![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Галоўная » Проза » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...
Была позняя раніца. У скляпку Авербаха сядзелі двое — Валеры i Тодар. Выпілі па куфлі піва і ўзялі яшчэ. У галовах пасля ўчарашняга ўсенароднага свята — гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі — пачало святлець, i Тодар спытаў:
— Ты хоць памятаеш, што нагаварыў учора пры адыходзе?
Валеры, само сабою, памятаў, але Тодарава змоўніцкая насцярожанасць рассмяшыла, захацелася пагуляць з агнём, прыкінуцца і сапраўды ачмурэлым.
— Ну-у… — пачаў няпэўна. — Не надта… А што?
— І ён яшчэ пытаецца! — абурана развёў Тодар рукамі. — Такімі рэчамі, брат, не жартуюць. За такія слоўцы могуць і…
— Ціха, не шумі, — перапыніў сябра Валеры, убачыўшы, што таму не да жартаў. — І не глядзі на мяне як на вар’ята. Памятаю я ўсё! І разумею, што пра гэта — лепш маўчаць. Але ж нехта павінен ведаць! Нехта павінен ведаць усё! Таму і кажу. Табе, не каму іншаму. Помніш Мікалая? Вайскоўца, камандзіра, таго, што ўсё пытаўся, куды паэт Уладзімір Жылка знік? Дык вось, слова сваё Мікалай стрымаў. Перад ад’ездам кудысьці на поўдзень, на новае месца службы, зрабіў што абяцаў…
Валеры азірнуўся, адхінуў крысо пінжака, і Тодар убачыў маленькі, на далонь, нібы цацачны пісталет. Паспеў заўважыць на ручцы манаграму — кшталту вялікай лацінскай літары N.
— Браўнінг! — ледзь варухнуў вуснамі Валеры.
У Тодара перацяло дыханне: шэпт яму падаўся крыкам. Хацеў штосьці сказаць, але не змог: нібыта нечая ўчэпістая рука схапіла яго за горла.
«За адно неасцярожнае слова энкавэдысты людзей у турму кідаюць, а за гэта… Пашкадуеш, што й нарадзіўся», — падумаў Тодар, але ўголас нічога не сказаў.
Валеры, зірнуўшы на сябраў скамянелы твар, спрабаваў яго супакоіць:
— Не хвалюйся, акрамя нас, ніхто ж не ведае.
Але Тодар усё не мог ачомацца ад пачутага i ўбачанага. Урэшце прашаптаў:
— Ты і праўда звар’яцеў! Уяўляеш, што будзе, калі яго знойдуць? Яны цябе жыўцом згнояць!
Валеры спахмурнеў. Тодар, вядома, кажа праўду. Ды толькі згаджацца з ім сёння не хацелася. Гэтая не надта цяжкая, амаль дзіцячая цацка-забаўка штосьці перамяніла ў яго свядомасці. Цяпер ён абаронены! Ён можа пастаяць — і пастаіць! — за сябе.
— Не згнояць! — сказаў ціха, але цвёрда. І паўтарыў: — Цяпер не згнояць!
Тодар дацяміў, пра што гаворыць Валеры. І да яго прыбягалі думкі пра тое, каб неяк раздабыць зброю. Але — як прыбягалі, так і збягалі. А Валеры, ці бачыш, рашыўся. Наважыўся і дамогся. І рады, зразумела, — як жа, браўнінг у кішэні. Дзівак! Хіба гэта ўратуе? Хутчэй наадварот — паскорыць пагібель. Маладзён! Усё-такі шэсць гадоў у такім узросце — вялікая розніца. У параўнанні з ім Валеры — зусім юнак. Вось і наўме хлапечае...
