Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

І ён іх пазнаў

— Гэта апошні раз! Апошні! Больш туды ні нагой! — пераконваў сябе чалавек у споднім, укленчыўшы перад абразом. І апраўдваўся: — Хто я?! Ніхто! Усё вырашаюць яны! Яны i ёсць звяры! Я толькі выканаўца. Паслугач! Цень! Усё яны, яны… Якой бясконца доўгай была гэта ноч! Іх прыводзілі i прыводзілі. Здавалася, таму не будзе канца! I я страляў! А што было рабіць?! Калі не я — знойдуцца іншыя. Але тады i мяне… Таксама — у патыліцу! А я хачу жыць! Я павінен жыць! У мяне дзеці, іx дзеці. Расстраляных.

У дваццаць дзевятым, калі гэта здарылася першы раз, ён вырашыў шукаць ix дзяцей i па магчымасці ўсынаўляць. Слава, Лена, Святлана, Зіна… Яны не ведаюць, што ён — забойца. Любяць яго, чакаюць з надзеяй: «Тата заўсёды што-небудзь смачнае з работы прынясе». Калі б дзеці ведалі, што тое смачнае прызначалася іx бацькам. «Не хвалюйцеся, перадамо», — супакойвалі праз маленькае акенца людзей, якія прыносілі перадачы. А самі сабе казалі: «Іх ужо Бог накорміць».

Гэтая кастрычніцкая ноч трыццаць сёмага яго даканала. Такога яшчэ не было! Дзевяць чалавек — дзевяць паэтаў! — і ўсіх забіць павінен быў ён!

З імі, вядома ж, следчыя папрацавалі, праз «амерыканскі канвеер» прапусцілі. Гэта калі стомленага ад катавання вязняў энкавэдыста падменьваў другі, пасля трэці, чацвёрты.

І паэты падпісвалі ўсё, што ад іх патрабавалі, прызнаваліся: так, яны ворагі народа. Маўклівага народа, які праз гэтае зацятае маўчанне і выракся іх, сваіх сыноў. У гісторыі «амерыканкі» не было непадпісантаў. У першы, дзесяты або соты дзень, пры памяці ці ў бяспамяцтве, але тое, пра што тут «пpaciлi», вязень рана альбо позна падпісваў. Тыя, што не маглі зараз ісці, трымаліся даўжэй за іншых.

Для паэтаў ужо не існавала ні рана, ні позна. Наперадзе была смерць, i кат думаў, што ўсё будзе як заўсёды. Пачнуць дамагацца справядлівасці, прасіць паратунку ў Бога, крычаць пра сваю невінаватасць. Але паэты паміралі моўчкі. I гэта было жудасна. Яны маўчалі i глядзелі. Глядзелі праз яго, як сляпыя. Нібы перад імі была пустата. Здавалася, яны пакінулі ўжо гэты свет. Няхай бы крычалі, супраціўляліся, няхай бы прасіліся, плакалі — было б лягчэй, было б як звычайна. Але яны маўчалі, і кат пачаў злаваць. Занерваваўся. Так можна і прамазаць. Прамажаш — страляй зноў, марнуй лішні патрон. А гэта разбазарванне, шкодніцтва. Могуць спісаць. А спісваюць іх такія ж, як яны…

І тая ноч яго даканала. Здарылася тое, чаго раней з ім ніколі не было: не вытрымалі нервы.

На трэцім асуджаным у яго здрыганулася рука — паэт пасля стрэлу ўпаў, але не заціх — задыхаўся, глядзеў, ненавідзеў.

На сёмым схібіў пісталет — асечка.

Перад дзевятым кат дарэмна расціраў анямелы палец, той самы, што цісне на курок, — яго як адняло. Давялося страляць з левай.

«Дзякуй Богу, пацэліў! О, жах! Што кажу?! Значыць, дзякуй Богу, што забіў?! Божа, ратуй!» — закрыў ён рукамі твар.

