Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » САХАРАЎ (САХАРОВ) Сяргей Пятровіч
[псеўданімы: Гісторык; Двинчанин; Дзьвінчук; Скучающий; крыптанімы: С.; С.С.; 28.9.1880, Полацк Віцебскай губ. — 22.4.1954, Рыга], фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог. Скончыў Полацкае духоўнае вучылішча (1895), Віцебскую духоўную семінарыю (1901). Настаўнічаў у Люцынскім пав. і ў Люцыне. У 1907—11 вучыўся на юрыдычным ф-це Юр’еўскага (Тартускага) ун-та; адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філалагічным ф-це. З 1911 выкладаў у Віцебску ў гімназіях і настаўніцкім інстытуце; адначасова працаваў сакратаром Віцебскай архіўнай камісіі. У 1913 прызначаны інспектарам народных вучылішчаў у Юр’еве. У 1917 С. давялося шмат павандраваць па Беларусі ў пошуках працы (Пінск, Барысаў, Мінск, Магілёў). З кастр. 1917 дырэктар Люцынскай рускай гімназіі. З 1921 старшыня бел. грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына». З пачатку 1922 жыў у Рызе. Кіраўнік бел. аддзела Міністэрства асветы Латвіі. Пасля ліквідацыі ў 1925 бел. аддзела дырэктар Дзвінскай беларускай гімназіі. У 1932 гімназія ліквідавана, а С. адпраўлены на пенсію. Пераехаў у Рыгу, актыўна заняўся гісторыка-літаратурнай працай, запісваў бел. фальклор Латгаліі. З 1935 да 1938 зрабіў гісторыка-статыстычнае апісанне «Православные церкви в Латгалии» (па заданні сінода Латвійскай Праваслаўнай Царквы) і даследванне «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў». У 1940 вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці, працаваў у бел. і рускіх школах. Арыштаваны 9.7.1945. Абвінавачваўся ў «антысавецкай агітацыі» і інш. Асуджаны да 5 гадоў ППК. Пакаранне адбываў у лагерах Карабас і Батык (Казахстан). Вярнуўся ў Латвію ў 1950 без права пражывання ў Рызе.
Тв.: Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917; Город Лудза в прошлом и настоящем: (Популярный очерк). Рига, 1935; Рижские православные архипастыри за сто лет (1836—1936). Рыга, 1937; Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939; Православные церкви в Латгалии: [Историко-статистическое описание]. Рига, 1939.
Кр.: Ліс А. Збіральнік духоўных скарбаў // ЛіМ. 1980, 7 крас.; Папар С. (Панізнік С.). У зялёным садзе вятры гудзелі // Голас Радзімы. 1980, 23 кастр.; БП, т. 5; Мартиролог православных священнослужителей Латвии, репрессированных в 1940—1952 гг. М., 1999; ЭГБ, т. 6—1; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.