Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...

Зялёныя вочы

Хрыпаты прыкмеціў яе адразу. Густыя чорныя дагледжаныя валасы нават пасля васьмі дзён пакутлівай дарогі нібыта казалі: не было ні этапу, ні вагона-цялятніка, ні выпрабавання голадам. Стому выдавалі толькі вялікія зялёныя вочы. Але і стомленыя, яны прыварожвалі, гіпнатызавалі, ненавідзелі. Улавіўшы іх позірк на сабе, ён адчуў: па спіне прабег халадок. «Паглядзела, нібы змяюка перад тым, як уджаліць. Пагарджае». У Хрыпатага перахапіла дыханне: пагарда і нянавісць у такой дозе яго толькі ўзбуджалі. «Ад пагарды даўжэйшы шлях да асалоды, але саладзейшая сама ўцеха», — працытаваў сябе. Яшчэ ён узбуджаўся, калі бачыў кроў, але гэта — потым…

Усю ноч начальнік Рашоцінскага лагпункта НКВД Краснаярскага краю трыццацівасьмігадовы Ізмаіл Віктаравіч Храпін, ці, як зняволеныя звалі яго між сабою, Хрыпаты, не мог заснуць. Толькі пад раніцу знясілены ад працяглага ўздзеяння алкаголю арганізм здаўся.

Спачатку зеленавокая была далёка, але, пачуўшы ягонае «Падыдзі!», нечакана паслухалася, пайшла да яго. Яшчэ трохі… і яна ўжо побач. Ён глядзеў на яе пышныя валасы, палаючыя вочы, зваблівыя вусны. Абняў. Удыхнуў водар маладога цела. Прашаптаў:

— Не бойся, распранайся, усё добра, усё будзе добра, усё будзе.

 Зялёныя вочы прыжмурыліся, і ў гэтым позірку ён прачытаў тую ж нянавісць, што і тады, за першым разам. Не вытрымаў, узарваўся:

— Скідай шмоцце, сце-р-р-ва, — расцягваў словы. — Зараз жа!

Яна адвяла вочы, расшпіліла верхні гузік кофты. Маўчала.

«Спрытна, — усміхнуўся Хрыпаты. — Што ні кажы, вопыт. Вопыт, як і талент, не прап’еш. Толькі талент даецца ад роду, а за вопыт трэба папацець, панапінацца». За тры гады службы тут яму нямала давялося пацець і напінацца, перш чым навучыўся браць сваё адразу. «Вось і гэтая цыцастая зараз запрацуе...»

Яна крыху адступіла, зняла кофту. Адчула, як яго прагавіты позірк абмацваў праз ліфчык яе грудзі. Павярнулася спінай:

— Расшпілі.

Паволі, п’янеючы ад асалоды, Хрыпаты ступіў да зеленавокай.

Нечакана зэчка размахнулася і шпурнула ў яго кофту. Кофта была ў ліпкай, як клей, слізі. Кофта абярнулася скурай! Праз сілу аддзёршы яе ад твару, ён убачыў перад сабой вялізную чорную змяю. Галава змяі-гадзюкі рухалася. Аддалялася. «Дзякуй Богу!» — пранеслася ў Хрыпатага. Але змяя стаілася, потым павярнула назад. Затрымцела джала.

— Ш-ш-ш-ш… — пачуў начлагера гук, які паралізуе ўсё жывое. Разявіў у жаху рот.

Змяя кінулася. Упілася ў яго вусны. Адарвала кавалак ніжняй губы. Адскочыла. Выплюнула. Запырсканая крывёй, прашыпела:

— Яшчэ пацалуначак? Хочаш-ш? Хо-очаш!

Прачнуўся Хрыпаты ад свайго ж крыку. Першым, як заўсёды, убачыў Фелікса.

— Ізмаіл Віктаравіч, — спытаўся служка спакойна, бы нічога не чуў, — гарбату несці?

— Прыдурак, тупіца! Кожны раз адно і тое ж! Блага мне, ёлупень…

Начлагера не паспеў дагаварыць, як Фелікс знік за дзвярыма.

«Не жылец», — падумаў пра сябе Хрыпаты. Неахвотна ўстаў, падышоў да вядра з вадой. Зачарпнуў у далоні — вада ледзяніла. Расцёр твар. Прахрыпеў:

— У-у-х! Каб цябе разарвала!

Холад ажывіў. Ён успомніў зялёныя вочы — чалавечыя вочы, што ззялі на вялізнай змяінай галаве. Прымроіцца ж такое!

Зноў бясшумна з’явіўся Фелікс. Ён стаяў з падносам на парозе і, не міргаючы, адданым сабакам, глядзеў на гаспадара.

Хрыпаты прысеў за стол ля акна. Махнуў:

 — Давай!

Слуга падляцеў, падаў сняданак: хлеб, сала, капусту, пляшку гарэлкі. Наліў.

Выпіўшы шклянку, начлагера амаль зусім ачуняў:

— Ну, што там, расказвай.

— Новенькіх размеркавалі… — пачаў быў Фелікс.

— Ды я не пра гэта, — спыніў яго Хрыпаты.

