Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II  » САКАЛОЎСКІ (СОКОЛОВСКИЙ) Міхаіл Міхайлавіч 

САКАЛОЎСКІ (СОКОЛОВСКИЙ) Міхаіл Міхайлавіч

[май 1893, в. Беразіно Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл. — 13.3.1938, Гомель, турма НКВД]. З сям’і псаломшчыка. Скончыў Пінскае духоўнае вучылішча. З 12.2.1914 псаломшчык царквы в. Струг Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Столінскі р-н Брэсцкай вобл. 25.11.1914 мабілізаваны на вайсковую службу. 25.9.1914 рукапаложаны ў дыякана Мікалаеўскай царквы в. Локтышы Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Ганцавіцкі р-н Брэсцкай вобл. Потым, верагодна, служыў у Георгіеўскім храме в. Малькавічы Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Ганцавіцкі р-н. У 1921 у Навагрудку рукапаложаны ў іерэя. Прызначаны ва Успенскую царкву в. Конкавічы, цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл. Ухіліўся ў абнаўленчы раскол (1923). Паводле некаторых звестак у сярэдзіне 1920-х г. служыў у царкве в. Рогава, цяпер Мінскі р-н. З 1930 — у  Мікалаеўскім храме ў мяст. Скрыгалава, цяпер Мазырскі р-н Гомельскай вобл. З 1935 — у Свята-Троіцкай царкве ў  Ельску, цяпер райцэнтр Гомельскай вобл. З 1937 настаяцель Мікалаеўскага храма ў мяст. Васілевічы, цяпер Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл. Арыштаваны 7.2.1938. Асуджаны 15.2.1938 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Жонка С. Вольга Канстанцінаўна Шарупіч (н. ў 1897 у мяст. Раманава Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 24.9.1977, Пінск) засталася адна з малалетнімі дачкой Лідзіяй (н. ў 1925; памерла ад тыфу ў 1945) і сынам Лаўрам. Рэабілітаваны 2.6.1958. У тым жа годзе ў Рэчыцкім ЗАГСе з’явілася наступнае пасведчанне аб смерці: «Гр. Соколовский Михаил Михайлович рожд. 1893 г. умер 11 октября 1941 г.; причина смерти: язва желудка…»

Кр.: Памятная книжка Минской епархии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с.  67; Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Рэчыцкага раёна. У 2-х кн. Кн. 1. Мн., 1998; Шиленок Д., свящ. Из истории Православной Церкви в Белоруссии (1922—1939). М., 2006.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".