|
|
|
|
|
|
|
|
|
Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі: 1794–1991: Энцыкляпэдычны даведнік: У 3 т. Менск, 2002–2005.
Калі паставіць усе чатыры кнігі гэтае працы Леаніда Маракова побач, дык відаць, як аўтар пагружаўся ў тэму, як нарастаў аб’ём матэрыялу. Першапачаткова заплянаваныя тры тамы сталі чатырмя ёмістымі кнігамі.
Некаторыя чытачы гэтае малатыражнае працы (50 асобнікаў) думалі і мне казалі, што аўтар зьбярэ пад адну вокладку тое, што раскідана па розных айчынных і польскіх даведніках, і на гэтым спыніцца. Два першыя тамы, у якіх выкарыстаныя пераважна энцыкляпэдыі, сапраўды, давалі падставу для такога меркаваньня, але трэці том стаў прыемнаю неспадзяванкаю (калі слова “прыемны” дазволена ўжываць у такім разе). Аўтар выкарыстаў у ім 52 крыніцы: акрамя матэрыялаў з Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь і кніг, што выйшлі ў Беларусі і Польшчы, таксама даведнікі, выдадзеныя ў розных рэгіёнах Расеі. Для тых, хто будзе працягваць працу, распачатую Л. Мараковым, каштоўным ёсьць тое, што падаюцца нумары справаў, якія захоўваюцца ў КГБ. У другой кнізе ІІІ тому аўтар, акрамя таго, удакладніў зьвесткі пра людзей, чые біяграмы зьмешчаныя ў І і ІІ тамох.
Калі верыць “Імянному паказальніку”, надрукаванаму ў канцы чацьвёртае кнігі, Л. Маракоў сабраў матэрыялы пра 2731 чалавека (такі мой падлік). Але паказальніку ня трэба верыць: аўтар чамусьці не ўпісаў у яго імёны яшчэ 97 чалавек, зьвесткі пра якіх “падвярстаныя” да асноўных біяграмаў. Часьцей за ўсё Л. Маракоў “падвёрстваў” дадзеныя пра арыштаваных і высланых бальшавікамі “членаў сем’яў здраднікаў Радзімы”. Гэта жонка і дачка Зьміцера Жылуновіча, два сыны Ўсевалада Ігнатоўскага, два сыны і ўнук знакамітага адваката Паўла Малянтовіча, брат Уладзімера Пракулевіча, сястра Алеся Салагуба, гэта бацька, дзядзька, родны і стрыечны браты Мікалая Ўлашчыка, гэта жонкі паэта Ізі Харыка ды наркамаў Мікалая Галадзеда і Аляксандра Хацкевіча, браты (адзін рабочы, другі селянін) малапісьменнага акадэміка Антона Платуна, які на пачатку
Калі ўжо гаварыць пра памылкі, дык нельга не назваць, як на мой погляд, галоўную. Кніга мае ў загалоўку слова “рэпрэсаваныя”. Мне ўжо даводзілася пісаць (напрыклад у прадмове да анталёгіі беларускае паэзіі ХХ ст. “Краса і сіла”), што трэба праводзіць адрозьненьне паміж рэпрэсаванымі і ахвярамі тэрору. Аляксандар Прушынскі (Алесь Гарун), які друкаваў улёткі з заклікам да гвалтоўнага зьвяржэньня дзяржаўнага ладу, быў рэпрэсаваны: г. зн. дзяржава ўжыла прадугледжаную законам санкцыю ў дачыненьні да таго, хто гэты закон парушае сам і заклікае іншых рабіць тое ж. Інакш кажучы, Аляксандар Прушынскі чыніў прэсію на ўрад ды іншыя органы ўлады Расейскай імпэрыі, а яны ў сваю чаргу ўжылі да яго рэпрэсію (стрымалі яго ў ягоных дзеяньнях). Большасьць пакараных сьмерцю, сасланых і высланых за царскім часам – гэта сапраўды рэпрэсаваныя. Іншая справа – савецкі час. Паэт Валеры Маракоў супроць савецкага ўраду не выступаў, але яго запалохвалі (тэрарызавалі) задоўга да ягонае сьмерці за ягоныя лірычныя вершы, пазбаўленыя палітычнага зьместу. Яго “прабіралі” ў друку і на сходах, не даючы яму і ягоным прыхільнікам выступіць са словам у адказ. Маральна-псыхалягічны тэрор узмацняўся тым, што ў краіне была створана атмасфэра жаху: адбываліся беспадстаўныя арышты сотняў людзей, у тым ліку калегаў В. Маракова. Мераю запалохваньня быў таксама трохмесячны арышт паэта. Нарэшце паэт В. Маракоў, які не належаў да нелегальнае арганізацыі, якая б ставіла за мэту гвалтоўную зьмену дзяржаўнага ладу, не друкаваў улётак і ня вёў вуснай антыдзяржаўнай прапаганды і агітацыі, быў арыштаваны другі раз і пасьля катаваньняў расстраляны на падставе неправамернага прысуду, што прызнана судовай інстанцыяй тае самае дзяржавы, якая асудзіла яго на сьмерць.