Валеры ж гэтую хвіліну-другую Тодаравага одуму-маўчання зразумеў па-свойму. Не адказвае сябра — значыць, згаджаецца з ім, разумее і падтрымлівае, мо нават і проста зайздросціць. І з той жа цвёрдасцю, перакананасцю ў голасе сказаў свайму добраму і надзейнаму таварышу, амаль брату:
— Я ўсё абдумаў і прадугледзеў. У Менску мяне не будзе, з’язджаю ў Бабруйск. Буду працаваць у школе, настаўнічаць. Можа, хоць на нейкі час энкавэдысты забудуцца, што быў такі Валеры, які калісьці ў пісьме свайму сябру Васілю напісаў: «Хай скрыгочуць здраднікі Айчыны // З іх бяссільнай злосцю у вачах, // Наша мэта — дарам не загіне, // І не згаснуць сілы у грудзях!» Нібыта правільныя, як яны казалі, словы, а на допыты за іх тры месяцы цягалі. І запомні галоўнае: калі мяне не стане — я не знік i не атрымаў дзесяць гадоў без права перапіскі. Проста не даўся жывым. Так потым і раскажаш…
Калі б Валеры ведаў ці здагадваўся, пра што цяпер думаў Тодар, моцна пакрыўдзіўся б на сябра. Ён, вядома, маладзейшы, але ж гэта загана, якая хутка праходзіць. Ды й не сляпы ён і не глухі. Бачыць, што творыцца. Усе яны, хто азваўся ў родным слове, — ворагі. Усе! Нават дзядзька Янка. Замахнуліся і на яго. Купала так ні разу і не загаварыў пра гэта. Але затое не маўчала цётка Уладка. І ён, Валеры, добра ведае, чаму ў дзядзькі Янкі трошкі скрыўленая ніжняя губа. А што да маладосці… Мо акурат таму, што малады, ён і не будзе пакорліва чакаць, пакуль аднае цёмнае начы загуркоча чорны «варанок» пад вокнамі. Мо гэта якраз ягоная перавага — маладосць. Яна дасць яму рашучасць і смеласць дзейнічаць. Абараніць сябе. Гэта, канешне, невялікі подзвіг. Ну а калі б так зрабіў і яшчэ нехта? А калі б кожны, усе?
Валерыю быў час ісці, але, бачачы, што Тодар па-ранейшаму ўзрушаны, не супакоіўся, ён пасядзеў яшчэ троху. Нарэшце падняўся і, як і раней, ціха паўтарыў:
— Запомні: жывым не здаўся. Кажу гэта табе, бо, хочацца верыць, цябе не возьмуць. Вунь якія дыфірамбы пяе табе партыйны Андрэй-Салавей: «Бярыце прыклад з Тодара. Тодар перабудаваўся ўжо». Нібыта забыўся, што ты калісьці сам выйшаў з камсамолу і «хадзіў пад месяцам высокім і яшчэ пад грозным ГПУ».
Паклаў на стол колькі рублёў, яшчэ раз паглядзеў на сябра, махнуў рукой і падаўся да дзвярэй.
Больш Тодар яго не бачыў. Але не забываў. Не мог забыць. Пасля той раніцы нават спаць баяўся: раптам у сне возьме і скажа што-небудзь «не тое»? I ўсё часцей наведваў скляпок Авербаха. Пасля трох куфляў «цёмнага» спалася спакайней.
А Валеры, як і казаў, з’ехаў у Бабруйск настаўнічаць. Вёў урокі, правяраў сшыткі, увечары сёе-тое пісаў (спрабаваў сябе ў новым жанры — драматургіі), а душою, насуперак перасцярозе, ірваўся ў Менск, дзе была маці, дзе засталіся сябры і калегі. І дачакаўшыся вакацый, адразу ж паспяшаўся на менскі цягнік.
Маладосць абарочвалася заганаю: юначая нецярплівасць брала сваё, штурхала да легкадумнасці. Ды і як было не паехаць? Колькі можна баяцца? «З’езджу! У адведзіны! Туды і назад!»
Спахапіўся ўжо ў Менску, на вакзале. Спахапіўся, бо, падышоўшы да дзвярэй вагона, каб спусціцца па прыступках на перон, заўважыў чацвярых у скуранках. З ходу сцяміў: энкавэдысты. Яны стаялі купкай, але, як шматгаловы змей, паглядалі ў розныя бакі. Пасажыры — пераважна падлеткі — тоўпіліся на пероне, гаманілі, шумелі, штурхаліся. Вакацыі! Але гэтую чацвёрку ніхто ні разу не зачапіў. Нават выпадкова. Быццам вакол ix была нейкая непрабіўная, зачараваная прастора. «Мёртвае поле», — нібыта ўспомніўшы нешта з Уэлса, нечакана адзначыў Валеры.
Энкавэдысты яго яшчэ не ўбачылі, i ён меў шанец вярнуцца ў вагон i паспрабаваць нейкім чынам схавацца. Але зрабіць гэта перашкодзіла логіка. Калісьці на следстве логіка яго не падвяла. Зараз таксама разважыў лагічна: «А можа, гэта i не па маю душу? Мяне ж нядаўна арыштоўвалі i, разабраўшыся, як яны казалі, адпусцілі. Навошта ж арыштоўваць толькі што вызваленага?»
