Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » САКАЛОЎСКІ (СОКОЛОВСКИЙ) Іаан Канстанцінавіч
[1867, в. Войхані Старыя Гарадоцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 1943 (?)]. Беларус. З сям’і свяшчэннаслужыцеля. На працягу 30 гадоў працаваў фельчарам. У 1930-я г. прыняў мужнае рашэнне стаць святаром. Рукапаложаны ў іерэя. Служыў у Мікалаеўскай царкве в. Шацілава Полацкага пав. Віцебскай губ., цяпер Полацкі р-н. Арыштаваны 23.3.1933. Абвінавачваўся ў правядзенні антысавецкай агітацыі. 10.4.1933 вызвалены пастановай Полацкага ГРА АДПУ. Служыў у Раства-Багародзіцкім храме в. Юравічы Полацкага р-на. Зноў арыштаваны 26.8.1936. Пад «следствам» знаходзіўся ў будынку Іаана-Багаслоўскай царквы (?), пераробленай пад турму. Чэкісты патрабавалі ад святара адрачыся ад веры, але ён адмовіўся. Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 17.9.1936 за «антысавецкую агітацыю» і «выступы супраць калгасаў» да 6 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. 4.10.1936 тэрмін зменшаны да 3 гадоў, але ўлічана гэта, верагодна, не было. Вызвалены немцамі ў другой палове 1941. Служыў у манастырскім Спаса-Праабражэнскім храме ў Полацку. Пахаваны каля сцяны Крыжаўздзвіжанскага сабора. На магіле быў пастаўлены чорны крыж без надпісу. Рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі 10.12.1991. Асабовыя справы С. № 5349-п і № 21943-п захоўваюцца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
18.9.1937 арыштавана Сакалоўская Марыя Іванаўна (н. ў 1867 у в. Шацілава ў сям’і святара), верагодна, жонка Іаана Сакалоўскага. 26.9.1937 тройкай НКВД асуджана за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 8 гадоў ППК. Этапавана ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер НКВД Карэльскай АССР. Загінула ў зняволенні 19.2.1940. Рэабілітавана 20.10.1959 Віцебскім абл. судом. Яе асабовая справа № 9004-п захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: Віцьбіч Ю. // Новый путь. 1943. 7 окт.; НАРБ, ІКБР.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.