Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Проза Валеры Маракоў Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Прэса  » Рэцэнзii 

Рэцэнзii

В. Жыбуль: Гісторыя і сучаснасьць крывавага тунэлю сьмерці

Выданьні, якія разглядаюцца ў артыкуле:

Маракоў, Л. Ахвяры і карнікі. — Мінск, 2007. — 440 с. Маракоў, Л. Непамяркоўныя. Трэцяя спроба: Апавяданні. — Мінск, 2007. — 260 с.

Пакуль аўтары афіцыйных падручнікаў па гісторыі (дый ня толькі па ёй) спрабуюць неяк апраўдаць ці прынамсі падрэтушаваць ролю масавых рэпрэсій 1930—1940-х гг., дасьледаваньне рэальных маштабаў сталінскага тэрору, а таксама біяграфій рэпрэсаваных беларусаў бяруць на сябе адзіночкі-энтузіясты. Апошнія гады шмат на гэтай ніве робіць Леанід Маракоў, пляменьнік расстралянага ў 1937-м паэта Валер’я Маракова.

«Рана ці позна, у гэтым жыцьці — адшукаю катаў. Чакайце, гніды! Дрыжыце! І ня ўздумайце здохнуць да майго прыходу!» (Непамяркоўныя. С. 215), — пакляўся ў свой час Маракоў-малодшы. І скіраваў сваю прагу помсты ў стваральнае рэчышча, пачаўшы дасьледаваць гэты трагічны пэрыяд савецкай гісторыі. Спачатку ён выдаў кнігу пра дзядзьку — «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст» (1999), сьледам за ёй выйшлі даведнік «Вынішчэнне: Рэпрэсаваныя беларускія літаратары» (2000), энцыкляпэдыі «Рэпрэсаваныя беларускія літаратары» (Т. 1—2. 2002), «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967» (Т. 1 —2. 2007), працягваецца праца над шматтомавым энцыкляпэдычным даведнікам «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі» (выйшлі 4 тамы з заплянаваных 10-ці). Адна з апошніх на сёньняшні дзень кніг Л. Маракова — «Ахвяры і карнікі».

Першую частку выданьня складаюць біяграфіі расстраляных у Менску 29—30 кастрычніка 1937 г. З амаль сотні загубленых у тую ноч 22 чалавекі былі літаратарамі, што пацьвярджае ўжо даўно вядомую думку: сцэнар вынішчэньня беларускай інтэлігенцыі быў плянавы, старанна распрацаваны. Зьнішчаліся ня толькі пісьменьнікі, але й іх творчыя здабыткі — не пасьпеўшы ўбачыць сьвет, яны гарэлі на вогнішчах у менскай «амэрыканцы». Такі бязьлітасны лёс, хутчэй за ўсё, напаткаў паэму «Рабінавая ноч» Валер’я Маракова (захаваўся толькі ўступ), гістарычную драму «Рагнеда» і працяг рамана «Крывічы» Міхася Зарэцкага, 2-ю частку рамана «Драпежнікі» Янкі Нёманскага і шмат што яшчэ. Мы нават ня можам належным чынам ацаніць літаратурны працэс 1920—1930-х гг. І дагэтуль складаем пра яго ўяўленьне пераважна па творах, якія дайшлі да нас дзякуючы таму, што ў свой час былі надрукаваныя ў розных выданьнях — зразумела, падцэнзурных. Выключэньні, вядома ж, ёсьць, але выглядаюць яны маленькаю вяршыняю айсбэргу ці нават драбнюткім аскепачкам беларускае Атлянтыды. І кожная новая знаходка можа істотна дапоўніць, а магчыма, і зьмяніць нашае ўспрыманьне літаратуры той эпохі.

Уявім, напрыклад, што было б, калі б да нас не дайшла аніводная копія вершаў Алеся Дудара «Пасеклі наш край папалам...», «Цені блудзяць па твары...» і «Я нарадзіўся пад плотам...» — яны да друку дакладна не прызначаліся і маглі быць лёгка зьнішчаныя пасьля канфіскацыі. Мабыць, тады ў энцыкляпэдычных даведніках дагэтуль пісалі б: «У вершах услаўляў перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі, будаўнікоў новага грамадства»1, ці абмяжоўваліся б «ідэалягічна вытрыманай» агаворкаю: «Аддаў даніну ўпадніцкім настроям, але ў 1930-я гг. у творчасьці Д[удара] зноў перамагае аптымістычнае сьветаўспрыманьне»2. А так, дзякуючы руплівасьці крытыкаў-эмігрантаў (Ант. Адамовіч), а пазьней айчынных гісторыкаў (У. Міхнюк), вершы былі апублікаваныя, а адзін зь іх стаў нават знакавым творам беларускай паэзіі ХХ ст. Пазнаёміўшыся з гэтымі трыма вершамі, пачынаеш успрымаць па-іншаму і ўсю астатнюю творчасьць А. Дудара.

