Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II » САВАЦІЙ (ЗАСІМОВІЧ)
[Савацій Аўксенцевіч; 1.3.1863 ці 1873, в. Пагост Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Салігорскі р-н Мінскай вобл. — ?], епіскап Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы (абнаўленчай). Беларус. З сялянскай сям’і. Пасля сканчэння Полацкага народнага вучылішча, памочнік эканома Мінскай духоўнай семінарыі, потым паслушнік Свята-Троіцкага манастыра ў Слуцку. У 1903 пераведзены ў Мінск да архіерэйскага дома. Рукапаложаны ў іераманаха (1906). Падчас 1-й сусветнай вайны святар 1-га Мінскага палка, адначасова выконваў пастырскія абавязкі пры шпіталі. Узнагароджаны двума ордэнамі Святой Анны. У чэрв. 1918 вярнуўся ў Слуцк. З 29.9.1920 настаяцель Свята-Троіцкага манастыра. У 1923 узведзены ў сан ігумена, 1.9.1926 — у архімандрыта (пасля ўхілення ў абнаўленчы раскол). 24.10.1926 Магілёўскім мітрапалітам (абнаўленчым) Іосіфам (Крэчатовічам)* і архіепіскапам Мінскім (абнаўленчым) Даніілам (Грамавенкам) хіратанісаны ў епіскапа Слуцкага. Арыштаваны 1.4.1933 у Слуцку па адрасе: вул. Урыцкага, д. 8. Асуджаны 9.6.1933 з 20 святарамі Слуцкага вікарыяцтва асобай нарадай пры АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў высылкі ў Казахстан. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны пракуратурай БССР 17.7.1989. Групавая справа С. і інш. № 27605-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД; Шиленок Д., свящ. Из истории Православной Церкви в Белоруссии (1922—1939). Мн., 2006.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.