Спадзяюся, гэтых двух прыкладаў дастаткова, каб паказаць адрозьненьне паміж рэпрэсаваным і ахвяраю дзяржаўнага тэрору, тэрарызаваным. Слова “рэпрэсаваны” ў артыкуле пра В. Маракова ў Беларускай Энцыкляпэыді зьяўляецца палітычным эўфэмізмам словаў “ахвяра дзяржаўнага тэрору”. Эўфэмізмамі зьяўляюцца і такія вынаходкі, як “беспадстаўныя рэпрэсіі” і “незаконныя рэпрэсіі”, якія спрэс трапляюцца ў нашай літаратуры. Калі пасьлядоўна прытрымлівацца гістарычнае праўды, дык тэрор як сродак утрыманьня народу ў паслушэнстве не здымаўся бальшавікамі з парадку дня ад першага дня іхняе ўлады. Мы можам працытаваць на гэты конт адпаведныя словы Леніна, у тым ліку пісаныя ім падчас абмеркаваньня першага савецкага крымінальнага кодэксу. Іншая справа, што ў пэрыяд новае эканамічнае палітыкі дзяржаўны тэрарызм трохі ачах. Яго зноў раздзьмухалі на пачатку “вялікага пералому” (1929). І гэтая атмасфэра запалохваньня, навядзеньня жаху панавала ў СССР да сьмерці Сталіна. Народ (кажу пра большасьць) быў запалоханы на ўвесь пасьлясталінскі час.
На мой погляд, Л. Маракоў дарэмна ўзяўся спалучыць рэпрэсіі царскага часу з бальшавіцкім тэрорам у адной працы: розныя рэжымы, розныя судовыя сыстэмы і г. д. Да таго ж Расея зьведала рэформы 1860-х, якія не былі цалкам адмененыя контррэформамі Аляксандра ІІІ. Тут патрабуюцца адмысловыя дасьледаваньні. І яны праводзяцца, пра што сьведчыць, у прыватнасьці, кніга В. Гарбачовай “Удзельнікі паўстаньня 1830–1831 гг. на Беларусі” (Менск, 2004). Тое ж можна сказаць і аб спробе спалучэньня ў адной працы тэрору савецкага і польскага. Палітыка тэрору эндэцкага і санацыйнага рэжымаў у Заходняй Беларусі таксама вымагае адмысловага дасьледваньня. (Тут трэба агаварыцца: дзейнасьць беларускіх антыдзяржаўных арганізацыяў, у тым ліку КПЗБ, мае маральнае і палітычнае апраўданьне, бо Польшча была дзяржаваю-акупантам, якая парушыла практычна ўсе свае абавязацельствы ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў, у т. л. да беларусаў, якія яна ўзяла на сябе паводле Вэрсальскага і Рыскага трактатаў.)
Арыгінальнасьць працы Л. Маракова надае якраз матэрыял, датычны савецкага пэрыяду. А каштоўнасьць яе ў тым, што на падставе даступных крыніцаў ён паказвае дынаміку бальшавіцкага тэрору 1917–1955 гг. у Беларусі і Расеі і дэманструе яе графікамі. Ён вылучае пяць хваляў асаблівага лютага тэрору ў Беларусі (1929–1930, 1932–1933, 1937–1938, 1939–1940 і 1944–1945 гг.) Шкада, што аўтар не выкарыстоўвае ўкраінскія дасьледаваньні. Калі б выкарыстоўваў, дык не пісаў бы, што 2-я, 4-я і 5-я хвалі – “чыста беларуская зьява”: нешта падобнае адбывалася ў нашых паўднёвых суседзяў. Але Л. Маракоў мае рацыю, калі піша, што гэтых хваляў ня зьведала Расея. Адметна, што ў пэрыяд нэпу і “беларусізацыі” (1923–1929) у БССР – а гэта трохі больш за палову цяперашняй Беларусі – “арыштоўвалася прыблізна столькі ж – а то і больш – людзей, чым у бязьмежнай Расеі”, што жыхар БССР “меў шанц быць рэпрэсаваным у 20 разоў большы, чым жыхар Расеі”. Калі б дадаць да гэтага ўкраінскія лічбы, дык болей высьветлілася б імпэрская сутнасьць бальшавіцкага рэжыму, які праводзіў палітыку здушэньня беларусаў і ўкраінцаў больш жорсткімі мэтадамі, чым царызм.