Так, былі ў беларускай літаратуры і супраціў саветызацыі, і першая хваля авангарду, і дзейнасьць нефармальнага літаратурнага згуртаваньня «ТАВІЗ», але пра ўсё гэта мы пачалі даведвацца праз шмат гадоў — як паступова пачалі вяртацца і не надрукаваныя ў свой час, але цудам ацалелыя творы нашых пісьменьнікаў. Добра, што сёньня мы можам прачытаць раманы «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка» Максіма Гарэцкага, раман «Пустадомкі», аповесьці «Дзе косьці мелюць», «Зоры Вам знаёмага гораду» і «Ўтрапеньне» Лукаша Калюгі, паэму «Змарагды кроз» Сяргея Астрэйкі, эпісталяр пісьменьнікаў-узвышэнцаў, а таксама некаторыя вершы з паэтычнага зборніку Віктара Казлоўскага «Аржаныя пажары», рукапіс якога Ганна Запартыка параўнальна нядаўна выявіла ў архіве крытыка Алеся Кучара.

Упэўнены, што калі б усе канфіскаваныя пры арыштах творы айчынных пісьменьнікаў дайшлі да нас, мы мелі б ня проста іншае ўспрыманьне беларускае літаратуры — мы мелі б іншую беларускую літаратуру, цэлы важкі пласт якой, на жаль, кануў у нябыт «дзякуючы» адмысловай руплівасьці сталінскіх паслугачоў.

Таму лёгка зразумець пэсымізм Леаніда Маракова, выказаны ў мініятуры «Рукапісы гараць!» зь яшчэ адной яго новай кнігі «Непамяркоўныя», размова пра якую пойдзе ніжэй. Вядома ж, ёсьць верагоднасьць, што нешта з канфіскаваных у 1930-х твораў калі-небудзь адшукаецца ў спэцсховішчах, але, як звычайна адказваюць на адпаведныя запыты ў архівах КГБ — ФСБ, «верагоднасьць іх захаваньня надзвычай малая»...

А вось невядомыя й малавядомыя здымкі расстраляных дзеячоў знайсьці больш рэальна — і Леанід Маракоў знаходзіць. У выніку ў кнізе прадстаўленыя сямейныя фота Якава Бранштэйна, Платона Галавача, Міхася Чарота, сваякоў Міхася Зарэцкага, здымкі з асабовых справаў Язэпа Каранеўскага, Тодара Кляшторнага, Валер’я Маракова, Міхаіла Рыдзеўскага ды інш. Біяграфіі рэпрэсаваных дапоўнены зьвесткамі пра адрасы іх пражываньня і пра лёсы найбліжэйшых родзічаў, а таксама некаторымі іншымі фактамі, якія не ўвайшлі ў папярэднія біяграфічныя даведнікі, складзеныя Л. Мараковым. Дарэчы, сваякі многіх расстраляных літаратараў таксама былі арыштаваныя, потым зьняволеныя альбо высланыя, і — сьціплыя зьвесткі пра большасьць зь іх завяршае сказ, што ўспрымаецца як яшчэ адзін прысуд: «Далейшы лёс невядомы». Вось з такіх «белых плямаў» у гісторыі кожнае сям’і складаецца адна вялізная «белая плямішча» ў нашае агульнае Гісторыі — плямішча, якую яшчэ доўга давядзецца выводзіць...

Злавесны калярыт кнізе надаюць «Прыкладная схема комплексу будынкаў КДБ Беларусі», зарысаваная Славамірам Адамовічам, і вялікая дыяграма «Расстраляныя ў пэрыяд крывавага тунэлю сьмерці», дзе ў некаторыя дні колькасьць забітых перасягае сотню чалавек.

Вядома ж, знаёмячыся з тысячамі архіўных справаў, Л. Маракову бывае нялёгка адфільтраваць такі вялізны аб’ём інфармацыі, і дзе-нідзе ў працу дасьледчыка могуць пракрасьціся асобныя хібы. Адсачыць іх у кнізе такога кшталту вельмі праблематычна — дый упэўнены, што калі аўтар сам іх заўважыць, то ўставіць папраўкі ў адно з сваіх наступных выданьняў. Спынюся толькі на адной маленькай недакладнасьці, якая кінулася мне ў вочы сваёй кур’ёзнасьцю.

Хатні адрас крытыка Якава Бранштэйна ў кнізе пазначаны як «2-гі Апанскі зав., д. 4б, кв. 2» (Ахвяры і карнікі. С. 23), а адрас ягонай жонкі Марыі Мінкінай — «вул. 2-ая Аранская, д. 4б, кв. 2» (уклейка-дадатак пры канцы кнігі). Адразу бачна, што адна з назваў — памылковая. Дык вось, 2-й Аранскай вуліцы (менавіта 2-й) у Менску не было, а 2-гі Апанскі завулак быў. Ён ішоў праз габрэйскія й татарскія кварталы ад вуліцы Абутковай (цяпер — Караля) да Заслаўскай. Увогуле, больш пісьменна гучала б назва «2-гі завулак Апанскага», але прыжылася чамусьці няправільная форма, якая і была пазначана на шыльдах завулку ажно да канца 1980-х гг., пакуль дамы на ім не пазносілі ў сувязі з будаўніцтвам станцыі мэтро Фрунзэнская.

