Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » УСЦІНОВІЧ (УСТИНОВИЧ) Мікалай Канстанцінавіч
[27.9.1916, Мсцера, цяпер Уладзімірская вобл., Расія — 25.3.1979], протаіерэй. Беларус. Сын службоўца. Нарадзіўся, калі сям’я знаходзілася ў бежанстве. У 1921 Усціновічы вярнуліся на радзіму ў Ліду. Скончыў 4 класы Лідскай пачатковай школы (1928), Лідскую дзяржаўную гімназію імя К.Хаткевіча (1936). Каля года працаваў прыватным настаўнікам, збіраў грошы на далейшую вучобу. Паступіў на багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1937). Скончыў два курсы, бо з нападам Германіі на Польшчу заняткі спыніліся (1939). З прыходам Чырвонай арміі служыў сакратаром у Лідскім часовым упраўленні. З 1940 працаваў у Лідскай беларускай школе, інтэрнаце, дзіцячай тэхнічнай станцыі, загадчыкам гаспадаркі 1-й бел. СШ ў Лідзе. Пасля прыходу немцаў выехаў у Жыровічы (Слонімскі р-н), дзе 17.8.1941 ва Успенскім манастыры епіскапам Гродзенскім і Брэсцкім Венедзіктам (Бабкоўскім) рукапаложаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы в. Ганчары, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. Быў жанаты на Таццяне Паўлаўне Мацюкевіч (н. ў 1908), гадаваў сыноў Ігара (1942), Георгія (1944). Арыштаваны 15.8.1943 нямецкай аховай чыгуначнага раз’езда Ліда-Ганчары па падазрэнні ў сувязях з партызанамі. Праз 3 дні дастаўлены ў Лідскую гарадскую турму. 1.9.1943 пасля допыту мясцовым начальнікам СС вызвалены. Пэўную ролю адыграла валоданне нямецкай мовай. Зноў арыштаваны 14.8.1950. Асуджаны 14—15.11.1950 за «здраду радзіме» і «захоўванне зброі» да 25 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў адзін з канцлагераў Комі АССР. У 1955 з прысуду выключана абвінавачванне ў здрадзе радзіме і тэрмін пакарання зніжаны да 7 гадоў ППК і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Вызвалены 26.1.1956 са зняццем судзімасці. Вярнуўся на радзіму 2.9.1956. З 8.3.1956 служыў у Раства-Багародзіцкай царкве в. Гудзевічы, цяпер Мастоўскі р-н Гродзенскай вобл. 9.7.1956 пераведзены ў Міхайлаўскі храм мяст. Ізабелін Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. З 31.9.1957 таксама абслугоўваў Пакроўскі прыход в. Харашэвічы тагачаснай Ваўкавыска-Поразаўскай благачыннай акругі, цяпер Гродзенскай вобл., з 13.5.1958 — Параскева-Пятніцкую царкву в. Сідзельнікі Ваўкавыскага р-на. З 31.7.1959 настаяцель Параскева-Пятніцкай царквы. З 6.11.1970 — Раства-Багародзіцкага храма в. Дакудава Лідскага р-на Гродзенскай вобл. З 8.12.1976 за штатам, але працягваў служыць у Мікалаеўскай царкве в. Дубна Мастоўскага р-на. Узнагароджаны скуф’ёй (1945), камілаўкай (1948), залатым нагрудным крыжам (1957), санам протаіерэя (1.4.1964), паліцай (24.4.1967). Пахаваны на Лідскіх могілках.
Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 310; Черепица В.Н. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Гродно, 2005. Ч. 2. С. 242—247.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.