|
|
|
|
|
|
|
|
|
Пра творчы подьвіг Леаніда Маракова мы пісалі. Ён адзін замяніў цэлы даследчы інстытут, на стварэнне якога ў нашай дзяржавы не знайшлося ні сродкаў, ні добрай волі. Памяць пра тых, хто загінуў ад рук сталінскіх катаў, спачуванне да пакутнікаў гулагаўскага пекла дзяржаве нашай не ўласцівы. Чужое не баліць.
Толькі Леанід Маракоў упарта, дзень за днем, працуе, вырываючы з нябыту імёны ахвяр пачварнай улады сталіністаў. Дзякуючы гэтаму рупліўцу тысячы і тысячы імёнаў ужо не праглыне цемра.
Гэта інтэрв’ю, якое вядзе пісьменнік Васіль Якавенка, - з нагоды выхаду ў свет чарговай кнігі з шматтомнай працы Леаніда Маракова.
Васіль Якавенка. Гэты год для цябе дужа плённы. Калі ласка, пералічы, што сёлета выйшла з друку.
Леанід Маракоў. Сапраўды, я цэлае дзесяцігоддзе рыхтаваўся да гэтага года. Не адзначалася ніяк 60-годдзе чорнай даты – трыццаць сёмага, піка рэпрэсій. А вось 70-годдзе, нават каб і не заўважылі таксама, дык адзначыў бы я сам. Але так пайшло, што наш “Мемарыял” ужо з самага пачатку года арганізоўвае сустрэчы з рэпрэсаванымі, наведвае і Курапаты, і іншыя мясціны. А я да гэтай даты рыхтаваўся кнігамі. Я хацеў як мага больш людзей, дзеячоў культуры, вярнуць у гісторыю. Вясной выйшаў двухтомнік “Рэпрэсаваныя праваслаўныя святары” – больш дзвюх тысяч біяграфій. Потым выйшлі “Ахвяры і карнікі” – гэта пра расстраляных у Мінскай унутранай турме НКУС , гэтак званай “амерыканцы”. За адзін толькі год – больш за 10 тысяч чалавек. І ў кнізе падаюцца лёсы прыблізна шасці з паловай тысяч з іх. Гэта значыць, жыццё НКУС па днях, нават па гадзінах у некаторыя дні. І вось цяпер выйшаў двухтомнік “Рэпрэсаваныя настаўнікі”. Каля трох тысяч біяграфій. Калі ўлічыць, што ў папярэднім чатырохтомніку “Дзеячы беларускай культуры” было каля тысячы біяграфій выкладчыкаў інстытутаў і тэхнікумаў, нецяжка падлічыць, што з 12 тысяч беларускіх настаўнікаў у трыццатыя гады было рэпрэсавана каля чатырох тысяч. Кожны трэці, што пацвярджаюць дакументы, пададзеныя ў прадмове да першага тома выдання “Рэпрэсаваныя настаўнікі Беларусі”.
Васіль Якавенка. Усяго ў цябе ўжо выйшла колькі тамоў?
Леанід Маракоў. Увогуле выйшла ўжо 10 тамоў. А павінна быць недзе 15 тамоў. Калі хопіць здароўя. У гэтым годзе зламалася маё здароўе. Пасля месяца ў бальніцы, прафесар патлумачыў, што гэта хранічная стомленасць, упадак сіл. І трэба ляжаць. Недзе за месяц крыху ачуняў. А то страціў прытомнасць каля кампутара ў чатыры гадзіны раніцы. Засталося яшчэ два-тры тыдні палячыцца і вазьмуся зноў за працу. І цяпер пакрыху працую. Але ўжо не па 15 гадзін, як раней. Цяпер гэта медыкі рэпрэсаваныя. Лекараў не хапала, а яны выразалі апошніх. І Сталін, і ягоная кліка, маньяка гэтага, ім было пляваць на народ.
Васіль Якавенка. Зусім нядаўна ты казаў, што ў тваіх планах выдаць 10 тамоў звестак пра рэпрэсаваных. А зараз ты гаворыш пра 15…
Леанід Маракоў. Падчас шматгадовых пошукаў знаходзяцца ўсё новыя і новыя прзвішчы. Я заўважыў пасля таго, як адшукаў 500 прозвішчаў рэпрэсаваных медыкаў, што патрэбны асобны том. У мінулым годзе я пра гэта нават не думаў. Я нават уявіць не мог, што калі ў дваццатыя так востра не хапала медыкаў, іх яшчэ павыразаюць у трыццатыя. Нават у сташным сне такое прысніцца не магло.