У тым, ці быў 2-гі Акопны завулак, дзе жыў габрэйскі пісьменьнік Майсей Кульбак, засумняваўся і сам Л. Маракоў, паставіўшы ў дужках пытальнік. Слушнасьць гэтых сумневаў пацьвердзяць і старыя сталічныя мапы й даведнікі: так, ня памятае Менск Акопнага завулка, а гаворка йдзе ўсё пра той самы 2-гі Апанскі. І пра той самы дом № 4б. У 1-й кватэры жыў Майсей Кульбак, а ў 2-й, празь сьценку, — Якаў Бранштэйн. Першы зь іх займаўся прозай, паэзіяй, драматургіяй, а другі правяраў пісьменьнікаў на прадмет палітычнай пільнасьці і вышукваў у іхніх творах «нацыянальна-дэмакратычныя» ўхілы. Можна ўявіць сабе, як неспакойна жылося Кульбаку з такім небясьпечным суседам. У 1937-м абодвух арыштавалі: спачатку Бранштэйна, а потым Кульбака. А расстралялі ў адну ноч... Ну чым не сюжэт для маракоўскай прозы, да якой мы яшчэ зьвернемся.

Другая, самая аб’ёмная, частка кнігі ўяўляе зь сябе даўжэзны (каля 6000 чалавек) сьпіс ахвяраў сталінскага рэжыму, расстраляных у менскай унутранай турме НКВД у пэрыяд «крывавага тунэлю сьмерці» (жнівень 1937 — лістапад 1938 гг.). Тут — людзі розных прафэсій, нацыянальнасьцяў, узростаў. Ёсьць і 80-гадовыя старыя, і 18-гадовыя юнакі. У выбары ахвяраў не прасочваецца аніякае лёгікі: гармата сталінскага тэрору біла без разбору направа і налева. Сярод расстраляных сялян шмат і аднаасобнікаў, і калгасьнікаў. Часам зьнішчаліся адразу цэлыя працоўныя калектывы, як напрыклад, рэдакцыя польскай газэты «Orka».

Інфармацыя пра кожнага рэпрэсаванага сьціслая (прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня, род заняткаў, даты арышту, асуджэньня й расстрэлу, часам — сваяцкія сувязі зь іншымі арыштаванымі), але для нашчадкаў рэпрэсаваных, якія дасюль ня ведалі пра лёсы сваіх продкаў, будзе важна ўжо нават гэта.

Ёсьць у сьпісе і вядомыя імёны. Сярод расстраляных — драматург Уладзіслаў Галубок, актор і рэжысэр Фларыян Ждановіч, паэт і перакладчык Анатоль Дзяркач (Зіміёнка), кампазытар, заснавальнік Беларускага народнага хору Ўладзімер Тэраўскі, кінематаграфісты Мікалай Стрэшнеў, Леанід Эпельбаўм, Іосіф (Язэп) Бахар (між іншым, адзін з рэжысэраў знакамітага фільма «Палескія рабінзоны»), грамадзка-палітычныя дзеячы Палута Бадунова і Сымон Рак-Міхайлоўскі, вучоныя-мовазнаўцы Браніслаў Тарашкевіч і Сьцяпан Некрашэвіч, літаратуразнаўца Міхайла Піятуховіч, прафэсар-археоляг Аляксандар Ляўданскі. Гэта — зь вядомых. Біяграфій згаданых там літаратараў Янкі Валасевіча, Вільгельма Гараўскага, Язэпа Сукалы няма нават у шасьцітомавым даведніку «Беларускія пісьменнікі». Зьвесткі пра іх упершыню апублікаваў Л. Маракоў у сваіх ранейшых кнігах.

І, нарэшце, трэцяя частка кнігі «Яны вынішчалі нашых продкаў» — бадай, самая эксклюзіўная, бо тут упершыню публікуецца інфармацыя пра тых, хто катаваў. Зьвесткі пададзены паводле службовай герархіі: спачатку наркамы ўнутраных спраў і іх памочнікі, потым сьледчыя УДБ НКВД БССР, якія праводзілі допыты ва ўнутранай турме НКВД (так званай «амэрыканцы») і ўрэшце — усе астатнія сьледчыя. Адчуваецца, што інфармацыю гэтую Л. Маракоў адшукваў па крупінках і апублікаваў тое, што назьбіралася непасрэдна да моманту выданьня кнігі. Таму ў адных карнікаў зьмешчаны разгорнутыя біяграфіі, у другіх яны дапаўняюцца паказаньнямі сьведкаў і пацярпелых, у трэціх стаяць толькі прозьвішчы, нават без ініцыялаў.

Празь сьведчаньні ахвяраў, а часам і саміх катаў раскрываецца ўвесь мэханізм рэпрэсіўнага апарату, прычым зьвяртае на сябе ўвагу своеасаблівая «ланцуговасьць» карнага працэсу. Арыштаваных вымушалі шляхам допытаў, катаваньняў, пагрозаў, шантажу даваць на сябе й іншых фальшывыя паказаньні, на падставе якіх арыштоўвалі дзясяткі іншых людзей, прысуджаючы потым да расстрэлу альбо высылкі. Імкнучыся замесьці сьляды, бальшавіцкія ўлады ў хуткім часе зьнішчалі й саміх выканаўцаў прысудаў.

