Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » ФАЛЕВІЧ (ФАЛЕВИЧ) Пётр
[12.6.1875, мяст. Пагост Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Бярэзінскі р-н Мінскай вобл. — 1937, Ліпецк, турма НКВД], протаіерэй. Сын Апалінарыя Фалевіча . Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1896). Служыў псаломшчыкам ва Успенскай царкве ў мяст. Смалявічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. З 6.5.1898 псаломшчык Уваскрасенскага сабора ў Барысаве. З 11.6.1898 справавод Барысаўскага павятовага аддзялення Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета. 3.8.1899 рукапаложаны ў іерэя Успенскай царквы ў мяст. Новы Свежань Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл., адначасова выкладаў у царкоўна-прыходскай школе. Узнагароджаны набедранікам (1903), скуф’ёй (1907), камілаўкай (1914). Быў жанаты, меў дачок Людмілу (н. ў 1900), Кацярыну (1903), Марыю (1905), Таісію (1906), Ніну (1912), сына Аляксандра (1910). 14.10.1914 пераведзены ў Ільінскі храм мяст. Любча Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. У 1920-я г. вязень Салавецкіх канцлагераў. У 1930-я г. настаяцель царквы в. Дзевіца Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія. Зноў арыштаваны і 11.8.1937 пастановай тройкі НКВД Варонежскай вобл. асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП. Расстраляны.
Кр.: Памятная книжка Минской епархии; Личный состав епархиального управления; Памятная книжка Минской губернии; НГАБ, ф. 136, в. 1, с. 41145; Помнить поименно. Книга памяти жертв политических репрессий Липецкого края с ноября 1917 года. Липецк, 1997. Т. 1; www.lipetsk.ru.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.