— А-а… — сумеўся Фелікс. Скеміў, чаго ад яго хочуць, дадаў: — Чарнявую на кухню ўладкаваў. Каб не застудзіла свае чары. У тайзе цяпер, самі ведаеце…

— Добра-добра, хопіць, — супакоіўся начлагера. — Ідзі, дай паесці.

Калі Фелікс выйшаў, Хрыпаты наліў яшчэ, хукнуў, выпіў, паглядзеў на ежу, але заядаць не стаў: пасля такога сну нiчога ў горла не лезла. Перад вачыма стаяла чарнявая. Вырашыў: «Трэба праведаць», — і, кульнуўшы трэцюю шклянку, зняў з цвіка кіцель.

Нырнуўшы ў пякуча-марозную раніцу, начлагера прайшоў вахту і апынуўся перад плацам, на якім трэніраваў некаторых «асабліва разумных». Пазаўчора адзін такі грамацей, заходнік, Язэпам звалі, тут і сканаў.

— Вырадак! — успомніўшы, мацюкнуўся Хрыпаты. — Упартае быдла трапіла. Ледзь сам праз яго не сканаў: бітую гадзіну на гэткай халадзіне.

Праклінаючы грамацея, начлагера перайшоў плац, абагнуў сталовую і апынуўся ля дзвярэй на кухню. Увайшоўшы ў падсобку, наткнуўся на зеленавокую: тая ля дзвярэй шаравала днішча вялізнай каструлі. Краем вока яна ўгледзела начлага, але галавы не падняла, не спыніла работу, выскрабала прыгар. Хрыпаты не прывык заставацца незаўважаным — адфутболіў каструлю, зароў:

— Вочкі падымі! — Не ўбачыўшы вочак і не пачуўшы адказу, дадаў: — Устаць, сцерва!

Зеленавокая не выцягнулася, як належала, у струнку, а павольна паднялася і пачала па статуце:

— Зняволеная…

— Адставіць! — перабіў Хрыпаты, убачыўшы звычайную на свае словы рэакцыю. — Працуй, не мітусіся. — Але нечакана ступіў да яе, схапіў за падбародак, прасіпеў: — У дзевяць прыйдзеш да мяне. Уцяміла? У дзевяць. Дзевяць нуль пяць буду лічыць спазненнем. Ты ўжо ведаеш, што спазненне ў нас — як непадпарадкаванне, як крок улева або ўправа. Ведаеш? Добра, працуй. І памятай — у дзевяць.

Учора, калі зеленавокая пачула пра смерць Язэпа, яна зразумела: знікла апошняя надзея! Надзея быць побач з мужам. Зразумела і — перастала цвяроза ўспрымаць свой стан. Баязліва-мітуслівыя зэчкі і зэкі, злыя і крыклівыя вертухаі — усё было як сон. І толькі пачуўшы хрып начлагера: «Устаць, сцерва!» — ачулася. Гэтым агідным словам яе ніхто ніколі не зневажаў. Нават у «амерыканцы». Цяпер усе яе думкі былі толькі пра Хрыпатага: яна адпомсціць. І за Язэпа, і за сябе. Яна заб’е яго! Як? Пакуль — не ведае, але заб’е. Абавязана забіць!

Вярнуўшыся са сталовай у барак, у размове зэчак улавіла гуллівую заўвагу, што начлагера ўвечары цвярозы не бывае, і нечакана супакоілася: можа, менавіта гэта ёй і дапаможа. Яна не прапусціць такі шанец. Цяпер яна, здаецца, ведала што рабіць.

Вертухай прывёў зеленавокую акурат у дзевяць. Галоўны халуй начальніка лагера Фелікс сустрэў іх у сенцах і, з’едліва ўсміхаючыся, дыхнуў на яе забойчай сумессю махоркі і самагону:

— Надта не выпінайся, мне што-небудзь пакінь. Я ж… — дадаў цішэй, — не начальнік — разлічуся.

Зачыніўшы за ёю дзверы, пстрыкнуў пальцамі і, звяртаючыся да стралка, дадаў: — А вочы якія, га? Так бы і выразаў на памяць!

«Але, — пачухаў той патыліцу, — ты і на такое здатны».

Калі зеленавокая ўвайшла, начлаг ляжаў на ложку. «Храпе, кныр», — павесялела. Хваляванне ўляглося, і ўжо амаль з усмешкай паўтарыла пачутую ў лагеры прыказку: «Любіць літара “х” храпучага, хрыпатага, падобнага да храка, начхрэна Храпіна. Нічога, — сказала сама сабе, — сёння ты храпеш апошні раз».

— Свалата! — прамармытаў у сне начлагера і заціх.

Зеленавокая прыслухалася. Крокі? Здаецца, сюды ідуць. Кінулася ў ложак, прытулілася да Хрыпатага.

І своечасова. Фелікс вярнуўся праверыць, што там у гаспадара. Ці дастанецца што-небудзь на яго долю? Асцярожна прачыніўшы дзверы, убачыў ідылічны малюнак: парачка злілася ў абдымках. Прабурчэў:

— Ага, гэты пакіне. Ды няхай! Прайдуся па бараках, якую з новенькіх выцягну.