Імёны й прозьвішчы ўсіх карнікаў Л. Маракоў падае па-расейску, і гэта прадыктавана ня толькі імкненьнем падкрэсьліць, якая менавіта краіна спарадзіла савецкі рэжым з рэпрэсіямі, але і тыпова лінгвістычнай праблемай перадачы іншамоўных уласных імёнаў. Скажам, калі б нам сустрэліся прозьвішчы Жабраў, Мораў, Масарскі, ці адразу мы здагадаліся б, што па-расейску яны гучаць Жабрев, Морев, Массарский (а не Жабров, Моров, Мосарский)? Адпаведна, прозьвішчы закатаваных жыхароў Беларусі, незалежна ад іх нацыянальнасьці, Л. Маракоў падае па-беларуску, што цалкам лягічна. Але й тут ёсьць свае падводныя камяні: перакладаючы прозьвішчы з расейскамоўных крыніц, не заўсёды можна «патрапіць у кропку». Так, напрыклад, прозьвішча былога рэдактара «Зьвязды», лісты якога да П. Панамарэнкі нярэдка цытуюцца на працягу трэцяй часткі кнігі, падаецца як Сцернін, у той час як у беларускамоўных крыніцах 1930-х гг. ён фігуруе як Стэрнін.

У цэлым жа Л. Маракоў імкнецца пазьбягаць недакладнасьцяў і падаваць правераную інфармацыю, што дазваляе скарэктаваць, напрыклад, некаторыя памылкі, якія прысутнічаюць у сэрыі кніг «Памяць».

Паводле трэцяга разьдзелу «Ахвяраў і карнікаў» можна дасьледаваць і псыхалёгію чалавечае жорсткасьці. Так, магчыма вылучыць некалькі матываў, якімі кіраваліся каты падчас зьдзяйсьненьня злачынстваў:

1) перакананасьць у правільнасьці палітыкі савецкіх уладаў на чале са Сталіным, вера ў ідэалы, дзеля дасягненьня якіх падыдуць любыя, нават самыя брутальныя сродкі;

2) разуменьне сваёй справы як карыснай для грамадзтва (барацьба з «ворагамі народу»);

3) імкненьне ва ўсім падпарадкоўвацца начальству дзеля ўласнага самазахаваньня;

4) яўна паталягічныя (садысцкія) схільнасьці, якія дазвалялі карнікам атрымліваць асалоду ад катаваньня іншых людзей.

Галоўнае — хворы антыгуманны рэжым зрабіў усе ўмовы для «творчай самарэалізацыі» такіх паталягічных суб’ектаў, і першыя тры зь пералічаных матываў маглі апраўдваць чацьверты. Вось як, напрыклад, тлумачыў свае карныя дзеяньні сьледчы Віктар Быхоўскі, трапна празваны ў свой час «садыстам»:

[Наркам УС БССР] Берман и нач. следственного отдела Волчек стали на официальных совещаниях работников существовавшего здесь следственного отдела давать установки совершенно открыто, что если враг не сдается, надо на него воздействовать физически и сломить его…

И я в числе других стал это делать. Я стал применять при допросах к арестованным самые разнообразные методы издевательств…

Я бил и применял всякого рода издевательства… бил их руками… ложил их на пол, сгибал вдвое и ставил сверху стул, садился на него и сидел до тех пор, пока эти лица не начинали давать показания…

Я видел, что в окружении меня поголовно все, от мала до велика, — все бьют… били и оперативные работники и не оперативные… (Ахвяры і карнікі. С. 395—396)

Сустракаюцца ў кнізе і яшчэ больш падрабязныя апісаньні катаваньняў — якія сягаюць вышэй за фантазіі рэжысэраў фільмаў жахаў. Няцяжка ўявіць сабе, які шок выклікаюць падобныя радкі ў нашчадкаў карнікаў, калі ім раптам патрапіць у рукі кніга Л. Маракова...

Адзін са спецыялістаў па «ластаўцы» ўдарыў старога кулаком у жывот, а другі схапіў за сівыя валасы і пацягнуў яго галаву да ног. Пачуўся хруст.

У Платонавых вачах паплыў туман. Ён яшчэ бачыў, як на сагнутае падковаю цела паставілі крэсла і стажор, задаволены тым, што сцяміў, куды трэба сесці, заўсміхаўся. Стары хрыпеў. Калі следчы ступіў да яго і адвёў для ўдару нагу, Платон прашаптаў:

— Звяругі!

На здзіўленне, ягоны шэпт пачулі адразу.

Паднятая нага рэзка апусцілася. Яшчэ праз імгненне следчы апынуўся каля Платона і з ходу замалаціў нагамі па ім — то правай, то левай. Лупіў і хрыпеў:

— Мала табе было, мала?! Ну дык зараз дастане! Трымай, нацдэмаўскі вырадак, трымай! (Непамяркоўныя. С. 395—396)

Гэта ўжо — радкі з мастацкай прозы Леаніда Маракова — з апавяданьня «Ластаўка» пра тое, як пад кіраўніцтвам таго самага Быхоўскага на вачох у Платона Галавача катавалі Ўладзіслава Галубка. Аналізуючы працы Л. Маракова па зборы й сыстэматызацыі зьвестак пра рэпрэсаваных грамадзянаў Беларусі, нельга не спыніцца і на ягонай мастацкай прозе — балазе, яна тэматычна й ідэйна зьвязаная зь ягонымі дасьледаваньнямі. Тут некаторыя «героі» ягоных гістарычна-энцыкляпэдычных прац (Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны, Хведар Ільляшэвіч ды інш.) робяцца героямі апавяданьняў і навэляў. Асобы, прадстаўленыя сьціслымі біяграфіямі ў «Ахвярах і карніках» дый іншых падобных выданьнях, ажываюць, набываючы пэўныя партрэтныя рысы. Дакладней, аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў абалонкі сваіх «паддосьледных», уявіць абставіны іх жыцьця (а найчасьцей — і сьмерці), рэканструяваць сытуацыі, у якіх яны дзейнічалі.