Была глыбокая ноч, i чалавек у споднім не заўважыў, як ягоны шэпт паступова набраў сілу і нарэшце перайшоў ледзь не ў крык:

 — Я павінен жыць! А каб жыць, я павінен забіваць! У гэтай краіне ёсць толькі два варыянты: альбо ты забіваеш, альбо забіваюць цябе! І калі ты не забіваеш фізічна, дык забіваеш сваім рабскім маўчаннем, рабскім жаданнем выжыць! Я таксама раб. Бо я забіваю з-за страху быць забітым. Краіна забойцаў-рабоў, іх ахвяр i маўклівага народа!

Спінай адчуў холад. «На мяне глядзяць»! — падказаў розум. Павярнуўся. Заспанымі вачанятамі на яго глядзела самая маленькая — Зіна.

Яна абмачылася i на мокрым не магла заснуць. Іншага месца ў дзіцячым пакоі не было, і дзяўчынка ціхенька пайшла ў татаў. Таты ноччу звычайна не бывае. Тата прыходзіць пад раніцу.

Малая ўвайшла і са здзіўленнем глядзела на яго. Не плакала. Ён не разумеў, чаму ўсыноўленыя ім дзеці расстраляных ніколі не плачуць. Сваіх дзяцей у яго не было, але ён добра памятаў, як плакаў сам. Гадоў да дзесяці, з прычыны i без прычыны, не даваў маці спакою. Гэтыя ж дзеці, нават моцна пабіўшыся або апёкшыся, ні разу не пусцілі слязы, нібы не адчувалі болю. Нейкія нежывыя…

— Божа, пра што я? Ужо ў дзецях мерцвякі мрояцца. Усё! Спішуць! Спішуць і заб’юць! Занадта многа ведаю, занадта шмат награшыў. Занадта… Хоць… — спрабаваў супакоіць сябе кат, — хоць Бог дасюль быў лiтасцiвы да мяне. Moжa, i нездарма маліўся ўвесь гэты час. Маліўся, прасіў, тлумачыў. Можа, і нездарма…

Дзяўчынка лягла ў бацькаву пасцель i пад ужо ледзь чутны яго шэпт заснула.

А старэйшыя, трынаццацігадовая Лена i на год маладзейшы Слава, прахапіліся ад ягонага крыку: «Я павінен забіваць!».

Прачнуліся і ўжо не маглі заснуць. Анямеўшы ад жаху, яны ляжалі і слухалі споведзь забойцы.

Як зазвычай, кат устаў каля дванаццатай, адаспаўшы сваю норму — шэсць гадзін. Ён быў задаволены. Адпачыў і цяпер зноў зможа працаваць. Галоўнае — рукі не дрыжэлі, i гэта радавала: значыць, не спішуць, стары конь яшчэ прыдасца. Кат ужо не думаў пра свае начныя раскаяннi, як, зрэшты, i заўсёды, калі ўдавалася добра адаспацца.

Па кватэры шнырылі дзеці, i ён, бы клапатлівы бацька, паглядзеў, што засталося з ежы. Бач ты, усё падмялі. Але такой бяды, ён прынясе. Вечарам, перад начною зменай...

Ён правільна адзначыў: дзеці шнырылі па кватэры. Не бегалі, не насіліся, а менавіта шнырылі. Асабліва — старэйшыя. Шнырылі — у пошуках чаго? Ён падумаў  — як звычайна, ежы. На гэты раз — памыліўся. Дзеці, найперш Лена і Слава, сноўдалі па кватэры зусім не ад голаду. Гэтай ноччу да іх прыйшла думка пра помсту. Хай ён толькі пойдзе! Яны адразу ж пачнуць рыхтавацца да суда і кары. Можна было б — ды й трэба! — абысціся без суда, як без суда знікалі іх бацькі, але спярша трэба даведацца прозвішчы. Свае сапраўдныя прозвішчы! А потым ужо — пакараць смерцю. Пакараць — і кропка! Памілаванню ён не падлягае.