Васіль Якавенка. Ты адолеў агромістую працу. Ці не можаш падзяліцца яе тэхналогіяй? Якім чынам ты змог ахапіць столькі матэрыялу? З якіх архіваў? Якія доступы маеш?
Леанід Маракоў. У вольныя гады некалькім даследчыкам было дазволена пакарыстацца некаторымі справамі рэпрэсаваных дзеячоў культуры. Цяпер пра такое і марыць нельга. Некаторыя з тых даследчыкаў ужо ў такім узросце, што ім цяжка займацца гэтым. І яны аддалі мне свае запісы. Каля года я іх расшыфроўваў. Але павінен сказаць, што ў КДБ няма і пятай часткі таго, што патрэбна пры напісанні біяграфій. Там звычайна ўказваецца апошняе месца працы. На той момант, калі арыштоўваўся чалавек. А біяграфія – дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, дзе працаваў, дзе служыў. Хто сябры, хто бацькі, хто жонка? Патрэбны пошукі ў іншых архівах. Калі былі яшчэ грошы, я ездзіў у Ленінград, на Урал, у Сібір, у Казахстан. І тут, калі яшчэ былі жывыя паэт Сяргей Грахоўскі і іншыя дзеячы культуры , гутаркі з імі доўжыліся не па адным дні. Усё запісвалася на магнітафон. І ў кампутары маім стаяць праграмы, якія зменены пад мае задачы. Скажам, слова “арыштаваны” мне цалкам набіраць не трэба. Дастаткова дзве літары – далей само набіраецца. Калі б я кожны артыкул набіраў да апошняй літаркі, я не здолеў бы за дзень падрыхтаваць больш 5-7 біяграфій. А я набіраю 30-40.
Васіль Якавенка. Ты сказаў, што ездзіў па іншых архівах, калі грошы былі. Дзе ж ты іх тады здабываў?
Леанід Маракоў. Былі і ўвогуле бесклапотныя гады. Сярэдзіна васьмідзесятых. Завод імя Арджанікідзе. Я – лепшы малады кампутаршчык СССР.Зарплата 500-600 рублёў у месяц. Але – перабудова.Плюс мініяцюрызацыя кампутараў. Савецкія ўлады праспалі ўсё на свеце. І ўсё маё жыццё напрацаванае, і завод, і аспірантура – усё кульнулася ў бездань. Беспрацоўны!.. Паехаў у Сібір, на Далёкі Ўсход. Там недзе падаўся ў бізнес гэтак званы, чаўночны. З азіяцкіх краін завозіў оптам кампутарную тэхніку. А ў дзевяноста шостым прыехаў сюды ў адпачынак. І раптам тэлефануюць мне з “Літаратуры і мастацтва”: ваш дзядзька – беларускі паэт 20-30-х гадоў., ягоны юбілей набліжаецца, можа ў вас што-небудзь ёсць пра яго? Які дзядзька?.. Даведаўся, што ён быў рэпрэсаваны, пачаў шукаць. Аж да сённяшніх дзён. Было ў мяне тады некалькі дзесяткаў тысяч даляраў – усё разбухаў на пошукі.Мой адпачынак той зацягнуўся на дзесяць гадоў. І вось – першы званочак… Сапраўды, дзесяць тамоў за сем гадоў, можа, і перабор. Цяпер, напэўна, буду выходзіць не гэтак часта. Паглядзім…
Васіль Якавенка. Крыху пра свае карані. Нешта прозвішча Маракоў не надта беларускае. Бацькі твае адкуль?
Леанід Маракоў. Бацька – Уладзімір Маракоў. Рэпрэсаваны. Дзед Зміцер Маракоў – таксама рэпрэсаваны. Стараста Козырэўскай царквы ў Мінску. Прадзед Захар Маракоў. Ён з Пскоўшчыны. Адтуль наш род. З вёсак, блізкіх да зямель літоўскіх, беларускіх. Амаль усе там беларусы. А прзвішча… І дзед, і прадзед на флоце служылі. Напэўна, адтуль. Род маці – з Гомельшчыны. Бацька – апошні з нерасстраляных сыноў майго дзеда. Удзельнічаў у Нарыльскім паўстанні. Вярнуўся зусім хворым – яго там збілі насмерць. Гэта была памылка сталіністаў, што яны семнаццацігадовага бацьку майго не расстралялі. Можа, не было б тады гэтых дзесяці тамоў…
Уладзімір Халіп
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2011.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.