Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » САДОЎСКІ (САДОВСКИЙ) Сергій
[19.2.1880, мяст. Плешчаніцы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1.11.1937, Мінск, турма НКВД]. Беларус. Сын Іакава Садоўскага, брат Міхаіла Садоўскага. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1902). Прызначаны псаломшчыкам у Мікалаеўскую царкву ў мяст. Смалявічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. Епіскапам Мінскім і Тураўскім Міхаілам (Цемнарусавым) рукапаложаны ў іерэя (25.9.1903). Служыў у Мікалаеўскім храме в. Гарадзішча Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н, выкладаў у царкоўна-прыходскай школе. З 1907 настаяцель Пакроўскай царквы ў мяст. Койданава (з 1932 Дзяржынск Мінскай акругі, цяпер райцэнтр Мінскай вобл.), настаўнік царкоўна-прыходскай школы. З 1916 благачынны цэркваў 3-й акругі Мінскага пав. Узнагароджаны набедранікам (1907). Быў жанаты, меў дачку Ганну (н. ў 1904), сына Іакава (1910). Арыштаваны 29.7.1937 у Дзяржынску па адрасе: 2-і Мінскі зав., д. 7. Асуджаны 25.10.1937 з шэрагам свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелей тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю» дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 25.3.1989 пракуратурай БВА. Групавая справа С. і інш. святароў № 23379-с з фотаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
29.11.1930 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 30, кв. 4 арыштаваны бацька дваіх дзяцей Садоўскі Іван Якаўлевіч (н. ў 1886 у мяст. Плешчаніцы; атрымаў сярэднюю адукацыю; працаваў бухгалтарам), верагодна, брат Сергія і Міхаіла Садоўскіх. 26.3.1931 асуджаны калегіяй АДПУ за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 3.11.1989 пракуратурай Мінскай вобл. Асабовая справа С. № 29632-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Личный состав епархиального управления; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; ф. 136, в. 1, с. 41145; Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мн., 2004.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.