Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II  » ЦІХАН (ШАРАПАЎ) 

ЦІХАН (ШАРАПАЎ)

[Канстанцін Іванавіч; 7(19).4.1866, Тула, Расія — 10.11.1937, Алма-Ата, турма НКВД], архіепіскап. З сям’і ўпраўленца Тульскага зброевага завода. Скончыў СШ, працягваў адукацыю па праграмах духоўных акадэмій у манастыры. У 1882 паступіў у Білеўскую Увядзенскую Макар’еўскую пустынь Тульскай епархіі, дзе праз 2 гады пастрыжаны ў расафор, манашаства (1904). Рукапаложаны ў іерадыякана, затым іераманаха. У 1911 пераведзены ў Працоўнае Друкарскае брацтва пры Свята-Успенскай Пачаеўскай лаўры. Прызначаны нам. рэдактара, з 1914 рэдактарам час. «Русский инок». Пісаў духоўныя павучанні. Падчас 1-й сусветнай вайны святар 177 пяхотнага Ізборскага палка. Узнагароджаны залатым нагрудным крыжам і двума ордэнамі. Пасля вяртання з фронту прызначаны ў Здалбунаў, цяпер Ровенская вобл., Украіна. У 1918 рэдактар і выдавец час. «Праваслаўе». Арыштовываўся «пятлюраўцамі», у сак. — маі 1919 узяты пад варту з мітрапалітам Антоніем (Храпавіцкім). 6.2.1922 узведзены ў сан архімандрыта, накіраваны настаяцелем Жыровіцкага Успенскага манастыра, благачынным манастыроў Гродзенскай епархіі і Быценьскай акругі (цяпер частка Брэсцкай і Гродзенскай вобл.). Быў праціўнікам аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Для дакладу па гэтым пытанні тайна ездзіў у Маскву для сустрэчы з Патрыярхам Ціханам (Бялавіным). Прывёз з Масквы і вярнуў ва Успенскі манастыр Жыровіцкую цудадзейную ікону Божай Маці, вывезеную падчас 1-й сусветнай вайны. У 1923 арганізаваў пры манастыры брацтва міран. У чэрв. 1924 за «агітацыю супраць польскай дзяржаўнасці» пад ціскам польскіх уладаў епіскапам Гродзенскім Аляксіем (Грамадскім) забаронены ў свяшчэннаслужэнні і 17.10.1924 высланы ў Германію. Праз 3  месяцы вярнуўся ў Расію. 22.3.1925 патрыярхам Ціханам хіратанісаны ў епіскапа Гомельскага, вікарыя Магілёўскай епархіі. Пасля яго прыезду амаль усё гомельскае абнаўленчае духавенства прынесла пакаянне і вярнулася ў кананічныя зносіны з патрыяршай царквой. Праз некалькі месяцаў абнаўленчы ўпаўнаважаны дакладваў: «Абнаўленцтва ў епархіі знаходзіцца ў плачэўным стане. Засталося толькі 9 прыходаў. Іншыя, якіх налічваецца да 150, належаць ціханаўцам». Арыштаваны 30.11.1925 па справе мітрапаліта Пятра (Палянскага). Знаходзіўся ў турмах АДПУ Гомеля, Магілёва, Масквы. Асуджаны за «антысавецкую прапаганду» да 3 гадоў ссылкі ў Казахстан. Пасля вызвалення (1927) зноў арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Салавецкі канцлагер. Пасля сканчэння тэрміну (1930), заставаўся на пасяленні ў Паўночным краі. У 1934 прызначаны епіскапам Чарапавецкім, але ва ўпраўленне епархіяй уступіць не змог: арыштаваны і высланы ў Самарканд. 17.7.1936 прызначаны епіскапам Алма-Ацінскім. Зноў арыштаваны ў ноч з 18 на 19 жн. 1937. Асуджаны тройкай НКВД як «кіраўнік манархісцкай тэрарыстычнай арганізацыі царкоўнікаў» да ВМП. Расстраляны.

Тв.: Алма-Атинская епархия Московского патриархата в 1937 году // Материалы по истории русской иерархии. Статьи и документы. М., 2002. С. 211—213, 215—235.

Кр.: Их страданиями очистится Русь. М., 1996. С. 76; www.fond.ru; Жыровіцкая Абіцель. 2000, № 5 (18); Шиленок Д., свящ. Из истории Православной Церкви в Белоруссии (1922—1939). М., 2006.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".