Мабыць, каб прыцягнуць увагу чытача, аўтар пачаў кнігу апавяданьнем «Помни случай с Ивановым», дзе галоўны герой паказаны гэткім супэрмэнам: уцякаючы ад расстрэлу, ён адзін перахітрыў дзесяцёх салдатаў на чале з памкамузвода і даволі хутка расправіўся з усімі. Але гэта толькі першае апавяданьне. Чым далей — тым меней застаецца «супэрмэнства», многіх герояў спатыкае трагічны лёс, нават тых, хто здолеў вярнуцца са сталінскага пекла. Нехта гіне на чужыне ў аўтакатастрофе, ратуючыся ад усюдыісных энкавэдыстаў (Хведар з апавяданьня «Свае і чужыя»); нехта, вярнуўшыся зь лягеру, накладае на сябе рукі, каб больш ужо ніколі не здавацца жывым (герой апавяданьня «Бацька і сын»); нехта памірае, падарваўшы здароўе пасьля васьмі гадоў лягеру (Дзед з апавяданьня «Мы чакалі»). Нават, здавалася б, няўлоўны Міхась з апавяданьня «Настальгія», пасьпяхова выкарыстаўшы шэраг кансьпірацыйных прыёмаў, урэшце гіне ад перапаўненьня справядлівым гневам — пабачыўшы, што матчыну хату ачапілі салдаты, ён не вытрымаў і крыкнуў: «Вылюдкі, я ненавіджу вас!» і, асьлеплены нянавісьцю, кінуўся проста на ўзвод чырвонапагоньнікаў.

Пабудаваная паводле храналягічнага прынцыпу кніга не абмяжоўваецца адно тэмаю рэпрэсій 1930—1940-х гг., і далей гаворка йдзе ўжо пра нашчадкаў «ворагаў народу», пра іх жыцьцё ў хрушчоўска-брэжнеўскую эпоху, таксама азмрочанае атмасфэраю ўціску і кантролю асобы, падзелам людзей на «сваіх» і «чужых». Перададзена гэтая атмасфэра праз цэлы шэраг тагачасных рэаліяў, згаданых у творах: непасрэдная альбо «закадравая» прысутнасьць гэбістаў, барацьба з дысыдэнтамі, ператрусы на кватэрах, выключэньні дзяцей «ворагаў народу» з інстытутаў, абвяшчэньні забароны на заходнюю рок-музыку, узорна-паказальныя лінейкі, папрокі кшталту «Саша быццам не ў савецкай сям’і выхоўваецца, не ў СССР нарадзіўся і расце...» (с. 164), расповеды старэйшых пра жахлівыя трыццатыя... На прыкладзе асобных лёсаў паказаны трагічны сьлед, што пакінулі рэпрэсіі ў гісторыі многіх сем’яў.

Героі Л. Маракова — гэта абавязкова нон-канфармісты, якім не ўласьцівыя ваганьні, пакутлівае вырашэньне быкаўскай праблемы выбару. Яны ўжо даўно ўсё вырашылі й выбралі, устаўшы на шлях змаганьня зь ненавісным рэжымам. Таму іх маральнае разьвіцьцё прадугадаць лёгка: калі на пачатку апавяданьня герой выведзены змагаром-патрыётам, то да канца твору ён у здрадніка ўжо, як правіла, не ператворыцца, а выйдзе пераможцам, нават калі загіне. «Непамяркоўныя», — папярэджвае нас сама назва кнігі. «Можаце ўва мне не сумнявацца», — быццам бы гаворыць нам кожны з галоўных герояў ужо на пачатку твора. Выключэньне — выканаўца сьмяротных прысудаў з апавяданьня «І ён іх пазнаў», чалавек, перакананы, што «ў гэтай краіне ёсьць толькі два варыянты: альбо ты забіваеш, альбо забіваюць цябе! І калі ты не забіваеш фізычна, дык забіваеш сваім рабскім маўчаньнем, рабскім жаданьнем выжыць!» (с. 50—51).

