Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » ШАФРАНСКІ (ШАФРАНОЎСКІ) (ШАФРАНСКИЙ, ШАФРАНОВСКИЙ) Ціхан Іванавіч
[16.6.1879, в. Анэліна Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — пасля 1958], іерэй. Скончыў Полацкую настаўніцкую (1897) і Магілёўскую духоўную (1904) семінарыі. Працаваў настаўнікам у царкоўна-прыходскай школе в. Малое Савіна (Савіна) Горацкага пав., цяпер Дубровенскі р-н Віцебскай вобл. 9.3.1905 у Іосіфаўскім кафедральным саборы ў Магілёве рукапаложаны ў дыякана, 11.3.1905 — у іерэя. Прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы в. Ляцягі Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. Адначасова выкладаў Закон Божы ў царкоўна-прыходскай школе (да 1918). Узнагароджаны нагрудным крыжам (1921). Пасля закрыцця 1.1.1930 Пакроўскай царквы служыў ва Уваскрасенскім саборы ў Чавусах. У 1930—38 працаваў цесляром. Быў жанаты (з 7.1.1905) на дачцы Васілія Юдзеніча* Аляксандры (н. 25.3.1885), меў дачок Наталлю (1910), Яўгенію (1912), сыноў Віталя (1908), Васіля (1915). Арыштаваны 9.3.1938 у Чавусах па адрасе: вул. Чырвонаармейская, д. 18. Пад следствам знаходзіўся ў Магілёўскай і Гомельскай турмах НКВД. Абвінавачваўся ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці супраць савецкай улады». Асуджаны не быў. Вызвалены і рэабілітаваны 5.4.1939 пастановай пракурора Магілёўскай вобл. З 20.10.1941 служыў ва Успенскай царкве мяст. Сухары, цяпер Магілёўскі р-н. З 20.12.1943 да 5.5.1947 — у Мікалаеўскім храме в. Благавічы, цяпер Чавускі р-н. З 8.4.1948 да 12.1.1949 — у Свята-Троіцкім прыходзе в. Барсукі Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. З 11.4.1949 ва Успенскай царкве в. Гарадзец Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. 14.9.1949 звольнены за штат. Памёр і пахаваны ў Чавусах. Асабовая справа Ш. захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.
Кр.: Памятная книжка Могилевской губернии; БНДЦЭД; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 576.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.