Даючы зьвесткі аб нацыянальнай прыналежнасьці ахвяраў тэрору, Л. Маракоў на жаль, не паказвае, што да палякаў у той час адносілі і частку беларусаў-каталікоў (у сельсаветах мэтрыкі і ў 1960-х афармлялі паводле прынцыпу: “Каталік? Пішам палякам”). Таму пададзеная лічба (64 працэнты ахвяраў тэрору ў БССР – беларусы), на маю думку, заніжаная. І таму перабольшаны адсотак палякаў (23), хоць палякі, трэба прызнаць, знаходзіліся пад асабліваю апекаю “органаў”, а абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Польшчы было ў міжваенны час банальнаю зьяваю. Як у Польшчы – абвінавачаньне беларусаў у дзейнасьці на карысьць СССР.
Дарэчы, пра заходніх беларусаў. На жаль, у гэтай працы не выведзеная статыстыка тэрору ў рэгіёнах Беларусі, але можна сказаць, што немалую лічбу сярод яго ахвяраў у 1921–1939 гг., асабліва ў 1932–1938 гг., склалі выхадцы з Заходняй Беларусі. І гаворка ня толькі пра людзей кшталту Ігната Дварчаніна ці Сымона Рак-Міхайлоўскага, які, апынуўшыся на Салаўках, прыгаворваў: “Так нам і трэба”. Гаворка і пра падманутую моладзь. Напрыклад, мяне даўно цікавіў лёс вучня Віленскае беларускае гімназіі Кузьмы Янэля. У сярэдзіне жніўня
Невядомым застаецца лёс гімназіста Юркі Тарасюка, завадатара слыннага страйку ў ВБГ у лютым
Гэта толькі пра вучняў аднае гімназіі. А можна і пра жыхароў аднае вёскі. Напрыклад, Старыцы цяперашняга Капыльскага раёну. Гэтая вёска дала групу пэдагогаў: Аляксандра Аніхоўскага, Адама Міхайлавага Бабарэку, Пятра Бабарэку, Зянкевіча, Сымона Кандыбовіча, Алеся Каўпака (М. Улашчык піша “Калпака”), Мікалая Мамчыца (Л. Маракоў піша, што ён нарадзіўся ў Менску, але іншае можна прачытаць у кнізе “Слуцкі збройны чын
Ва ўспамінах М. Улашчыка, Ант. Адамовіча ды Яўхіма і Вітаўта Кіпеляў мы сустракаем цэлы шэраг імёнаў людзей, якія праходзілі па “справе” “Саюза вызваленьня Беларусі”. Біяграмы Адама Міцкевіча, Канстанціна Ламакі, Ігната Савіча ды Івана Юрашкевіча дзякуючы Л. Маракову мы ўжо ведаем, але Альбіцкі з наркамзему, Юзік Бараноўскі, Валерак Валога, Алесь Дарашэвіч, Зьміцер Дунько, Уладзімер Зяньковіч, Кацярыніч, Корань, Маркевіч, Мурашка, Саляніковіч, Я. Сасіновіч (быў пры Уладзімеру Жылку да апошняе хвіліны, захаваў і прывёз Я. Кіпелю ягоны “Тастамэнт”), Кандрат Сяледчык і П. Тараймовіч застаюцца для нас людзьмі амаль невядомымі... А яшчэ сустракаліся прозьвішчы Сяргея Пушкіна і Сіліна, Улашчыкавага аднакурсьніка Сідаровіча (быў прарэктарам Саратаўскага унівэсытэту), ягонага ж аднаклясьніка Івана Мароза (забралі ў
Зрэшты, гэта мае пажаданьні, а не прэтэнзіі да аўтара даведніка. Прэтэнзіі я мог бы прад’яўляць, калі б у Л. Маракова быў штат супрацоўнікаў, як у якім акадэмічным інстытуце ці дзяржаўным выдавецтве. У нэабальшавіцкай Беларусі няма ўстановы кшталту польскага Інстытуту нацыянальнае памяці, і яго функцыі пераймаюць прыватныя асобы, якія ўскладваюць на сябе абавязкі і шукальнікаў інфармацыі, і аўтараў, і рэдактараў, і наборшчыкаў... І таму іх можна назваць падзьвіжнікамі, а іхнюю патрэбную нацыі працу – подзьвігам.
Анатоль Сідарэвіч
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2011.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.