Адным са скразных у кнізе зьяўляецца матыў помсты, які літаральна працінае шэраг апавяданьняў: зеленавокая зьняволеная забівае начальніка лягпункту НКВД Хрыпатага («Зялёныя вочы»); трынаццацігадовая Лена і на год маладзейшы Слава чыняць расправу над сваім айчымам — забойцам іхніх родных бацькоў («І ён іх пазнаў»); былы вязень Уладзімер, помсьцячы за загінулага сябра, забівае карніка-судзьдзю («Яблыня»); брат помсьціць за расстралянага брата («Бацька і сын»). Нават калі хлопчык, пазаймаўшыся дзюдо, дае рашучы адпор сваім крыўдзіцелям («Дзень Ікс») — нават тут адчуваецца нешта большае за банальную бойку з гопнікамі, быццам бы прачытваецца думка пра тое, што падрасьце крышачку гэты хлопчык — і ў барацьбе за справядлівасьць яшчэ й ня так сябе пакажа. Як, напрыклад, герой апавяданьня «Арэлі», які будаваў на даху менскага ГУМа хітрае прыстасаваньне для раскідваньня антысавецкіх улётак (ну чым не кіраўніцтва да дзеяньняў для сучасных «Міронаў»?).

Уважліва пачытаўшы кнігу, разумееш: гэта рукамі сваіх герояў помсьціць сам аўтар, Леанід Маракоў. Часам, у найбольш напружаны момант, ён ня стрымліваецца і... здаецца, што пісьменьнік вось-вось сам уварвецца ў твор і прыдушыць каго-небудзь з адмоўных пэрсанажаў (гэта пры тым, што апавяданьне вядзецца ад трэцяй асобы):

Мікалай Пятровіч спаў, як і бальшыня катаў, неспакойна. Усё ж грызе кожнага мярзотніка гэтае прадчуванне: рана ці позна яго пакараюць, прымусяць плаціць па заслугах. Былы гаспадар БАМЛАГа цяжка дыхаў, стагнаў, нешта бурчэў (с. 88).

Дайшоўшы да цытаванай мясьціны, чытач ужо разумее, што ўяўляе зь сябе гэты Мікалай Пятровіч («адзін з самых галоўных катаў», па загадах якога ў лягерах загубілі нямала вязьняў), і нейкай дадатковай аўтарскай «падказкі» тут не патрабуецца.

Асобныя апавяданьні маюць і адкрыта рытарычныя канцоўкі, якія выглядалі б больш дарэчна ў публіцыстычных артыкулах:

Няма чалавека — няма праблемы. Няма чалавека — няма памяці — няма гісторыі — няма народа! Вось гэтую гісторыю разам з народам яны і вынішчаюць. Калі — мячом, калі — агнём.

(«Апошнія вакацыі Валерыя Маракова»; с. 21)

А вось на кампазыцыйным узроўні апавяданьні Л. Маракова сапраўды непрадказальныя. Кожнае зь іх трымаецца пераважна на адной сюжэтнай лініі, якая, тым ня менш, можа набываць самыя нечаканыя павароты. Месцамі тут прасочваецца стылістыка шпіёнскага раману ці прозы для дзяцей і юнацтва. Такімі завостранымі, дынамічнымі сюжэтамі вылучаюцца апавяданьні «Зялёныя вочы», «Свае і чужыя», «Настальгія», «Дзьве капейкі», «1975-ы» і інш.

Вось як выглядае сюжэт апавяданьня «Дзьве капейкі»: маці пакідае чацьвераклясьніку Лёшу шэсьцьдзесят шэсьць капеек: «дваццаць пяць — на праявіцель для фотапаперы, трыццаць — на фіксаж і адзінаццаць — на яго любімы гематаген». Хлопчык спачатку заходзіць у аптэку і купляе батончык гематагену, а потым — у краму «Культтавары». Там ён нечакана заўважае, што яму не хапае дзьвюх капеек на фіксаж, і па наіўнасьці вырашае ўзамен пакінуць на паліцы гематаген за адзінаццаць. Лёшу затрымліваюць, прыводзяць у дзіцячы пакой міліцыі. Грозная лейтэнантка бярэ зь яго слова, што такое больш не паўторыцца, і абяцае нікому не распавядаць пра гэта. Але, калі хлопчык прыйшоў у школу, настаўніца ўчыніла над ім сапраўдны суд у найгоршых савецкіх традыцыях, падбухторыўшы да гэтага і Лёшавых аднаклясьнікаў. Ушчэнт зацкаваны хлопчык вырашае скончыць жыцьцё самагубствам — скокнуць у раку. Але, бегучы да моста, трапляе пад грузавік. Напалоханы кіроўца адвозіць Лёшу ў сваю кватэру, кладзе яго на сынаў ложак і выклікае «хуткую». Сьледам за мэдыкамі прыбягае і жонка кіроўцы. Пабачыўшы ля сынавай пасьцелі доктара і мэдсястру, яна атрымлівае сардэчны прыступ. Жонкаю шафёра аказалася тая самая настаўніца, якая зранку «гэтак зацята змагалася з упартым малым злодзеем» (с. 128).

Падобныя напружаныя сюжэты прысутнічаюць і ў іншых апавяданьнях, і героямі там таксама зьяўляюцца дзеці альбо моладзь. Не, мне здаецца, што апавяданьні Л. Маракова адрасуюцца не «аматарам пераначаваць у ложку Сталіна за 200 даляраў», як піша Ганна Кісьліцына, а падлеткам, якія прагнуць подзьвігаў, але стаміліся ад бясконцых расповедаў пра Вялікую Айчынную і хочуць пашукаць сабе прыклады ў іншых пэрыядах нашай гісторыі, менш «раскручаных» у літаратуры. А тут — творы, якія чытаюцца лёгка, на адным дыханьні, як займальная прыгодніцкая проза. Інтэлектуал са стажам, можа, і расчаруецца, а старшаклясьніку — самае тое!