Цэлы дзень на пустцы Лена трэніравала руку — лупіла па затравелых купінах важкаю палкай. І вечарам, калі «бацька» прынёс смачненькае i зноў пайшоў на работу, прадоўжыла трэніроўку. Налічыўшы добрую сотню ўдараў, супакоілася: хопіць, а то, чаго добрага, перастараецца і знянацку заб’е адразу.

Кат вярнуўся, як і звычайна, на досвітку. Упоцемку пад’еў, распрануўся, дастаў схаваны пад ложкам абраз, выцер яго і прыставіў да сцяны. Уздыхнуўшы, укленчыў перад ім.

Гэтага моманту i чакалі Лена са Славам. Чакалі з трывогай: баяліся заснуць. Але хваляваліся дарэмна: сну не было ні ў адным воку — занадта моцна ўразіла іх пачутае мінулай ноччу. Укленчаны перад абразом цень стаяў перад вачыма. I яны чакалі. Не цярпелася даведацца, хто іхнія бацькі. I галоўнае  — пакараць забойцу. Яны пакараюць яго, і гэта будзе ix перамога. Перамога справядлівасці. Але спачатку — прозвішчы…

— Божа! Гэта апошні раз, клянуся! — зацягнуў кат сваю малітву.

Яго мармытанне падштурхнула Лену. Рука ўзнялася, і палка апусцілася на галаву амаль нябачна і ціха.

Кат тыцнуўся тварам у падлогу, і да яго кінуўся Слава. Вяроўка за час чакання ажно ўзмакрэла ў руках і выслізгвала. Усё ж яму ўдалося звязаць чалавека ў споднім. «Чалавека? — перапытаў сябе Слава. — Не, чалавека мы не забівалі б».

Лена шапнула:

— Правер яшчэ раз, ці добра звязаны. Не дай Бог…

Слава паслухмяна зацягнуў тужэй канцы вяроўкі, сказаў з мужчынскай упэўненасцю:

— У мяне не вырвецца! — І дзелавіта спытаў: — Пачакаем, пакуль сам ачухаецца?

— Пачакаем. Хай сам…

Кат не ачуньваў. Як тыцнуўся носам у падлогу, так і ляжаў — хвіліну, другую, трэцюю. Госпадзі, як жа яго разбудзіць? Дакранацца да яго не рашаліся, а ён усё не варушыўся…

Лена паціху схадзіла на кухню, прынесла вады, рукой — не з рота — пырснула на яго. Не дапамагло. Няўжо памёр? Няўжо яна перастаралася і адразу... напавал? Шкада! Не змаглі дапытаць яго, вызнаць свае прозвішчы.

Пабедавалі, ды што рабіць — так атрымалася. На ўсякі выпадак пачакалі трохі яшчэ і пацягнулі яго ў двор. Праз сад давалаклі цяжкае цела да пусткі і скацілі ў нагледжаную днём канаву. Засыпалі сырой ад ранішняй расы зямлёй.

Абое калаціліся — ці то ад холаду, ці то ад страху.

Вярталіся калі ўжо віднела. Нікога не напаткалі: у доме з вокнамі на пустку жылі таксама начныя работнікі, і яны гэтай парою адсыпаліся.

Апрытомнеў кат у цемры. Пласт зямлі на ім быў невялікі, і праз тонкую прасціну, якая замінала бачыць ці паклікаць на дапамогу, можна было скупымі глыткамі цадзіць паветра.

Ён спрабаваў варушыцца, вырвацца з нечаканага палону, але моцна звязаныя рукі i ногі не давалі шанцу на ратунак. Гэта азначала канец. Але моўчкі, як тыя паэты, ён паміраць не збіраўся. Выў, мычэў, стагнаў. Ды неўзабаве заціх. Дранцвеючы ад жаху, адчуў подых смерці. Да яго набліжаліся людзі.

I ён ix пазнаў.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".