалі мару, умацоўвалі веру.

Вера… Тым разам, калі іх забівалі, думаў — усё, яна пакідае яго. Шкадаваў, што не нажыў дзяцей: было б каму прадоўжыць пачатае, але не завершанае ім. Цяпер ён ведае: у яго ёсць пляменнік — родная кроў! — якога даўно называе сынам. І значыць, ёсць шанец, што іх справа будзе прадоўжана.

Ён успомніў, як жудасна крычаў яго аднакурснік Сяргей Белановіч. Сяргей баяўся болю. Яшчэ ў дзяцінстве ён няўдала скокнуў з дрэва і ўрачы без анестэзіі зашывалі рану на яго назе.

Той ноччу, калі іх забівалі, Сяргей прасіў катаў прыстрэліць яго. А памёр пад ім, пад сваім сябрам, захлынуўшыся ўласнай крывёю.

Сёння дваццаць дзевятае. Перад паўстаннем яны пакляліся: хто ацалее і вырвецца першы, зробіць гэта на працягу тыдня. Ацалеў ён адзін. І засталося два дні. Дакладней, трыццаць пяць гадзін. Ужо менш.

Усе гэтыя гады ён уяўляў, як падыдзе да яго, а той знямее, вырачыць ад страху вочы, бо адразу ж пазнае, хто прыйшоў. Падыдзе, скажа: «Юда, успомні Сяргея», — і ўсадзіць нож у яго чыста паголеную — акуратыст! — шыю.

Цяпер ён зразумеў: помсціць не за бацьку, святара, які быў асуджаны па прыгаворы юды да трынаццаці гадоў лагераў. Не за братоў, якіх па яго ж указцы расстралялі ў 1937-м. На допытах, намагаючыся прымусіць братоў збіваць адзін аднаго, каты зрабілі іх інвалідамі. Але яны вытрывалі ўсё. Не засталося сіл толькі для аднаго — ісці на расстрэл. Змардаваныя целы каты валаклі.

Ён прыйшоў помсціць не за сябе, не за сябра Сяргея — ён прыйшоў помсціць за ўсіх з таго свету.

Ён, канешне ж, нядужы. У лагеры адабралі здароўе. Але нож, які навастрыў зэк яшчэ царскай закваскі, яго рука ўтрымае.

Заставаліся тры пытанні: калі? дзе? як?

Калі? Вырашылі даўно, прызначылі вось гэты, невытлумачальна жорсткі тэрмін: сем дзён пасля выйсця на волю. У яго засталося трохі больш за суткі. Дзе? Добра было б у тым самым будынку, у якім юда іх калісьці судзіў. Не адразу, а паступова, на працягу дзесяці гадоў перасадзіў усю сям’ю, вынішчыў пад корань. Як? Гэта ён ведаў.

* * *

Раніцай, перад тым як пайсці з дому, ён пастаяў ля сваёй яблыні. Тая за ноч расквітнела, нібы памаладзела, і яму на імгненне падалося, быццам яна ўсміхаецца. Ён зразумеў: яблыня з ім развітваецца, яна ўсё ведае. Неўзабаве ён зробіць тое, што павінен зрабіць, і коштам будзе ягонае жыццё. Што ж, ён згодзен. Жыццё хворага інваліда — за жыццё забойцы сотняў і сотняў. Ён да гэтага гатовы. Бывай, яблыня. Бывай, жыццё…

Увайшоў, убачыў і здзівіўся: суддзя за мінулыя гады амаль не пастарэў. Няўжо жыццёвыя сілы ахвяр і сапраўды пераходзяць да ката? Колькі ж ты, юда, збіраўся пражыць, калі столькіх панiшчыў?

У першае імгненне суддзя яго не пазнаў. І толькі прыгледзеўшыся, зразумеў: прыйшоў той, хто не павінен быў прыйсці, не павінен быў выжыць. Бо ён зрабіў усё, каб гэтага не здарылася. Відавочна, зрабіў недастаткова.

«Час! Галоўнае — цягнуць час», — вырашыў суддзя і пачаў гаварыць, тлумачыць, клясціся. Потым стаў крычаць. Спадзяваўся — можа, пачуюць.

— Успомні Сяргея, — было апошнім, што ён пачуў.

Мсціўца паглядзеў на суддзю, які знерухомеў у крэсле, перахрысціўся: «Калі б усе, каго ты выправіў у ГУЛАГ, і тыя, што здолелі вырвацца з краіны-клеткі, пачулі, што юда здох, тысячы агнёў-салютаў запаліліся б адразу па ўсім свеце».

* * *

Усю ноч ён спаў наўздзіў спакойна і прачнуўся не па-лагернаму позна — недзе а восьмай. Маці стаяла каля ягонага ложка. Плакала.

— Уладзік, тут прыйшлі, — сказала ледзь чутна.

Ён не спалохаўся. Ён даўно перастаў баяцца. Маленькая, белая, цёплая ад далоні таблетка чакала яго.

— Амін! — прашаптаў Уладзімір і, зірнуўшы на яблыню ў акне, паднёс пакалечаную правую руку да вуснаў.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".