Леанід Маракоў — адзін зь нямногіх (а можа, і ўвогуле адзіны), хто празь зьнешне займальныя аповеды так актыўна папулярызуе сярод маладых чытачоў тэму рэпрэсій (дакладней, тэму супраціву рэпрэсіям у самым шырокім сэнсе). Калі ў беларускай літаратуры існуе ў якасьці асобнае плыні «ваенная проза», то Л. Маракоў пасьлядоўна распрацоўвае г. зв. «рэпрэсійную» прозу, раней прадстаўленую ў нас хіба што ўспамінамі Л. Геніюш, С. Грахоўскага, П. Пруднікава, Я. Бяганскай ды некаторых іншых былых вязьняў ГУЛАГу. Тэма сталінскіх рэпрэсій ня менш значная і трагічная для беларускага народу, чым Другая сусьветная вайна, і таксама мусіць быць усебакова адлюстравана ў літаратурных творах, у тым ліку юнацкіх. Вось недахоп такіх твораў і спрабуе кампэнсаваць Л. Маракоў.

Другі разьдзел кнігі «Непамяркоўныя» склалі роздумы, нататкі, міні-эсэ, аб’яднаныя агульным назовам «Запісы». Гэтыя тэксты, трэба думаць, разьлічаныя на больш-менш падрыхтаваную аўдыторыю, але калі туды зазірне цікаўны падлетак і з тузінаў прозьвішчаў рэпрэсаваных пісьменьнікаў запомніць хоць два-тры — значыцца, кніга сваю справу зрабіла.

«Запісы» па-свойму дапаўняюць апавяданьні, дапамагаюць зразумець іх, пранікнуць у гісторыю іх стварэньня. Скажам, чытач даведаецца, што прысутныя ў апавяданьнях Козыраўскі пасёлак, вуліца Вялікаморская, чыгуначная станцыя «Мінск-Паўднёвы» — ня проста тапанімічныя рэаліі, а родныя для сям’і Мараковых мясьціны. Спраўдзяцца і чытацкія здагадкі пра аўтабіяграфічнасьць некаторых твораў: у аўтара былі рэпрэсаваныя абодва дзядзькі, бацька й дзед — такім чынам, Л. Маракоў ведае тэму сваіх апавяданьняў ня «звонку», а «знутры». Адсюль — і непахіснасьць рана пасталелага характару, і бескампраміснасьць у адносінах да арганізатараў рэпрэсій і іх памагатых.

Як пісьменьніку і дасьледчыку Л. Маракову сымпатычны моцныя і яркія асобы з нон-канфармісцкім сьветапоглядам — такія, скажам, як спалены на вогнішчы італьянец Джардана Бруна альбо вязень трох рэжымаў беларус Сяргей Новік-Пяюн. Адпаведна, жорсткаму асуджэньню падвяргаюцца ўсе, хто абіраў тактыку добраахвотнага прыстасавальніцтва. Гэта і крытыкі-вульгарызатары 1930-х, і сучасныя рэдактары дзяржвыдавецтваў, якія замест твораў рэпрэсаваных пісьменьнікаў выдаюць свае ўласныя, гэта і супрацоўнікі органаў дзяржбясьпекі, і проста шараговыя палахліўцы-абывацелі, што не жадалі дапамагчы сябру ці суседу, калі над тым навісла небясьпека.

І тут па поўнай праграме дасталася Максіму Лужаніну. Леанід Маракоў выпусьціў у яго цэлую абойму патронаў — прысьвяціў ажно чатыры мініятуры, у адной зь якіх вывеў безапэляцыйную характарыстыку-прысуд: «Гніда»! Той, хто прачытае згаданы памфлет і пазнае ў галоўным герою Лужаніна (аўтар даводзіць гэта не наўпрост, а рознага кшталту намёкамі: «Атрымала мянушку: Лужа. Запісалі яе, пазначылі: Лужа Каратайкіна»), то, напэўна, вырашыць, што чалавек гэты больш нічога ў жыцьці не рабіў, акрамя ўсялякіх гнюснасьцяў (якіх менавіта — чытач так адразу і не дацяміць, бо занадта ж туманна-завуалявана-іншаказальна напісаны тэкст). Наколькі станоўчыя галоўныя героі маракоўскіх апавяданьняў — настолькі адмоўны атрымаўся Лужанін. Ну амаль як аднамерна-шаблённыя героі твораў эпохі клясыцызму!

Так, на сумленьні вядомага доўгажыхара былі такія ўчынкі, як абвінавачваньні ў «нацдэмаўшчыне» іншых сяброў па «Ўзвышшы», удзел у правядзеньні гвалтоўнай калектывізацыі, падазрона хуткае вызваленьне з высылкі, пасьля якога М. Лужанін атрымаў нават павышэньне па службе, сумнеўнае таварышаваньне з Лукашом Бэндэ (пасьля таго, як той ужо адзначыўся многімі артыкуламі-даносамі пра беларускіх пісьменьнікаў). Вядома ж, усё гэта гонару М. Лужаніну не надае. Але для некалькіх пакаленьняў ён (у адрозьненьне, напрыклад, ад згаданага Бэндэ) найперш — паэт, і далёка ня «шэрасьць» і ня «бездар», як піша Л. Маракоў. Асабіста мне падабаюцца многія вершы Максіма Лужаніна, хоць бы нават з раньняга:

Чаканьне

Ў гэтай вулцы пустой лёгка горад забыць... Успамінам вясны вісьне восень на вейках... На ліхтарні брызок... Дом прыжмурыўся, быццам вялізманы кот, і здушыў цішыню у напружаных лапах. І дыхнула маўклівасьць... Кранула імглу ля высокіх варот белаватая постаць... Зазьвінелі ключы... Хтосьці дзьверы падняў і замкнуў — засьпявала іржавай тугою жалеза3.

