Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II  » УЛАДЗІМІР ХІРАСКА 

УЛАДЗІМІР ХІРАСКА

[Уладзімір Грыгор’евіч; 11.1.1874, Камянец-Падольскі, цяпер Хмяльніцкая вобл., Украіна — 1933, Гжацк Смаленскай вобл., цяпер Гагарын, Расія], свяшчэннамучанік. Протаіерэй. Рускі. З сям’і свяшчэннаслужыцеля. У ліку лепшых скончыў Падольскую духоўную семінарыю (чэрв. 1895). Выехаў у Мінскую губ. З 2.10.1895 выкладаў Закон Божы ў аднакласнай царкоўна-прыходскай школе ў в. Кіявец Мінскага пав., цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл., 2-класнай царкоўна-прыходскай школе ў мяст. Тураў Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер горад Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Рукапаложаны ў іерэя (17.1.1899) Увазнясенскай царквы в. Омельна Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл., адначасова выкладаў у Амяльнянскім народным вучылішчы, з 1903 загадчык і законанастаўнік царкоўна-прыходскай школы ў суседняй в. Сінча таго ж р-на. З 1906 служыў у  Георгіеўскай царкве в. Юравічы Ігуменскага пав., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл., выкладаў у царкоўна-прыходскай школе. З 16.10.1909 настаўнік Калодзежскага і Вялікапольскага земскіх вучылішч Ігуменскага пав. З 3.2.1911 у Мінску, настаяцель царквы ў гонар вобраза Божай Маці «Усіх смуткуючых радасць» пры вучылішчы сляпых. З 26.8.1911 адначасова выкладаў у прыватнай мужчынскай гімназіі К.Фальковіча, Марыінскай жаночай гімназіі. З 1913 загадчык і законанастаўнік мужчынскай 2-класнай (з 3 дадатковымі класамі) царкоўна-прыходскай школы, член праўлення Мінскай духоўнай семінарыі ад духавенства, казначэй і справавод Мінскага Епархіяльнага Папячыцельства пра бедных духоўнага звання. 25.7.1914 духавенствам Мінска выбраны членам благачыннага савета горада. З 1916 служыў у Казанскай прывакзальнай царкве, выбраны благачынным Мінскіх храмаў, адначасова выкладаў у 1-класнай жаночай царкоўна-прыходскай школе пры чыгуначнай ст. Мінск. Узнагароджаны набедранікам (1903), медалём у памяць пра 25-годдзе існавання царкоўна-прыходскіх школ, сярэбраным медалём Чырвонага Крыжа, скуф’ёй (1906), камілаўкай (1914). Быў жанаты, меў дачок Любоў (н. ў 1900), Аляксандру (1902), Юлію (1906), Ксенію (1912), сына Віктара (1904). Арыштаваны ў 1919 за сувязь з эсэрамі. Неўзабаве вызвалены. Зноў арыштаваны падчас польскай акупацыі, але таксама хутка вызвалены. У трэці раз арыштаваны 29.12.1925 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 9. Асуджаны 26.11.1926 асобай нарадай пры АДПУ за «шпіянаж на карысць Польшчы» дa 3 гадоў пазбаўлення правоў жыць у 12 населеных пунктах і на Урале. Высланы ў Арол. Вярнуўся ў Мінск 12.3.1929. Зноў арыштаваны 26.3.1929. Падчас следства вінаватым сябе не прызнаў. Асуджаны 26.7.1929 са святарамі Юліянам Астроўскім і Елісеем Панурыным, старастам і актыўнымі прыхаджанамі асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў высылкі ў Сібір. Пасля сканчэння тэрміну зноў пазбаўлены правоў жыць у 12 населеных пунктах. У  зняволенні амаль аслеп. Памёр неўзабаве пасля вызвалення. Па першай справе (№ 33935-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 6.6.1992 пракуратурай БВА. Па другой (№ 32934-с; з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) 28.8.1989 пракуратурай БССР. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы кананізаваны і далучаны да ліку новапакутнікаў.

Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; Личный состав епархиального управления; НГАБ, ф. 136, в. 1, с. 41145; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); www.kuz.pstbi.ccas.ru.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".