Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II  » САДОЎСКІ (САДОВСКИЙ) Міхаіл 

САДОЎСКІ (САДОВСКИЙ) Міхаіл

[1864 — ?]. Сын Іакава Садоўскага*, брат Сергія Садоўскага. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1888), служыў псаломшчыкам у Плешчаніцкім храме. 14.9.1888 рукапаложаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Касма-Даміянаўскай царквы в. Свяда Барысаўскага пав. Мінскай губ., благачынны 2-й акругі цэркваў Барысаўскага пав. (да 1914), член будаўнічага камітэта акругі. Узнагароджаны набедранікам (да 1901), скуф’ёй, нагрудным крыжам (1917).

Па ўспамінах родных у адну з начэй падчас ганенняў на духавенства чэкісты ўварваліся ў дом святара, адным канцом вяроўкі звязалі айцу рукі, а другі зачапілі за запрэжку з коньмі і пагналі іх наўгалоп. Гэтак святара цягнулі, пакуль не памёр. Родныя забралі цела айца, адвезлі дадому і пахавалі пры Свядаўскай царкве. Але праз два дні, дазнаўшыся пра гэта, чэкісты вярнуліся, выкапалі цела з магілы, рассеклі яго на кавалкі і кінулі на з’ядзенне сабакам.

1.3.1930 у в. Свяда арыштаваны Садоўскі Міхаіл Міхайлавіч (н. ў 1895; атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю), сын Міхаіла Садоўскага. 14.3.1930 калегіяй АДПУ асуджаны за «шпіянаж на карысць Польшчы і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Вызвалены 20.9.1934. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 11.3.1958 трыбуналам БВА. Яго асабовая справа захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай губ.

Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; Личный состав епархиального управления; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі.


* Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў?іерэя (1859). Да 1900 служыў у Свята-Троіцкім храме ў мяст. Пле­шчаніцы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. У 1901—06 настаяцель Мікалаеўскай царквы в.?Белічаны Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Бярэзінскі р-н Мінскай вобл., узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй (да 1887).

 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".