Ды гэтым разам логіка Валерыя якраз і падвяла. І не проста падвяла — загубіла. Чацвёра ў скуранках чакалі акурат яго, прыехалі на вакзал па ягоную душу. Праз хвіліну ён зразумеў гэта і паспеў яшчэ горка пасміхнуцца з самога сябе і са сваёй разумнай чалавечай логікі. Знайшоў, няўдача, у каго шукаць паслядоўнасці. У ваўкоў адно наўме — хапаць і шкуматаць. Так і ў гэтых…
Калі Валерыя акружылі, зрабіць што-небудзь было позна. Адно пашкадаваў, што не ўзяў у Менск пісталета. Гэтак схібіць! Абяцаў жа сабе і Тодару жывым не здацца, забраць з сабой у магілу хоць аднаго энкавэдыста. А выйшла наадварот. Не ён — яго забралі. Гэта школьныя вакацыі зусім збілі з панталыку маладога настаўніка беларускай мовы i літаратуры, класнага кіраўніка 7 «Б» класа Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-cipoт. Забегаўся, замітусіўся, расслабіўся з дзецьмі. Думаў: пастукаюць у дзверы, ён адчыніць i, пераканаўшыся, што прыйшлі па яго, дастане з кішэні пісталет. Меркаваў чамусьці, што акурат гэтак і будзе: па яго прыйдуць. А яны — не прыйшлі і не пастукалі. Яны чакалі на вакзале, сярод дзяцей.
Валеры не ведаў, што другая чацвёрка якраз гэтай жа парою ў Бабруйску стукае ў ягоныя дзверы. Не ведалі i энкавэдысты, што, калі б прыйшлі туды на дзень раней, напароліся б на кулі.
Не ведаў, нават і ў думках не дапускаў i сябра Валерыя, ціхі абачлівы Тодар, што роўна праз год яго, як контррэвалюцыянера, расстраляюць у тых жа казематах, дзе i Валерыя.
Не ведала пра расстрэл Тодара i яго жонка Яніна. І ў самым страшным сне не магло ёй прысніцца, што дзіця, якое яна чакае, народзіцца ў канцлагеры.
Не ведаў і Андрэй-Салавей, што хвалебныя оды бальшавікам не ўратуюць яго ад «всевидящего ока». Арыштуюць паэта-камсамольца таксама не ўначы і не дома, як гэта звычайна рабілася, а нядзельным ранкам. Яго знойдуць разам з сябрам на рыбалцы. Стоячы па калені ў вадзе, Андрэй перадасць вуду таварышу і скажа: «Мікола, трымай! Праз гадзіну вярнуся».
Пасля гутарак у «амерыканцы»* з наркамам унутраных спраў БССР Наседкіным тая гадзіна расцягнецца спачатку на дзесяць гадоў, потым — яшчэ на сем.
З турмы Андрэй выйдзе толькі пасля смерці чалавека, рэжыму якога ён прысвяціў сотні палымяных радкоў. Невылечна хворы, пражыве пасля вызвалення (як і ягоныя таварышы, таксама былыя лагернікі, паэты Язэп Пушча і Гірш Камянецкі, літаратурныя крытыкі Мікола Аляхновіч і Сцяпан Баркоўскі) усяго некалькі гадоў. Апошняе, што вырвецца з высушанага сухотамі цела, будзе ўсё тое ж палымянае: «Калі б Ленін быў жывы!»
Не ведаў Андрэй Александровіч, што сам ён выжыў толькі таму, што Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў i iх сябра Васiль Каваль за год катаванняў у «амерыканцы» так і не «ўспомнілі» ягонага прозвішча.
Праз год атрымаў сваю дзесятку і Андрэеў сябра па той памятнай рыбалцы — Мікола Хведаровіч. Таксама — за памяць. У турме ён прачытае словы, надрапаныя ў дзень расстрэлу паэтам Міхасём Чаротам, і зберажэ іх для нашчадкаў:
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
Няма чалавека — няма праблемы. Няма паэтаў — няма памяці — няма гісторыі — няма народа! Вось гэтую гісторыю разам з народам яны і вынішчаюць. Калі — мячом, калі — агнём.
* Унутраная турма НКВД, названа гэтак за сваю «амерыканскую» архітэктуру — у выглядзе круглай вежы дыяметрам некалькі дзесяткаў метраў.
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2
Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1
Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2
Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964
Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960
Планъ губернскаго города Минска 1873 года
Планъ губернскаго города Минска 1888 года
Планъ губернскаго города Минска 1911 года
Паэзiя Валерыя Маракова
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.