1 Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва: У 5 т. Т. 2. Мінск: БелСЭ, 1985. С. 375.

2 Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 5. Мінск: БелСЭ, 1981. С. 214.

Зразумела, што Л. Маракоў ня ставіць перад сабою задач паглыбляцца ў тэорыю літаратуры, займацца пытаньнямі паэтыкі й эстэтыкі, вызначаць ролю кожнага ў літаратурным працэсе і г. д. Яго хвалюе найперш маральнае аблічча гістарычных постацяў. Згодны, што пра гэта можна і нават трэба казаць, аднак ці адэкватную карціну мы атрымаем, калі будзем акцэнтаваць увагу выключна на грахох, цёмных бакох той ці іншай асобы? Тады біяграфіі нашых творцаў будуць нагадваць славутую стывэнсанаўскую «Дзіўную гісторыю пра доктара Джэкіла й містэра Гайда», толькі бяз Джэкіла. А можа, так і трэба? Дзеля раўнавагі, каб не выглядалі нашыя клясыкі й паўклясыкі занадта забранзавелымі? Але заканчваць адну зь мініятураў сказам «Кажуць, ён адышоў, прачытаўшы маю «Гніду» (с. 246) — ужо залішне дый проста нават не этычна.

Удалымі й цікавымі атрымаліся нататкі пра наведваньне аўтарам родных мясьцінаў Віктара Казлоўскага і Лукаша Калюгі. У першым выпадку Л. Маракову пашчасьціла сустрэцца з 90-гадовай суседкай паэта, якая адзіная ў вёсцы памятала й магла прадэклямаваць яго вершы. У другім выпадку аўтар быў прыемна ўражаны ўшанаваньнем памяці Лукаша Калюгі на вясковых могілках і — расчараваны тым, што родная хата пісьменьніка ператварылася ў сьмярдзючы бамжатнік.

Менавіта праблема захаваньня памяці рэпрэсаваных беларусаў так ці інакш падымаецца ў многіх «запісах» Л. Маракова. Нягледзячы на афіцыйную рэабілітацыю ахвяраў сталінізму, мы ня ведаем ні падрабязнасьцяў гібелі многіх зь іх, ні месцаў пахаваньняў, што выклікае справядлівае абурэньне пісьменьніка:

І быў жа шанец даведацца. Яшчэ ўчора. На пачатку 1990-х. Прапусьцілі. Наплявалі на гісторыю! Увесь час плюём на гісторыю! Ня хочам яе ведаць. Ня хочам умацоўваць падмурак, на якім стаім. Стаім, не рыпаемся, не варушымся, маўчым. Стаім у балоце і маўчым (с. 218).

Самога аўтара разгляданых кніг гэта, на шчасьце, не датычыць. Ён трывала заняў сваю нішу ў сучаснай дасьледчыцкай прасторы і робіць усё магчымае дзеля аднаўленьня гістарычнае праўды, выдаючы цэлыя шматтомавікі зь біяграфіямі рэпрэсаваных, уздымаючы тэму супраціву рэжыму ў сваіх апавяданьнях — працаздольнасьці аўтара можна пазайздросьціць. Толькі вось паўстае пытаньне: ці могуць кнігі Л. Маракова, што выходзяць невялікімі накладамі, ствараць канкурэнцыю афіцыйным падручнікам? І ўсё ж — могуць, бо выцягнутыя дасьледчыкам на паверхню факты выглядаюць больш пераканальна і красамоўна, чым сумнеўныя і цьмяныя цьверджаньні аб тым, што, маўляў, таталітарызм адпавядаў «вековой ментальности народа с его традиционным нравственным максимализмом, склонностью впадать в крайности, вечной надеждой на строгого и справедливого правителя»4. Акрамя таго, многае з адшуканага і сабранага Л. Мараковым можа стаць каштоўнымі «зачэпкамі» для навукоўцаў, якія захочуць дасьледаваць розныя аспэкты дадзенай тэмы больш гр-унтоўна.

Гартаючы даўжэзныя сьпісы ахвяраў Другой усясьветнай, міжволі прыгадваеш зь дзяцінства заселае ў галаве выслоўе: «Вайна ня скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат». Чытаючы кнігі Леаніда Маракова, хочацца пэрыфразаваць: «Рэжым не пераможаны, пакуль не рэабілітаваныя ўсе яго ахвяры». І — як дае зразумець аўтар — пакуль не раскрыты імёны ўсіх карнікаў.

Віктар Жыбуль

 

Часопіс “Arche”. 2007, № 10.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".