Зеленавокая раз-другі дакранулася да пляча Хрыпатага, зразумела, што той у глыбокай п’янай коме, і ў думках падзякавала Богу: першая частка задачы вырашылася сама сабой. Асцярожна, стараючыся не трывожыць, пачала сцягваць з яго гімнасцёрку.

— З жанчынай зручней мець справу распранутым, — паўтарала на той выпадак, калі ён прачнецца.

Начлагера хроп і голы. Зеленавокая выцягнула з галіфэ рэмень і звязала яму рукі. Пашукала вачыма па сценах, угледзела прызначаную ці не для сушкі бялізны вяроўку і абматала ёю ногі. Падумала, што для такога бугая гэтага будзе замала, і прывязала яго яшчэ і да ложка.

Хрыпаты застагнаў, прачнуўся. Зеленавокая дачакалася здзіўленага «Дзе-э?» — і заткнула яму рот яго ж рукавіцай. Начлагера вылупіў вочы — не разумеў, што адбываецца. З дапамогай конаўкі сцюдзёнай вады канчаткова прывяла яго да памяці.

Ён адразу дапяў — звязаны. Ірвануўся, але, быццам прыціснуты нечым цяжкім, ледзь адарваў галаву ад падушкi. Зноў тузануўся, паспрабаваў разарваць путы, замычэў.

«Сцерва! Звязала так, што ні рукою, ні нагою… Ціха, ціха, спакойна, — цверазеў Хрыпаты. — Вырвацца! Галоўнае — вырвацца, выратавацца. Задобрыць суку. Прасіць, маліць, абяцаць… Толькі б вырвацца! — Ён круціў галавой, стагнаў. — Дзе ж Фелікс? Дзе гэты прыдурак? А сцерве я лаханку выверну…»

— Слухай, нелюдзь! — пальцы зеленавокай аплялi горла Хрыпатага. — Калі мяне згвалтавалі ў «амерыканцы» і потым адчула, што нашу дзіця, я паклялася: заб’ю сябе. Заб’ю! Але абавязкова захаплю з сабой такога, як ты, вылюдка. Калі ж надарыўся шанец убачыць мужа, я загадала сабе: чакаць! Трываць і чакаць. Любой цаной дачакацца сустрэчы. Я спазнілася толькі на дзень…

Хрыпаты ўбачыў у яе руцэ нож. «Фелікс, неданосак, не прыбраў», — пранеслася ў галаве. Ён з жахам зразумеў, штo задумала зеленавокая. Зноў ірвануўся, захрыпеў, з рота, з-пад рукавіцы, засачылася пена, але путы не выпускалі, скавалі намёртва.

Яна адцягнула яго адростак і паласнула нажом.

Рукавіца, як пыж са стрэльбы, вылецела з перакошанага ад болю рота, і нечалавечы крык аглушыў зеленавокую. Акрываўленымі рукамі яна схапіла Хрыпатага за горла. Не для таго, каб абарваць гэты крык ці задушыць вылюдка, — хацела бачыць ягоныя вочы.

— Цяпер, нелюдзь, ты ўжо нікому нічога не загадаеш. Жыў жывёлінай, жывёлінай і здохнеш, — прашаптала, не заўважаючы, што Хрыпаты ўжо не хрыпіць.

У калідоры пачуліся крокі, гаворка. Хтосьці набліжаўся. «Не спіцца шакалу, — пазнала яна голас галоўнага халуя. — І гэтая гніда квапілася на мяне: “Я — не ён, я разлічуся”». Падбегла да дзвярэй, затаілася: «Не ты — я разлічуся!» У пакой уваліўся Фелікс, і яна кінулася на яго. Нож толькі слізгануў па ўкормленай шыі: вертухай, які забег у пакой услед за Феліксам, адкінуў яе ўбок. Зеленавокая наляцела на рог стала і страціла прытомнасць.

Яна ведала, на што ішла, і зараз, калі яе вялі да лагернай ямы-магільніка, была спакойная: яна ж ідзе да яго, да свайго, як у іх кажуць, чалавека — да мужа. Нібы дзве маленькія далёкія зорачкі, свяцілі ёй уначы яго родныя вочы.

«Нас больш, чым нелюдзяў, — думала яна. — І калі за жыццё кожнага з нас заплаціць сваім жыццём адзін з вылюдкаў, то раней ці пазней застанемся толькі мы. Нас будзе мала. Магчыма, вельмі мала, але — свет будзе іншым».

Следчая брыгада, накіраваная на станцыю Рашоты для высвятлення абставін забойства начальніка лагернага пункта, да месца прызначэння прыбыла толькі праз тыдзень: надвор’е затрымала.

Старшы следчы оперчэкісцкага аддзела сядзеў за сталом Хрыпатага, глядзеў праз акно на драцяную агароджу, пастукваў пальцамі па асабістай справе зэчкі, якая забіла начлагера, і думаў: а яна ўсё ж дамаглася свайго — засталася побач з мужам назаўсёды.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года



Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".