Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » УЛАДЗІМІР ТАЛЮШ
[1891, в. Залужжа (тагачасны паштовы адрас: ст. Горкі) Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Старадарожскі р-н Мінскай вобл. (паводле інш. звестак в. Карсакавічы Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл.) — студз. 1938, ГУЛАГ], свяшчэннамучанік. Сын Дзмітрыя Талюша* , брат Анатолія Талюша** . Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1913). Мабілізаваны ў армію (1914), удзельнік 1-й сусветнай вайны. У 1920 рукапаложаны ў іерэя, прызначаны настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы ў в. Залужжа, дзе раней служыў яго бацька. Быў жанаты, меў чацвёра дзяцей. Арыштаваны 19.4.1933. Праходзіў па адной справе з актыўнымі прыхаджанамі царквы Пятром Гейсікам (н. ў 1876), Васілём Дражыным (1873), Фёдарам Дражыным (1881), Грыгорыем Кулешам (1912), Іванам Мельнікам (1871), Ціханам Мышко (1876), Юрыем Ралько (1884), Сямёнам Свірыным (1886), Антонам Субцельным (1891), Ігнатам Цыганковым (1878), Мікалаем Шыбко (1895). Асуджаны 7.6.1933 асобай нарадай пры АДПУ як «кіраўнік контррэвалюцыйнай царкоўнай арганізацыі» дa 10 гадоў ППК. Этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер НКВД Комі АССР і Архангельскай вобл. Узяты пад варту 1.12.1937. Прыгавораны 2.1.1938 лагернай тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 10.10.1989 пракуратурай БССР. Групавая справа У.Т. і інш. № 29956-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых новапакутнікаў.
Кр.: Памятная книжка Минской епархии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; www.petergen.com; Покаяние.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.